Сорак ручнікоў, сорак паясоў
04.06.2010
—
Новости Общества
|
Безумоўна, у свядомасці кожнага беларуса ўніверсальны рытм 3 — 9 — 40 — 1 год перш за ўсё асацыюецца са смерцю чалавека і пахавальна-памінальным цыклам, у якім менавіта пазіцыя "сорак" лічылася ключавой. Шматлікія сустрэчы з дарослай аўдыторыяй і матэрыялы фальклорных экспедыцый сведчаць пра тое, што тэрмін працягласцю ў сорак дзён пасля смерці чалавека — гэта час выпрабаванняў не толькі для душы памерлага, але і для жывых. На Палессі вядомы звычай "подымаць воздух", "уздымаць воздух" — г.зн. на саракавы дзень пасля смерці ў храме памінаць памерлага: анучай, якая засталася пасля памерлага, махалі па паветры, а затым выкідвалі яе ў двор. Акрамя гэтага, у славянскай культуры вядомы і іншыя факты дзеяння саракадзённага тэрміну. Так, жонка пасля смерці мужа сорак дзён хадзіла, не заплятаючы валасы ў касу, а калі ўдава збіралася яшчэ раз замуж, то да сарака дзён не зашпіляла каўняра кашулі і не завязвала фартуха. Калі ў іх засталося шмат дзяцей, то і мужу, і жонцы дазвалялася ствараць новую сям'ю ўжо праз сорак дзён. Для аднавяскоўцаў, а яшчэ больш — для людзей з іншых вёсак на акне хаты, у якой памёр чалавек, сорак дзён вісеў белы ручнік як сімвал жалобы і перасцярогі для калядоўшчыкаў або валачобнікаў. Сані або калёсы, на якіх везлі нябожчыка, пасля пахавання перакульвалі каля вёскі, і там яны ляжалі сорак дзён. Посцілка або дыван, на якім стаяла труна, вяроўкі, на якіх труну апускалі ў магілу, забаранялася выкарыстоўваць у побыце таксама такі ж час — сорак дзён. У некаторых мясцінах пад кожны вугал труны клалі па дзесяць аднакапеечных манет, што складае колькасць сорак. Калі паміраў нехта з блізкіх сваякоў, то вяселле забаранялася спраўляць цэлы год. Калі ж гэта быў больш далёкі сваяк, то вяселле ладзілі праз сорак дзён. Але ў асяроддзі простага люду існавала патрабаванне да нявесты: яна павінна была выткаць сорак ручнікоў і сплесці сорак паясоў. Аксана Катовіч, Янка Крук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Безумоўна, у свядомасці кожнага беларуса ўніверсальны рытм 3 — 9 — 40 — 1 год перш за ўсё асацыюецца са смерцю чалавека і пахавальна-памінальным цыклам, у якім...
|
|