Патанненне кватэр заўтра не скончыцца
09.04.2010
—
Новости Общества
|
Сяргей КУРКАЧ Cпецыялісты дзяржаўных структур пакуль не бачаць падстаў для падаражання кватэр на другасным рынку нерухомасці сталіцы. Нязначнае падаражанне другасных кватэр на сталічным рынку нерухомасці, што назіралася ў пачатку года, вясной спынілася, а ў апошнія тры тыдні развіваецца нават тэндэнцыя да зніжэння іх кошту. Аналіз развіцця жыллёвага рынку Мінска прапанавала рэдакцыі дырэктар РДУП "Дзяржаўнае рыэлтарскае агенцтва па г. Мінску і Мінскай вобласці" Валянціна Краснікава. М 2 за квартал "згубіў" больш як працэнт За першы месяц года цэны на кватэры па лініі другаснага жылля ў сталіцы павялічыліся прыкладна на 1,3 працэнта. Аднак і ў студзені, і ў лютым кватэры набываліся новымі гаспадарамі вельмі слаба. Калі ў сакавіку рынак актывізаваўся і колькасць здзелак павялічылася, то рэальная тэндэнцыя ўжо пачала паказваць адмоўную дынаміку. Паводле інфармацыі па стане на 1 студзеня сярэдні кошт квадратнага метра жылля аднапакаёвых кватэр складаў 1615 долараў, двухпакаёвых — 1510, трохпакаёвых — 1440, чатырохпакаёвых — 1335 долараў. Праз тры месяцы, ужо па стане на пачатак красавіка сярэдні кошт квадратнага метра аднапакаёвых кватэр складае 1535 долараў, двухпакаёвых — 1495, трохпакаёвых — 1450, чатырохпакаёвых — 1340 долараў. Тры месяцы таму сярэдні кошт усіх відаў кватэр быў 1475 долараў, а цяпер ён знізіўся да 1455 долараў. Валянціна Краснікава адзначыла, што за квартал другаснае жыллё ў сталіцы патаннела ў сярэднім на 1,01 працэнта. Спецыяліст заўважыла, што цяпер таннеюць, галоўным чынам, невялікія кватэры, кошт на якія быў штучна завышаны па прычыне вялікага попыту і недастатковай прапановы. Сёння аднапакаёвых і двухпакаёвых кватэр на другасным рынку паболела і яны пачалі таннець. Тэмп зніжэння кошту аднапакаёвых кватэр складае ад 4 да 7 долараў за тыдзень. Ваганне цэнаў на другасныя кватэры працягнецца мінімум да восені Як доўга будзе працягвацца існуючае зніжэнне кошту, прадказаць цяжка, аднак кіраўнік агенцтва ўпэўненая, што падстаў для нейкага сур'ёзнага падаражання на другасным рынку сталічнага жылля сёння няма. Пад уздзеяннем пэўных фактараў магчымае невялікае патанненне, а можа, і часовае падаражанне, аднак тэндэнцыя ваганняў будзе рухацца ў бок зніжэння. Справа ў тым, што за апошні месяц колькасць прапаноў кватэр на продаж павялічылася прыкладна на 10—15 працэнтаў. Спецыяліст упэўнена, што ў красавіку і маі працягнецца невялікае патанненне ўсіх відаў кватэр. А вось у апошнюю дэкаду чэрвеня і ў ліпені рынак можа актывізавацца за кошт іншагародніх пакупнікоў. Ужо традыцыйна ў гэты час багатыя бацькі патэнцыяльных студэнтаў усё часцей пачынаюць купляць невялікія кватэры для сваіх дзетак. Таму ў ліпені аднапакаёвыя кватэры могуць нават падаражэць. Аднак такое падаражанне амаль заўсёды мае часовы характар, і ўжо ў жніўні магчымы чарговы адкат цэнаў. Увогуле Валянціна Краснікава ўпэўнена, што падаражанне кватэр на другасным рынку не адбудзецца да таго часу, пакуль банкаўская сфера не паменшыць працэнтныя стаўкі па доўгіх жыллёвых крэдытах. З пачатку года "далёўка" падаражэла на 3 працэнты Другі сур'ёзны фактар, які паўплывае на цэнавую дынаміку другаснага рынку сталіцы, — далейшае развіццё сектара долевага будаўніцтва. Паводле меркаванняў Валянціны Адамаўны, попыт на сістэму долевага будаўніцтва сярод жыхароў сталіцы за апошнія месяцы павялічыўся ў разы. Людзі ўсё часцей вырашаюць палепшаць свае жыллёвыя ўмовы метадам будаўніцтва новага жылля. Дарэчы, менавіта днямі адміністрацыя Мінска аднавіла льготнае крэдытаванне дольнікаў пад 5 працэнтаў гадавых на 20 гадоў. Прывабнасць долевага будаўніцтва сёння ацэньваюць нават самыя патрабавальныя патэнцыйныя пакупнікі з грашыма. Напрыклад, цяпер агенцтвы прапануюць шмат элітнага і не вельмі дарагога жылля ў Цэнтральным раёне сталіцы. Забудоўшчык жылога комплексу "Ля Траецкага" па вуліцы Старажоўскай прапануе кватэры па кошце ад 2 да 2,5 тысяч долараў за квадратны метр. Дом будзе здадзены ў 2012 годзе. Даволі якаснае жыллё прапануецца ў жылым доме бізнэс-класа "Ветразь" па вуліцы Максіма Танка, дзе квадратны метр каштуе 1804 долары. Дом будзе пабудаваны ў другім квартале 2011 года. Самыя дарагія кватэры прапануюцца ўжо ў пабудаваным элітным доме па вуліцы Кісялёва, 17, дзе квадратны метр жылля каштуе 2,6 тысячы долараў. Яшчэ адзін элітны дзевяціпавярховы жылы дом пабудаваны па вуліцы Чарвякова 61. Там квадратны метр каштуе 1450 долараў. На праспекце Машэрава будуецца так званы музычны жылы дом, які мае ўласную назву "Бетховен". Жылы квадрат у такім доме абыйдзецца новым гаспадарам ад 1380 да 1426 долараў. У другім квартале сёлета будзе здадзены ў эксплуатацыю жылы дом па вуліцы Арлоўскай. Квадратны метр у гэтым доме каштуе 3 млн 770 тысяч рублёў. Шмат якаснага жылля будуецца цяпер і ў Фрунзенскім раёне. Напрыклад, у жылым комплексе "Пакроўскі квартал" па вуліцы Прытыцкага, які будзе пабудаваны ў апошнім квартале 2011 года, квадратны метр каштуе 4 млн 263 тысячы рублёў. Існуюць і значна таннейшыя дамы. Праз дзяржаўнае рыэлтарскае агенцтва сёння магчыма набыць кватэры ў шматкватэрным жылым доме па вуліцы Школьнай. Дом здаецца ў першым квартале 2011 года, а квадратны метр кватэр складае да 3 млн 200 тысяч рублёў. Прапануецца цяпер дзяржаўным агенцтвам і ўвогуле таннае долевае будаўніцтва ад дзяржаўнага забудоўшчыка. Гэты дом будзе пабудаваны на вуліцы Гарэцкага ў трэцім квартале 2011 года. Квадратны метр такога жылля каштуе ўсяго 1050 долараў. <І>(Працяг тэмы ў наступных нумарах "Звязды"). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Cпецыялісты дзяржаўных структур пакуль не бачаць падстаў для падаражання кватэр на другасным рынку нерухомасці сталіцы. Нязначнае падаражанне другасных кватэр на сталічным рынку нерухомасці, што назіралася ў пачатку года, вясной спынілася, а ў апошнія тры тыдні развіваецца нават тэндэнцыя да зніжэння іх кошту. Аналіз развіцця жыллёвага рынку Мінска прапанавала рэдакцыі дырэктар РДУП "Дзяржаўнае рыэлтарскае агенцтва па г. Мінску і Мінскай вобласці" Валянціна Краснікава. |
|