Курманбек Бакіеў: Прашу прэзідэнта Беларусі аказаць гуманітарную дапамогу пацярпелым. 21.by

Курманбек Бакіеў: Прашу прэзідэнта Беларусі аказаць гуманітарную дапамогу пацярпелым

16.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя Курманбека Бакіева. Ініцыятарам чарговай сустрэчы з беларускімі журналістамі выступіў сам прэзідэнт Кыргызстана (паводле яго слоў, паўнамоцтвы прэзідэнта юрыдычна ён яшчэ не складаў), які пакінуў краіну пасля ўзброенага захопу ўлады апазіцыяй. Курманбек Саліевіч прызнаўся, што не можа проста сядзець і моўчкі назіраць за тым, што адбываецца сёння на яго радзіме.

"Прашу АДКБ прыслаць войскі ў Кыргызстан"

Прычынай міжнацыянальнага канфлікту, які адбыўся ў горадзе Ош, як паведаміў Бакіеў, паслужыла элементарная бытавая сварка.

— У нейкім казіно гэтага горада паміж маладымі хлопцамі кіргізскай і ўзбекскай нацыянальнасцяў адбылася сварка. І замест таго, каб пагасіць і хутка зрэагаваць на гэтую сварку, і мясцовыя органы ўлады, і часовы ўрад ці праігнаравалі, ці зрабілі выгляд, што з гэтага нічога не можа адбыцца. У выніку адбылося страшнае: бязладдзе на поўдні краіны прывяло да шматлікіх чалавечых ахвяр, я ўжо не кажу пра раненых і бежанцаў. І ў гэтым члены часовага ўрада, як гэта ў іх прынята, зноў-такі абвінавачваюць мяне і членаў маёй сям'і. Але ўсе мае блізкія, вы ж у курсе, на ўцёках у розных краінах. Я не кантактую з імі, бо гэта небяспечна.

Спадар Бакіеў заверыў, што практычна ("ну, магчыма, маю некалькі тэлефонных размоў з асобнымі членамі былога парламента") не падтрымлівае стасункаў і з былымі членамі ўрада, кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў.

— Практычна ўсе, з кім я працаваў, таксама на ўцёках. Адзінкі засталіся ў Бішкеку. У дачыненні да іх заведзены надуманыя крымінальныя справы. Іх запалохваюць, пагражаюць, захопліваюць маёмасць. І яны не ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Кыргызстана, згодны на ўсё, каб толькі не чапалі іх дзяцей. Адным словам, бязладдзе, якое пачалося з самага пачатку ўзброенага нападу на Белы дом, працягваецца і па сёння.

Курманбек Бакіеў прызнаўся, што не верыць у тое, што часовы ўрад Кыргызстана здольны спыніць кровапраліцце, бо "ён абсалютна не кантралюе сітуацыю ў краіне. Калі б яны кантралявалі сітуацыю, то такога б не дапусцілі". Ён лічыць, што стабілізаваць сітуацыю ў Кыргызстане, дзе ўспыхнулі сутыкненні на міжнацыянальнай глебе, у сілах толькі калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання АДКБ.

— Пасля ўзброенага захопу ўлады ў Кыргызстане праваахоўныя органы, сілавыя структуры цалкам дэмаралізаваныя. Яны не могуць нічога рабіць. Як у такой сітуацыі можна забяспечыць бяспеку грамадзян? Толькі за кошт знешніх сілаў. Трэба ўводзіць у рэспубліку сілы АДКБ, я казаў пра гэта, яшчэ калі (у красавіку) прайшоў штурм Белага дома і Бішкек гарэў і палаў. Інакш чалавечыя ахвяры могуць яшчэ ўзрасці. Хачу яшчэ раз звярнуцца да кіраўнікоў краін — членаў АДКБ з просьбай больш аператыўна і адэкватна адрэагаваць на сітуацыю ў Кыргызстане, дапамагчы народам, якія пражываюць там, аднавіць стабільнасць і парадак.

"Сям'я Бакіевых заўсёды была інтэрнацыянальнай"

Вялікія спадзяванні спадар Бакіеў ускладае і на мудрасць двух брацкіх народаў, узбекскага і кіргізскага.

— Гістарычна мы заўсёды жылі разам, працавалі разам, у нас вельмі шмат змешаных шлюбаў, і наогул дзяліць там няма чаго. Наша сям'я, сям'я Бакіевых, заўсёды была інтэрнацыянальнай. Бацькі нас выхоўвалі ў такім духу. У нас рускія нявесткі, ёсць узбечкі, ёсць татары. Усе ведаюць, што сям'я Бакіевых жыла ў міры і згодзе. Я заклікаю членаў часовага ўрада Кыргызстана, спадарыню Атунбаеву, Бекназарава і ўсіх астатніх, не эмацыйныя заявы рабіць (яны вельмі любяць гаварыць, праводзіць прэс-канферэнцыі), а справай займацца. Чым валіць з хворай галавы на здаровую, абвінавачваючы мяне, маіх родных і папярэдняе кіраўніцтва, ды займацца ганеннямі, лепш бы пастараліся зняць напружанне, урэгуляваць сітуацыю. Гаворка ж ідзе пра бяспеку людзей.

Карыстаючы магчымасцю, Курманбек Бакіеў звярнуўся з просьбай і да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аказаць пацярпелым гуманітарную дапамогу.

— Не часоваму ўраду Кыргызстана, а народу Кыргызстана, тым, хто пацярпеў, сем'ям кіргізскага і ўзбекскага народаў. Бо нічога зараз там не працуе, усё разрабавана, усё гарыць. І проста можа здарыцца так, што людзям элементарна не будзе чаго есці.

"Я не трымаюся за гэтую ўладу"

Курманбек Бакіеў таксама заявіў, што не збіраецца вяртацца ў Кыргызстан у якасці прэзідэнта.

— Ходзяць чуткі, што я хачу вярнуцца ў Кыргызстан. Я пра гэта ўжо гаварыў некалькі разоў: такога і ў думках няма, быццам бы мы спрабуем перашкодзіць рэферэндуму. Ды калі ласка, хоць дзесяць рэферэндумаў праводзьце. Я не трымаюся за гэтую ўладу.

Больш за тое, Бакіеў з упэўненасцю заявіў, што палітыкай больш займацца не збіраецца.

— Зараз вывучаю беларускае заканадаўства. Я прыйшоў са сферы вытворчасці, таму гэта мне блізка. Хачу проста, як усе, хадзіць па горадзе, кантактаваць з нармальнымі людзьмі і радавацца таму, што жывым застаўся. Беларусь мне падабаецца, людзі гасцінныя і моўных праблем няма. Як доўга тут прабуду? Пакуль не думаў пра гэта. Зараз мяне больш за ўсё трывожыць сітуацыя ў Кыргызстане.

"За апошні час я нікуды не выязджаў з Беларусі"

— Пэўны час гуляла інфармацыя, што Вы пакідалі Мінск, каб з'ездзіць на адпачынак у Турцыю, — пацікавіліся ў Курманбека Бакіева. — Гэта праўда?

— Я нікуды не выязджаў. З першых дзён, як прыехаў у Беларусь, знаходжуся тут. Ні ў якой Турцыі я не быў. Калі б я быў там, то, напэўна, гэта схаваць было б немагчыма. За гэты час я пазнаёміўся з Мінскам, горад мне вельмі спадабаўся. Чыста, акуратна, дружалюбна. Прырода прыгожая, дажджоў, праўда, шмат. Раней я быў тут з афіцыйным візітам, таму практычна нічога не бачыў.

"У дачыненні да мяне беспадстаўна завялі крымінальную справу"

— Мяне абвінавачваюць у тым, што я быццам бы перавысіў свае паўнамоцтвы і стварыў структуры, не прадугледжаныя законам, — адзначыў спадар Бакіеў. — Гэта надумана і не мае пад сабой ніякой падставы. Як можна распачынаць такія крымінальныя справы, не разабраўшыся?

Ён нагадаў, што прыйшоў да ўлады ў сакавіку 2005 года. Працаваў ў межах Канстытуцыі. За пяць гадоў яго каманда змагла павялічыць дзяржаўны бюджэт у 3,5 раза.

— Мы рабілі сваю справу: будавалі новыя школы, дарогі, павышалі зарплаты, пенсіі. А апазіцыя ў гэты час мітынгавала, патрабавала адстаўкі прэзідэнта. Я думаў: няхай крычаць, нічога страшнага, усё ж такі дэмакратычная краіна. Менавіта яны, арганізатары гэтых мітынгаў, і захапілі ўладу ў Кыргызстане. Улада не змагла сябе абараніць: праваахоўныя органы аказаліся негатовымі да ўзброенага захопу.

Напрыканцы сустрэчы Курманбек Бакіеў выказаў меркаванне, што ў сувязі з падзеямі, якія адбываюцца, кыргызстанскія бізнэсмены і інтэлігенцыя пачнуць выязджаць з краіны.

— Эканоміка ды і наогул імідж Кыргызстана моцна ўпалі. Вельмі цяжка будзе ўсё аднаўляць. Але я спадзяюся, што ў кыргызскага народа і ў іншых нацый і народнасцяў, якіх на тэрыторыі краіны больш за 80, хопіць сілаў, мудрасці, вытрымкі, цярпення і разважлівасці, каб аднавіць краіну.

Надзея ДРЫЛА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя Курманбека Бакіева. Ініцыятарам чарговай сустрэчы з беларускімі журналістамі выступіў сам прэзідэнт Кыргызстана (паводле яго...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика