Аб чым расказалі карэспандэнту “БН”суайчыннікі, якія сёння жывуць за межамі Беларусі
Беларусы Латвіі ўвосень адзначаць 20-годдзе станаўлення свайго нацыянальнага руху. На сёння там створана самая буйная і моцная ва ўсёй Прыбалтыцы беларуская дыяспара.
А пачыналася ўсё ў вельмі няпросты час, успамінае кіраўнік Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. -- Рушыўся Савецкі Саюз. Многія людзі апынуліся далёка ад Радзімы і разгубіліся. У гэты час станоўчы ўплыў аказала… менавіта беларуская песня. У Рызе быў створаны гурт, які потым ператварыўся ў ансамбль беларускай песні “Надзея”. Сёлета, дарэчы, на конкурсе творчых калектываў Рыжскай Думы ён заняў першае месца. Трошкі пазней на базе гэтага ансамбля ўзнікла беларускае таварыства “Прамень”, якое ў верасні таксама адзначыць сваё 20-годдзе. Літаральна з гэтага і пачалося станаўленне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў па ўсёй Латвіі. Затым, у 1993 годзе, у Даўгаўпілсе з удзелам прадстаўнікоў таварыства “Прамень” на свет з'явілася культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”. А ў 1999 годзе ансамбль “Надзея” пабываў у Вентспілсе і Ліепаі. У выніку там узніклі таварыствы “Спадчына” і “Мара”. У 2003 годзе на базе гэтых чаторых арганізацый утвораны Саюз беларусаў у Латвіі. І з гэтага часу ўсё яшчэ больш актывізавалася. 16 год таму ў Рызе пачала выходзіць газета “Прамень” -- яна і дапамагала аб'ядноўваць нашых суайчыннікаў. Зараз ў Латвіі налічваецца 12 беларускіх нацыянальных аб'яднанняў. Дыяспара замацавалася, заявіла аб сабе, лічыць Валянціна Піскунова. -- Мы сябруем з беларусамі з іншых прыбалтыйскіх краін. І робім ўсё для таго, каб дастойна прадстаўляць нашу беларускую нацыю, у тым ліку праз яе багатую культуру, традыцыі, мову. Імкнёмся падтрымліваць добры імідж нашай этнічнай Радзімы. Бо беларусы замежжа -- частка беларускага народа. І Рэспубліка Беларусь можа абапірацца на нас як у сваёй знешняй палітыцы, так і ў эканоміцы. Не выпадкова свае буйныя мерапрыемствы беларусы Латвіі ладзяць з удзелам не толькі сваіх сяброў з іншых прыбалтыйскіх краін, латышскіх творчых калектываў і прадстаўнікоў латвійскіх улад. Жаданыя госці тут -- творцы з Беларусі і прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дыпмісіі нашай рэспублікі. І, што вельмі важна, пастаянны ўдзельнік разнастайных фестываляў і конкурсаў -- моладзь. Дарэчы, беларусы Латвіі атрымалі магчымасць накіроўваць сваіх дзяцей -- зразумела, з ліку лепшых вучняў -- у Беларусь для навучання ў ВНУ. У нашай краіне, лічыць Валянціна Аляксандраўна, удалося захаваць высокі ўзровень адукацыі. І гэта таксама заслуга беларускага ўрада. Калі беларусы Латвіі здолелі аб'яднацца, то нашы суайчыннікі ў Польшчы, якія жывуць у асноўным на Беласточчыне, застаюцца пакуль што разрозненнымі. Арганізацый існуе шмат, і адзінае, што па-сапраўднаму аб'ядноўвае польскіх беларусаў, на думку рэдактара часопіса “Праваслаўны агляд” Міхала Болтрыка, -- гэта рэлігія і іх канфесій прыналежнасць. -- Пакрысе расплываемся ў польскім асяроддзі, не ўся моладзь, не ўсе дзеці цяпер ведаюць беларускую мову. Галоўная праблема тут, бадай, у нас саміх -- не пасылаем дзяцей у школу, каб родную мову вывучаць… -- мяркуе мой суразмоўца. Гэта сустрэча з нашымі суайчыннікамі адбылася ў час традыцыйнага майскага візіту прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў нашу краіну, з якіх менавіта латвійская і польская дэлегацыі аказаліся на гэты раз самымі прадстаўнічымі. Візіт беларусаў замежжа і ўдзел іх СМІ ў традыцыйным медыафоруме ў Мінску адбыліся дзякуючы Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцей рэспублікі Леаніду Гуляку, Міністэрству інфармацыі нашай краіны, а таксама Беларускаму таварыству па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма”. Гэта сустрэча замежных беларусаў на роднай для іх зямлі, зразумела ж, не будзе апошняй. У час размовы з Леанідам Гулякам прадстаўнікі беларускай дыяспары выказалі зацікаўленасць у стварэнні на Беларусі Савета суайчыннікаў за мяжой, які б аб'яднаў лідэраў беларускай дыяспары і яшчэ больш зблізіў іх з этнічнай радзімай. Наталля Шчасная, “БН”