Куды цякуць шакаладныя рэкі?
12.06.2010
—
Новости Общества
|
Карэспандэнты "Звязды" завіталі ў цукерачную майстэрню — на фабрыку "Камунарка". Мы пабачылі, як шакалад з цягучай масы ператвараецца ў звычайныя цукеркі, як ён апранаецца ў бліскучыя абгорткі і фасуецца па каробках. А вы ведаеце, што тут не толькі "адліваюць" і пакуюць шакалад? На ім малююць — так, усе ўпрыгажвэнні на шакаладных цукерках — ручная праца. А яшчэ з шакаладу майстрыхі ствараюць пацешных вожыкаў, і ажурныя кошыкі, ды такую прыгажосць, што шкада есці. Прынамсі, эксклюзіўныя шакаладныя вырабы (а гэта могуць быць і шакаладныя чайныя сервізы, і лебедзі альбо сувеніры з вясельнымі кольцамі) у асноўным і ствараюцца пад заказ для якіх буйных святаў. Ды не толькі з шакаладам тут чаруюць. Суфле ператвараецца ў мышак альбо ў сэрца. А вы б бачылі, якія кветкавыя фантазіі тут робяцца з карамелі — а гэта, між іншым, карпатлівая, пінцэтная праца. Супрацоўнікі фабрыкі паказалі нам не толькі шакаладныя, але і карамельныя рэкі. Вось адна з іх цячэ зялёнай змеепадобнай стужкай, ахалоджваецца і ператвараецца ў ледзяшы. А вось лінія па вырабе малочнай карамелі. Дзіва: празрыстая маса ператвараецца ў белую. "Гэта адбываецца таму, што маса напаўняецца кіслародам, — тлумачаць супрацоўнікі фабрыкі. — Таму і атрымліваецца, што малочная карамелька быццам бы і белая, але ў той жа час яна свеціцца". Прынамсі, сёння на "Камунарцы" вырабляецца каля трох соцень відаў цукерак. А ў хуткім часе, як абяцае генеральны дырэктар СААТ "Камунарка" Наталля Кот, з'явяцца дзясяткі новых гатункаў. Фабрыка плануе закупіць дзве новыя лініі ў вытворцаў, якія пастаўляюць абсталяванне вядучым шакаладным фабрыкам свету. На адной з ліній будуць вырабляцца цукеркі вафельных гатункаў, а на другой — суфле. "Гэта будзе вялікі рывок. Мы палепшым якасць вафельных гатункаў: "Мінчанкі", "Камунаркі", "Чырвонага каптурка" і атрымаем зусім новыя для беларускага рынку цукеркі-суфле. Так, сёння мы вырабляем суфле аднаслойныя, новыя будуць двухслойныя, трохслойныя, з рознымі начынкамі. Цяпер нашы тэхнолагі працуюць над новымі рэцэптурамі. Мы парадуем нашых беларускіх пакупнікоў, гэта будуць цукеркі новага ўзроўню, смачныя, цікавыя, непаўторныя," — запэўнівае Наталля Канстанцінаўна. Ужо да канца гэтага года "Камунарка" выставіць на рынку 15 навінак. Штогод выдаваць новыя цукеркі — правіла добрага тону для фабрыкі. Сярод сёлетніх навінак — шакалад "Камунарка малочны", які хутка заваёўвае рынак і ўжо прадаецца не горш, чым "Алёнка". Серыю труфеляў дапоўніць каробка капучына. Трэба зазначыць, што калі па ранейшых тэхналогіях труфелі рабіліся цвёрдымі, дык новыя павінны задаволіць сапраўдных гурманаў: яны пяшчотныя і мяккія. І гэтыя цукеркі ўжо ацаніў расійскі пакупнік, прызнаўшы іх лепшымі на "Кантрольнай закупцы", там жа быў адзначаны, як лепшы беларускі какава-парашок, які цяпер будзе выпускацца ў новай ўпакоўцы. Сярод падарункавых набораў шакаладных цукерак трэба звярнуць увагу на "Асарці". Беларускія цукеркі цяпер адзначаюць не толькі за якасць, але і стыльнасць, да распрацоўкі ўпакоўкі фабрыка прыцягвае не толькі айчынных, але і еўрапейскіх дызайнераў. Ідучы насустрач гандлю, фабрыка пачала выпускаць наборы цукерак ў невялікіх упакоўках, каля 190—375 грамаў, якія хутка раскупляюцца напярэдадні святаў. На фабрыцы дапрацавалі рэцэптуру батончыкаў "Чыпаліна" і "Бураціна" і стварылі новыя прадукты, батончыкі "Камунарка малочны" і "Камунарка шакаладны". Пакуль яны прадаюцца толькі ў фірменнай сетцы "Камунаркі", таму што тэрмін на іх месяц: гэта цукеркі вышэйшай якасці, яны створаны з натуральных прадуктаў, прычым не з вараных, а з перацёртых (масла, какавамасла, арэхаў). На вытворчасць сёння пастаўлены і наборы пірожных: "Монтэ Класік", "Монтэ Б'янка", "Гранд Монтэ". Наогул прадукцыя "Камунаркі" карыстаецца стабільным попытам, які штогод расце як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Напрыклад, за мінулы год тут было створана 20 тысяч тон цукерак, 15 працэнтаў з якіх пайшлі на экспарт. Беларускія шакаладныя рэкі выцякаюць у Расію, Украіну, ЗША і Канаду, у краіны Азіі, Прыбалтыкі, назіраецца рост попыту на германскім рынку. Як паведаміла дырэктар "Камунаркі", у продаж заўсёды паступаюць толькі свежыя цукеркі: "У нас няма такога, каб навагоднія цукеркі пачыналі вырабляцца з сакавіка, як гэта робіцца ў некаторых расійскіх вытворцаў. На навагоднюю праграму мы ў верасні-кастрычніку спецыяльна наймаем 300-400 работнікаў, каб да святаў падрыхтаваць свежую прадукцыю. І калі цяпер чэрвень, то ў нас на складах можа ляжаць толькі майская прадукцыя. Тое ж самае і ў крамах. За месяц прадукцыя абарочваецца і заўсёды на прылаўках няма заляжалых цукерак. Нават у мінулым крызісным годзе, калі перад усімі прадпрыемствамі стаяла задача, як разгрузіць склады, у нас была іншая: як размеркаваць прадукцыю. І на Новы год быў устойлівы попыт на добрыя, шакаладныя цукеркі". Менавіта дарагія цукеркі "Камунаркі" прадаюцца лепш за ўсё . Лепш за ўсё прадаюцца "Сталічныя", іх вырабляецца да 50 тон штомесяц, у лідарах "Алёнка", "Мінчанка", "Суфле", "Труфелі". У чым жа сакрэт папулярнасці "Камунаркі"? Тут прынцыпова карыстаюцца толькі натуральнымі прадуктамі і не ўжываюць разнастайных дабавак. Тут не працуюць з паўфабрыкатамі, на фабрыцы здзяйсняецца поўны цыкл перапрацоўкі какава-бабоў. Тут яны перабіраюцца, чысцяцца, смажацца, драбняцца. З іх атрымліваюцца какава-парашок, какава-масла і какава цёртая. Прынамсі, адходы ад перапрацоўкі какава-бабоў, так званую какававэлу "Камунарка" не выкарыстоўвае. Іх скупляе Украіна, дзе гэта ідзе ў вытворчасць нізкагатункавага шакаладу. Але трэба вырашаць і пэўныя праблемы, звязаныя з салодкім жыццём. Напрыклад, з уласнай сыравінай. Так, сёння "Камунарка" не можа выкарыстоўваць айчынную патаку, а вымушана закупляць яе ва Украіне. Беларуская патака, што вырабляецца ў Драгічыне, вельмі нізкай якасці, яна пеніцца і мае цёмны колер, з такой не атрымаеш празрыстыя ледзяшы, тут трэба мяняць тэхналогіі вытворчасці. Сярод праблем, якія ўзняла дырэктар, непаважлівае стаўленне крамаў да айчыннай прадукцыі, часам ў супермаркетах беларускія цукеркі ляжаць на самых ніжніх паліцах, у той час як наверсе красуецца замежны тавар. Між іншым, 95 працэнтаў з таго, што да нас завозіцца, сёння могуць рабіць беларускія кандытарскія прадпрыемствы. "Мы хочам і мы гатовыя адкрываць фірмовыя крамы, у якіх прадукцыя прадаецца без гандлёвых надбавак, і шака-бары, але не хапае плошчаў. Мы выйшлі з лістамі на аблвыканкамы і гарвыканкам з просьбай даць нам добрыя месцы. Але пакуль нам не ідуць насустрач. А попыт у гэтым грандыёзны", — заўважае дырэктар "Камунаркі". Завітваем у фірмовую краму "Камунаркі", што знаходзіцца на Аранскай, 18, і бачым там неблагую чаргу. Прадаўцы пацвярджаюць, што тут заўсёды людна, бо цукеркі прадаюцца без гандлёвай надбаўкі. Напрыклад "Сталічныя" тут можна набыць за 19 тысяч, а ў звычайнай краме за 25. Не пустуе і шакаладны бар, што знаходзіцца побач. Менавіта тут падаецца сапраўдны гарачы шакалад, і робіцца ён не як у іншых месцах на аснове какава-парашку і дабавак, а з цёртай какавы. На вітрыне красуюцца разнастайныя салодкія вырабы ручной працы, якія прапануе пакупнікам прадавачка у касцюме "Чырвонага каптурка". Дзіўна, хто, як не "Камунарка" з яе шакабарамі павінна быць у дзіцячых парках, месцах сямейнага адпачынку, ды нават у той жа Белавежскай пушчы, куды дзяцей вязуць цэлымі класамі? У лепшым выпадку дзецям там можна купіць бліны, выпечку. А мо лепш прапанаваць на продаж у людных месцах чабурэкі ці наогул чыпсы? Вы завітайце ў сталічны парк Чалюскінцаў ці Батанічны сад, паглядзіце, што там прадаецца. У парку хоць выпечку можна набыць, а ў Батанічным і кавярня не заўсёды працуе. Ды што дзецям, хіба і дарослым не хочацца салодкага жыцця? Алена Дзядзюля. Фота Марыны Бегунковай. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнты "Звязды" завіталі ў цукерачную майстэрню — на фабрыку "Камунарка". Мы пабачылі, як шакалад з цягучай масы ператвараецца ў звычайныя... |
|