Ігнараваць праблемы з ціскам нельга. 21.by

Ігнараваць праблемы з ціскам нельга

27.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Галава цяжкая, цісне ў скронях, перад вачамі мушкі, незразумелая слабасць, санлівасць з самай раніцы... Знаёмыя сімптомы? Шмат хто скардзіцца на падобныя недамаганні, часта не задумваючыся, што іх прычынай могуць быць праблемы з артэрыяльным ціскам. На думку медыкаў, усім нам варта больш уважліва ставіцца да сябе, бо паталогія артэрыяльнага ціску перастала быць доляй толькі пенсіянераў. Якіх жа "сюрпрызаў" чакаць ад свайго артэрыяльнага ціску?

1. "Мяне не непакоіць ціск". Многія лічаць, раз яны не адчуваюць ваганняў ціску, то і хвалявацца няма чаго. Але спецыялісты папярэджваюць, што гіпертанія (павышаны артэрыяльны ціск) можа развівацца без відавочнай сімптаматыкі, асабліва на ранніх стадыях. Стан артэрыяльнага ціску цесна звязаны з узростам, а дакладней — з гарманальнай стабільнасцю арганізма. Мужчынам неабходна перыядычна мераць ціск, пачынаючы з 25—30 гадоў. Іх адчувальнасць абумоўліваецца біялагічнымі асаблівасцямі і ўзмацняецца шматлікімі стрэсамі. Жанчыны ў гэтым сэнсе больш абароненыя, дзякуючы гармонам эстрагенам. Але з наступленнем клімаксу іх "прыродная недатыкальнасць" страчвае сілу.

2. "Насамрэч гэта мой "рабочы ціск". "Рабочым" называецца ціск, пры якім чалавек сябе здавальняюча адчувае. Аднак, калі танометр паказвае лічбы ў дыяпазоне ад 160/100 да 180/110, гэта азначае, што "рабочы ціск" перавышае норму (яе паказчыкі: не вышэй за 139/89 мм рт. сл. і не ніжэй за 90/60 мм рт. сл.). Тое, што з павышаным ціскам чалавек адчувае сябе цалкам нармальна, сведчыць аб добрым стане яго ўнутраных органаў і сасудаў. А калі дакладна, аб тым, што гэтыя органы спраўляюцца са сваёй работай. Але пры павышаным ціску сасуды, сэрца, ныркі і іншыя органы зведваюць дадатковую нагрузку, а значыць, хутчэй зношваюцца. Займець інфаркт міякарда або інсульт галаўнога мозга ў такім выпадку можна значна хутчэй. Пры перавышэнні нормаў ціску на 10 мм рт. сл. рызыка развіцця ўскладнення ўзрастае на 30 %.

3. "Вінаватая спадчыннасць". Так, у сем'ях гіпертонікаў і гіпатонікаў сапраўды часта растуць дзеці, якія ў далейшым пачынаюць пакутаваць ад праблем з артэрыяльным ціскам. Аднак спецыялісты настойваюць: гіпертанія і гіпатанія, як такія, не перадаюцца ў спадчыну. Перадаецца схільнасць да іх. Але нават са спадчыннай схільнасцю можна пазбегнуць захворвання, калі звесці на нішто астатнія фактары рызыкі. Да іх адносяцца: курэнне, ужыванне алкаголю, лішняя вага, маларухомы лад жыцця, няправільнае харчаванне, злоўжыванне соллю, стрэсы.

4. "Няправільны прыём лекаў". Гіпатэнзіўныя прэпараты павінны падбірацца строга індывідуальна і прызначацца паступова, асабліва, калі чалавек пакутуе ад сардэчнай недастатковасці. Часам пацыенты, асцерагаючыся прывыкання да лекаў, мяркуюць, што іх трэба часцей мяняць. Але мяняць прэпарат самастойна, без медыцынскіх паказанняў, нельга! Урач павінен падабраць лякарства і скласці аптымальную схему прыёму. Калі яна дапаможа трымаць артэрыяльны ціск на належным узроўні і не дасць пабочных эфектаў, то прытрымлівацца яе трэба пастаянна.

5. "Мама ведае ўсё". Нават калі хтосьці са сваякоў — гіпертонік "са стажам", звяртацца да яго па кансультацыю, усё роўна што гуляць у рулетку. Шанцаў на тое, што яго рэкамендацыі акажуцца дзейснымі ў вашым выпадку — столькі ж, колькі і верагоднасці несупадзення. Гіпатэнзіўных прэпаратаў — мноства, і ўсе яны розныя па сваіх уласцівасцях. "Сваё" лякарства варта падбіраць у залежнасці ад дынамікі вагання ціску, спадарожных захворванняў і агульнага стану. І зрабіць гэта зможа толькі кваліфікаваны спецыяліст.

6. "Навошта піць таблеткі кожны дзень — гэта ж хімія!". Прымаць лекі толькі калі падскоквае ціск — усё роўна што прымаць кантрацэптывы пад настрой. Што адбываецца, напрыклад, у момант, калі падскочыў ціск, а яго хутка знізілі таблеткай? Рэзка мяняецца стан сасудаў: яны спачатку расцягнуліся, а потым пад дзеяннем прэпарата звузіліся. Калі такія змены адбываюцца часта, унутраная паверхня сасудаў траўмуецца. Да пашкоджаных ачагоў "прыліпаюць" крывяныя цельцы — фарміруецца пробка, тромб. У выніку парушаецца кровазварот, а калі тромб адрываецца і закупорвае які-небудзь вельмі важны сасуд — развіваецца інфаркт міякарда, інсульт галаўнога мозга.

Артэрыяльная гіпертанія — хвароба хранічная, таму і лекавая тэрапія павінна быць пастаяннай. Яна дазваляе дабіцца стабільнага ўзроўню крывянога ціску.

7. "У мужчын прэпараты для лячэння гіпертаніі выклікаюць імпатэнцыю". На жаль, пры артэрыяльнай гіпертаніі, якая сама па сабе можа прывесці да развіцця эрэктыльнай дысфункцыі, прыём некаторых лекавых прэпаратаў зніжае патэнцыю, і гэта становіцца прычынай таго, што хворыя перастаюць іх прымаць. У выніку чаго адначасова прагрэсуе эрэктыльная дысфункцыя і значна павялічваецца рызыка атрымаць інфаркт або інсульт. Трэба зазначыць, што сітуацыя не бязвыхадная, бо цяпер у арсенале ўрачоў існуюць прэпараты, здольныя не толькі падтрымліваць артэрыяльны ціск на нармальным узроўні, але і не аказваць адмоўнага дзеяння, а часам нават могуць узмацняць патэнцыю.

8. "Паніжаны ціск — гэта не страшна". Сапраўды, гіпатонікі значна радзей сутыкаюцца з рызыкай сардэчна-сасудзістых ускладненняў. Але каварства гіпатаніі ў тым, што з часам яна можа трансфармавацца ў гіпертанію, прычым цяжкую, пры якой нават невялікае павышэнне ціску пераносіцца вельмі хваравіта. Акрамя таго, гіпатанія нярэдка ўзмацняе развіццё цэлага шэрагу немачаў, такіх як анемія, неўрозы, вегета-сасудзістая дыстанія, захворванні страўнікава-кішачнага тракту, эндакрыннай сістэмы. Гіпатанія можа таксама выклікаць парушэнні патэнцыі ў мужчын. Вось чаму пры наяўнасці гэтай праблемы вельмі важна пастаянна кантраляваць ціск.

9. "Пры гіпатаніі ўвесь час цягне на салодкае". Гэта праўда. Людзі з паніжаным ціскам — практычна заўсёды ласуны і соні. Справа ў тым, што пры гіпатаніі ўнутраныя органы, уключаючы галаўны мозг, горш забяспечваюцца крывёю. Абменныя працэсы ў гіпатонікаў замаруджаныя, хворыя часта скардзяцца на паніжаны тонус, вяласць. Патрэба ў салодкім і вялікіх аб'ёмах сну з'яўляецца для іх фізіялагічнай неабходнасцю. Каб адчуваць сябе адпачыўшымі, гіпатонікам трэба спаць па 10—12 гадзін у суткі, а дэсерт з'яўляецца для іх лепшым танізавальным сродкам.

10. "Пры паніжаным ціску спортам займацца нельга". Гіпатонікі стараюцца пазбягаць фізічнай актыўнасці, бо яна патрабуе ад іх вялікай аддачы сілаў. Але спецыялісты настойваюць: людзям з паніжаным ціскам яна, тым не менш, неабходная. Галоўнае — умець правільна размеркаваць нагрузку. Гіпатонікам не рэкамендуецца рабіць рэзкіх рухаў: арганізм павінен плаўна пераходзіць з аднаго стану ў другі, а перад практыкаваннямі неабходна заўсёды размінацца. Тое ж самае, дарэчы, адносіцца і да ранішняга абуджэння: не варта, прачнуўшыся, адразу ўскокваць з ложка, лепш крыху паляжаць і зрабіць некалькіх глыбокіх удыхаў і пацягванняў.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Галава цяжкая, цісне ў скронях, перад вачамі мушкі, незразумелая слабасць, санлівасць з самай раніцы... Знаёмыя сімптомы? Шмат хто скардзіцца на падобныя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика