У студзені ў Рэчы Паспалітай ужо цвітуць фіялкі...
07.05.2010
—
Новости Общества
|
Амбасада Польшчы перадала ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі 26 тамоў унікальных допісаў Папскіх нунцыяў XVІ—XVІІІ стагоддзяў з Рэчы Паспалітай у Ватыкан Нунцыі — дыпламаты, пасланнікі Папы, якія мусілі наўпрост штотыдзень падрабязна апісваць ватыканскаму кіраўніцтву сітуацыю ў рэгіёне. Што цікава, пісалася не толькі пра справы ў касцёле і дзяржаве, але і пра звычаі мясцовых жыхароў, традыцыі і святы, побыт і нават надвор'е. Польскія навукоўцы займаюцца расчытваннем дакументаў ужо не першы дзясятак гадоў, беларускім калегам прэзентавана ажно 26 тамоў дакументаў. Для нас яны каштоўныя тым, што часам у поле зроку нунцыяў патраплялі і беларускія землі — калі нунцый з Рэчы Паспалітай выпраўляўся ў вандроўку па Вялікім Княстве Літоўскім. Гэтыя дакументы даюць нам неверагодна цікавыя дэталі з жыцця краіны XVІ—XVІІІ стагоддзяў. Адметна, што такога збору, які падаравалі нам, няма пакуль ні ў адной бібліятэцы на ўсім абшары былога Савецкага Саюза.
— Пані прафесар, як вы мяркуеце, чаму ў гэтых дакументах нунцыі апісвалі не толькі касцёльныя і дзяржаўныя справы, але і штодзённае жыццё тутэйшага люду? — Разумееце, Апостальская сталіца была зацікаўленая вывучэннем гэтага краю, у які высылала свайго нунцыя (амбасадара). Хацела зразумець, на чым грунтавалася шляхецкая дэмакратыя, як гэты край функцыянаваў. Без разумення гэтай дзяржавы няма мэты высылаць свайго дыпламата. Таму ў інструкцыях для нунцыя напісана, што ён мусіць вельмі ўважліва падыходзіць да фактаў, бо тут жылі не толькі католікі, але і праваслаўныя, лютэране, пратэстанты... Трэба было звяртаць увагу на тое, што Рэч Паспалітая карысталася ваеннай сілай казакоў, якія былі праваслаўнымі. Цікава, што гэтае праваслаўе казакоў бачылі папскія нунцыі, але вельмі часта не бачыла польская шляхта... — Вы згадалі, што быў выпадак, калі аднаго нунцыя выслалі і абвясцілі персонай нон-грата. А ўвогуле, нунцыяў не лічылі шпіёнамі? — Агулам да ўсіх так не ставіліся. Перад нунцыем Марыё Філянардзі, якога змусілі пакінуць Рэч Паспалітую, быў нунцый Вісконці, які здабыў вялікую сімпатыю каралеўскага двара, шляхты. Ажно настолькі, што кароль Уладзіслаў ІV прасіў пра кардынальскі капялюш для яго — бо ўлады маглі выказваць сваю пазіцыю. Калі ён выязджаў, развітанне было вельмі цёплым. На жаль, яго наступнік усё сапсаваў, пачаў прасоўваць нейкія свае праекты, не заўжды думаючы пра Рэч Паспалітую. Ён уступіў у канфлікт з мітрапалітам Пётрам Магілам, крытыкаваў выбары... Супраць яго ашчацініліся абсалютна ўсе — і вымусілі яго пакінуць краіну. — Пані Тэрэса, мы ведаем, што нунцыі знаходзіліся ў асноўным на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, аднак часам вандравалі і на землі Вялікага Княства. Ці сустрэлі вы ў дакументах згадкі пра беларускія населеныя пункты? — Так! Гэтыя дакументы — унікальная крыніца для ўсяе Рэчы Паспалітай, усіх земляў, якія пасля Люблінскай уніі апынуліся ў адной дзяржаве. Ужо згадвалася, што нунцыі часам здзяйснялі падарожжы ў Вялікае Княства таксама, і апісвалі гэтыя землі ў сваіх допісах. Цяпер не памятаю дэталяў, але сустракала рэляцыі з сённяшніх беларускіх земляў. Трэба проста гэта знайсці і апрацаваць. — А з іншых цікавых падрабязнасцяў што можаце згадаць цяпер? — Мяне проста ўразілі апісанні прыроды ў гэтых дакументах, ажно да біялагічных дэталяў: расліны, жывёлы, раскопкі касцей даўніх жывёлаў... Напрыклад, адзін нунцый апісаў, як у зямлі тагачасныя археолагі знайшлі маманта!.. Цікавае таксама апісанне Брэсцкай уніі, двух антыўнійных сінодаў... Часам апісанні дакументальныя, часам — у рэляцыях — нунцый дазваляў сабе мастацкія падрабязнасці. Гэта былі сапраўдныя рэпартажы!.. — Гэтыя дакументы накіроўваліся ў Ватыкан. Але, я так разумею, Папа не чытаў усё асабіста?.. — Вядома, не. Папа проста чытаў найважнейшае. А можа і не чытаў — хутчэй за ўсё, яму пераказвалі. Гэтая карэспандэнцыя паступала сакратару, які адказваў нунцыю, а для Папы складаў дайджэст — самае цікавае. Такім чынам, Папа знаёміўся з найважнейшымі навінамі, бо мусіў быць у курсе — таму што асабіста дэлегаваў нунцыя і мог яго адклікаць. — Вы згадалі, што нунцыі пісалі нават пра надвор'е. Моцна адрознівалася яно 300 гадоў таму ад цяперашняга? — Я зразумела адно: цяперашнія размовы пра глабальнае пацяпленне — дарэмная трывога. Я знайшла допіс аднаго нунцыя сярэдзіны XVІІ стагоддзя пра тое, што ў студзені тут пачалі цвісці фіялкі. Альбо нунцый піша: "Прыехаў воз, і людзі на возе былі ўшчэнт змерзлі...". Альбо: "Цяпер людзі яшчэ ездзяць санямі па затоцы Гданьскай...". Вось і мяркуйце, наколькі падрабязныя, насычаныя дэталямі былі гэтыя допісы!.. Улічваючы, што апрацаваныя намі дакументы ахопліваюць некалькі стагоддзяў, можна зрабіць цэлы дослед!.. Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара. P.S. Гутарка перакладзеная з польскай мовы. Гутарка перакладзеная з польскай мовы.Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амбасада Польшчы перадала ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі 26 тамоў унікальных допісаў Папскіх нунцыяў XVІ—XVІІІ стагоддзяў з Рэчы Паспалітай у Ватыкан Нунцыі —... |
|