Вызначаемся з адпачынкам. 21.by

Вызначаемся з адпачынкам

09.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тураператары заўважаюць, што ў нашай краіне расходы на адпачынак па сваёй важнасці займаюць толькі 5-7-ы радок. Праўда, у апошнія гады з'яўляецца ўсё болей людзей, гатовых на нечым зэканоміць, але адкласці грошы на летнюю пуцёўку. А вывозіць дзяцей на мора наогул — становіцца амаль што не бацькоўскім абавязкам.

Для непераборлівых

Прынамсі, самае таннае мора ў Адэсе. Сёлета пражыванне ў гатэлі з поўным харчаваннем абыдзецца ў 200 долараў "з носа" за 10 дзён. Гэта пры тым, калі вы выбіраецеся адпачываць у чэрвені, далей цэны пачынаюць узнімацца. Можна таксама зэканоміць і на паслугах тураператараў, і непасрэдна самім дамаўляцца з гатэлем, напрыклад, у той жа Адэсе на пачатак чэрвеня можна было замовіць ложка-месца за 5 долараў у суткі (столькі каштуе "нумар" з "выгодамі" на вуліцы, замест гарачай вады — бак, у якім вада грэецца сонцам). Тым не менш, такія прытулкі турыстаў карыстаюцца ўстойлівым попытам, штогод людзі засяляюцца ў нейкія, нават з нашага, беларускага, пункту гледжання, баракі, скалочаныя з дошак. Але нават і новыя гатэлі, што там рэкламуюцца як лепшыя і дарагія, — часта далёкія ад ідэалу. І прычына не толькі у перабоях з гарачай вадой. Пра які ўзровень арганізацыі адпачынку можна гаварыць, калі нават у нумарах люкс брудныя вокны, а па шпалерах і столі размазаны падаўленыя мухі. Але на неахайнасць гаспадароў гатэляў многія турысты заплюшчваюць вочы. Чаго варты курортныя пасёлкі наогул. Возьмем, напрыклад, Затоку. На вялікую жывую вуліцу, па якой павольна цячэ людская плынь, дзе ўздоўж дарог прапануецца разнастайная ежа: шашлыкі, рыба-грыль, марожанае, стаяць разнастайныя лаўкі, кавярні і крамы і ні адной... сметніцы. У лепшым выпадку ля якой крамы можа стаяць кардонная каробка для смецця. Нават на цеплаходзе, які штодзень робіць некалькі рэйсаў з турыстамі і куды людзей набіваецца, што селядцоў у бочцы, тыя ж каробкі. На ўвесь пляж пару вялікіх кантэйнераў, бруд з якіх у лепшым выпадку вывозіцца раз на тыдзень. Дадайце сюды яшчэ адсутнасць прыбіральняў на пляжах. Што гэта эканомія, неахайнасць, ці проста элементарная сквапнасць?

Прынамсі, кожная краіна прапануе свой адпачынак, які дае пэўны настрой. У адэскіх курортных пасёлках хутчэй, настальгічны, саўковы. Малыя, што басанож шлёпаюць да пляжа проста па асфальце. Пастаянныя выкрыкі прадаўцоў на пляжы "гарачая кукуруза", "халоднае піва", "мідыі , рапаны, асміножкі". Адсутнасць пешаходных дарожак — турысты проста няспешна расступаюцца, калі па дарозе едзе якая машына. У крамах няма касавых апаратаў, а абменнік — гэта бабуля, што сядзіць на вуліцы пад парасонам. Экскурсіі ў перапоўненых аўтобусах, і сярод вялікай групы турыстаў, так, што пачуць, тое, што расказвае гід — вялікая праблема. Забавы на непераборлівых "савецкіх грамадзян" кшталту "правер сваю вагу", ці "адведай шашлык", "запрашаем у кінатэатр на прагляд фільма, альбо на шоу з напаўаголенымі расфарбаванымі "цёлкамі". Можна няспешна прайсціся ў вірлівай жывой плыні, дазволіць сабе розныя прыемныя смачныя пакупкі, напрыклад, рыбку, што на грылі гатуецца прама ўздоўж вуліцы: здаецца, у адэскім адпачынку нічога не мяняецца ўжо не адзін дзясятак гадоў.

Але для большасці беларусаў, якія туды едуць, галоўнае ў адпачынку што — магчымасць адагрэцца на сонейку і ў моры пакупацца. А калі можна ўкласціся ў 1000 долараў на сям'ю з 4 чалавек (двое дзяцей, двое дарослых) (пражыванне, харчаванне, праезд і дробныя расходы на месцы), чаму б не паспрабаваць такі адпачынак. Да таго ж, недалёка ад Адэсы ёсць рынак, дзе можна набыць рэчы, якія там у 3-4 разы таннейшыя, чым у Беларусі. І, запомніце: таргавацца тут няма сэнсу, вам не скінуць ні капейкі, хіба што, калі вы набудзеце нешта дробным оптам.

Можна яшчэ махнуць і ў Крым — там адпачынак больш цывільны, але і пацягне ён на вышэйшую суму. Дарэчы, выбіраючы жытло ў Крыме, абавязкова высвятляйце, наколькі яно далёка ад мора, каб не атрымалася, што тупаць да вады вам прыйдзецца амаль гадзіну, ды яшчэ і ўгару.

На ўсім гатовым

Калі ж вам хочацца асаблівай увагі ці, як кажуць, сэрвісу, дык такі адпачынак у параўнанні з украінскім каштуе ў разы больш. Сёлета па-ранейшаму, сярод краін далёкага замежжа лідзіруе Турцыя. Балгарыі наўрад ці ўдаецца пераўзысці яе, хоць там і з'яўляюцца гатэлі, па сваім начынні і абслугоўванні роўныя турэцкім, але пры гэтым такі турпрадукт часам каштуе даражэй, чым у туркаў.

Людзі, якія паварушыліся загадзя, змогуць адпачыць у Турцыі танней, чым тыя, хто вызначаецца з адпачынкам у апошні момант. Чым пазней вы закажаце турпакет, тым больш за яго заплаціце. Прынамсі, пуцёўкі выгадней закупляць загадзя, калі яшчэ дзейнічае так званае ранняе браніраванне і можна атрымаць зніжкі на 5-20 працэнтаў, але шанц зэканоміць вы ўжо ўпусцілі, рабіць гэта трэба было яшчэ ўзімку або напачатку вясны.

Прынамсі, першыя канікулы з Турцыяй — гэта новая, незнаёмая людзям з краін былога саюза філасофія адпачынку. Тут турыст міжволі адчувае сябе, амаль што каралём, усё верціцца вакол яго. Не трэба нічога рабіць, нешта шукаць, не трэба думаць, можна і да мора не ісці, хоць да яго пару хвілін — добрая доля турыстаў абыходзіцца адкрытымі басейнамі, вакол якіх віруе жыццё (падаецца ежа і напоі, праходзяць конкурсы, дыскатэкі). Канцэрт сіламі саміх адпачывальнікаў? Гэта магчыма на постсавецкай прасторы. А ў Турцыі турысту застаецца толькі "спажываць" усё гатовае, прадукты, канцэрты, ідэі, і папросту жарты: спецыяльная каманда аніматараў сноўдае сярод адпачывальнікаў і забаўляе іх, праводзіць дыскатэкі каля басейнаў, спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы, займае дзяцей. Да дзяцей тут асаблівае стаўленне, здаецца, з імі лашчацца, ім усміхаюцца ўсе супрацоўнікі, нават афіцыянты ў рэстаране не абмінуць пагладзіць малое па галоўцы. Праблема, чым заняцца, тут ніколі не ўзнікае. Хітрыя туркі самі падыдуць да лежака, на якім вы смажыцеся на сонейку, і прапануюць экскурсіі, турэцкую лазню, запросяць паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах. Але ведайце, што тут умеюць вымываць грошы, калі нешта не ўваходзіць у межы вашай пуцёўкі, з вас здзяруць немалую суму. Замаўляць нейкія паслугі і тавары на тэрыторыі гатэля, асабліва дарагога (турэцкая лазня, тэлефонныя размовы з радзімай, закупка сувеніраў) — часам пераплаціць у некалькі разоў, у горадзе гэта нашмат танней.

Дзень у гатэлі напоўнены рознымі забавамі, што турысту няма сэнсу выбірацца за яго межы, хіба што толькі для шопінгу ці экскурсіі. Між іншым: не пераплачвайце за дадатковыя паслугі. Да тых жа аквапаркаў часам танней дабірацца сваім ходам. Калі ж замаўляеце экскурсію, дык гід, які вам прызначаны тураператарам (ён сустракае вас у аэрапорце і праводзіць назад, вырашае пытанні, якія часам узнікаюць з засяленнем), можа заламаць за яе цану значна вышэйшую, чым прапануюць мясцовыя фірмы. Калі вам прапануюць бясплатную азнаямляльную экскурсію па крамах, дзе вы атрымаеце зніжкі на пакупкі, — значыць, вас павязуць па самых дарагіх крамах, дзе наўрад ці ўдасца зэканоміць. А вось выбрацца на турэцкі рынак самастойна варта. І не толькі таму, што шмоткі там танныя. Сам працэс пакупкі як прыемная цырымонія. Прадаўцы там расслабленыя і ласкавыя. Хіба ў нас на рынку можна пачуць "не спяшайся, пасядзі, адпачні, падумай", тут дораць сувеніры і прапаноўваюць каву (гарбату), людзям, што заходзяць у краму. А пакуль вы адпачываеце, можаце заўважыць, як ваш сарамлівы сынок ужо ўскараскаўся на калені да прадаўца з суседняй крамы. Абавязкова таргуйцеся, тут на гэта глядзяць як на справу самасцвярджэння і пакупніка, і прадаўца. Цэны скідайце па максімуму, і калі цвёрда стаяць на сваім, можна набыць за 20 долараў рэч, якая напачатку выстаўлялася за 100.

Але вернемся ў гатэль. Калі ён правераны (пуцёўка набытая ў вядомай фірмы, вы чулі водгукі знаёмых, што там ужо былі) і калі ён не меншы за тры зоркі, і калі ў вас усё ўключана — праблемы з харчаваннем не будзе. Вы проста заходзіце ва ўсе кавярні і рэстараны, што размешчаны на тэрыторыі гатэля, і выбіраеце тое, што падабаецца. Адзінае, з чым там туга — гэта свежыя сокі, за іх трэба плаціць асобна.

Уражвае чысціня, ваша дзіця не паспела ўпусціць сурвэтку — ужо бяжыць супрацоўнік гатэля прыбіраць, драіцца падлога, збіраецца смецце на ўзбярэжжы, сметніцы вычышчаюць адразу ж. І яшчэ там не "псуюць ваду". Нават маленькіх дзяцей у басейны і мора бацькі запускаюць... у памперсах (ёсць спецыяльныя памперсы, прызначаныя для купання).

Дарэчы, пуцёўкі на дзяцей да двух гадоў бясплатныя. Затое адпачынак дарослага каштуе каля тысячы долараў. І зноў, чым раней вы паедзеце адпачыць, тым меншыя кошты. Калі вы аплацілі пуцёўку, вашы растраты на адпачынак гэтым могуць і абмежавацца, хлеба і забаў хопіць і на тэрыторыі гатэля. Але ёсць асобныя пасткі, калі вы можаце "паляцець" на грошы. Захварэла дзіця і вы паклікалі доктара (на медстрахоўку ніхто і глядзець не стане з вас пачнуць патрабаваць грошы, тэлефануйце прадстаўніку вашага турагенцтва, які знаходзіцца ў Турцыі і прызначаны якраз для разбору такіх спрэчных пытанняў), прынамсі, тэлефанаванне гіду таксама трэба будзе аплаціць. Праблемы могуць быць з засяленнем-высяленнем. Ваша пуцёўка заканчваецца а 12-й гадзіне дня, а самалёт будзе толькі апоўначы, калі вы хочаце затрымацца ў нумары — даплаціце, гэтак жа, як і за харчаванне.

існуюць туры з "начыннем" — ад вывучэння замежных моў, да танцаў і акцёрскага майстэрства. Выбар за вамі. А мо лепш адпачыць на радзіме? На жаль, толькі кошты тут зусім не гасцінныя. Часам на чужым моры адпачыць танней, чым ля беларускай рэчкі. За суткі з чалавека, які адпачывае ў аграсядзібе недалёка ад вады, бяруць ад 10 да сотні баксаў. Адпачынак у айчынным санаторыі таксама можа цягнуць больш чым мільён з чалавека за тыдзень.

Алена Вайцяховіч.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тураператары заўважаюць, што ў нашай краіне расходы на адпачынак па сваёй важнасці займаюць толькі 5-7-ы радок. Праўда, у апошнія гады з'яўляецца ўсё болей людзей,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика