Каму вопыт, каму кантракты, а каму... лазня!. 21.by

Каму вопыт, каму кантракты, а каму... лазня!

09.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 20-ты раз адкрылася міжнародная спецыялізаваная выстава Белагра-2010 ўчора адразу на дзвюх пляцоўках: у сталічным выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14 і на выставачнай плошчы ў Мінскім раёне каля ААТ "Гастэлаўскае". Сёлета ў выставе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ад 19 краін, у тым ліку Аўстрыі, Германіі, Даніі, Іспаніі, Італіі, Кітая, Францыі і іншых. Аднак, як адзначаюць арганізатары, 70% ад усіх экспанентаў прадстаўляюць Беларусь — у асноўным гэта прадпрыемствы Мінпрама, Мінсельгаспрада і Белптушкапрама.

— Мы ў міністэрстве лічым, што такія выставы не толькі служаць для абмену вопытам, але і прывядуць для заключэння шэрагу кантрактаў на пастаўку і сумесную вытворчасць тых ці іншых сельскагаспадарчых машын і гэтак далей, — расказаў журналістам на адкрыцці выставы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі.

У асобным павільёне на Белагра-2010 прадстаўленыя госці з Краснадарскага краю. Як расказаў Сяргей Арленка, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Краснадарскага краю, іх рэгіён зацікаўлены ў сумесных праектах з Беларуссю:

— На сёння Беларусь і Кубань звязваюць вельмі доўгія і добрыя адносіны. Мы бачым перспектывы ў развіцці малочнай прамысловасці, кандытарскай галіне, машынабудаванні. Напрыклад, сёння на палях Кубані працуюць больш за 15 тысяч адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, якая выраблена ў Беларусі.

У прыватнасці, непасрэдна на выставе плануецца заключыць пагадненне паміж гандлёвым домам "Падшыпнік" і Гомсельмашам па зборцы камбайнаў "Палессе".

Цікава, што на Белагра-2010 прадстаўлены не толькі гіганты і вытворцы спецыфічнай і дарагой тэхнікі і абсталявання. Так, "Звяздзе" спадабаліся так званыя японскія лазні, якія прэзентавала СТАА "БалтТрэйд".

— Гэта зусім іншае, гэта не звычайная лазня, — расказвае Уладзімір Захарчанка, начальнік вытворчасці гэтага прадпрыемства і паказвае на вялікі драўляны чан, разлічаны чалавек на 6-8, да якога прымацавана маленькая печка. — У японскай лазні цела знаходзіцца ў цёплай вадзе, а галава дыхае марозным паветрам. Самае прыемнае — вылезці на борцік, пасядзець на марозе, а потым ізноў плюхнуцца ў цёплую ваду. Ну і паплёскацца, а як жа! — усміхаецца Уладзімір Захарчанка.

Ён расказаў, што іх прадпрыемства займаецца выпускам такіх японскіх лазняў адносна нядаўна — меней за 2 гады, але пры гэтым попыт на такую прадукцыю ёсць. Прычым купляюць такія лазні не толькі прыватныя асобы, але і санаторыі.

— Служыць японская лазня будзе гадоў 30 — гэта калі без пакрыццяў розных, ну а калі з імі, то гадоў 50 мінімум, — перакананы начальнік вытворчасці.

Вось толькі цана на японскія лазні для простых грамадзян пакуль "кусаецца": напрыклад, выстаўлены на стэндзе экземпляр каштуе каля 3,5-4 тысяч долараў.

Таксама на выставе наша газета пагутарыла са спецыялістамі па маркетынгу і збыце фермерскай гаспадаркі "Васілёк" Міхаілам Каласкоўскім і Аксанай Забродскай. Яны на сваім стэндзе прадстаўлялі кармавую дабаўку для буйной рагатай жывёлы, а таксама... асятроў:

— Мы рэалізуем кармавую дабаўку "Антыкет", якую спецыяльна для нас распрацоўвала Віцебская ветэрынарная акадэмія. Гэта аналаг нямецкіх і амерыканскіх дабавак, але ў пяць разоў таннейшая, — расказвае Аксана Антонаўна. — На сёння, напрыклад, наша дабаўка каштуе 1,55 мільёна беларускіх рублёў за тону, у той час як нямецкі аналаг — 7 мільёнаў.

Вытворчасцю гэтай дабаўкі фермерская гаспадарка займаецца толькі 4 гады, але ўжо мае рэалізацыю на ўзроўні 1,5 тысячы тон за год. А вырошчваннем асятроў у "Васільку" займаюцца 7 гадоў:

— Спачатку малькоў завозілі з Астраханскай вобласці, але пры транспарціроўцы іх шмат гінула — недзе працэнтаў 20 толькі выжывала. Таму паступова перайшлі на сваіх малькоў, — кажа Аксана Забродская. — Цяпер ёсць у нас і асятрыная ікра, але пакуль яшчэ не для продажу. А вось асятроў рэалізуем па ўсёй Беларусі: у Мінску ў магазінах і рэстарацыях — гэта ўсё нашы!

Выстава Белагра-2010 будзе праходзіць па 12 (у Мінску) і па 13 чэрвеня (у ААТ "Гастэлаўскае"), час працы — з 10 да 18 гадзін.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 20-ты раз адкрылася міжнародная спецыялізаваная выстава Белагра-2010 ўчора адразу на дзвюх пляцоўках: у сталічным выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика