Купалле — светлая пара. 21.by

Купалле — светлая пара

15.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На Беларусі Купальская традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне
Народныя традыцыі сталі важкім складнікам у жыцці многіх беларускіх суполак
Самая кароткая ноч… Менавіта ў такі патаемны час спрадвеку святкавалі ў Беларусі Купалле. Па сутнасці, усёй грамадой праводзілі найдоўгі дзень года. Дарэчы, калі следаваць гэтаму прынцыпу, не будзе і блытаніны з часам правядзення Купалля, аднаго з асноўных святаў у календары продкаў-язычнікаў. І яшчэ культуролагі робяць выснову: Купала — гэта славянскі бог Чысціні і Здароўя. Таму глыбінны сэнс свята і ў тым, каб прайшоўшы ў Купальскую ноч фізічнае і духоўнае ачышчэнне, светла жыць далей.
Купалле сёння — і знак нашай прысутнасці ў свеце. Святкуючы яго, беларускія суполкі замежжа тым самым сцвярджаюць: мы ёсць, мы памятаем народныя традыцыі. Святы з зыркімі вогнішчамі, карагодамі штогод ладзяцца, напрыклад, у краінах Прыбалтыкі. І на вялікіх прасторах Расіі, у тым ліку ў Іркуцкай вобласці, дзе кампактна жывуць тысячы беларусаў. Дарэчы, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў удакладняе: Іркуцкая вобласць па велічыні — як цэлая краіна, па плошчы яна “што Украіна, Беларусь, уся Прыбалтыка і нават Фінляндыя разам узятыя”. Каб не згубіцца на тых прасторах, імкнуцца землякі ў Прыбайкаллі не адрывацца ад родных каранёў. “Наша таварыства выхоўвае шчырых беларускіх патрыётаў, асабліва сярод моладзі, — расказваў журналістам на сустрэчы ў Мінску А.Рудакоў, наш зямляк з Віцебшчыны. — Хоць актывісты суполкі — гэта праўнукі ці прапраўнукі тых, хто перасяліўся ў Сібір сто гадоў таму, аднак яны дзякуючы сумеснай рабоце прыдбалі беларускасць. І мы ж не проста нейкія забавы-танцулькі ладзім, а свядома шчыруем на тое, каб усе, хто да нас прыходзіць, адчувалі беларускі дух. Каб пацягнуліся да нашай гісторыі, традыцый, культурных здабыткаў”.
Адзін са шляхоў абудзіць цікавасць — народныя строі. У іркуцкай суполцы так павялося, што лічыцца добрым тонам прыходзіць на святы не ў паўсядзённым адзенні, а ў нацыянальных кашулях. Шыюць іх не толькі дзяўчаты, але і хлопцы. “Адзін нават і сабе, і дзяўчыне, з якой сябруе, вышыў кашулю”, — радуецца Рудакоў. Вядома ж, пры гэтым спачатку трэба выбраць мадэль, арнамент, пагартаць кнігі, альбомы… З’явіліся ў суполцы аматары паясапляцення, некаторыя захапіліся абрадавымі лялькамі, іншымі відамі народнай творчасці. Пайшла і модная хваля на беларускія імёны. Прычым калі раней рускія імёны на беларускі лад перайначвалі (дзяўчаты называлі сябе, скажам, Воля, Алена…), то цяпер на Іркуччыне жыве і маленькая Рагнеда: такім імем яе нараклі бацькі.
У Іркуцкай суполкі 20 аддзяленняў па вобласці, 20 кірункаў дзейнасці. Пра беларусаў, іх цікавыя справы ведаюць і ўлады, і людзі культуры, і звычайныя жыхары. Амаль штомесяц — нейкае свята, з асвятленнем у СМІ. Прычым, жартуе Рудакоў, “раней я адзін галоўны беларус быў, усе справы закручваў”, а цяпер падрос актыў. У прыватнасці, хутка набірае сілу маладзёжны клуб “Крывічы”, якім кіруе Воля Галанава. І калі Рудакоў быў у ад’ездзе, актыў клуба правёў у Ангарску мерапрыемства да Дня Перамогі — ушанавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай, якія маюць родавыя карані ў Беларусі ці ўдзельнічалі ў яе вызваленні.
— У мяне часта пытаюць землякі з іншых суполак, у тым ліку і на з’ездзе расійскіх беларусаў: як вы моладзь прывабліваеце? — разважае Алег. — Адзін пажылы чалавек расказваў: збяромся, маладосць узгадаем, песню за сталом пад чарку заспяваем — і далей няма чаго рабіць, і моладзь да нас не ідзе… Сапраўды, застолле — далёка не ўсё, што трэба прадугледзець, ды за сталом і не збярэш многа людзей. А згадайце беларускія вячоркі, маёўкі — на іх жа ўсім было цікава! І ў нас такая, ад народных традыцый, методыка. Мы кожнае свята прадумваем, робім абавязкова сцэнар да любога мерапрыемства, каб паказаць на ім беларускія традыцыі, нашу культуры. Гэта цікавая асветніцкая праца: і для тых, хто робіць свята, і хто да нас прыходзіць. Напрыклад, адна дзяўчына зацікавілася беларускімі песнямі, пашукала карані — а ў яе бацька з-пад Мінска. Мы маладым нешта даручаем, скажам, рытуальныя словы сказаць на свяце Гукання вясны, — і яны пашыраюць светагляд. Дарэчы, адна дэталь: мы ўсе ахвотна развучваем бытавыя танцы. Без іх жа раней не абыходзіліся ні вячоркі, ні вяселлі... Гэта неацэнны вопыт продкаў! Я асабіста амаль дваццаць бытавых танцаў магу станцаваць. Таму гэтак званы танцавальны блок на нашых святах абавязковы, так кожны можа і нечаму павучыцца, і сябе паказаць.
І што нас, журналістаў, асабліва здзівіла: гаворачы пра неадкладныя справы, Алег Рудакоў яшчэ напрыканцы красавіка дбаў… пра аргкамітэт Купалля! Планаваў сабраць пасяджэнне ўправы клуба “Крывічы” і гарадскую раду Таварыства. Чаму ж такі доўгі шлях да Купалля? Аказваецца, найперш у Іркуцку ладзяць конкурс “Купалінка” — выбіраюць дзяўчыну, якая стане галоўнай асобай на Купаллі. І дзяўчаты на Купальскім свяце асабліва прыгожыя“Прычым тая дзяўчына, што раней была ў гэтай ролі, ужо не мае права ў конкурсе ўдзельнічаць, — дзяліўся вопытам Алег. — Таму паўтарэнняў няма, а конкурс — заўсёды вялікая канкурэнцыя. Мы ж выбіраем не проста “ляльку-прыгажуню”. Яна павінна, па-першае, добра ведаць увесь абрад, сакральны сэнс свята, яго тонкасці і асаблівасці, каб ход Купалля скіроўваць. Па-другое, словы абавязкова вывучыць па-беларуску, якія пад час рытуалаў патрэбны. Па-трэцяе, строй зрабіць прыгожы, арыгінальны. Ну і шэраг іншых умоў ёсць. Рыхтуючыся да конкурсу, дзяўчаты шмат даведваюцца пра нашу культуру. І толькі лепшая атрымлівае гонар, славу і пашану — становіцца Купалінкай на Купаллі.”
Як бачым, рэцэпты паспяховага правядзення Купалля і простыя, і складаны адначасова. “Трэба старанна рыхтаваць і з душой праводзіць прыгожыя нацыянальныя святы, — падагульняе А. Рудакоў. — Тады і моладзь валам будзе ісці ў беларускія суполкі, і цікавасць да нашай культуры, да сваіх каранёў будзе пашырацца”. Дарэчы, спецыяльна “па нацыянальнасці” актыў у Іркуцку не падбіраюць: прыходзь, працуй любы, пакажы, чаго варты. Праўда, у тых мясцінах, прызнаецца Алег, “так шмат уплыву беларускага”, што амаль кожны “беларускую крывінку” ў сабе ўрэшце і знаходзіць...

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народныя традыцыі сталі важкім складнікам у жыцці многіх беларускіх суполакСамая кароткая ноч… Менавіта ў такі патаемны час спрадвеку святкавалі ў Беларусі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика