Юнацкая экспрэсія. 21.by

Юнацкая экспрэсія

01.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Супрацьстаянне мінскага "Юнацтва" і салігорскага "Шахцёра" ў фінале Адкрытага чэмпіянату Беларусі адзначаецца звышнапружаным характарам і проста неверагоднай колькасцю авертаймаў. Аднак яно проста не магло абысціся без таго, што адбылося ўвечары ў аўторак на лёдзе крытага катка ў сталічным парку Горкага.

Калі кожная памылка каштуе вельмі дорага і можа вырашыць лёс усёй серыі, лёгка зламацца. У прынцыпе, так можна растлумачыць правал "Шахцёра" ў пятым паядынку фінальнай серыі. Хоць асноўную частку "гарнякаў" складаюць хакеісты, якія пабачылі не адзін важны матч у сваім жыцці, але статус дэбютантаў з салігорцаў ніхто не здымаў. Як не здымаў і з "Юнацтва" статусу наймацнейшага клуба краіны апошніх сезонаў.

Табло адлічыла толькі 80 секундаў, а лік ужо быў 2:0 на карысць мінчан. З інтэрвалам у 32 секунды вызначыліся Курылін і Яноўскі. Далей — больш. Пры гульні ў большасці павялічыў адрыў Цімчанка. Салігорцы змаглі размачыць Шабанава толькі на апошняй хвіліне перыяду. Аднак любыя мары гасцей пра тое, каб адыграць адставанне разбіліся аб абарону "Юнацтва". У сярэдзіне другой дваццаціхвілінкі нават і мараў не засталося — намаганнямі Дудзіка, Сцяпанава і Талкунова гаспадары павялі з лікам 6:1 і вырашылі ўсе пытанні. Так што палову паядынку супернікі проста дагульвалі. У мінчан атрымалася нават закінуць яшчэ адну шайбу. Ліку 7:1 у фінале чэмпіянату не бачылі даўно.

Пасля гульні трэнер "Шахцёра" адзначыў аб'ектыўнасць перамогі гаспадароў і паабяцаў, што яго каманда ў наступным паядынку, які пройдзе сёння ўвечары ў мінскім Палацы спорту, паспрабуе даказаць выпадковасць гэтага паражэння і падарыць заўзятарам сёмы, вырашальны, матч.

Яўген ВАРАКСА.

Будзе "лясны цукар"?

Сёлета ўпершыню ў Беларусі для прамысловай вытворчасці цукру на цукровых заводах будзе выкарыстоўвацца ...бярозавік.

Прынамсі, пра такую магчымасць заявілі ў лабараторыі цеплаабмену Эксперыментальнага інстытута флоры Акадэміі навук Беларусі. Па словах навукоўцаў, дзякуючы дастаткова халоднай мінулай восені і не менш студзёнай сёлетняй зіме, якую загадзя прадчувалі дрэвы, яны фактычна назапасілі лішкі пажыўных рэчываў, першае месца сярод якіх займае салодкая канцэнтраваная субстанцыя. Іншымі словамі, састаў соку сёлета значна змяніўся. Найбольшая цукрыстасць, паводле першых досведаў, выяўлена ў кляновым соку, аднак для прамысловай перапрацоўкі, улічваючы агульныя плошчы бярозавых пасадак, больш падыходзіць ўсё ж бярозавік. Своеасаблівы салодкі канцэнтрат нават пры першаснай простай перапрацоўцы (выпарванні) ўяўляе сабой на выхадзе практычна гатовы цукар. Прычынамі такой незвычайнай з'явы даследчыкі называюць умовы надвор'я: пажыўныя рэчывы дрэвы не паспелі да канца зрасходаваць, а даволі высокія тэмпературы паветра наступілі імкліва, і сокарух узмацніўся.

На доследных дзялянках інстытута была заўважана і яшчэ адна адметнасць: каб канцэнтрат быў менш вадкім, яго лепш збіраць у першыя ранішнія гадзіны. За кошт больш нізкіх тэмператур паветра ў гэты час дрэвы даюць больш вязкі сок, практычна адразу крышталізаваны. Праўда, у ранішнія часы тэмпы забору соку па гэтых жа прычынах трох замаруджваюцца.

Нарыхтоўшчыкі ўжо адгукнуліся на навіну: яны гатовыя пастаўляць канцэнтраваны сок менавіта на цукровыя заводы. Участкі лесу з пасадкамі клёнаў, якія па прычыне сваёй малой колькасці не могуць уяўляць вялікай цікавасці для прамысловасці, плануецца аддаць "на водкуп" насельніцтву, што зможа самастойна нарыхтоўваць для сябе "лясны цукар". Па інфармацыі нашай газеты, раней выдадзеныя насельніцтву лясныя білеты для нарыхтоўкі звычайнага соку будуць сапраўднымі.

Сяргей СТАРЫНАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Супрацьстаянне мінскага "Юнацтва" і салігорскага "Шахцёра" ў фінале Адкрытага чэмпіянату Беларусі адзначаецца звышнапружаным характарам і проста неверагоднай колькасцю авертаймаў. Аднак яно проста не магло абысціся без таго, што адбылося ўвечары ў аўторак на лёдзе крытага катка ў сталічным парку Горкага.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика