Гандляры аднаго з найбуйнейшых аўтамабільных рынкаў Беларусі "Ждановічы" сёньня наладзілі стыхійны страйк. Ад раніцы пад'езды да гандлёвай пляцоўкі былі перакрытыя машынамі.
Іх кіроўцаў абурыла неабгрунтаванае падвышэньне платы за ўезд на тэрыторыю аўтамабільнага сэктару рынку. За апошні час кошт паслугі карэктаваўся некалькі разоў і дасягнуў 100 тысяч рублёў за дзень. Таксама наладзілі стыхійны мітынг прадпрымальнікі берасьцейскага рынку "Стары горад": іх абурылі правакацыі кантралёраў, якія выліваюцца ў вялізныя штрафы.
Адзін з удзельнікаў аўтастрайку Юрый распавядае, што высокая плата, якая ў эквіваленце складае амаль 35 даляраў за дзень, ніяк не адбіваецца на забесьпячэньні нават мінімальнага камфорту для тых, хто тут гандлюе. У прыватнасьці, пляцоўка для рэалізацыі машынаў ніяк не абсталяваная, не заасфальтаваная і ў міжсэзоньне больш нагадвае балота. Элемэнтарна не хапае прыбіральняў.
"Гэта цалкам неабгрунтаванае падвышэньне коштаў, тады як умоваў тут увогуле ніякіх — ні прыбіральняў, ні заездаў, навокал бруд і г.д. Цягам году кошт падвысіўся на 60 тысяч рублёў! На пачатку мінулага году было яшчэ 40 тысяч, зараз — ужо 100 тысяч! І за гэтыя грошы нічога ня зроблена, увогуле! І з кожным днём усё толькі горш і горш. Пакуль што яны засталіся пры сваім — заезд усё ж 95 тысяч рублёў, 5 тысяч "скасьцілі". Але гэта толькі на сёньня. Што будзе заўтра — невядома. Бо абяцаюць умовы палепшыць, але пасьля гэтага, напэўна, трэба дакладна чакаць падаражэньня".
Аўтааматары расказваюць, што неўзабаве пасьля пачатку стыхійнай акцыі, якая, па сутнасьці, прывяла да блякаваньня ўезду на рынак, зьявіліся міліцыянты. Аднак да сутычак справа не дайшла: прадстаўнікі ня бачылі падставаў, каб прымушаць людзей разьяжджацца:
"Візуальна — тут тысячы паўтары машынаў. Людзі не заяжджаюць, стаяць незадаволеныя. Тут жа пікеты ніхто не выстаўляў, але адміністрацыя рынку міліцыю выклікала, АМОН хацелі на нас кінуць. Праўда, міліцыянты потым сказалі, што людзі нічые правы не парушаюць і мы супраць іх нічога ўжываць ня будзем. Маўляў, ад вас патрабуюць — дык вы неяк і рэагуйце. Зь міліцыяй праблемаў няма, зь іх боку ніякіх прэтэнзій да нас не было".
Паказальна, што адміністрацыя гандлёвага дома "Ждановічы" аспрэчвае інфармацыю пра блякаваньне ўезду на аўтарынак. Начальнік дарожнай службы Юрый Калядка сказаў, што ніякіх праблемаў з трапляньнем машынаў на пляцоўку не было. Аднак самі гандляры кажуць, што кіраўніцтва хавае відавочныя факты:
"Урэшце яны пачалі ведаеце што тварыць? Ня маючы ніякіх правоў, пры заезьдзе патрабуюць у людзей, якія заганяюць аўтамабілі, дакумэнты на машыну, пасьведчаньне кіроўцы і г.д. Проста ерундой нейкай займаюцца. Таму ніхто не заяжджаў, бо як толькі сталі рухацца тыя, хто гатовы быў плаціць па 95 тысяч, пачалі патрабаваць дакумэнты на машыну. Ня выключана, што заўтра сытуацыя будзе такая ж. То бок у наступны рынак наўрад ці што зьменіцца".
У сувязі зь меркаваным ад 1 ліпеня шматразовым падвышэньнем мыта на аўтамабілі, якія ўвозяць фізычныя асобы, колькасьць ахвочых прадаць і набыць машыну істотна вырасла. Галоўным месцам гандлю застаюцца менскія аўтарынкі "Малінаўка" і "Ждановічы".
"Трэсла" сёньня і рынкі спажывецкіх тавараў у Берасьці. Намесьнік старшыні аб'яднаньня прадпрымальнікаў "Пэрспэктыва" Віктар Чайкоўскі кажа: людзі перадусім пратэставалі супраць правакацыяў з боку кантрольных органаў, супрацоўнікі якіх наўмысна падштурхоўваюць гандляроў да парушэньня заканадаўства, а пасьля выпісваюць вялізныя штрафы:
"На рынку "Стары горад" трэсьлі фактычна два тыдні. Апускаюцца ўжо да таго, што прыходзяць інспэктары з розных раёнаў, распранаюцца да майткаў, мераюць сукенкі ці касьцюмы. Потым нібыта купляюць, ледзьве не зьбягаюць, адмаўляючыся ад адрыўных талёнаў, а праз хвіліну… сунуць гандляру сваё пасьведчаньне, "корачку". У рэшце рэшт гэта вылілася ў стыхійны мітынг, дайшла крытычная маса. Сёньня адну прадпрымальніцу, маладую дзяўчынку, такім чынам справакавалі супрацоўнікі абласной падатковай інспэкцыі. І людзі проста стыхійна пачалі выказваць абурэньне вось гэтым дэбільным законам (іншага слова не знаходжу), свой пратэст. Па сутнасьці, людзей папросту абкрадаюць штрафамі! Бо, прабачце, за нявыпісаны талён — ад 700 тысяч рублёў штраф. То бок, такім чынам яны хочуць папаўняць мясцовыя бюджэты: ідуць і займаюцца ўзаконеным рэкетам. У што гэта надалей выльецца? Але людзі настроеныя дзейнічаць вельмі рашуча, асабліва на рынку "Стары горад". Я гутарыў з прадпрымальнікамі — канечне, усе ў жаху".
Згодна зь мінулагодняй пастановай Савету міністраў, калі кошт пакупкі перавышае 3 базавыя велічыні (105 тысяч рублёў), прадпрымальнік мусіць пацьвердзіць "зьдзелку" адрыўным талёнам. У іншым выпадку прадугледжаны штраф ад 700 тысяч да 1 мільёна 750 тысяч рублёў. І гэта пры тым, што прадпрымальнікі плацяць фіксаваны падатак на месяц наперад.
Гандляры аднаго з найбуйнейшых аўтамабільных рынкаў Беларусі "Ждановічы" сёньня наладзілі стыхійны страйк. Ад раніцы пад'езды да гандлёвай пляцоўкі былі перакрытыя машынамі.