Венгерскі сіндром. 21.by

Венгерскі сіндром

09.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра новы паварот развіцця і паглыблення крызісу еўра наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага Савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Л.Ф. Заікам.

— У мінулы панядзелак еўра ўстанавіў чарговы антырэкорд — зваліўся да паказчыка 1,19 еўрацэнтаў за амерыканскі долар. І як прадказваюць асобныя фінансавыя аналітыкі, гэта не апошняя рыса. Беспрэцэдэнтны крызіс еўра моцна ўплывае і на сусветныя біржы, і на нашых суайчыннікаў, многія з якіх мінулым летам-восенню перавялі свае сродкі ў еўра. Яны цяпер моцна нервуюцца, знаходзяцца ў роспачы, бо не ведаюць, куды бегчы і ў якую зараз валюту перавесці зберажэнні.

— Бегчы нікуды не трэба. Той, хто бегае і пастаянна мяняе адну валюту на іншую, той ці рэгулярна зарабляе велізарныя грошы, ці наадварот, пастаянна спазняецца і істотна губляе на розніцы курсаў. У першым выпадку трэба валодаць каласальнымі ў мільярдных вылічэннях свабоднымі сумамі валюты, мець каласальны ўплыў на фінансавыя рынкі планеты, каб час ад часу ствараць выгадныя для сабе і партнёраў сітуацыі. Планетарнага маштабу "фінансавыя акулы" ганяюцца за вялікай здабычай і па дробязі не гуляюць. У гэтым сэнсе валютным гульцам Беларусі застаецца толькі выступаць у ролі гледача і назіраць за тым, як развіваецца фінансава-эканамічная сітуацыя ў свеце. Ды і Нацыянальнаму банку краіны таксама. Бо сёння дакладна спрагназаваць курс еўра і долара пад сілу толькі выключным эканамістам, і то не гарантыя. Гэта могуць быць і шчасліўчыкі, якім проста пашанцуе. Але ў цэлым на фінансавых рынках ніколі не бывае адназначнай сітуацыі ў доўгатэрміновай перспектыве.

— Дык што, звычайнаму, так бы мовіць, сярэднестатыстычнаму жыхару Беларусі, які хоча захаваць свае працоўныя зберажэнні, неабходна штодзень сачыць за зводкамі з валютных біржаў?

— Зразумела, не. Гэта занятак для інстытутаў спецыяльных пасрэднікаў і іх супрацоўнікаў: аналітыкаў, менеджараў. Да такіх пасрэднікаў адносяцца банкі, крэдытныя саюзы, але ў асноўным такой работай займаюцца інвестыцыйныя кампаніі і фінансавыя фонды. Дакладней, яны адсочваюць усе працэсы на фінансавых рынках і рэкамендуюць, куды больш выгадна ўкладваць грошы: у якія каштоўныя паперы, акцыі якіх фірмаў, канкрэтна ў якую валюту, магчыма ў нерухомасць, буйныя інвестыцыйныя праекты. Ва ўсім свеце гэта ўжо агульнапрынятая практыка. За мяжой ні Джон, ні П'ер ці Ганс не сядзяць дома за камп'ютарамі і не аналізуюць самастойна з калькулятарам у руцэ суадносіны еўра і долара, іншых валют, каб зрабіць правільны выбар. Там гэтым займаюцца, падкрэслю, спецыялісты.

— Можа, і ў нас такіх спецыялістаў некалі будзе дастаткова, але цяпер, часцей за ўсё, кожны сам сабе фінансавы аналітык і дарадца. Тым больш і рэспубліканскія СМІ на першы план выносяць навіны аб падзеях на фінансавых рынках. Тут ёсць ад чаго разгубіцца, калі твае зберажэнні ў еўра літаральна растаюць на вачах.

—Так, тыя, хто аддаў перавагу еўра, памыліліся і сёлета моцна страцілі. А з пачатку года ў Беларусі самая высокая прыбытковасць назіраецца па беларускім рублі, затым па расійскім рублі і ўжо толькі потым па амерыканскім долары. Увогуле варта запомніць усім аматарам гульні на валютных курсах — гэта рызыкоўная гульня і рэдка каму ўдаецца выйсці з яе без вялікіх страт. Учора было выгадна прадаваць еўра, але хто ведае, можа праз месяц выгадным стане набыццё гэтай еўравалюты. І як бы тут не праляцець. Па маіх разліках, бліжэй да восені курс еўра пачне расці.

— Леанід Фёдаравіч, а як усё ж звычайнаму чалавеку абысціся мінімальнымі стратамі, калі нават адукаваным дасведчаным эканамістам цяжка прагназаваць суадносіны еўра і долара?

— Я ўжо разоў сто казаў у розных аўдыторыях, у тым ліку і праз вашу газету, што не трэба захоўваць зберажэнні ў адной валюце. Паўтару яшчэ раз. Скажам, у вас ёсць 10 тысяч амерыканскіх долараў. Я параіў бы раскласці іх у чатыры ўмоўныя кошыкі. 2,5 тысячы перавёў бы ў беларускія рублі і паклаў бы на дэпазіт, 2,5 тысячы пакінуў бы ў доларах, 2,5 тысячы канвертаваў у еўра, астатнія 2,5 тысячы перавёў бы ў расійскія рублі. І не варта хаваць гэтыя грошы ў панчохах, а трэба несці ў банкі. У панчохах калі і захоўваць, то золата і срэбра, бо яны з'яўляюцца сапраўднымі і надзейнымі грашыма. Усе астатнія — гэта сурагаты.

— І цікава, як шмат зараз грошай на руках у насельніцтва?

— Па маіх самых сціплых падліках, прыкладна шэсць мільярдаў долараў ЗША. Гэта мінімальная лічба. Максімальная — каля дзесяці мільярдаў долараў, якімі аперыруе насельніцтва краіны. Таму, адхіляюся ад тэмы размовы, але скажу, сёння наспеў час стварыць нацыянальную сістэму зберажэнняў, якая працавала б на карысць народа. А не пазычаць ураду невялікія сумы ў 100—200 мільёнаў долараў у Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

— У гэтых уплывовых фінансавых інстытутаў, відаць, работы хутка прыбавіцца. Новым галаўным болем усёй Еўропы абяцае стаць Венгрыя, дзе праявілася тая ж хвароба, што і ў Грэцыі. Менавіта Венгрыя, якая не ўваходзіць у еўразону, тым не менш стала прычынай чарговага абвастрэння крызісу еўра. Наколькі гэта сур'ёзна?

— У тых ці іншых краінах урады, каб паказаць сваю эканоміку ў лепшым выглядзе, схільныя да ўпрыгожвання статыстыкі. Урады ўсім кажуць: у нас усё добра. Зменшыўся паказчык валавога ўнутранага прадукту на 2-3 працэнты? Не бяда. Схаваем ад грамадскасці і партнёраў. Пагоршылася бюджэтная сітуацыя? А мы не пакажам яе рэальны стан. І гэтак далей. Паступова праблемы назапашваюцца, урады пачынаюць прыдумваць больш-менш лагічныя тлумачэнні сваіх непрыгожых паводзінаў, а ў сапраўднасці хлусіць народу і краінам-суседзям па кантыненце. Так было і ў Грэцыі, і ў Партугаліі. Цяпер вось Венгрыя. Там многія, калі не большасць прадпрыемстваў, зрабілі стаўку на еўра, на экспарт ў краіны еўразоны. Быў час, калі Венгрыя выдатна зарабляла там на пастаўках сваёй прадукцыі. Але ўпаў еўра і адразу выкрыліся хітрыкі былога ўрада краіны. Венгрыі рэальна пагражае эканамічны крызіс.

— А як у Грэцыі, нармалізавалася становішча?

— Адносна. Дзякуючы экстраннай дапамозе Еўрасаюза, створанага ім стабілізацыйнага фонду ўдалося пакуль выратаваць і адзіную еўрапейскую валюту, і саму Грэцыю ад банкруцтва. Цікавая дэталь: выдзеленыя некалі Грэцыі крэдыты вярнуліся вядучым еўрапейскім банкам, якія ў свой час шчодра крэдытавалі эканоміку Грэцыі. Усё паўтараецца: буйныя банкі прыватызуюць прыбыткі і нацыяналізуюць страты, перакладваюць іх на плечы звычайных людзей.

— Трапна заўважана. Днямі канцлер ФРГ Меркель аб'явіла аб жорсткіх мерах эканоміі, у тым ліку і скарачэнні сацыяльных выплат, у прыватнасці, сем'ям беспрацоўных бацькоў, каб стымуляваць іх самастойны пошук заробку. Здаецца, гэтая тэндэнцыя чакае ўсю Заходнюю Еўропу. Як гэта адаб'ецца на Усходняй Еўропе?

— Вельмі проста. У Заходняй Еўропе пачнуць адмаўляцца ад паслуг замежнай працоўнай сілы і сотні тысяч замежнікаў: туркаў. харватаў, украінцаў, літоўцаў, у тым ліку і нашых суайчыннікаў, будуць вымушаны вяртацца дамоў і шукаць працу. Хацелася, каб яны знайшлі яе.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра новы паварот развіцця і паглыблення крызісу еўра наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага Савета пры...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика