У Нясвіжы руйнуюць мост Радзівілаўскага замка. 21.by

У Нясвіжы руйнуюць мост Радзівілаўскага замка

28.05.2010 18:43 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Трактарам знеслі ўвесь верх, дырэктар музею ледзьве паспеў прыпыніць працы ды выклікаць экспертаў ЮНЕСКА.

З рэстаўрацыі Нясвіжскага замка Радзівілаў працягваюць даходзіць трывожныя сігналы. Спачатку будаўнікі зруйнавалі цэлую трохпавярховую галерэю замка ды аднавілі яе з сучаснай цэглы. Потым начапілі на замкавую вежу недарэчную “цыбуліну”, якая парушыла ўсё стылёвае адзінства... Знішчана шмат аўтэнтыкі: ляпніна, паркет, некаторыя печы, перакрыцці, усё аднаўляецца з гіпсакардону… Цяпер вось дайшла чарга да мосту. Яго збудаваў у 1915 годзе князь Альбрэхт Радзівіл, бацька 92-гадовай Эльжбеты Радзівіл, якая ў мінулым годзе наведала Беларусь. Да гэтага, калі замак яшчэ выконваў абарончыя функцыі, мост быў пад’ёмны – каб мець магчымасць аператыўна адмежавацца ад ворагаў.

Цяпер мост руйнуюць, бо ён нібыта аварыйны. Скептыкі ўказваюць на тое, што апошнія некалькі гадоў па мосце бесперашкодна ездзілі цяжкія "МАЗы" (мост дзеля гэтага адмыслова ўзмацнілі) – і ён вытрымаў. Гаворыць дырэктар музея-запаведніка “Нясвіж” Валеры Сталярчук.

Валеры Сталярчук: “Прыпыненыя працы, пайшла дакументацыя ў ЮНЕСКА на кансультацыю, ва Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Для таго, каб азнаёміцца з праектам ды ўзгадніць усе працы”.

Валеры Антонавіч сам прызнае, што мост быў аварыйны, але абураецца, што мост проста нішчаць, не захоўваючы старыя элементы ды цэглу.

Валеры Сталярчук: “Што мост аварыйны, то гэта адназначна. Іншая справа, што па магчымасці яго трэба максімальна захаваць. Ён быў аварыйны, але яго былі ўзмацнілі, каб прайшла будаўнічая тэхніка”. 

Спадар Сталярчук спыніў працы. Ён не ведае, хто даў загад на разборку моста. І ці быў увогуле такі дазвол?

Валеры Сталярчук: “Я мяркую, што не. Гэта суб’ектыўная думка, што мост трэба нішчыць. Я ўжо з усімі тут перасварыўся, справа ўвогуле дайшла да таго, што нават з намі не ўзгаднілі. Я прыйшоў – вядуць разборку. Я кажу: хто вам дазволіў?! Бо ідзе плыня турыстаў, адкрытая для наведвання частка замка, туды мусяць прыходзіць на працу нашыя супрацоўнікі… Чаму з намі не ўзгаднілі? Карацей, я стаў пасярод моста і кажу: “Як сабе хочаце, я забараняю вам вядзенне працаў. Прычым тут генпадрадчык – пакуль не будзе зроблены абхадны мост, працы вы весці не будзеце”. І прыпыніў працу”.

Магістр мастацтвазнаўства Сяргей Харэўскі мяркуе, што апроч “аварыйнага стану” ёсць і эканамічная прычына знішчэння моста.

Сяргей Харэўскі: “Перад пачаткам будаўнічых работ пра гэта трэба было думаць і на гэта зважаць! Ясна, што ўсё гэта адбывалася з брутальным парушэннем усіх тэхналогій. Але я падазраю, што падобны ланцуг інцыдэнтаў тлумачыцца яшчэ і тым, што некаторыя, хто праводзяць гэтыя работы, зацікаўленыя ў павелічэнні бюджэта. Працэс разборкі і складання новага моста істотна павялічвае бюджэт будаўнічай арганізацыі”. 

Спадар Харэўскі падкрэслівае, што разбурэнне моста можа стаць прычынай выключэння замка са спісу ЮНЕСКА.

Сяргей Харэўскі: “На вялікі жаль, тое, што адбываецца, брутальна парушае цэласнасць ансамбля замка. А на той момант, калі падавалася дакументацыя на ўключэнне гэтага замка ў Спіс ЮНЕСКА, беларускі бок хваліўся менавіта ўнікальнай цэласнасцю гэтага ансамбля. На вялікі жаль, у працэсе гэтак званых “рэстаўрацыйных работ” гэтая цэласнасць і была парушана. І пад вялікім пытаннем цяпер знаходжанне гэтага аб’екта ў Спісе ЮНЕСКА”.

Тым часам Сяргей Харэўскі ўхваляе ўчынак дырэктара Валерыя Сталярчука, але кажа, што пры такой рэстаўрацыі дырэктару можна толькі паспачуваць.

Сяргей Харэўскі: “Вельмі ўхвальна, што дырэктар гэтага комплексу праявіў рупнасць. Будзем спадзявацца, што нейкія пазітыўныя наступствы гэта будзе мець, нехта зробіць нейкія высновы. Значыцца, мы маем справу з неабыякавым чалавекам, але яму можна толькі паспачуваць”.

Лідэр папулярнага моладзевага гурта Rahis Зміцер Язвінскі нарадзіўся і гадаваўся ў Нясвіжы. Ён кажа, што без болю не можа ўзгадваць рэстаўрацыю замка.

Зміцер Язвінскі: “Нарадзіўся я ў Нясвіжы, усё дзяцінства ды юнацтва правёў у гэтым родным для мяне горадзе. Калі пачалася рэстаўрацыя замка, было спадзяванне, што замак адрэстаўруюць, якасна зробяць. Што замак зробіцца турыстычнай Мекай ды гонарам для саміх нясвіжан. Так атрымліваецца, што цяпер нясвіжанам выпадае ганарыцца толькі гісторыяй замка, але ўжо не самім помнікам. Бо тыя ўмовы, у якіх гэта робіцца, – я лічу, што такое не павінна быць. Калі казаць канкрэтна пра мост, то ён уяўляе з сябе не меншую каштоўнасць за сам замак. Таму калі яго проста так знесці – то гэта проста блюзнерства! Але здзіўляцца не выпадае, бо ўвесь замак так рэстаўраваўся: прасцей знесці і пабудаваць нанова…”


Калоны і агароджу замкавага мосту ўжо знішчылі


Агароджа пакуль ляжыць збоку: вырашаюць, што з ёй рабіць


"Рэстаўрацыйныя" працы выконваліся трактарам "Беларус"


Як бачым, тэхніка гэтая не вельмі далікатная


Зрэшты, якая розніца, калі ўсё вывезлі "МАЗам" на сметніцу...


Пры такой рэстаўрацыі аўтэнтычны замак Радзівілаў актыўна пераўтвараецца ў еўракатэдж...


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З рэстаўрацыі Нясвіжскага замка Радзівілаў працягваюць даходзіць трывожныя сігналы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика