За патрабаваньне альтэрнатыўнай службы — крымінальны перасьлед
12.05.2010
—
Новости Общества
|
Сёньня ў Цэнтральным судзе Гомелю адноўлены разгляд дзьвюх крымінальных спраў супраць верніка абшчыны «Сьведкі Еговы» Дзьмітра Смыка й актывіста стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгена Якавенкі. Абодва яны абвінавачваюцца ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Суды адначасова пачаліся ў дзьвюх розных залях. Гэта ўжо паўторны разгляд спраў супраць маладых людзей, якія прасілі альтэрнатыўнай службы. Дзьмітры Смык — з рэлігійных перакананьняў, Яўген Якавенка — з прычыны адмовы ваенкамату камунікаваць зь ім на роднай беларускай мове й немагчымасьці служыць у беларускамоўным вайсковым падразьдзяленьні.Гаворыць спадар Якавенка: «Мяне абвінавачваюць у тым, што я перашкодзіў мэдкамісіі вынесьці рашэньне наконт маёй прыдатнасьці да службы. Я не зьявіўся ў ваенкамат паводле позвы 20 студзеня. Позва мне фактычна выдадзена не была, і я не разумею, чаму супраць мяне завялі ажно крымінальную справу». Нагадаю, што папярэдняя адміністрацыйная справа супраць Якавенкі рассыпалася. Савецкі раённы суд штрафаваў актывіста БХД за нібыта няяўку ў ваенкамат паводле позвы 29 сьнежня. Але абласны суд адмяніў пакараньне, бо насамрэч Яўген позву не атрымаў — ваенкамат ня здолеў чамусьці выпісаць прызыўніку позву на беларускай мове. Пакуль актывіст адбіваўся ад адміністрацыйнай справы, ваенкамат ініцыяваў супраць яго крымінальную. Абвінавачваньне падтрымала пракуратура Цэнтральнага раёну. Гэтым разам — за няяўку на так званыя «мерапрыемствы прызыву» 20 студзеня, хаця, зноў жа, ваенкамат ня выпісаў Якавенку позву на беларускай мове. Гэта, па сутнасьці, пацьвердзіў на судзе й начальнік аддзелу прызыву, падпалкоўнік Алег Бурсевіч. Пры гэтым службоўцы ўсяляк падкрэсьліваюць, што, маўляў, Якавенка разумеў, калі яму трэба было прыйсьці ў ваенкамат, бо вышэйшую адукацыю ён атрымліваў ва ўнівэрсытэце транспарту, дзе навучаньне вядзецца на расейскай мове. У Дзьмітра Смыка сытуацыя таксама нагадвае тэатар абсурду. Ён як малады бацька набожнай сям’і не адмаўляецца выканаць свой абавязак перад дзяржавай, але хоча гэта зрабіць на альтэрнатыўнай аснове — такое права яму гарантуе Канстытуцыя. Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу, і суд Цэнтральнага раёну аштрафаваў верніка на 3,5 мільёна рублёў. Паводле пратэсту Вярхоўнага суду прэзыдыюм Гомельскага абласнога суду вырак адмяніў і накіраваў справу на новы разгляд іншаму судзьдзі. Гэтым разам — Алене Цалковай. Сьведка з боку адказчыка Сяргей Печкуроў пацьвердзіў сёньня на судзе, што Дзьмітры Смык шчыра трымаецца абавязаньняў, узятых на сябе перад Тварцом. Стаўленьне вернікаў да службы ў войску сьведка выказаў словамі са Сьвятога Пісаньня: хто ўзьняў меч, той ад мяча й загіне. Падпалкоўнік Алег Бурсевіч выступіў сьведкам і на судзе супраць Смыка. Са слоў Бурсевіча, ваенкамат ведае пра рэлігійныя перакананьні прызыўніка яшчэ з 2007 году. Тады верніка не накіроўвалі ў войска, зыходзячы з маральна-псіхалягічных меркаваньняў — такое было ўказаньне генэральнага штабу Міністэрства абароны. Летась ваеннае ведамства, ня маючы закону пра альтэрнатыўную службу, вырашыла накіроўваць нават і вернікаў у транспартныя войскі. Выглядае, што гэта й спарадзіла канфлікт і крымінальны перасьлед прызыўніка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
|
|