Швяды ў хакей не гуляюць. Аднак у Чэхах могуць выпіць піва. 21.by

Швяды ў хакей не гуляюць. Аднак у Чэхах могуць выпіць піва

01.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вузкія вулачкі, вядомыя з дзяцінства казкі, знакамітыя маркі аўтамабіляў і, безумоўна, хакей. Агульнага ў чэхаў і шведаў сапраўды шмат, а: адметнасці гэтых краін літаральна штогод вабяць сотні тысяч вандроўнікаў. Нібыта кошт непрацяглых тураў "непад'ёмным" назваць цяжка. Але як мінімуму тры сотні грашовых адзінак Еўрасаюза ў кожную з дзяржаў — таксама сума. А калі ўлічыць дадатковыя клопаты з візамі і не менш традыцыйныя праблемы з часам, то становіцца зразумелым, што здзейсніць "турыстычную мару" будзе не так ўжо і проста. Выйсце? Зрэшты, яно ёсць — ніхто не перашкодзіць пазнаёміцца адначасова і з Чэхамі, і са Шведамі (а, дакладней, са Швядамі) непасрэдна ў Беларусі.

Сыр лепш падсмажыць ці зварыць?

Усё незвычайнае — часам вельмі проста. Кажуць, што некалі на гэтых землях гаспадарыў баярын Віленскага павета Багдан Чэх, "у імя якога і атрымаў назву маёнтак. Спачатку ён быў Чэхаўшчызнай, затым — Чэхамі. Прычым землякі салдата Швейка тут не жылі аніколі.

Пана ўжо даўно няма, але вёска стаіць і дагэтуль. Каб патрапіць у яе з боку Маладзечна, трэба кіламетры за тры да Вілейкі адшукаць паварот на Вязынь. Ад трасы да Вязыні — кіламетраў дваццаць, а ад Вязыні да Чэхаў — усяго два. Словам, асаблівых цяжкасцяў нібыта няма, адно, што пераадольваць апошні кавалак шляху давядзецца па грунтоўцы.

Першае, што кідаецца ў вочы ў Чэхах — гэта дыхтоўная забудова. Адметнасцю ж нумар два можна лічыць уласную краму. Якраз насупраць яе пабачыш цяперашні дом сацыяльных паслуг. Аднак "прыпісваць" дом да Чэхаў — усё ж памылка. Гэта ўжо тэрыторыя Шчукаў — мяжа дзвюх вёсак праходзіць менавіта пасярэдзіне дарогі.

Між тым, ці не "галоўнае" пытанне знікае само па сабе. Крама — не аўтакрама, піва сюды возяць рэгулярна. А калі возяць — то і п'юць. Складаней з "фірменнай" чэшскай закускай — сыр у беларускай вёсцы не смажаць.

— Няхай сабе яны смажаць, затое мы — робім яго самі, — не бянтэжыцца стараста адразу дзвюх вёсак Таццяна Непакупная. — Хто мае кароў і сваё малако, варыць сыр з тварагу. Потым адны дадаюць кмен, іншыя — салодкія разынкі, але ў любым выпадку атрымліваецца смаката.

А вось вартай "замены" найбольш папулярнаму ў Чэхіі спорту тут так і не знайшлося. Беларускія Чэхі ў хакей гулялі — калі не ў лядовых палацах, то, прынамсі, на замерзлых рэчцы ці бліжэйшым балоце. Але праходзілі тыя баталіі досыць даўно, калі ў вёсцы было шмат дзяцей. Цяпер жа за ўсё кажа статыстыка. Насельніцтва Чэхаў складае 46, а Шчукаў — каля 60 чалавек. Прычым ці не дзве трэці мясцовых ужо маюць паважны ўзрост, маладыя сем'і можна пералічыць па пальцах.

— З паваеннага часу людзей стала ці не ўдвая менш, і Чэхі, і Шчукі былі вёскі вялікія, некалі мы нават мелі сваю школу, — адзначае Таццяна Віктараўна. — Але цяпер у будынку школы месціцца дом сацыяльных паслуг. Тут ён больш патрэбны: ёсць дзе і сабрацца, і часам канцэрт артыстаў "з раёна" паслухаць — усім падабаецца.

Аднак прадмет асаблівага гонару вяскоўцаў — мост праз тутэйшую рэчку. Ён са сваім "сакрэтам". Гады два таму, калі пераправу знесла вясновай паводкай, людзі, замест таго каб бедаваць, вырашылі: трэба выпраўляць сітуацыю. "Раён" дапамог з тэхнікай і лесам, усё ж астатняе зрабілі ўласнымі сіламі. Магчыма, у выніку атрымаўся не знакаміты пражскі Карлаў мост, затое ці не для кожнага новая пераправа стала ў літаральным сэнсе "сваёй".

— Раней, калі было шмат кароў, мы пасвілі частку жывёлы на тым беразе рэчкі, цяпер не тое — пашы хапае і тут, — кажа Таццяна Непакупная. — Але без пераправы нам усё ж аніяк, бо цераз рэчку і сенажаць, і лес — грыбы, чарніцы, брусніцы, суніцы. Мы іх збіралі заўсёды.

Навакольныя мясціны — не толькі добры лес. Зусім побач знаходзіцца Вілейскае вадасховішча. Вартая рыбалка — і на рэчцы. Шчупак у 6 кілаграмаў вагой тут далёка не рэкорд, было і па дзесяць. Нездарма гэты край набывае ўсё большую папулярнасць у дачнікаў, яны купляюць старыя ці нават ставяць новыя дамы. Пакрысе мяняецца і сама вёска, мясцовыя бачаць, як грунтоўна ўладкоўваюцца "гарадскія" — і вырашаюць "не адставаць".

— Ці была я ў Чэхіі? — перапытвае Таццяна Непакупная. — Вядома ж, не. Ды і чэхі нібыта да нас не траплялі, іншая рэч — французы. Яны адступалі ў напрамку Іллі, і старыя людзі нават казалі, што ў найбліжэйшым балоце патанула адна з напалеонаўскіх карэт. На жаль, вось толькі да сёння невядома — дзе канкрэтна?

"Татарская" загадка

Назвы вілейскіх вёсак — рэч увогуле цікавая. Напрыклад, на паўночным захадзе раёна ёсць Рускае Сяло. Нехта лічыць, што заснавалі яго стараверы, іншыя ж перакананыя: прычына ў тым, што ў свой час жыхары паселішча адмовіліся прымаць унію і засталіся ў праваслаўі. Але як было там у сапраўднасці — высветліць сёння цяжка.

Яшчэ адна "загадка" знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы рэгіёна. тут, за шэсць кіламетраў ад буйной вёскі Асіпавічы, месцяцца... Мамаі. Паралелі з татарскім ханам нібыта напрошваюцца самі сабой, але яны — таксама не больш чым версія. Дакладна іншае: мусульман тут няма, з усёй інфраструктуры ёсць хіба што дом сацыяльных паслуг, ды і жыхароў у паселішчы ўжо засталося няшмат — чалавек дваццаць.

Зусім малая і наступная вёска з не менш "гучнай" назвай — Швяды. Ад Мамаёў да яе зноў жа шэсць кіламетраў — у напрамку Маладзечанскага раёна.

Без Балтыкі, затое з лодкай

Краязнаўцы зазначаюць, што цяперашняя назва вёскі можа паходзіць ад нейкага ўласнага імя ці мянушкі. Разам з тым, верагоднасць "скандынаўскага следу" не выключаецца таксама. Ёсць нават легенда, паводле якой падчас Паўночнай вайны гэта стратэгічнае месца на пакручастым беразе Віліі ў вёсцы Высокая Прыстань занялі войскі Карла ХІІ. Потым яго армія сышла. Аднак для навакольных людзей Высокая Прыстань назаўжды стала Швядамі. З націскам на апошнім складзе.

Дарэчы, недалёка ад вёсцы захаваўся і яшчэ адзін "помнік" тым падзеям — так званыя Шведскія курганы. У народзе распавядаюць, што гэта могілкі салдат — нашчадкаў вікінгаў. Нібыта здагадку патрапіла абвергнуць яшчэ ў 1857 годзе, калі падчас экспедыцыі па Віліі прафесар Канстанцін Тышкевіч раскапаў два курганы і высветліў, што тут хавалі язычнікаў. І ў той жа час выносіць канчатковы вердыкт пакуль нельга: астатнія курганы застаюцца некранутымі і дагэтуль.

Пры ўсім тым знайсці "напамінак" пра паўночную краіну не так і складана. Дастаткова зірнуць на навакольныя палі. На іх — безліч дробных "ледавіковых" камянёў. Сустракаюцца і валуны, што нават цяжка абхапіць рукамі.

— Ніякага мора ў нас няма, але як разальецца Вілія — то пэўна, яна нічым і не горш, — зазначае жыхарка Швядоў, пенсіянерка Ніна Аляксандраўна Мамай. — Адно шкада, што паблізу паставілі плаціну, з-за яе ў нас стала мала рыбы.

Абавязковы "атрыбут" ці не кожнага вясковага двара — лодка. Не з-за рыбалкі і не з-за пагрозы паводкі. Лодка — перш-наперш транспартны сродак. Менавіта на ім ездзяць на супрацьлеглы бераг у лес, па ягады і грыбы. Хто мае сілы, абавязкова збірае лісічкі, чарніцы, брусніцы, журавіны — і для сябе, і каб здаць нарыхтоўшчыкам. Да слова, часта менавіта гэты даход становіцца больш стабільным. Што ж да ўласнага падворка, то асабліва разлічваць на яго не выпадае, зямля — амаль суцэльны, неўрадлівы пясок. Нездарма ёсць гістарычны факт: у гэтым краі ніколі не сяліліся... паны.

— Некалі жартам "Панам" звалі хіба што аднаго з вяскоўцаў, а іншага — нават "Каралём", — усміхаецца Ніна Мамай. — Але чаму з'явіліся гэтыя мянушкі — не ведаю. І сумняваюся, што тут была якая-небудзь сувязь са шведскімі каралямі.

Раней былі ў Швядах цялятнік і канюшня, былі школа, крама і клуб. Цяпер усяго гэтага ўжо няма. А тым больш не выпадае казаць пра хакей. Афіцыйна ў вёсцы "прапісана" ўсяго 23 чалавекі, і сярод іх — ніводнага дзіцяці.

З іншага боку, ці не палова жыхароў Швядоў — пенсіянеры. І ўсё ж адназначна "спісваць з рахункаў" гэты населены пункт яшчэ рана. Па вельмі простай прычыне: на аднаго "карэннага" вяскоўца прыпадае амаль па два дачнікі, тут будуюцца шматпавярховыя катэджы, прычым кошт аднаго зямельнага ўчастка даходзіў да 30 мільёнаў рублёў. І гэты варыянт ці не адзіны. Пустых дамоў у Швядах не засталося, нягледзячы на тое, што прадавалі іх таксама нятанна, а бывала і за 30 тысяч "умоўных адзінак".

— Ніякіх пытанняў з дачнікамі не ўзнікае, ніхто нікога не крыўдзіць, — заўважае Ніна Мамай. — Як ніколі няма непаразуменняў і з дзецьмі вяскоўцаў, якія з'ехалі ў Мінск, Маладзечна ці Вілейку, а цяпер наведваюцца сюды з сем'ямі для адпачынку. Мясціны тут насамрэч цудоўныя, і забыцца на іх цяжка, таму час ад часу людзей у вёсцы становіцца нават шмат.

Праўда, так бывае пераважна ўлетку. І да таго ж па выхадных. У астатні ж час, як правіла, ціха. Атрымліваецца амаль што па Карлсану: "Спакой, і толькі спакой". Але, відаць, па-іншаму тут проста нельга — на тое яны і Швяды.

Сяргей ГРЫБ, Вілейскі раён.

, Вілейскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вузкія вулачкі, вядомыя з дзяцінства казкі, знакамітыя маркі аўтамабіляў і, безумоўна, хакей. Агульнага ў чэхаў і шведаў сапраўды шмат, а: адметнасці гэтых краін літаральна штогод вабяць сотні тысяч вандроўнікаў. Нібыта кошт непрацяглых тураў "непад'ёмным" назваць цяжка. Але як мінімуму тры сотні грашовых адзінак Еўрасаюза ў кожную з дзяржаў — таксама сума. А калі ўлічыць дадатковыя клопаты з візамі і не менш традыцыйныя праблемы з часам, то становіцца зразумелым, што здзейсніць "турыстычную мару" будзе не так ўжо і проста. Выйсце? Зрэшты, яно ёсць — ніхто не перашкодзіць пазнаёміцца адначасова і з Чэхамі, і са Шведамі (а, дакладней, са Швядамі) непасрэдна ў Беларусі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика