Беларусь прайшла ў фінал конкурсу. Цяпер хочацца большага!
27.05.2010
—
Новости Общества
|
...Вось і не вер пасля гэтага букмекерам — іхнія стаўкі на выхад беларускага гурта "3+2" у фінал 55-га міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне" цалкам апраўдаліся. Затое як, напэўна, расчараваліся тыя, хто прадракаў правал прадстаўніку Расіі Пятру Налічу — ягоны іранічна-рамантычны "плач пакінутай славянкі" прагучаў проста бездакорна і таксама заслужана апынуўся ў фінале! Таксама, мяркуючы па папярэднім галасаванні журналістаў у Осла, яшчэ пазаўчора мала хто верыў у Партугалію і Боснію — ім прагназавалі нявыхад з паўфіналу... Зрэшты, збольшага вынікі першага паўфіналу — па агульных ацэнках, слабейшага за другі — былі добра бачныя ўжо ў час выступлення апошняга з 17 удзельнікаў. Асабіста я (напрыклад) без напружання адгадала 8 з 10 фіналістаў. Цалкам дзясятка шчасліўцаў, якія атрымалі зялёнае святло ад гледачоў і суддзяў, выглядае так (у парадку абвяшчэння): Боснія і Герцагавіна, Малдова, Расія, Грэцыя, Партугалія, Беларусь, Сербія, Бельгія, Албанія і Ісландыя. Але парадак гэты адвольны і не сведчыць пра колькасць набраных кожнай краінай балаў — зводныя шыльды абодвух паўфіналаў з ацэнкамі будуць абнародаваныя толькі пасля фіналу шоу. Адразу пасля паўфіналу большасць тэлегледачоў адправілася спакойна спаць, а дзясятка цяпер ужо фіналістаў — на прэс-канферэнцыю і жараб'ёўку парадку выступленняў 29 мая. Гурту "3+2" дастаўся нумар 9, Пётр Наліч і кампанія спяюць за Расію пад нумарам 20. Таксама, нагадаем, у фінале ўжо зарэзерваваныя прадстаўнікамі "вялікай чацвёркі" і леташняй краіны-пераможцы нумары 2 (Іспанія), 3 (Нарвегія), 12 (Вялікабрытанія), 18 (Францыя) і 22 (Германія). Яшчэ 10 пазіцый будуць разыграныя сёння ноччу паміж 17 ахвотнымі з другога паўфіналу. Дарэчы, ён, не ў крыўду нікому, абяцае быць значна цікавейшым за першы. Па-першае, тут выступаюць адразу некалькі фаварытаў сёлетняга "Еўрабачання": адзін з самых сімпатычных удзельнікаў конкурсу Харэль Скаат з Ізраіля і дзве гарачыя ўсходнія дзяўчыны — Сафура з Азербайджана і Ева Рывас з Арменіі, (прычым канкурэнцыя паміж апошнімі перарасла ў нежартоўную дуэль паміж краінамі-удзельніцамі — па чутках, у выпадку перамогі адной другая налета збіраецца адмовіцца выступаць увогуле). Па-другое, сярод канкурсантаў заўважаныя двое старажылаў. Спявачка Ніям Кавана з Ірландыі ўжо прыносіла перамогу сваёй краіне ў 1993-м, дый сёлета яна мае намер паказаць, што ў свае 42 яшчэ тая ягадка і канкурэнтка для маладых. Дзявочае трыа "Femіnnem" з Харватыі знаёмае нам па 2005 годзе — праўда, тады дзяўчаты выступалі за Боснію і Герцагавіну і нічога асаблівага не дасягнулі; цяпер жа, крыху змяніўшы склад і абраўшы песню пра каханне, спадзяюцца на ўдачу. Нарэшце, па-трэцяе, песні і нумары ў другім паўфінале больш яркія і рознахарактарныя, хоць і яны скарыліся перад мінімалізмам нарвежскіх пастаноўшчыкаў. Гаспадыня "Еўрабачання-2010" відавочна вырашыла не шыкаваць падчас крызісу і выдаткавала на конкурс усяго 150 мільёнаў нарвежскіх крон, або каля 17 мільёнаў еўра (для параўнання — леташні конкурс абышоўся Маскве ў 24 мільёны еўра). Затое — нічога лішняга, атрымаўся выключна конкурс, а не пафасны пыл у вочы... Паўдня перадышкі Другі паўфінал беларусы паглядзяць выключна ў якасці балельшчыкаў — у ім мы не галасуем і паўплываць на вынікі не можам. А чым у гэты час будзе займацца гурт "3+2" — выканаўцы скарыстаюцца невялікай перадышкай або з новымі сіламі прыступяць да рэпетыцый са шведскім піяністам Робертам Уэлсам і, магчыма, штосьці падкарэктуюць у сваёй пастаноўцы? — Перадышка была, але вельмі невялікая, літаральна да абеду, — расказаў "Звяздзе" першы намеснік старшыні праўлення АНТ Сяргей Хоміч, які знаходзіцца ў Осла. — Потым зноў пачалася праца — гэта і рэпетыцыі, і стасункі з журналістамі, прамаціраванне нашай конкурснай песні. — У паўфінале вы адмовіліся ад некаторых элементаў пастаноўкі — дымавых эфектаў і канфеці. Нам падалося, што без іх нумар выглядаў крыху сумнавата. У фінале штосьці зменіцца? — Яшчэ не думалі пра гэта, але кардынальна мяняць нічога не будзем, на 99 працэнтаў пастаноўка застанецца такой, як была. — Падчас трансляцыі здавалася, што ў гурта былі невялікія вакальныя праблемы — у нашых выканаўцаў усё ў парадку з галасамі? — Яны кажуць, што па самаадчуванні ва ўсіх усё нармальна. А ўвогуле там многія не траплялі ў танальнасць. Я стаяў падчас выступлення за сцэнай, з аднаго боку чуў гук, што ішоў з залы, а з другога — з экранаў, сумарная якасць была вельмі дрэнная, таму меркаваць пра гэта не магу. — Ці будзеце вы глядзець другі паўфінал і падтрымліваць кагосьці? — Хто захоча, той, безумоўна, пойдзе глядзець, а перажываць кожны будзе па сваіх асабістых сімпатыях. Мне, напрыклад, падабаецца Данія, Егіязар, напэўна, будзе хварэць за Арменію, некаторым удзельнікам дэлегацыі падабаецца Ізраіль... Галоўнае цяпер, мяркую, каб ніхто з беларускіх артыстаў не захварэў насамрэч і каб у суботу 29 мая іх конкурсная песня "Butterflіes" зачаравала сваім музычным палётам не толькі землякоў, але і еўрапейскую публіку. Першы крок у іх ужо атрымаўся, чаму б не пайсці далей? Вікторыя ЦЕЛЯШУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Вось і не вер пасля гэтага букмекерам — іхнія стаўкі на выхад беларускага гурта "3+2" у фінал 55-га міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне" цалкам... |
|