Ці трэба павышаць узрост выхаду на пенсію?. 21.by

Ці трэба павышаць узрост выхаду на пенсію?

17.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра некаторыя аспекты і асаблівасці гэтай злабадзённай праблемы наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікам.

— Леанід Фёдаравіч, сёння людзі сярэдняга і сталага ўзросту актыўна абмяркоўваюць верагоднасць павышэння тэрміну выхаду на пенсію. Якія толькі не даводзіцца чуць аргументы за і супраць. І цікавая складваецца карціна: большасць удзельнікаў гэтай дыскусіі з цяжкасцю, але пагаджаюцца, што пазбегнуць гэтай меры не атрымаецца. І амаль усе ўспамінаюць, што на Захадзе, у заможных краінах больш высокая ўзроставая планка выхаду на пенсію.

— Давайце спачатку паглядзім, у якіх умовах і пры якіх абставінах стваралася наша пенсійная сістэма. Яна канчаткова сфарміравалася ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады пасля цяжкіх выпрабаванняў ваеннага і пасляваеннага ліхалецця лічылася, што жанчына ўжо не здольная паўнацэнна працаваць у 55 гадоў, а мужчына — у 60 гадоў. І гэта быў аб'ектыўны правамерны падыход. Бо сярэдняя працягласць жыцця мужчын не перавышала 60 гадоў. Вельмі шмат іх загінула на вайне, многія былі знявечаныя, перанеслі страшэнныя стрэсы. Доля насельніцтва ўзростам за 60 складала амаль 10%. Зразумела, дзяржава тады магла забяспечыць сваіх звычайных (не персанальных) пенсіянераў сціплай пенсіяй. Ды і людзі былі не вельмі патрабавальнымі да ўмоў жыцця, выбару прадуктаў харчавання, адзення. Выжылі, гэта галоўнае.

І не забывайце, што ў 30-х гадах, яшчэ нават перад вайной пенсію атрымлівалі ў асноўным рабочыя, служачыя, інтэлігенцыя, а вяскоўцы, якія складалі пераважную большасць насельніцтва, былі пазбаўленыя гэтых сацыяльных выплат. І толькі пры Хрушчове сталым калгаснікам пачалі нешта плаціць на старасць, літаральна драбязу.

— І чаму так ставіліся да калгаснікаў?

— А таму, што калгаснае сялянства ўяўляла сабой недзяржаўны кааператыўны сектар, прадстаўнікі якога, на погляд тагачаснай улады, маглі паклапаціцца самі пра сябе ў сталым узросце. І толькі ў 60-х гадах былі прыняты законы, якія ахоплівалі пенсійным забеспячэннем усе пласты насельніцтва.

— Па прагнозах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2025 года кожны шосты жыхар планеты дасягне 60-гадовай мяжы. З гэтай нагоды часта гавораць, што пенсійныя сістэмы большасці дзяржаў чакае глыбокі крызіс. Нас таксама?

— Я бы так не палохаў людзей, незалежна ад іх узросту і ўзроўню адукацыі. Так, у развітых краінах сярэдні ўзрост выхаду на пенсію — 65 гадоў, і там дзе-нідзе рыхтуюцца да яго павышэння. У некаторых краінах ужо тэрмін і 65 і 67 гадоў. Узнікае натуральнае пытанне: а ці не пайсці нам гэтым шляхам? Можна, але б я не раіў вось так адразу бегчы за цывілізаваным светам.

— Цікава, чаму?

— У кожнай краіны ёсць свае нацыянальныя традыцыі і асаблівасці яе развіцця. У Еўрасаюзе дагэтуль няма адзінай сістэмы пенсійнага забеспячэння. Пакуль яно знаходзіцца, у асноўным, у кампетэнцыі кожнай з краін—членаў ЕС. У адрозненне ад нас працягласць жыцця ў Заходняй Еўропе, ЗША, Японіі і шэрагу іншых развітых краін вышэй, чым у былых постсавецкіх рэспубліках. Даўжэй за ўсіх жывуць у Японіі: жанчыны — больш за 84 гады, мужчыны — 77,4 года. Працаваць усе японцы павінны да 70 гадоў. У ЗША сярэдняя працягласць жыцця 76,7 года, а пенсійны ўзрост для грамадзян абодвух палоў надыходзіць у 65 гадоў.

У Еўропе жывуць у сярэднім 75,5 года. У Італіі мужчыны выходзяць на пенсію ў 65 гадоў, жанчыны — у 60. У Францыі нядаўна павысілі пенсійны ўзрост з 60 да 62,5 года, сярэдняя працягласць жыцця складае 74,7 года. У Вялікабрытаніі жанчыны жывуць прыкладна 81 год, а мужчыны — 75 гадоў, пры гэтым пенсійны ўзрост для мужчын надыходзіць у 65 гадоў, для жанчын — у 60.

— Аднак у апошнія некалькі гадоў назіраюцца зрухі ў бок павышэння пенсійнага ўзросту ў нашых суседзяў і былых паплечнікаў па сацлагеру.

— У большасці краін былога сацыялістычнага лагера пенсійны ўзрост для іх грамадзян быў прыкладна такі, як і ў Беларусі, Расіі, Украіне: для мужчын — 60 гадоў, жанчыны — у 55—56. Але многія дзяржавы, асабліва тыя, якія сталі членамі Еўрасаюза, узнялі пенсійную ўзроставую планку. Напрыклад, у Венгрыі, Чэхіі, Літве. У краінах СНД таксама думаюць пра павышэнне пенсійнага ўзросту. У Казахстане ён ужо ўзняты для жанчын да 58 гадоў, мужчын — да 63.

Менавіта рост працягласці жыцця, дабрабыту, паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання падштурхоўвае ўрады і парламенты многіх дзяржаў пераглядаць пенсійнае заканадаўства, асабліва што датычыць павелічэння ўзросту выхаду на пенсію. Аднак там, у заможных і адносна заможных краінах, па маіх назіраннях, пенсіі ўжо не такая надзвычай актуальная праблема. У свеце ўжо прыйшлі да высновы: каб у сталым узросце жыць годна, трэба мець дзве-тры фінансавыя крыніцы існавання. Сама працоўная пенсія, даходы ад акцый, аблігацый, здачы ў арэнду нерухомасці: кватэры, дачы, загараднага дома. І яшчэ выкарыстанне спецыяльных сістэм страхавання. Я лічу, што нашым будучым пенсіянерам таксама варта падумаць пра дадатковыя крыніцы даходаў.

— Ведаеце, ёсць такая, калі не памыляюся, тэлеперадача "Лёгка сказаць". А як на практыцы рэалізаваць рэформу нашай пенсійнай сістэмы?

— У нас кожны, хто атрымлівае афіцыйную зарплату, а не "шэрую" ў канверце, рэгулярна робіць унёскі ў пенсійны фонд. З яго сродкаў потым фарміруюцца пенсійныя выплаты. А ёсць і іншая пенсійная сістэма — накапляльная. Яе, дарэчы, прытрымліваюцца ў многіх цывілізаваных краінах свету. Сутнасць гэтай сістэмы ў наступным. На працягу працоўнага жыцця чалавек адкладвае пэўную частку свайго заробку на спецыяльны рахунак у пенсійным ці інвестыцыйным фондзе, камерцыйным банку. Перавага накапляльнай сістэмы ў тым, што пасля смерці чалавека назапашаныя ім сродкі на пенсію перадаюцца ў спадчыну нашчадкам. А ў нас пасля адыходу бацькоў у лепшы свет — нічога. Думаю, гэта не зусім справядліва. Правільна было б пакідаць грошы ў распараджэнні сям'і.

— А якая будзе роля дзяржавы ў выпадку пераходу да накапляльнай сістэмы?

— Дзяржаўныя органы могуць зрабіць такое пенсійнае забеспячэнне абавязковым, сачыць за тым, каб грошы пенсіянераў былі пад гарантыяй, каб на іх не квапіліся прайдзісветы і махляры, каб не "з'ела" інфляцыя.

— А калі ўявіць, што нехта жыве не па правілах айчыннага пенсійнага заканадаўства. Яму можна будзе выжыць, калі прыйдзе старасць?

— Можна, але для гэтага асобнаму грамадзяніну спачатку трэба назбіраць 10 тысяч долараў ЗША, перавесці іх у беларускія рублі і пакласці ўсю суму ў Беларусбанк на дэпазіт пад 21 % гадавых, і тады кожны месяц атрымліваць некалькі сотняў тысяч рублёў, так бы мовіць, уласна прызначанай самому сабе пенсіі. Вядома, можна пакласці на дэпазіт 15 ці 20 тысяч долараў, і тым самым павысіць сваю пенсію. І пасля смерці гэтага грамадзяніна штомесячныя выплаты працэнтаў па дэпазіце будуць атрымліваць яго дачка ці сын, а можа і ўнукі. Карацей, блізкія людзі. Ну як вам падабаецца гэта?

— Цікавая форма пенсійнага забеспячэння, асабліва што датычыць спадчыны для ўнукаў. Упэўнены, ім гэта вельмі спадабаецца. Разумею, вы гэты прыклад прывялі як ілюстрацыю работы пенсійнай сістэмы па накапляльным прынцыпе. Так?

— Так. Галоўнае ў ёй тое, што выгада тут не для аднаго пакалення. Таму я і мае многія калегі-эканамісты прапаноўваем паступова перайсці да накапляльнай пенсійнай сістэмы. За ёй — будучыня. Бо чалавек пачне загадзя фарміраваць памер сваёй пенсіі, якая можа быць удвая, а пры жаданні і ўтрая вышэйшай за цяперашнюю стандартную пенсію. І тады яму не прыйдзецца шукаць дадатковы заробак. Ёсць сэнс, пры ўмове пераходу на накапляльную сістэму, стварыць некалькі буйных пенсійных фондаў. Скажам, сем рэгіянальных фондаў у кожнай вобласці і сталіцы.

— Як мне здаецца, накапляльная сістэма будзе выгаднай пры ўмове, што чалавек на працягу доўгага перыяду меў высокааплатную работу, збіраў сабе на старасць, без напружання выдаткоўваў пэўную суму ў пенсійны фонд. А калі ў жыцці не ўсё гладка: працяглая хвароба, беспрацоўе, празмерна зацягнутыя пошукі сябе ў гэтым жыцці. Ці мала якія могуць узнікнуць акалічнасці, людзі і бамжамі становяцца. Як тут назапашваць пенсію?

— Вы ведаеце, як працуе пенсійная сістэма ў Швецыі? Там для ўсіх, незалежна ад лёсу і былых заробкаў ці ўвогуле іх адсутнасці, для рознага роду няўдачнікаў і, чаго хаваць, шчырых лайдакоў, абібокаў, гультаёў, існуе пенсія — сацыяльная. Прыкладна ў памеры 400—500 долараў ЗША (вельмі сціплыя па шведскіх мерках грошы). Мінімальны пражытковы ўзровень. Але затое ён дазваляе чалавеку не галадаць, апранацца, мець нейкі дах над галавой і г. д. Гэтая народная пенсія выплачваецца кожнаму, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту. Такая пенсія ёсць у Даніі, Нарвегіі і многіх іншых краінах.

— Але і ў нас ёсць сацыяльная пенсія...

— Сапраўды. На пачатак гэтага года сацыяльная пенсія складала 191600 рублёў. Вядома, цяжка жыць на гэткія грошы. Такую пенсію для пэўных катэгорый грамадзян можна павялічыць да 100-доларавага эквіваленту.

— Аднак існуе такі народны выраз "маладая пенсіянерка" ці "малады пенсіянер". Яго ўжываюць, калі хочуць падкрэсліць, што чалавек пенсійнага ўзросту яшчэ поўны сілаў і энергіі, можа і папрацаваць не адзін год. Ці не само жыццё падказвае павысіць узрост выхаду на пенсію?

— Зразумела, ёсць у нас фізічна моцныя індывідуумы, якія здольныя эфектыўна працаваць пасля 55-60 гадоў. І такіх нямала. Але не на іх трэба раўняцца. Я не бачу асаблівага сэнсу павышаць узрост выхаду на пенсію. Прычын некалькі. У Беларусі існуе залішняя занятасць: беспрацоўных усяго менш 1% ад працаздольнага насельніцтва. А перад намі стаіць задача правесці рэструктурызацыю і мадэрнізацыю прадпрыемстваў, скараціць у межах эканамічнай мэтазгоднасці іх персанал. Няхай людзі ідуць на пенсію. Другі момант. Сталых людзей амаль заўсёды "выціскалі" і будуць "выціскаць" з пасад, таму што эканоміка патрабуе новых кадраў і новых падыходаў. Жорстка, але справядліва. Нельга дапускаць, каб моладзь заставалася без перспектыў кар'ернага росту, з маленькімі зарплатамі або наогул без працы. А краіне сёння востра патрэбны кадры новай кваліфікацыі, асабліва сярэдняга звяна. Непазбежнае ўзмацненне канкурэнцыі паміж маладымі і сталымі работнікамі можа прывесці да павелічэння перыяду пошуку працы маладымі людзьмі, якія ўпершыню апынуліся на рынку працы. А гэта можа справакаваць рост беспрацоўя сярод моладзі.

У складанай сусветнай эканамічнай сітуацыі, можа, лепшым было б стымуляваць датэрміновы выхад на пенсію. Скажам, за 2 гады да наступлення пенсійнага ўзросту.

— Кажуць, што павышэнне пенсійнага ўзросту дазволіць скараціць лік пенсіянераў і зэканоміць значную частку сродкаў.

— На мой погляд, прыкметнага эканамічнага эфекту гэтая мера не прынясе. Таму сёння, як вы казалі, існуе досыць шмат аргументаў (дэмаграфічных, эканамічных, сацыяльных і г. д.) як на карысць павышэння пенсійнага ўзросту, так і супраць гэтага. Няма адзінства меркаванняў і аб тым, якім чынам яго павышаць. Можа, пачакаем з эксперыментамі

— Асобныя эксперты лічаць, што калі не пачаць паступова павялічваць тэрмін выхаду на пенсію, то праз 10—20 гадоў такая недальнабачнасць прывядзе да таго, што ўся сацыяльная сістэма паваліцца?

— Не думаю.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра некаторыя аспекты і асаблівасці гэтай злабадзённай праблемы наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика