Новыя вышыні будаўнічай галіны
09.06.2010
—
Новости Общества
|
Распрацоўваецца Дзяржаўная праграма развіцця матэрыяльна-тэхнічай базы будаўнічай галіны на 2011—2015 гады Будаўнічую галіну не без падстаў называюць лакаматывам беларускай эканомікі, улічваючы, што яе магутнасці ўжо з наступнага года павінны забяспечваць увод да 9 мільёнаў квадратных метраў жылля, а з 2012-га — да 10 мільёнаў. Другое ж дыханне пасля некаторага спаду будаўніцтва набыло ў 2006 годзе, калі ў краіне была прынятая Дзяржаўная комплексная праграма развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны на 2006—2010 гады. Неабходнасць такой праграмы, нагадаў на ўчарашнім пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, была прадыктаваная патрабаваннем Прэзідэнта за кароткі тэрмін падвоіць аб'ём жыллёвага будаўніцтва, што запатрабавала ў разы павялічыць і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Каб праграма выконвалася паспяхова, першапачаткова на яе рэалізацыю былі прадугледжаныя ўсе неабходныя фінансавыя сродкі. У прыватнасці, Уладзімір Сямашка паведаміў, што аб'ём фінансавання дзяржпраграмы складае 7 трыльёнаў рублёў, з якіх 1,2 трыльёна пойдзе на тэхнічнае пераўзбраенне, 3,5 трыльёна — на стварэнне новых магутнасцяў, у тым ліку будаўніцтва цэментных заводаў, 1,2 трыльёна — на дадатковую мадэрнізацыю домабудаўнічых камбінатаў і 400 мільярдаў — на развіццё навуковай базы. Што ж датычыцца гэтага года, то на рэалізацыю мерапрыемстваў праграмы запланавана накіраваць каля 2 трыльёнаў рублёў. Наколькі эфектыўна асвойваюцца згаданыя сродкі, распавёў міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Селязнёў. Паводле яго слоў, з 2006-га па студзень—сакавік гэтага года на рэалізацыю мерапрыемстваў праграмы было накіравана 4,9 трыльёна рублёў, ці 69,2 працэнта ад плана. Гэта дазволіла значна абнавіць парк машын і механізмаў у будаўнічай галіне, а таксама набыць новыя віды тэхнікі: калі на момант фарміравання праграмы знос актыўнай часткі асноўных фондаў па будаўнічых арганізацыях вагаўся ад 78 да 95 працэнтаў, то на пачатак гэтага года гэты паказчык ужо не перавышаў 57 працэнтаў. Акрамя таго, у краіне быў асвоены і забяспечаны выпуск высокавытворчых імпартазамяшчальных машын і механізмаў — вежавых кранаў, пагрузчыкаў і інш. На думку міністра, вельмі важным з'яўляецца і развіццё арганізацый індустрыяльнага домабудавання, таму што ў наступным годзе аб'ём уводу жылля павінен дасягнуць 9 мільёнаў квадратных метраў. У гэтай сувязі Аляксандр Селязнёў праінфармаваў, што зараз выконваюцца праекты па мадэрнізацыі і пераабсталяванню 20 прадпрыемстваў індустрыяльнага ДБК. Сёлета па 15 ДБК работы будуць практычна завершаныя, а вось па 5 праектах яны пакуль не вядуцца. У прыватнасці, міністр згадаў, што крайне неабходны новы домабудаўнічы камбінат Мінску. Ён патлумачыў, што перад сталіцай стаіць задача выходзіць на будаўніцтва 1,8-2 мільёнаў квадратных метраў жылля з улікам гарадоў-спадарожнікаў. І Мінск прапрацоўвае зараз гэтае пытанне з улікам выкарыстання кітайскіх інвестыцый. Аднак тэрміны будаўніцтва ДБК адсоўваюцца на 2013—2014 гады. Паводле ж меркавання кіраўніка будаўнічай галіны, максімальным тэрмінам рэалізацыі праекта павінен стаць канец 2012 года. Разам з тым, нягледзячы на пэўныя праблемы, магутнасці індустрыяльнага домабудавання ў краіне істотна дадаюць: калі на пачатак года яны складалі 1 мільён 100 тысяч квадратных метраў, то на 1 красавіка — ужо 1 мільён 900 тысяч. Дарэчы, на павелічэнне магутнасцяў было накіравана 504 мільярды рублёў. Гаворачы аб стане спраў па інвестпраектах, якія прадугледжаныя праграмай, міністр паведаміў, што на прадпрыемствах прамысловасці будаўнічых матэрыялаў рэалізавана іх 72 са 109 меркаваных. На гэтыя мэты накіравана 2 трыльёны рублёў інвестыцый. У выніку былі павялічаныя ў разы магутнасці па выпуску асноўных будаўнічых матэрыялаў, напрыклад, тых жа цэменту, цэглы, што дазволіла не толькі забяспечыць унутраныя патрэбы, але да таго ж 40 працэнтаў будаўнічых матэрыялаў прадаецца за мяжу. Між іншым, у краіне ідзе актыўная праца па сертыфікацыі прадукцыі ў адпаведнасці з еўрапейскімі нормамі. Калі раней рэспубліка мела СЕ-маркіроўку на 11 прадпрыемствах па 17 відах прадукцыі, то цяпер адпаведна 18 прадпрыемстваў па 21 віду, што дазваляе па асноўных матэрыялах ажыццяўляць пастаўку на экспарт у Еўрасаюз. У наступным, зазначыў Аляксандр Селязнёў, аснашчэнне будаўнічых прадпрыемстваў цяжкімі машынамі, механізмамі і аснасткай па-ранейшаму застанецца актуальным пытаннем. Таму распрацоўваецца новая праграма развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны на 2011—2015 гады, праект якой у найбліжэйшы час будзе разасланы зацікаўленым на ўзгадненне. Ігар ШЧУЧЭНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Распрацоўваецца Дзяржаўная праграма развіцця матэрыяльна-тэхнічай базы будаўнічай галіны на 2011—2015 гады Будаўнічую галіну не без падстаў называюць лакаматывам...
|
|