З усімі пытаннямі — да людзей у сініх камізэльках
07.05.2010
—
Новости Общества
|
— Без агляду на масавыя святочныя мерапрыемствы ніхто не пройдзе, — папрасіў давесці да тых, хто не плануе 9 мая прасядзець дома, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы, правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Аляксандр БАРСУКОЎ. — Хто б гэта ні быў: супрацоўнік праваахоўных органаў, журналіст ці нехта іншы... І да гэтага трэба ставіцца з разуменнем. Кантрольна-прапускныя пункты будуць арганізаваныя ў месцах найбольш значных святочных мерапрыемстваў выключна ў мэтах бяспекі. У выпадку вялікіх чэргаў супрацоўнікі міліцыі агледзяць людзей пры дапамозе ручных металадэтэктараў. Менавіта таму, каб паспець прайсці агляд, прыходзіць на парад, канцэрт альбо салют супрацоўнікі міліцыі рэкамендуюць за паўтары-дзве гадзіны да пачатку мерапрыемстваў. Бо, як паказвае практыка мінулых гадоў, на 9 мая толькі ў раёне стэлы "Мінск — горад-герой" збіраецца каля 400 тысяч мінчан і гасцей горада. Паводле слоў Аляксандра Пятровіча, на святочныя мерапрыемствы не будуць прапускаць з грувасткімі рэчамі — сумкамі, заплечнікамі, чамаданамі, колючымі і рэжучымі прадметамі, з агнястрэльнай зброяй і шкляной тарай (дазваляецца, але не рэкамендуецца, мець пры сабе прахаладжальныя напіткі ў празрыстых пластыкавых бутэльках аб'ёмам не больш за 0,5 л) . — Ваду і прахаладжальныя напіткі можна будзе набыць непасрэдна ў месцах правядзення святочных мерапрыемстваў, — падкрэсліў Аляксандр Барсукоў. — Ветэранам жа будуць раздаваць ваду ў пластыкавай тары бясплатна. Не пройдуць на свята і людзі, якія ледзь трымаюцца на нагах. Улічваючы святочны настрой мінчан і гасцей сталіцы, супрацоўнікі міліцыі пастараюцца пераканаць грамадзян, якія знаходзяцца нападпітку, самім дабрацца дадому. Да ветэранаў жа ў міліцыянераў будуць больш лаяльныя адносіны. — Калі спатрэбіцца, то і дадому правядзём, — пераканаў Аляксандр Барсукоў. — Але масава ўсіх нецвярозых міліцыя развозіць па дамах не будзе. — Вызначаць п'яных будзем візуальна. Калі ўзнікне неабходнасць, будзем адпраўляць іх на медыцынскі агляд. Упершыню на мерапрыемствах такога ўзроўню будзе працаваць інфармацыйная служба. — Па ўсіх пытаннях, якія могуць узнікнуць падчас свята, жыхары і госці сталіцы змогуць звярнуцца да супрацоўнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, якія будуць апранутыя ў спецыяльныя сінія камізэлькі. Да гэтых людзей будзе паступаць уся інфармацыя са штабаў, якія будуць працаваць у рэжыме рэальнага часу. Аналагічныя аператыўныя штабы будуць створаныя ва ўсіх абласных упраўленнях унутраных спраў. Інфармацыйныя службы таксама будуць працаваць не толькі ў Мінску. Аляксандр Барсукоў таксама падкрэсліў, што ўвечары салют і канцэрты будуць ладзіцца не толькі ў раёне стэлы "Мінск — горад-герой". Аналагічныя мерапрыемствы будуць праходзіць яшчэ ў 6 месцах сталіцы. Таму, на яго погляд, не абавязкова ехаць з Кунцаўшчыны ці Уручча ў цэнтр горада. — І яшчэ: у святочныя дні традыцыйна могуць узнікаць праблемы з месцамі для паркоўкі. Таму, па магчымасці, лепш пакідайце свой аўтамабіль дома. Тым больш што з-за затораў дабірацца ў розныя месцы горада будзе хутчэй на метро. А ад метро можна і прайсці пешшу колькі метраў — гэта карысна для здароўя. Узмоцнены кантроль за выкананнем ПДР усімі ўдзельнікамі дарожнага руху будзе весці асабісты састаў спецыяльнага падраздзялення ДПС "Страла". 9 мая падчас ранішніх святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі, будзе задзейнічана каля 4 тысяч супрацоўнікаў ГУУС Мінгарвыканкама. Супрацоўнікі міліцыі будуць несці службу ў параднай форме. Акрамя міліцыі, у святы ва ўзмоцненым рэжыме будуць таксама працаваць медыкі і выратавальнікі. Надзея ДРЫЛА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Без агляду на масавыя святочныя мерапрыемствы ніхто не пройдзе, — папрасіў давесці да тых, хто не плануе 9 мая прасядзець дома, першы намеснік начальніка... |
|