Быць беларусам: Аляксандр Лукашанец
18.05.2010 13:15
—
Новости Общества
|
На працягу траўня штодня на партале TUT.BY вядомыя асобы распавядаюць пра тое, што значыць для іх быць беларусам. Гэта Сёння прапануем вашай увазе анкету Аляксандра Лукашанца, дырэктара Інстытута мовы i лiтаратуры iмя Я. Коласа i Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесара, доктара філалагічных навук. – Быць беларусам – што гэта значыць? Якое значэнне Вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска? – Быць беларусам – гэта проста адчуваць сябе ім. Быць прадстаўніком беларускага народа (нацыі), беражліва ставіцца да беларускай культуры, мовы, гісторыі. Ведаць іх. Беларус – чалавек, які аб’ектыўна належыць да беларускай нацыі. Ён неабавязкова павінен быць грамадзянінам РБ, але павінен адчуваць гістарычную і культурную сувязь з беларускай зямлёй. Паняцце "беларус" не тоеснае паняццям "грамадзянін Беларусі" (бо грамадзянамі Беларусі могуць быць асобы іншай нацыянальнасці), "асоба беларускага паходжання" (бо ёсць людзі, якія нарадзіліся ў Беларусі і маюць беларускія карані, але не атаясамліваюць сябе з беларускай нацыяй), "выхадзец з тэрыторыі Беларусі" (бо выхадцы з Беларусі таксама могуць быць асобамі іншай нацыянальнасці). – Якія унікальныя беларускія рысы характару і светапогляду ўласцівыя беларусам? – Ніякіх надзвычай спецыфічных (унікальных) рыс беларусы не маюць. Беларусы сёння – гэта частка еўрапейскай супольнасці, і прыналежнасць да гэтай супольнасці вызначае асаблівасці іх менталітэту і светапогляду. Беларусы – сучасная "гарадская" нацыя, што існуе на мяжы індустрыяльнага і постіндустрыяльнага грамадства. Яны, безумоўна, шмат у чым падобныя да сваіх суседзяў – рускіх, украінцаў, палякаў. Зразумела, што ёсць і пэўныя рысы народнага характару і менталітэту, якія адрозніваюць беларусаў ад іх. Гэта цяжка выразіць, гэта трэба адчуваць. Відаць, лепш за нас гэта могуць зрабіць якраз нашы суседзі. А ўвогуле, як мне ўяўляецца, для беларусаў характэрная стрыманасць, працавітасць, імкненне да парадку, гарманічныя адносіны да навакольнага асяроддзя, разважлівасць і высокая ступень самазахавальнасці. Мне здаецца, што для натуры беларуса характэрна тое, што ён цвёрда трымаецца за сваю зямлю, прывык спадзявацца толькі на сябе і на вынікі сваёй працы. Натуральна, з цягам часу "еўрапейскія" рысы ў характары беларуса будуць дамінаваць над "усходнімі". – Назавіце тры-пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус – не беларус. – 1410 год – Грунвальд, пачатак беларускага кнігадрукавання, стварэнне беларускай дзяржаўнасці ў ХХ ст. Ёсць шмат падзей, якія ў сукупнасці ствараюць велічную гісторыю Беларусі і беларусаў. Вельмі цяжка выдзеліць з іх толькі некалькі. – Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус? – Гэта асабісты выбар кожнага. З распадам традыцыйнага грамадства "набор" абавязковых традыцый размываецца і змяняецца. Але вельмі важна, калі можна ўмоўна так сказаць, захоўваць сямейныя традыцыі, ведаць і шанаваць свае карані. А з гэтых асобных, канкрэтных, індывідуальных традыцый і складаюцца, як мне ўяўляецца, традыцыі ўсяго народа. – Беларус без ведання мовы – беларус? – У сучасным дынамічным шматмоўным і шматкультурным свеце праблема моўнай ідэнтыфікацыі з'яўляецца вельмі складанай, але адначасова і дастаткова ўмоўнай. Зразумела, мова выступае вельмі важным і істотным (але не адзіным) фактарам нацыянальнай адметнасці і ідэнтыфікацыі. Таму, безумоўна, беларус без ведання беларускай мовы застаецца беларусам, калі адчувае сябе часткай гэтай нацыянальна-культурнай супольнасці. З другога боку, абсалютна відавочна, што без ведання нацыянальнай мовы любому чалавеку значна цяжэй успрымаць нацыянальныя каштоўнасці, у тым ліку і такія, якія робяць яго адметным сярод іншых. Без ведання сваёй мовы значная частка нацыянальнай спадчыны для яго закрытая. Таму ў сучасных рэаліях моўнага жыцця нашай краіны раўнапраўнае функцыянаванне дзяржаўных моў у грамадстве, цывілізаванае і дэмакратычнае разуменне сутнасці дзяржаўнага двухмоўя, фарміраванне нацыянальна адметнага іміджу нашай краіны ў сусветным супольніцтве немагчымае без усведамлення неабходнасці фарміравання і выхавання рэальна двух- і шматмоўнай асобы, якая, з аднаго боку, дасканала валодае мовай тытульнай нацыі як носьбітам у першую чаргу нацыянальна-культурнай адметнасці, гістарычных, духоўных каштоўнасцей і, з другога боку, валодае рускай і іншымі мовамі, што дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць свае прафесійныя і творчыя магчымасці ў сучасным шматмоўным, шматкультурным і дынамічным свеце. – Чым беларускім Вы ганарыцеся? – Усім – і добрым, і дрэнным. – Што робіць нас, беларусаў, адметнымі сярод суседзяў? – Мы самі выбіраем тое, чым адрозніваемся ад іншых, і самі ў стане ламаць негатыўныя стэрэатыпы і ствараць станоўчыя. – Што робіць беларусаў адметнымі ва ўсім свеце? – Усе народы аднолькава адметныя. – Як Вы бачыце будучыню Беларусі? – Я бачу Беларусь стабільнай дэмакратычнай краінай, якая займае належнае месца ў славянскім і еўрапейскім супольніцтве, мае ўласную адметную нацыянальную культуру, высокі ўзровень адукаванасці і культуры, адпавядае еўрапейскім стандартам сучаснага цывілізаванага грамадства. У сераду мы прапануем вам наступную анкету. А пакуль чакаем на форуме вашых адказаў на пытанне, што асабіста для вас значыць - быць беларусам? Найбольш цікавыя меркаванні будуць апублікаваныя ў асобным матэрыяле. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
– Чым беларускім Вы ганарыцеся? – Усім – і добрым, і дрэнным.
|
|