За белымі чаплямі. 21.by

За белымі чаплямі

14.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Белая чапля ў палёце.

Гэту парачку вялікіх белых чапляў я заўважыў у канцы першай дэкады жніўня. На закінутых ставах засталося некалькі лужын вады, на якія яны прыляцелі падсілкавацца і затрымаліся ў гэтым глухім месцы надоўга.

Каб сфатаграфаваць гэту прыгажуню так блізка,  давялося “паляваць” за ёй не адзін дзень.

Лёгка адштурхнуўшыся ад зямлі, чапля паднялася над балотам.

Схаваўшы галовы, качкі спалі. Спакой іх сцерагла чапля.

Чаплі вельмі асцярожныя птушкі. Чалавека да сябе яны не падпускаюць.

Захацелася сфатаграфаваць птушак, чысціня і белізна пер’я якіх заўсёды ўражвалі. Адразу сутыкнуўся з іх асцярожнасцю. Як толькі машына спынялася на дамбе ў метрах 120-150, яны адразу ж падымаліся.

У адзін з дзён прыехаў з самай раніцы, паставіў у якасці будана парасон у кустах ля самага плёса, стаў чакаць. Праседзеў да абеду, а птушкі так і не з’явіліся.

Птушкі прыгожыя і асцярожныя

На наступны раз я прыехаў у абед, замаскіраваў будан на мысе, што выступаў да вады, зялёнымі галінкамі, а па баках асакой. Праляжаў да вечара, птушак не дачакаўся. Чаплі карміліся на самым вялікім плёсе і ад мяне былі ў метрах 150. Праўда, днём яны спрабавалі падляцець бліжэй, але, заўважыўшы маю схованку, зрабілі некалькі разваротаў і… паляцелі. Так з’явіліся першыя здымкі гэтых птушак у паветры.

Я зразумеў, што па­трэбны будан з падручнага матэрыялу. І змайстраваў яго з галі­нак ля плёса, дзе плавала белае пер’е. Наступнай раніцай на світанні заняў пазіцыю. Яна зноў была няўдалая: птушкі баяліся збудавання, якое ўзялося невядома адкуль.

Улічыўшы ўсе памыл­кі, будую новае ўкрыц­це, робячы яго памеры мінімальнымі. Назаўтра ў восем гадзін раніцы прыляцелі дзве шэрыя і адна белая чаплі. Пакуль сядзелі, белую сфатаграфаваў тройчы. І яшчэ пяць разоў пасля таго, як паднялася ў паветра. Хутчэй за ўсё, зноў сказалася прыродная асцярожнасць птушак, хаця здымаў метраў з 30-40.

Шэрых чапляў зняў лепш. Яны быццам бы спецыяльна пазіравалі мне на ранішнім сонцы. Нават качка выплыла на чыстую ваду карміцца, бачачы, як дзве чаплі, якім усё бачна куды далей, ходзяць побач. Хвілін праз 15 шэрыя чаплі пайшлі, а качка залезла на купіну асакі, што выступала з вады, і доўга прыводзіла ў парадак сваё пер’е.

Бліжэй да абеду прыляцелі яшчэ дзве белыя чаплі, але я іх, відаць, крышку спужаў. Яны селі злева ад мяне ў кутку, а аб’ектыў камеры быў накіраваны ўправа, дзе гадзінай раней здымаў шэрых чапляў. Я пачаў пакрысе яго паварочваць. Але гэтага птушкам аказалася дастаткова, і яны ўзляцелі, пасля чаго, зрабіўшы некалькі разведвальных кругоў, селі ў 150 метрах на мелкаводдзі ля дарогі. Крыху пазней іх спужалі рыбакі, што праходзілі міма, але да мяне на плёс яны ўжо не вярнуліся.

Хітрыкі фотапаляўнічага

Каб хоць неяк прымусіць птушак сесці бліжэй да схованкі, прыйшлося правесці спецыяльныя дзеянні. На адным з плёсаў, дзе яны таксама любілі падсілкавацца, я паставіў пудзіла са старой курткі, і на працягу некалькіх дзён птушкі там не садзіліся. Цяпер яны маглі карміцца толькі на вялікім разліве ля майго ўкрыцця, зробленага паміж двума дрэвамі, што раслі побач.

Укрыцце ўяўляла сабой шчыльна зробленую са свежых галінак сценку з адтулінай для аб’ектыву і дазваляла сядзець за такой шырмай незаўважаным. Цяпер любы мой рух не быў бачны з вады, і калі я пакідаў месца сваёй “засады”, то замест аб’ектыву ўстаўляў у шчыліну дном уперад бутэльку. Яе бляск імітаваў аб’ектыў, і птушкі да яго прывыкалі.

У дальнім кутку сажалкі, на мелкаводдзі, я пастаянна падымаў бекасаў. Вырашыў неяк туды схадзіць. Раптам за метраў сто ўбачыў белую чаплю ў чароце. Апусціўся ў траву на калені, пачаў за ёй назіраць. Птушка палявала, перыядычна гле­дзячы сабе пад ногі, а я ў гэтыя моманты стараўся зрабіць некалькі крокаў, назіраючы за ёй скрозь аб’ектыў. Паступова адлегласць паміж намі скарацілася да 50 метраў. Далей ісці я ўжо не змог, было вельмі глыбока. Па праўдзе кажучы, рукі вельмі стаміліся трымаць цяжкі фотаапарат, ды і камары са сляпнямі кусалі няшчадна, ведаючы, што іх прагнаць я не магу.

Чапля прыняла мяне хутчэй за ўсё за нейкі нерухомы прадмет, тым больш, што глядзець ёй даводзілася супраць сонца. Калі б не глыбокая вада, у гэты дзень у мяне б атрымалася падысці бліжэй, але і на такой адлегласці здымкі атрымаліся нядрэнныя.

Нарэшце чапля зразумела, што гэта чалавек, і, характэрна крыкнуўшы некалькі разоў, грацыёзна паляцела. Затым зрабіла некалькі кругоў, паступова скла­дваючы для зручнасці ў палёце доўгую шыю, і накіравалася ў іншае месца.

Ставы ля Беражка

Вязенне чакала мяне зусім у іншым месцы. Вырашыў праверыць ставы ля вёскі Беражок. Падняў на іх чараду качак, пяць шэрых чапляў, паглядзеў на вывадак лебедзяў. Праўда, з пяці, што вывеліся, два прапалі, а ў гняздзе знайшоў баўтуна. Вырашыў схадзіць у дальні канец, дзе на маленькай рэчачцы застаўся стаяць пабудаваны з вясны будан для фотапалявання. Падыходзячы бліжэй, у бінокль праз густую асаку ўбачыў вялікую белую чаплю. Яна стаяла на старой бабровай плаціне і прыводзіла сваё пер’е ў парадак. Ад берага да яе было метраў 25, але і на гэтай адлегласці здымкі маглі атрымацца добрыя. Зняў абутак, каб адчуваць пад нагамі кожны сучок і не дай бог не напужаць птушак, павольна стаў падыходзіць.

Іголкі хвоі балюча калолі ногі. Наблізіўся. Зразумеў, што трэба стаць на калені і, перш чым пачаць рухацца, расчысціць да зямлі ўсю падсцілку, а таксама фарсіраваць пякучую крапіву, што густа расла па берагах вадаёма. Прайшло хвілін 15, пакуль я дапоўз да зыходнай пазіцыі. Вельмі павольна прыпадняўся, пакуль чапля чысціла пер’е і яе погляд быў накіраваны ў мой бок, праз оптыку ўбачыў, што ля ног чаплі размясціліся шэсць качак і мірна спяць пад аховай вартавой “вышкі”.

Вось гэта сімбіёз, вось гэта ўзаемавыручка! Здымаю раз, яшчэ раз. Ну і кадры! Сам амаль не дыхаю, баюся спужаць. Тут адной качцы стала горача, і яна накіравалася да вады, папіла, паглядзела на незразумелы аб’ект і спакойна вярнулася на месца, каб прадоўжыць адпачынак. Ці ж можа быць побач якая-небудзь небяспека, калі вартаўнік маўчыць.

Я прадаўжаю здымаць. Чапля выцягвае па чарзе то адно крыло, то другое. То адну нагу, то другую. Ці раптам ногцем доўгай нагі пачынае часаць аснову дзюбы. Затым перабірае пер’е на шыі. Кожныя паўмінуты вельмі ўважліва аглядаецца. Я з цяжкасцю верыў у такую ўдачу і прадаўжаў здымаць. Цяжкая фотакамера цягнула рукі да зямлі, як-ніяк прайшло больш за дзесяць хвілін здымкаў. Ставіў розныя параметры экспазіцыі, мяняў адчувальнасць для дасягнення максімальнай якасці і ў рэшце рэшт рукі крышку апусціліся для адпачынку і адкрылі мой твар. Чапля ў трывозе выцягнула шыю, насцярожылася і, крышку адштурхнуўшыся, лёгка ўзляцела, падаўшы крык трывогі сваім падапечным. Два гусакі ўзляцелі адразу, а вось астатнія качкі затрымаліся, пачалі аглядвацца і толькі секунд праз 10 падняліся і з краканнем паляцелі. На памяць засталіся выдатныя кадры.

Віктар КАЗЛОЎСКІ,

Фота і тэкст аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэту парачку вялікіх белых чапляў я заўважыў у канцы першай дэкады жніўня. На закінутых ставах засталося некалькі лужын вады, на якія яны прыляцелі падсілкавацца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика