Беларусы павязуць на конкурс Матылькоў — музычных, мяккіх і... араматычных
14.05.2010
—
Новости Общества
|
"Еўрабачанне-2010" Ужо ў суботу гурт "3+2" апынецца ў Осла Насамрэч радзіму маладыя выканаўцы пакінулі яшчэ раней — выступіўшы 9 мая на зборным канцэрце ў Балгарыі, усяго на дзень вярнуліся ў Мінск, а ўжо 11 мая раніцай паляцелі ў Швецыю, дзе штодня ў іх адбываюцца рэпетыцыі з кампазітарам і піяністам Робертам Уэлсам. "Нягледзячы на тое, што вылет быў вельмі ранні, знайшліся адданыя прыхільнікі, якія прыехалі ў аэрапорт з беларускімі сцягамі, плакатамі, з адмысловымі крычалкамі, каб праводзіць гурт, — расказала прэс-сакратар АНТ Таццяна Курбат. — Артыстам, безумоўна, было вельмі прыемна. Але галоўны сюрпрыз чакаў іх ужо на праходжанні праз тэрмінал — фанаты ўпрасілі дыспетчараў, каб тыя па гучнай сувязі пажадалі "3+2" удачы і паспяховага выступлення". Увечары 11 мая ўдзельнікі гурта Егіязар Фарашан, Арцём Міхаленка, Юлія Шышко, Алена і Нінель Карповічы апынуліся ў Стакгольме, і практычна адразу, ледзьве паспеўшы пераапрануцца, цягам некалькіх гадзін старанна рэпеціравалі сваю конкурсную песню "Butterflіes". "Мы ўсе былі сонныя і вельмі стомленыя — напярэдадні суткі амаль не спалі, — але галасы гучалі выдатна", — падзяліўся ўражаннямі Егіязар Фарашан. Для шліфоўкі песні і нумара ў артыстаў засталося ўсяго нічога часу — ужо ў суботу гурт у пашыраным складзе вылятае ў сталіцу Нарвегіі, дзе пачнецца так званы Еўратыдзень. З Мінска ў гэты ж дзень у Осла адправіцца асноўная частка беларускай дэлегацыі, якая павязе на конкурс прома-прадукцыю беларускіх канкурсантаў — фірменныя алкагольныя вырабы, ласункі, буклеты, дыскі, майкі і кепкі з лагатыпамі і фотаздымкамі "3+2", а таксама спецыяльна распрацаваны набор араматычных маслаў "Butterflіes" і мяккія цацкі ў выглядзе матылькоў. Апошнія будуць з сюрпрызам: калі такога матылька сціснуць у пэўным месцы, ён заспявае аднайменную песню! У панядзелак, 17 мая, беларускія канкурсанты правядуць першую рэпетыцыю на сцэне найбуйнейшага ў Паўночнай Еўропе закрытага стадыёна Telenor Arena і дадуць першую ў сваёй біяграфіі міжнародную прэс-канферэнцыю. Дарэчы, 17 мая ў Нарвегіі — нацыянальнае свята і афіцыйны выхадны дзень, але на канкурсантаў гэта правіла не распаўсюджваецца, хоць і для іх арганізатары падрыхтавалі пэўную культурна-экскурсійную праграму. У прыватнасці, усе яны змогуць трапіць у якасці гасцей на святочны канцэрт з удзелам папулярных нарвежскіх выканаўцаў. Афіцыйнае адкрыццё конкурсу адбудзецца ў нядзелю 23 мая, а ўжо 25-га гурту "3+2" трэба будзе вытрымаць баявое хрышчэнне першым паўфіналам "Еўрабачання-2010". Нагадаем, у ім таксама выступяць прадстаўнікі яшчэ 16 краін — Албаніі, Бельгіі, Босніі і Герцагавіны, Грэцыі, Ісландыі, Латвіі, Македоніі, Мальты, Малдовы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Партугаліі, Польшчы, Фінляндыі і Эстоніі. Паводле жараб'ёўкі, транслююць першы паўфінал і галасуюць у ім, акрамя непасрэдных краін-удзельніц, тры краіны "вялікай чацвёркі" арганізатараў — Германія, Францыя і Іспанія.Толькі 10 удзельнікаў, якія набяруць найбольшую колькасць балаў па суме галасавання гледачоў і журы, трапяць у фінал конкурсу. Будзем спадзявацца, што і мы ў іх ліку — даўнавата ж не даводзілася перажываць там за "сваіх"... Вікторыя ЦЕЛЯШУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо ў суботу гурт "3+2" апынецца ў Осла Насамрэч радзіму маладыя выканаўцы пакінулі яшчэ раней — выступіўшы 9 мая на зборным канцэрце ў Балгарыі, усяго на дзень... |
|