Слабыя месцы — арфаэпічныя, арфаграфічныя і граматычныя адметнасці беларускай мовы
12.06.2010
—
Новости Общества
|
14 чэрвеня ў Беларусі афіцыйна стартуе прыёмная кампанія. Першымі ў пункты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання прыйдуць маладыя людзі, якія ў якасці абавязковага экзамену па дзяржаўнай мове абралі беларускую мову. У гэтым годзе тэст па роднай мове пажадалі здаваць больш за 67 тыс. чалавек. Выходзіць першымі на старт экзаменацыйнага марафону заўсёды цяжэй, таму пажадаем ім поспехаў. На жаль, літаральна кожны год знаходзяцца абітурыенты, якія па ўласнай няўважлівасці і бязладнасці застаюцца за бортам уступнай кампаніі. У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў прыгадалі выпадак, калі маладыя хлопцы з Лунінца прыехалі здаваць тэсціраванне ў Пінск і... заблукалі ў трох вучэбных корпусах, спазніўшыся на экзамен. У Белдзяржуніверсітэце быў выпадак, калі абітурыент ужо здаў сваю тэставую работу і , не адыходзячы ад арганізатараў, выцягнуў з кішэні мабільны тэлефон, каб патэлефанаваць бацькам, хоць мабільныя тэлефоны ва аўдыторыях , дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, знаходзіцца пад строгай забаронай. Карыстаўся ці не карыстаўся абітурыент сваім тэлефонам, ніхто высвятляць не павінны. Хлопца было па-чалавечы шкада, але правілы — агульныя для ўсіх. Таму вынік тэста небаракі быў тут жа ануляваны... Здараецца, што абітурыенты забываюць прыхапіць з сабой на іспыт свой пропуск ці дакумент, які сведчыць іх асобу. Забываюць паставіць на пропуску пазнаку "цэнтралізаванае тэсціраванне прайшоў". А колькі памылак дапускаюць абітурыенты пры запаўненні вобласці рэгістрацыі! Прыкладна кожны дваццаты абітурыент дапускае ў вобласці рэгістрацыі хоць адну памылку. А своеасаблівы рэкорд — тры памылкі, дапушчаныя ў імені Дзяніс. Каб не дапусціць крыўдных сітуацый, у гэтым годзе ўсіх абітурыентаў, якія прайшлі электронную рэгістрацыю на ЦТ, на зваротным баку пропуска праінфармавалі пра дакладнае месца праходжання ЦТ нават з указаннем маршрутаў гарадскога транспарту. Але праз электронную рэгістрацыю прайшлі прыкладна 60 працэнтаў удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання. Таму, каб не бегаць паміж карпусамі, на тэсціраванне лепш не спазняцца. Абітурыент, які прыбудзе ў пункт правядзення ЦТ пасля ўскрыцця пакета з педагагічнымі тэстамі, у аўдыторыю не дапускаецца. З сабой на тэсціраванне абавязкова трэба прыхапіць чорную гелевую або капілярную ручку. Галоўнае, каб у чарнілах не было серабрыстага адцення. Некалькі гадоў таму ў адным з абласных цэнтраў абітурыенты масава закупілі такія вось ручкі, чым стварылі сур'ёзныя праблемы пры "чытанні" бланкаў адказаў. Высветлілася, што аргтэхніка дрэнна "бачыць" серабрыстыя чарнілы. Абітурыенту забараняецца пранасіць, а таксама выкарыстоўваць у аўдыторыі, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, любыя прадметы, акрамя пропуска, дакумента, які сведчыць іх асобу, і чорнай ручкі. Калькулятарам дазваляецца карыстацца толькі на тэсціраванні па фізіцы і хіміі, прычым калькулятар павінен быць з самымі простымі вылічальнымі функцыямі. Арганізатары забараняюць выкарыстоўваць інжынерныя, графічныя калькулятары, а таксама ўсе калькулятары, убудаваныя ў іншыя прыборы, напрыклад, у электронныя запісныя кніжкі, мабільныя тэлефоны і г.д. Абітурыентам забараняецца мяняцца месцамі, выкарыстоўваць чужую дапамогу пры выкананні тэставых заданняў, размаўляць з іншымі ўдзельнікамі ЦТ. Абітурыент, які парушыў устаноўленыя патрабаванні, адхіляецца ад удзелу ў ЦТ. Яго бланк адказаў пагашаецца, а ў пропуску робіцца пазнака "Выдалены за парушэнні". Пры атрыманні экзаменацыйных матэрыялаў абітурыент абавязаны пераканацца ў адпаведнасці нумара варыянта бланка адказаў нумару варыянта педагагічнага тэста. Абітурыент нясе за адказнасць за захаванасць экзаменацыйных матэрыялаў з моманту іх атрымання да моманту перадачы арганізатарам тэсціравання. Папера для рабочых запісаў на тэсціраванні выдаецца абітурыентам у неабходнай колькасці. Многіх цікавіць, а ці можна будзе (у экстранным выпадку выйсці) з экзаменацыйнай аўдыторыі ў прыбіральню? Арганізатары запэўніваюць, што у гэтым ніхто перашкаджаць не будзе: абітурыент здае сваю экзаменацыйную работу арганізатарам, затым у суправаджэнні супрацоўніка ён можа пакінуць аўдыторыю, вярнуцца і прадоўжыць выпрабаванне. Аднак абітурыент пры гэтым губляе час, які даецца для выканання тэста. Пачаткам адліку часу, адведзенага на ЦТ, з'яўляецца час атрымання апошняга экзэмпляра педагагічнага тэста. Абітурыент мае права у працэсе тэсціравання заявіць арганізатарам, што нейкае заданне, на яго думку, складзена некарэктна, у ім утрымліваецца памылка ці не прыведзена правільных адказаў. Усе прэтэнзіі заносяцца ў пратакол з указаннем нумара варыянта педагагічнага тэста, нумара задання і зместу заўвагі. Пытанні абітурыентаў наконт зместу педагагічных тэстаў у экзаменацыйнай аўдыторыі не разглядаюцца. Працэдура апеляцыі на цэнтралізаваным тэсціраванні не прадугледжаная. А цяпер колькі слушных парад ад метадыстаў Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў абітурыентам і іх бацькам, як рыхтавацца да тэсціравання і як паспяхова справіцца з экзаменацыйнымі выпрабаваннямі. ПАРАДЫ ДЛЯ БАЦЬКОЎ: Не хвалюйцеся за колькасць балаў, якія дзіця атрымае на ЦТ і не крытыкуйце яго пасля цэнтралізаванага тэсціравання. Унушайце яму думку, што колькасць балаў не з'яўляецца дасканалым вымярэннем яго магчымасцяў. Не павышайце трывожнасць дзіцяці напярэдадні ЦТ — гэта можа адмоўна адбіцца на выніках тэсціравання. Дзіцяці заўсёды перадаецца хваляванне бацькоў, і калі дарослыя ў адказны момант не могуць справіцца са сваімі эмоцыямі, то дзіця таксама можа эмацыянальна "сарвацца". Падбадзёрвайце дзяцей, павышайце іх упэўненасць у сабе, бо чым больш дзіця баіцца няўдачы, тым большая верагоднасць памылак. Назірайце за самаадчуваннем дзіцяці, ніхто акрамя вас не зможа своечасова заўважыць і папярэдзіць пагаршэнне яго стану, выкліканае стамленнем. Кантралюйце рэжым падрыхтоўкі дзіцяці, не дапускайце перагрузак, тлумачце яму, што заняткі павінны чаргавацца з адпачынкам. Забяспечце дзіцяці зручнае месца для заняткаў, прасачыце, каб ніхто з членаў сям'і яму не перашкаджаў. Звярніце ўвагу на харчаванне дзіцяці. Падчас інтэнсіўнага разумовага напружання яму неабходная пажыўная, разнастайная ежа і збалансаваны комплекс вітамінаў. Такія прадукты як рыба, тварог, арэхі, курага стымулююць работу галаўнога мозгу. Дапамажыце дзецям размяркоўваць тэмы падрыхтоўкі па днях. Не мае сэнсу зубрыць увесь фактычны матэрыял, дастаткова прагледзець ключавыя моманты і ўлавіць сэнс і логіку матэрыялу. Вельмі карысна рабіць сціслыя схематычныя выпіскі і табліцы, якія сістэматызуюць вывучаемы матэрыял. Калі дзіця не ўмее, то пакажыце яму, як гэта робіцца на практыцы. Асноўныя формулы і азначэнні можна выпісаць на паперках і павесіць іх над пісьмовым сталом, ложкам ці на кухні. Падчас трэніроўкі па тэставых заданнях прывучайце дзіця арыентавацца ў часе і умець яго размяркоўваць. Калі дзіця ўмее канцэнтравацца, гэта надасць яму спакой і зніме залішнюю трывогу. Напярэдадні цэнтралізаванага тэсціравання забяспечце дзіцяці паўнавартасны адпачынак. Ён павінен добра выспацца. ПАРАДЫ ДЛЯ АБІТУРЫЕНТАЎ: Час — галоўная каштоўнасць для ўдзельніка тэсціравання, таму вельмі важна правільна яго размеркаваць. Не менш важна навучыцца хутка пераключацца з адной тэмы на другую, з аднаго задання на другое. Пераходзячы да новага, пажадана забыць пра ўсё, што было ў папярэднім заданні. Як правіла, заданні ў тэстах не звязаныя адно з адным, таму веды, якія ўжо прымяняліся, не дапамагаюць, а толькі перашкаджаюць сканцэнтраваць увагу і правільна выканаць наступнае заданне. Сплануйце свой час работы так, каб паспець прабегчыся па ўсіх заданнях і вярнуцца на другі круг, такім чынам вы зможаце сабраць максімум ачкоў на "сваіх" заданнях і яшчэ застанецца час, каб падумаць над праблемнымі пытаннямі. Але ў спешцы можна дапусціць прыкрую памылку, калі не дачытаць умовы задання да канца, а арыентавацца толькі па першых словах. Разам з тым, калі заданне будзе для вас не зусім зразумелым, варта зазірнуць у прапанаваныя варыянты адказаў — магчыма, іх змест дапаможа зразумець, што ад вас чакаюць стваральнікі тэста. Неабходна ўдумліва, уважліва чытаць фармулёўкі да заданняў. Адрознівайце падобныя на першы погляд, але зусім супрацьлеглыя пытанні тыпу "Працяжнік на месцы пропуску ставіцца" і "Працяжнік на месцы пропуску не ставіцца", "Літара "а" пішацца ў словах" і "Літара "а" не пішацца ў словах". Можна падкрэсліць у фармулёўцы ключавыя словы, якія пастаянна трэба мець на ўвазе, абдумваючы правільныя адказы. Напрыклад, у фармулёўцы "Адзначце правільна запісаныя словы" варта выдзеліць словы "правільна запісаныя", у фармулёўцы "Адзначце прыметнікі, ад якіх не ўтвараюцца формы ступеняў параўнання" трэба падкрэсліць слова "не ўтвараюцца", бо, страціўшы уважлівасць, можна памыліцца і адзначыць у бланку адказаў прыметнікі, ад якіх, наадварот, утвараюцца формы ступеняў параўнання. Для паспяховага выканання заданняў з часткі В важна патрэніравацца ў запаўненні бланка друкаванымі літарамі. Трэба мець на ўвазе, што адказ не залічваецца як правільны, калі ў напісанні слоў дапушчаны арфаграфічныя памылкі. Адказ даецца толькі ў кароткай форме (слова, словазлучэнне ці цэлая лічба). Кожная лічба, літара ці знак мінус (калі лічба адмоўная) запісваюцца ў асобную клетачку. Адказ, які складаецца з двух слоў, пішацца злітна, без дэфісу, прабелу ці іншага падзяляльнага знака. Кожны сімвал хімічнага элемента, верхні і ніжні індэксы, адкрытую і закрытую дужку трэба ўносіць у асобную клетку. Для напісання сімвалаў хімічных элементаў варта выкарыстоўваць толькі вялікія літары. Калі лічбавы адказ атрымліваецца ў выглядзе дробу, то яго варта акругліць да цэлай лічбы па правілах матэматычнага акруглення. Нельга запісваць адказ у выглядзе матэматычнай формулы ці выразу. Нельга ўказваць таксама і адзінкі вымярэння (градусы, працэнты, метры, тоны), даваць слоўныя загалоўкі ці каментары да лічбы. Некаторыя заданні можна вырашаць больш хутка, калі не шукаць адразу правільны адказ, а паслядоўна выключаць тыя, якія яўна не падыходзяць. Метад выключэння дазваляе канцэнтраваць увагу на адным-двух варыянтах, што значна спрашчае задачу. Лічыцца, што заданні размяшчаюцца па нарастанні ўзроўню складанасці, і выконваць іх трэба па парадку. Тым не менш паняцце складанасці — даволі суб'ектыўнае, і, магчыма, некаторыя заданні часткі В, якія не маюць падказак, менавіта для вас не будуць цяжкімі. Да таго ж з заданнямі часткі В спраўляецца меншая колькасць абітурыентаў, таму пры выстаўленні канчатковай адзнакі яны маюць большую "вагу", чым задачы часткі А. Балы за кожнае заданне налічваюцца, зыходзячы з таго, колькі ўдзельнікаў тэсціравання змаглі яго выканаць (камп'ютарная праграма вызначае так званы каэфіцыент складанасці). За выкананне складнага задання ўдзельніку тэсціравання налічваецца адпаведна больш высокі бал. А на тэсціраванні па рускай і беларускай мовах, дзе прадугледжаны заданні з некалькімі правільнымі адказамі, камп'ютар залічвае абітурыентам у тым ліку і часткова правільныя адказы. У беларускай мове ёсць асабліва складаныя для абітурыентаў раздзелы і пытанні, складаныя перш за ўсё па той прычыне, што для свабоднага валодання беларускай мовай трэба быць яе носьбітам. Вялікія цяжкасці традыцыйна выклікаюць заданні па арфаэпіі, накіраваныя на праверку вымаўлення і напісання галосных і зычных гукаў, асаблівасцяў націску ў беларускай мове. Прычым абітурыенты няправільна ставяць націск у словах, якія не толькі кожны год сустракаюцца ў тэставых заданнях, але і ўваходзяць у актыўную лексіку беларусаў. Праблемы ўзнікаюць з выкананнем заданняў на правапіс канчаткаў назоўнікаў, правапіс парадкавых і дробавых лічэбнікаў, правапіс прыслоўяў і слоў, блізкіх да іх. Слаба засвоеныя выпускнікамі ўтварэнне і ўжыванне дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў. Адным словам, пры падрыхтоўцы да ЦТ па беларускай мове асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тыя арфаэпічныя, арфаграфічныя і граматычныя адметнасці беларускай мовы, якія складаюць яе спецыфіку, і на папаўненне свайго слоўнікавага запасу. Значную частку памылак на тэсціраванні складаюць пунктуацыйныя, асабліва на адасабленне даданых членаў сказа. Надзея НІКАЛАЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
14 чэрвеня ў Беларусі афіцыйна стартуе прыёмная кампанія. Першымі ў пункты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання прыйдуць маладыя людзі, якія ў якасці... |
|