Дрэнна скончыць. 21.by

Дрэнна скончыць

27.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Часта кажуць пра чалавека, чые паводзіны не вызначаюцца ўзорам, што ён дрэнна скончыць. Не заўсёды такія прароцтвы збываюцца, але... Усе тры гісторыі пра вельмі розных вясковых жанчын аб'ядноўвае тое, што іх смерць альбо калецтва з'явіліся лагічным фіналам іх жыцця. Толькі ў апошнім выпадку прычынай трагедыі стаў, хутчэй, не лад жыцця, а адсутнасць жыццёвага досведу.

Гісторыя першая. Шматдзетная маці

Гэтая жанчына, назавём яе Маяй, магла б быць шматдзетнай маці. Яна і была ёю, праўда, толькі па колькасці дзяцей. У 33 гады яна ўжо мела пяць дачок. І сваю першую дзяўчынку Мая нарадзіла недзе ў няпоўныя шаснаццаць. Бацька немаўляці застаўся для вясковай грамады невядомы, але па цяперашнім часе юная маці-адзіночка ўжо нікога не здзіўляе нават у вёсцы. Сяк-так з дапамогай сваёй маці старшакласніца гадавала малую. Потым Мая ўсё ж выйшла замуж, зажыла сваёй сям'ёю, нарадзілася яшчэ адна дачка. Пра тое, як існавала тая сям'я, невядома, але ў матэрыялах крымінальнай справы занатаваны факт, што муж Маі здзейсніў злачынства і быў асуджаны на даволі вялікі тэрмін зняволення. Пакуль галава сям'і знаходзіўся ў калоніі, жонка час не марнавала. У яе нарадзілася яшчэ двое дзяцей. Прыйшоў бацька дадому, і вачам не паверыў: замест дзвюх дачок у хаце аж чатыры — і ўсе яго. Менавіта так выходзіла па дакументах, якія абачліва афармляла жонка. Але ж мужчына звярнуўся ў суд, і пасля адпаведных запытаў у турму, дзе ён знаходзіўся, судзейская калегія вынесла рашэнне аб скасаванні бацькоўства на двух малодшых дзяцей, да нараджэння якіх ён адносінаў не меў. Зразумеўшы, што жыццё ў такой сям'і працягваць складана, муж забраў сваю дачку і падаўся да ўласных бацькоў. А Мая пайшла ў загул без межаў. Пакуль цягнуліся судовыя разборы з былым мужам, яна паспела нарадзіць яшчэ адну дзяўчынку немаведама ад каго. Дзяцей яна не глядзела, не раз бывалі галоднымі і бруднымі. Мясцовая ўлада і органы апекі Камянецкага раёна ўзяліся вырашаць лёс дзяцей. Праз некаторы час малых у нядбайнай маці забралі: адну выхоўвае сястра Маі, клопаты пра астатніх узяла на сябе дзяржава.

А Мая адчула сябе свабоднай і зажыла ў свабодным — грамадзянскім — шлюбе. Але на гэты раз яна адчула сябе зусім вольнай і не абцяжарвала сваё існаванне нават банальным гатаваннем вячэры і хатняй гаспадаркай наогул. Аднойчы сужыцель прыйшоў з працы, дома — на зуб няма чаго ўзяць, а грамадзянская палавіна непадалёку бавіць час ў п'янай кампаніі. Забраў дахаты і заняўся "выхаваннем". Той сеанс "выхавання" скончыўся для яго 16 гадамі турмы, ну а 34-гадовай Маі болей няма.

Гісторыя другая. Маці адзінага сына

Надзея жыла ў вёсцы аднаго з палескіх раёнаў. Пра яе не гаварылі, што п'яніца альбо гуляка. Але і руплівай гаспадыняй ніколі не лічылася. Муж сышоў, сына забралі ў войска. Яна працавала нянечкай ў дзіцячым садку. Гаспадаркі ніякай не мела, нават курыцы на падворку не вадзілася. Вядома, жыць на зарплату нянькі не вельмі камфортна, нават калі ты адна. Але замест таго, каб падумаць па дадатковую крыніцу даходу з уласнага агарода ці падворка, Надзя прызвычаілася "пазычаць" грошы — прасцей кажучы, красці. Спачатку з сумачак выхавальніц сталі прападаць нязначныя сумы. Хоць здагадваліся, думалі на яе, але ніхто шум не ўздымаў. Потым спрабавалі ўшчуваць, прапрацоўваць. Калі ж у адной з супрацоўніц прапала вялікая сума, яна не ўтрывала, падала ў суд.

Суд быў прызначаны на аўторак... Нехта сказаў Надзі, што, акрамя кампенсацыі скрадзенай сумы, будзе прызначаны вялікі штраф. Чым аддаваць, яна не ведала. У панядзелак пад вечар яна прыехала ў Пінск і недалёка ад вакзала кінулася пад хуткі цягнік. Але не загінула. Ёй адрэзала ногі. Яна да гэтай пары ў бальніцы. І цяпер мясцовая ўлада мусіць вырашаць, хто і якім чынам будзе даглядаць 39-гадовую жанчыну-інваліда.

Гісторыя трэцяя. Сама дзіця

Гэтай гераіні нататкаў найболей шкада. Дзяўчынка з дзяцінства была пазбаўленая ласкі і цеплыні, вырасла ў дзіцячым доме. Вырасла — так казалі ўсе, хто ведаў Машу, — добрым чалавекам. Не было ў яе ні злосці, ні зайздрасці, былі толькі наіўнасць і даверлівасць. І не было побач маці, бабулі, старэйшай сястры, якія растлумачылі б, што добра і што дрэнна і як нельга давяраць першаму сустрэчнаму.

Маша скончыла сельскагаспадарчую вучэльню і прыехала на працу ў Пружанскі раён. Ёй і таварышцы па вучобе і працы выплацілі як дзецям-сіротам па 1600000 рублёў так званых пад'ёмных. І не аказалася побач нікога дарослага, хто б падказаў, параіў, як лепей патраціць грошы, на што адкласці. Мільён яна пусціла неабдумана на дробязі. Астатнія 600 000 насіла з сабой у кашальку. Гэта і загубіла 17-гадовую работніцу сельгаспрадпрыемства. На наіўную дзяўчыну паклаў вока 30-гадовы трактарыст, які меў сям'ю і праблемы з законам. Разам са сваім 17-гадовым напарнікам яны паклікалі Машу "пакатацца на трактары". Каб упэўніцца, што грошы ў яе пры сабе, папрасілі купіць бутэльку піва. Потым у трактары падпойвалі найбольш дзяўчыну. Кашалёк адабралі гвалтам, пасля гэтага яшчэ ўволю наздзекаваліся над дзеўчанём. А каб замесці сляды, па-зверску забілі яе і закапалі за ваколіцай. Кату і забойцу далі 25 гадоў пазбаўлення волі. Ды што з гэтага? Маладое жыццё, якое стала цаной, па сутнасці, яшчэ дзіцячай неабачлівасці, не вернеш. Сяброўка Машы, якую таксама клікалі ў той ракавы вечар "пакатацца", не пайшла. Пачуццё самазахавання ў яе было развіта болей.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Часта кажуць пра чалавека, чые паводзіны не вызначаюцца ўзорам, што ён дрэнна скончыць. Не заўсёды такія прароцтвы збываюцца, але... Усе тры гісторыі пра вельмі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика