Вышыўка для душы. 21.by

Вышыўка для душы

07.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ёсць дастаткова шмат прыкладаў, калі жанчыны, якія выходзяць на пенсію, толькі тым і займаюцца, што нудзяцца ды сядзяць на лавачках і перамываюць мінакам костачкі. А мужчыны, якія атрымліваюць групу інваліднасці, страчваюць прагу да жыцця і, што самае страшнае, топяць сваё гора на дне бутэлькі... Але, дзякуй Богу, ёсць і іншыя, тыя, хто перакананы: з выхадам на пенсію (на групу) жыццё не заканчваецца! Да такіх вось жыццялюбаў з Барысава карэспандэнт "Звязды" і завітала ў госці.

"Ну, Няжданава, моцна ты падсела на гэту іголку"

— "Сара Мун", "Бетховен", "Хлопчык з лютняй", "Пацалунак Густава Клімта", "егіпецкія і пецярбургскія замалёўкі", "Мэрылін Манро", "Марлен Дзітрых", "Прынцэса Дзіяна", "Дзяўчына з жамчужнай завушніцай", яшчэ адна "Мэрылін Манро"... — расстаўляе па ўсім пакоі свае вышытыя крыжыкам карціны Таццяна Няжданава.

— Таццяна Пятроўна, сярод вашых карцін добрая палова — знакамітыя жаночыя вобразы. Чым гэта абумоўлена? — спрабую завязаць размову.

— Манро, Дзітрых — згадзіцеся, прыгожыя дзяўчаткі. Чаму б іх не вышыць?! Люблю ўсё прыгожае, у тым ліку жывапіс. Калі еду за мяжу, абавязкова наведваю мастацкія музеі. Напрыклад, у Іспаніі завітала ў музей Сальвадора Далі. Як толькі вярнулася дадому, адразу ж села вышываць яго "Галатэю сфер"... Хочацца мне рабіць нешта прыгожае сваімі рукамі. На жаль, маляваць фарбамі не ўмею, таму раблю гэта пры дапамозе іголкі з ніткай. Знаёмыя жартам кажуць: "Ну, Няжданава, моцна ты падсела на гэту іголку" (смяецца).

— І хто ж вас падсадзіў на яе?

— Не паверыце, муж. Дзевяць гадоў таму прынёс стос часопісаў з бібліятэкі, у адным з іх я і натыкнулася на схему вышыўкі невялікага букеціка. Быў у мяне на той момант вольны час, вось і вырашыла паспрабаваць. І так захапілася, што дагэтуль не магу спыніцца.

— А праўда, што менавіта па вашай ініцыятыве ў Барысаве з'явілася свая аматарская студыя вышыўкі "Чароўны крыжык"?

— Усё пачалося з выставы прац, выкананых сваімі рукамі, якую я арганізавала на заводзе медыцынскіх прэпаратаў, дзе працавала да пенсіі. Работнікі завода падтрымалі маю ініцыятыву: прыносілі з дому не толькі вышыўку, але і макрамэ, вырабы з бісеру, мастацкія фотаздымкі, малюнкі сваіх дзяцей... Столькі станоўчых водгукаў тады было! Пасля мне прапанавалі выставіць свае працы на Днях беларускага пісьменства, якія праходзілі ў Барысаве. Тады да мяне падышла заснавальніца мінскага клуба "Вышывальшчыца" і прапанавала: "Таццяна, чаму б табе ў горадзе не стварыць студыю вышыўкі?". А сапраўды, чаму б і не? Я на пенсіі, часу хапае, — пранеслася думка ў маёй галаве. Сказана — зроблена. Назаўтра я пайшла ў Барысаўскі Дом культуры. На шчасце, там маю ініцыятыву падтрымалі і адразу ж выдзелілі памяшканне, дзе мы, аматары вышыўкі, збіраемся штомесяц, каб абмяняцца схемамі, вопытам, інфармацыяй.

— І хто яны — барысаўскія вышывальшчыкі?

— У асноўным гэта жанчыны пенсійнага ўзросту, але ў нашых шэрагах ёсць і хатнія гаспадыні, і жанчыны, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, і, не здзіўляйцеся, нават мужчыны. Усяго нас, тых, хто пастаянна выстаўляецца, каля 30 чалавек.

— А як родныя ставяцца да вашага захаплення, якое, перакананая, аднімае нямала часу?

— Раней муж усё гэта ўспрымаў у штыкі. Маўляў, адна вышыўка ў галаве, замест таго, каб падоме нешта зрабіць. Зараз жа, калі пачуў шмат станоўчых водгукаў, памяняў сваё стаўленне.

Цяпер сам мне дапамагае шукаць цікавыя схемы ў інтэрнэце, працягвае прыносіць з бібліятэкі тэматычныя часопісы. Дзеці ж, у сваю чаргу, знайшлі камп'ютарную праграму распрацоўкі схемаў па фотаздымках. Напярэдадні выстаў, а выстаўляемся мы пакуль што ў гарадской бібліятэцы, уся сям'я дапамагае мне вывешваць карціны.

— Ці лёгка расставацца з працамі?

— Не. Таму і не расстаюся. Усе мае працы дома. Самі падумайце, асобныя з іх вышываюцца па 6-8 месяцаў. Гэта ж тое ж самае, што дзіця вынасіць. Таму для падарункаў знаходжу нешта іншае.

— Што пажадаеце нашым чытачам?

— У першую чаргу, хачу звярнуцца да жанчын, якім за пяцьдзясят. Даражэнькія, з выхадам на пенсію жыццё толькі пачынаецца. Самі падумайце: у вас з'яўляецца шмат вольнага часу, які можна прысвяціць свайму захапленню. Наша ж арганізацыя легальная (усміхаецца), дзверы адчыненыя для ўсіх.

"20 гадоў працую, але ніколі не бачыла, каб мужчына ехаў і вышываў крыжыкам"

Так сталася, што ў 33 гады Алег Афонін атрымаў групу інваліднасці і вымушаны быў звольніцца з барысаўскага завода "Аўтагідраўзмацняльнік", дзе працаваў наладчыкам абсталявання.

— Я сам па сабе чалавек актыўны, не люблю сядзець без працы, — кажа Алег Мікалаевіч. — Вось і пачаў шукаць, чым бы запоўніць пустэчу. Спачатку хацеў заняцца пляценнем з лазы, але ў двухпакаёвай кватэры асабліва не развернешся. Вось я і выбраў варыянт, каб і для сям'і было зручна, і душы прыемна. Браў у бібліятэцы падручнікі і па іх вучыўся вязаць. У нас з Валянцінай на той час ужо было два сыны, аднаму пяць, а другому тры гадкі. Вось і вязаў ім кофтачкі, шалікі, касцюмчыкі, пальчаткі... А аднойчы ўбачыў у знаёмых вышытыя крыжыкам карціны і таксама вырашыў паспрабаваць. Пачаў адразу з кветачак ды матылькоў, а пасля падвярнуліся больш цікавыя схемкі. Вось ужо практычна 8 гадоў вышываю. Людзям мае працы падабаюцца, а гэта, паверце, вялікі стымул для працы.

— Бачу, у вас так шмат грамат і дыпломаў. А дзе вы выстаўляеце свае працы?

— Запрашаюць мяне на фестывалі нацыянальных культур у Гродне, двойчы прадстаўляў Мінскую вобласць на Славянскім базары ў Віцебску, выстаўляўся ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску... Мне вельмі падабаецца сустракацца з цікавымі людзьмі.

— А ў вас ёсць любімыя працы?

— Кожная любімая па-свойму, бо ў кожную ўкладваеш часцінку сябе. А вось самыя складаныя па выкананні карціны — "Баль", "Тайная вячэра". "Баль", напрыклад, вышываў больш за 4 месяцы, там больш за 80 тысяч крыжыкаў. Вышываў штовечар. Бывала, жонка прачнецца ў тры гадзіны ночы, а я на кухні за любімым заняткам. Пакрычыць на мяне і прагоніць спаць. Але нягледзячы ні на што, Валянціна маё захапленне вітае.

Гэта праўда? — цікаўлюся ў спадарыні Афонінай.

— Праўда (усміхаецца). Ведаеце, нам жа ніколі не трэба ламаць галаву, што падарыць сябрам і знаёмым на дзень нараджэння. Здымаеш са сцяны карціну і дорыш. Дзясяткі два ўжо раздарылі.

— Адну сваю працу я падарыў старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніду Козіку, — дадае Алег. — Ён жа ў сваю чаргу праз нейкі час прыслаў мне ў адказ вышываную карціну, якую ён прывёз з Кітая.

— Алег ў мяне рознабаковы чалавек, — расказвае пра мужа Валянціна. — У яго цэлы тузін захапленняў. Вялікім попытам карыстаюцца яго карціны з саломкі на біблейскую тэму. Шмат прадалі знаёмым і родным з Масквы. Шмат раздарылі. Выдатна аздабляе рознакаляровай паперай вазоны для кветак. Вось бачыце, якія арыгінальныя (паказвае), такіх ні ў кога не ўбачыце. Рыбалкай займаецца, у грыбы, хоць і не есць іх сам, любіць хадзіць, у ягады.

— Алег, а ці ёсць праблемы ў Барысаве з матэрыяламі для вышыўкі?

— Гэта раней праблемы былі. Цяпер усё даступна. Ёсць спецыялізаваныя крамы, аддзелы, якія прадаюць канву, ніткі і іншыя матэрыялы.

— Адзінае, што рамкі ў Барысаве ў два-тры разы даражэйшыя, чым у Мінску, — дадае Валянціна. — Менавіта таму Алег па іх у апошні час пачаў ездзіць у Мінск. Там на рынку за адзін раз пакідае па 100, а то і больш тысяч. Я, бывае, як жанчына, раззлуюся і выпалю: "Каб мне ніякіх грошай больш з сямейнага бюджэту на вышыўку не браў" (смяецца). Дык што ж вы думаеце, кінуў вышываць? Не, знайшоў спонсара: яму маці на захапленне з пенсіі выдзяляе па 70 тысяч штомесяц. Яна сама швачка, і нават у свае 79 гадоў працягвае шыць. А ў 60 гадоў у яе адкрыўся талент — пачала пісаць вершы на біблейскую тэму. Вершы доўгія, складныя і глыбокія. А ў яе ж адукацыя 3 класы...

На развітанне я пацікавілася ў Алега, ці не саромеецца ён расказваць іншым пра сваё захапленне?

— Не саромеюся, хутчэй, наадварот (усміхаецца). Аднойчы давялося ехаць на электрычцы ўсю ноч. Я дастаў канву і пачаў вышываць. Раптам чую гучны голас кантралёра: "Света, ідзі паглядзі, 20 гадоў працую, але ніколі не бачыла, каб мужчына ехаў і вышываў крыжыкам...

"Вой, дзе мне з імі, з дамамі, справіцца"

У той дзень мне пашчасціла пазнаёміцца яшчэ з адным барысаўчанінам, які без вышыўкі ўжо не ўяўляе свайго жыцця. Віктара Пашкевіча "на іголку падсадзіў" унук Саша, які цяпер вучыцца ў чацвёртым класе.

— Ад Сашы, якога вышываць крыжыкам навучылі на ўроках працы, спачатку "заразілася" дачка, яна цяпер у дэкрэтным водпуску, пасля — жонка, — расказвае гаспадар дома. — Я спачатку для сваёй Яфім'і Іванаўны, якая адразу ж пасля працы забывалася на ўсё і бралася за вышыўку, змайстраваў спецыяльнае крэсла з падстаўкай для схемы. А пасля думаю: дай і я паспрабую (тэлевізар надакучыў, кнігі ўсе, якія былі дома, перачытаў). Паспрабаваў на сваю галаву (усміхаецца). А калі сур'ёзна, то вельмі рады, што знайшоўся гэты занятак.

?

— Чаму? Калі сядзіш без працы, думкі дрэнныя ў галаву лезуць. Я ж ваенны ў мінулым, 30 гадоў прысвяціў арміі... А зараз — зірніце на паліцу (завалена рознымі таблеткамі)... Не ад добрага жыцця вышываць пачаў. Проста сілаў ні на што іншае не засталося... Але апускаць рукі я не збіраюся!

— Яфім'я Іванаўна аддае перавагу кветкам ды персанажам з мультфільмаў. А вы, бачу, у асноўным вышываеце пейзажы і абразы...

— Што ты бачыш вакол? (падводзіць мяне да акна). Шэрая брудная агароджа, шыфер, жалеза ржавае — куды ні кінь вокам, вакол шэрасць. Мне ж хочацца чагосьці яркага. Вось і вышываю прыроду. А абразы... Проста падабаюцца і ўсё. Ведаеш, я яшчэ ў школе па добраму зайздросціў аднакласніку Колю. Мы з ім за адной партай сядзелі. Ён хадзіў у мастацкую школу, і яго карціны можна было бачыць на вітрынах мастацкай крамы. Зараз жа я таксама малюю, хоць і па схеме, і маімі карцінамі таксама любуюцца людзі на выставах, якія арганізоўвае спадарыня Няжданава. Ведаеце, калі я любую мужчынскую працу да пары да часу элементарна мог рабіць, то стварыць прыгожую карціну — гэта было для мяне нечым недасягальным.

— А хто хутчэй вышывае?

— Вой, дзе мне з дамамі справіцца (усміхаецца).

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць дастаткова шмат прыкладаў, калі жанчыны, якія выходзяць на пенсію, толькі тым і займаюцца, што нудзяцца ды сядзяць на лавачках і перамываюць мінакам костачкі....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика