Славянскі базар з абнаўленнямі. 21.by

Славянскі базар з абнаўленнямі

10.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі жарсці з нацыянальным адборам "Еўрабачанне" ўжо адшумелі, і да канца мая засталося толькі строіць здагадкі, ці пашанцуе нарэшце Беларусі, то з адборам да конкурсаў ХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ўсё толькі распачынаецца.

Да 1 красавіка прымаліся заяўкі ад прэтэндэнтаў — паводле правілаў, у конкурсе эстраднай песні сёлета могуць паказаць сябе маладыя выканаўцы ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў уключна, у дзіцячым конкурсе — юныя артысты ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў (па даце на 1 ліпеня гэтага года), прычым у абедзвюх катэгорыях пажадана мець практыку канцэртных выступленняў і поспехі ў рэспубліканскіх або міжнародных творчых спаборніцтвах. Усяго ў Міністэрства культуры, якое сёлета займаецца арганізацыяй адборачных тураў, прыйшлі 34 заяўкі — 17 на дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2010" і столькі ж — на конкурс маладых выканаўцаў. Дарэчы, у ліку кандыдатаў на апошні ёсць імёны, ужо знаёмыя шырокай публіцы, — колішні ўдзельнік адбору на "Еўрабачанне" Дзяніс Ліс, саліст Гомельскай абласной філармоніі Сяргей Якуш, салістка гурта "Aura" Юлія Быкава, магілёвец Аляксей Чорны, які сабраў ужо шэраг узнагародаў міжнародных конкурсаў пад творчым псеўданімам Алекша Чорны, ды іншыя.

Гэтымі днямі экспертная камісія, праслухаўшы дасланыя аўдыё- і відэаматэрыялы кандыдатаў, адбярэ па 10 чалавек да кожнага конкурсу. Далей праслухоўванне правядзе прафесійнае журы — выканаўцы праспяваюць у Моладзевым тэатры эстрады па 2 песні ў суправаджэнні фанаграмы "мінус 1", і па выніках другога этапа адбору да 20 красавіка суддзі павінны будуць вырашыць, хто ж выступіць сёлета за Беларусь на дарослым і дзіцячым конкурсах "Славянскага базару ў Віцебску".

Тым часам фестывальная сталіца ўжо таксама рыхтуецца да чарговага фэсту — Віцебскі аблвыканкам зацвердзіў план неабходных мерапрыемстваў, сярод якіх, напрыклад — адмысловае светлавое афармленне ўсіх мастоў горада, арганізацыя перасоўных білетных касаў і г.д. Адбудзецца 19-ы па ліку "Славянскі базар у Віцебску" з 9 па 15 ліпеня.

"Новая хваля" з многімі невядомымі

На наступным тыдні ў Мінску адбудзецца і папярэдні адбор прэтэндэнтаў на ўдзел у VІІ Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Новая хваля-2010". Кастынг выканаўцаў пройдзе 12 красавіка ў адным са сталічных клубаў, аднак колькасць яго ўдзельнікаў дагэтуль невядомая — як патлумачыў член журы беларускага адбору, кампазітар Сяргей Ждановіч, артыстам не абавязкова адпраўляць папярэднюю заяўку, можна з'явіцца непасрэдна на адбор, падрыхтаваўшы для выканання два творы — аўтарскую песню альбо хіт сваёй краіны, а таксама сусветны шлягер на англійскай або іншай замежнай мове.

З журы першага адборачнага тура ўсё куды больш зразумела — у яго склад увойдуць музычны прадзюсар "Новай хвалі" Яўген Арлоў і генеральны дырэктар конкурсу Аляксандр Румянцаў, а таксама шэраг беларускіх выканаўцаў — колішнія ўдзельнікі конкурсу Аляксей Хлястоў і Дзядзя Ваня, а таксама народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка.

Сам конкурс сёлета будзе адбывацца ў тры туры. Лепшыя выканаўцы нацыянальных адбораў (яны праходзяць асобна ў Расіі, Беларусі, ва Украіне, Фінляндыі, Арменіі, Кітаі, Балгарыі, а ў Латвіі адбыўся так званы Еўрапейскі адбор для ўдзельнікаў з іншых краін) 14—15 красавіка збяруцца ў Маскве на паўфінале. Адслухаўшы ўсіх прэтэндэнтаў, журы дасць ім рэкамендацыі па рэпертуары, іміджы, харэаграфіі і ў выніку пасля дадатковых праслухоўванняў вызначыць фіналістаў. Фінал конкурсу "Новая хваля-2010" будзе праходзіць цягам шасці дзён, з 27 ліпеня па 1 жніўня, у Юрмале (Латвія). Для Беларусі з моманту адраджэння конкурсу ў 2008 годзе пакуль што самым удалым можна лічыць выступленне Дзядзі Вані (2008 год, прыз Алы Пугачовай).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі жарсці з нацыянальным адборам "Еўрабачанне" ўжо адшумелі, і да канца мая засталося толькі строіць здагадкі, ці пашанцуе нарэшце Беларусі, то з адборам да конкурсаў ХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ўсё толькі распачынаецца.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика