Дзве вайны беларуса з Александрыі
27.04.2010
—
Новости Общества
|
Радавыя Перамогі Ураджэнец вёскі Александрыя з Магілёўшчыны Сяргей Сцяпанавіч Сідараў адзін з нямногіх кавалераў чатырох ордэнаў "Чырвоная Зорка". Таксама ён ўзнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны, дзясяткамі медалёў. Ваяваў з фашыстамі з першага дня Вялікай Айчыннай і з Японіяй у 1945-м. На фронце былі і тры ягоныя браты. І ўсе ўцалелі. Дома чатырох братоў з вайны чакалі іх бацькі, простыя вясковыя людзі, і сястра. Маці Аграфена шчыра ўсю вайну малілася, каб выжылі яе любыя сыны. Зараз ветэрану вось ужо 91 год. Успаміны Сяргея Сцяпанавіча вельмі насычаныя цікавымі падрабязнасцямі. <І>— Пасля таго як скончыў 7 класаў школы, вучыўся ў віцебскім кааператыўным тэхнікуме. Але так цягнула стаць ваенным. Таму ў 1939 годзе паступіў на вучобу ў Кіеўскае танкавае вучылішча, — успамінае ветэран. — Яшчэ ў маі 1941 года датэрмінова скончыў вучобу. Нас, былых курсантаў, адразу накіравалі на мяжу з Польшчай.
Так што тады ў асноўным прыйшлося ваяваць у якасці пехацінцаў. З-за значнай перавагі сілаў ворага нам прыйшлося адступаць. Пад магутнымі абстрэламі на падручных сродках перапраўляліся праз раку Бярэзіну. Што вельмі ўразіла — вялікая колькасць трупаў, якія плылі па рацэ... Абараняў наш зямляк Магілёў, Крычаў, Ельню... Потым танкіст ваяваў у Старым Асколе, Багучары, Вёшанскай. Далей быў асаджаны ворагам Сталінград. — Давялося ўдзельнічаць у той самай бітве пад Сталінградам, вядомай як вялікая танкавая бітва. Пасля таго як мы разграмілі акружаную групоўку фашыстаў, мы шчыра радаваліся і віншавалі адзін аднаго пасля сканчэння баёў. Памятаю, што ў самім горадзе амаль што не засталося насельніцтва, — дзеліцца ўспамінамі ветэран. — Горад быў увесь разбураны. Зіма 1942—1943 гадоў была вельмі суровай і снежнай. Нашай 90-й танкавай брыгадзе за выдатныя баявыя дзеянні ў Сталінградскай аперацыі прысвоілі званне "40-я Сталінградская гвардзейская асобная танкавая брыгада". Я тады быў узнагароджаны медалём "За абарону Сталінграда" і ордэнам "Чырвонай зоркі". Запомнілася і вельмі цяжкае фарсіраванне ракі Днепр на поўдні ад Кіева для пашырэння плацдарма нашый войскаў. Сяргей Сцяпанавіч вызваляў Будапешт, Прагу і Браціславу. Менавіта пад Прагай у маі 1945-га вайна з фашыстамі для яго скончылася. Але паваяваць яшчэ прыйшлося. Напрыканцы мая прыйшоў загад аб накіраванні танкавай брыгады на вайну з Японіяй. — Мы прыбылі ў Манголію, — расказвае Сяргей Сцяпанавіч. — Спякота невыносная. А мы ў баявых машынах пад бранёй. Затое вельмі гасціннымі былі мясцовыя жыхары. У прыватнасці, манголы прыганялі нам цэлыя статкі скаціны ў дар. Памятаю, што войскаў нашых было шмат. Машын шмат, людзей. Рухаліся на высокай хуткасці. Былі як хмара над раўніннай прасторай. Японцы потым так і казалі: "Рухалася чорная хмара"! Калі дасягнулі гор Вялікага Хінгана, пераадольвалі іх з вялікімі цяжкасцямі: танкі з гор спускалі на стальных тросах пры дапамозе двух — трох танкаў. Потым былі раўніны Маньчжурыі, балоты. З лакальнымі баямі прайшлі праз Харбін, Мукдэн і спыніліся ў порце Дальні. Са сваёй будучай жонкай Ефрасінняй Іванаўнай Сяргей Сцяпанавіч пазнаёміўся яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Тады яна вучылася ў настаўніцкім інстытуце. Цікава, што на Каляды прыгажуня Ефрасіння загадала імя таго, хто ёй будзе падараваны лёсам. І ён ёй прысніўся. У ваеннай форме. Ажаніліся ў 1948 годзе. Малодшы сын ветэрана, Аляксандр Сяргеевіч, жыве ў Віцебску. Яму ўжо будзе 60 гадоў. Ён — галоўны мастак Беларускага тэатра "Лялька", аўтар унікальнай экспазіцыі "Прытулак анёлаў". Старэйшая дачка ветэрана — у Расіі. У Сяргея Сцяпанавіча дзве ўнучкі, столькі ж унукаў і чатыры праўнукі. Прыязджае, калі здароўе дазваляе, на малую радзіму. У вёсцы Александрыя ёсць матэрыялы ў школьным музеі, якія расказваюць пра ягоны ўдзел у двух войнах. Анастасія ЕРАФЕЕНКА, студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага харчовага інстытута. Фота з асабістага архіва ветэрана. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ураджэнец вёскі Александрыя з Магілёўшчыны Сяргей Сцяпанавіч Сідараў адзін з нямногіх кавалераў чатырох ордэнаў "Чырвоная Зорка". Таксама ён ўзнагароджаны... |
|