Астралогія старажытных беларусаў. 21.by

Астралогія старажытных беларусаў

30.06.2010 12:41 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У сталічным Садзе камянёў, што ва Уруччы, ёсць валун, на якім выяўлена карта зорнага неба — адна з самых старажытных на Беларусі. Там пазначаны Сонца, Месяц, некаторыя іншыя планеты і зоркі. Паводле розных ацэнак, надпіс быў зроблены ў прамежку паміж VІ-ІІ тысячагоддзямі да новай эры.

— Задоўга да з'яўлення задыякальнай астралогіі ў нашых продкаў існавала свая самабытная астралагічная традыцыя, — патлумачыў астролаг Уладзімір ВАСЮК. — Ёсць сведчанні (як згаданая вышэй карта), што старажытныя плямёны, якія насялялі тэрыторыю сённяшняй Беларусі, назіралі за небам яшчэ за некалькі тысячагоддзяў да нараджэння Хрыста.

Задыякальная астралогія — адносна маладое паняцце. Яна ўзнікла ў старажытнай Персіі прыкладна ў 5 стагоддзі да новай эры, а шырокае распаўсюджанне атрымала ў 2-3 стагоддзі новай эры. Паводле слоў астролага, у дахрысціянскую эпоху развіццё беларускай астралагічнай традыцыі ішло паралельна з астатнімі народамі свету. Аднак у адрозненне ад кельтскіх друідаў, "архітэктараў" Стоўнхенджа (каменнага збудавання часоў неаліту, прызначанага для назірання за небам), нашы продкі не ўзводзілі геаметрычна роўных "абсерваторый".

Для назіранняў яны выкарыстоўвалі гарызантальную сістэму каардынат. Асноўным інструментам служыў вялікі валун, пастаўлены на адкрытым месцы на ўзвышшы. Ён лічыўся "нулявым пунктам адліку", а лінія гарызонту — гарызантальнай воссю. Вакол валуна — у адпаведнасці з перамяшчэннем па небу планет і зорак — выкладаліся камяні меншага памеру. Такая простая, здавалася б, сістэма дазваляла старажытным прабеларусам рабіць складаныя вылічэнні і не толькі фіксаваць убачанае, але — на падставе ведання касмічных законаў — рабіць прагнозы і прадказанні на будучыню як для асобнага чалавека, так і для роду, племені ў цэлым.

— Такія своеасаблівыя "абсерваторыі" пад адкрытым небам часткова захаваліся на Беларусі і да нашых часоў, — развіў тэму Уладзімір Васюк, — аднак на працягу шматвяковай гісторыі камяні не аднойчы перасоўвалі. Вось калі б іх не краналі, то сёння мы б маглі аднавіць усю сістэму старажытных назіранняў за зоркамі.

На Полаччыне і Гродзеншчыне паблізу рэк захаваліся капішчы, якія таксама служылі "абсерваторыямі". Яны самі лічыліся "нулявым пунктам адліку", а вакол іх, па баках свету, размяшчаліся 4, 8, 16 камянёў, адносна якіх потым і фіксавалі перамяшчэнне нябесных целаў.

Між іншым, сама сістэма назіранняў за зорным небам ў нашых продкаў мела назву віцьба (ад кораня "віт" — назіранне). Гэта тагачасны аналаг слова "астралогія".

На жаль, непасрэдных носьбітаў старажытнабеларускай астралагічнай традыцыі не існуе (хрысціянства паставіла назіранні за зорным небам і астралагічныя веды па-за законам). Затое ў народнай традыцыі захавалася вельмі шмат астралагічных "шыфраў". Напрыклад, у арнаменце, якім беларусы ўпрыгожвалі кашулі, ручнікі і паясы, у выглядзе сімвалічных малюнкаў "закадзіраваны" ўсе вядомыя на той час планеты, наша сонца і іншыя зоркі, іх рух па небу, узаемадзеянне. Ведаючы мову сімвалаў, іх можна расшыфраваць.

12-членнага задыяку, да якога прывыклі мы (Авен, Цялец, Блізняты і г.д.), у нашых продкаў не было. Замест яго яны выкарыстоўвалі свой. Іх задыяк складаўся з 16 членаў і меў "птушыныя" назвы. Так, Перапёлка адпавядала няпоўнаму знаку Блізнят у сучаснай астралогіі, Лебедзь — знаку Рака, Сокал — Казярогу, Белы Журавель — памежжу сучасных Шаляў і Дзевы і г.д.

— Птушыны задыяк не выкарыстоўваўся для прадказання лёсу асобнага чалавека, а служыў для складання прагнозаў для вялікай групы людзей — роду, племені, — патлумачыў Уладзімір Васюк. — Рух Сонца па экліптыцы абазначаўся словам "рай". Адсюль у беларускай мове захавалася слова "раіць" (першапачаткова — звярацца з зорамі, карыстацца іх парадамі; вырай — краіна вечнага сонечнага святла, якой кіруе Сонца, адтуль прыходзяць і туды сыходзяць чалавечыя душы).

Планетам нашы продкі давалі "звярыныя" назвы: Марс зваўся Мядзведзем, Венера — Лісой, Сатурн — Воўкам і г.д. Такім чынам, у казках праз сімволіку звяроў і птушак апісвалася ўзаемадзеянне планет, зорак, іншых нябесных целаў і з'яў, а таксама іх уплыў на Зямлю.

Такім "звярыным кодам" старажытныя людзі абазначалі і вядомыя ім нябесныя з'явы. Напрыклад, зацьменні. Многія народы звязвалі зацьменне з Драконам, які выкрадаў Сонца (Месяц), у беларускай традыцыі гэта быў Цмок. Узгадаем казку пра трох асілкаў, якім давялося змагацца з адна-, трох- і сямігаловым цмокам. 1, 3 і 7 — гэта колькасць зацьменняў (сонечных і месяцавых) у серыі на працягу года (адно за месяц, тры ў адным месяцы ці сем за адзін год).

Уласныя назвы ў нашых продкаў мелі зоркі і сузор'і: Сонца — Белы Конь, Вялікая Мядзведзіца — Воз, Малая Мядзведзіца — Востраў (трэба ўлічваць, што ў старадаўнія часы абрысы сузор'яў былі іншымі ў параўнанні з тым, да чаго прывыклі мы, таму вельмі верагодна, што Вялікая Мядзведзіца тады больш нагадвала воз, чым коўш). Палярную зорку, якая і раней знаходзілася ля Паўночнага полюса, называлі Дубам. Гэтае свяшчэннае дрэва згадваецца ў многіх загаворах, прываротах ("... як на моры-акіяне стаіць дуб караністы...", "...на моры стаіць дуб, пад тым дубам дошка...")

— Да нашых часоў у мове захаваўся выраз "нарадзіцца пад шчаслівай зоркай". Ён пайшоў са старажытнасці, калі жрацы вызначалі, — якая зорка знаходзілася ў зеніце у момант нараджэння немаўля і, ведаючы яе астралагічныя характарыстыкі, прадказвалі жыццё чалавека. Калі зорка мела спрыяльныя характарыстыкі, гаварылі, што чалавек нарадзіўся пад шчаслівай зоркай.

Пачатак чэрвеня па сучасным календары ў нашых продкаў быў звязаны з сузор'ем Плеяды, якое яны называлі Сіта, Сітніца, а таксама Зніч (агонь). У многіх народаў свету існуюць астральныя міфы аб касмічным паходжанні людзей. У крывічоў таксама быў такі міф, які сцвярджаў, што нашай далёкай прарадзімай з'яўляецца сузор'е Зніч (Знічкі).

Зорнае неба нашы продкі называлі Белым Светам. Зямны свет — Чырвоным (Сонечным). Яны лічылі, што людзі некалі прыйшлі на Зямлю з Белага Свету, і калі надыдзе час адыходзіць з нашага (Чырвонага Свету), то яны зноў вернуцца ў Белы Свет. Гэты шлях быў дакладна абазначаны: ад Сітніцы праз наш свет і далей у бок сучаснага сузор'я Лебедзь, якое мела назву Чорны Бусел.

— Такім чынам, у дахрысціянскую эпоху ў нашых продкаў была свая сістэма назіранняў за небам, — падсумаваў Уладзімір Васюк. — Казкі і паданні, якія дайшлі да нас, сведчаць пра тое, што многія аспекты нябеснай механікі, адкрытыя навукай значна пазней, былі здаўна вядомы старажытным плямёнам, якія засялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі.

... Пераход да задыякальнай астралогіі ў нас, як і ў іншых краінах Еўропы, адбыўся на мяжы тысячагоддзяў і быў звязаны з распаўсюджваннем хрысціянства. Разам з рэлігіяй з Візантыі і Рыма ў Еўропу пачалі пранікаць і веды аб руху планет і зорак, 12-членны задыяк, астралагічныя тэрміны з рымскай язычніцкай міфалогіі.

— Быў астролагам і славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей, — працягваў астролаг. — У летапісах ён узгадваецца як зачаты змеем, здольны ваўком перакідвацца. Гэта сімвалы дахрысціянскага гараскопа, зыходзячы з якіх можна дакладна вызначыць дату нараджэння Усяслава Чарадзея. Воўк — гэта планета Сатурн, змей сімвалізуе зацьменне, значыць, князь з'явіўся на свет у момант сувязі Сатурна з пунктам зацьмення. Атрымліваецца 19 чэрвеня 1029 года на світанні, у 6 гадзін 15 хвілін.

Пры двары Маскоўскага князя Васілія ІІІ служыў урач і астролаг, выхадзец з Полацка Васіль Немчын (сапраўднае імя Мікалай Любчанін), які актыўна прапагандаваў астралогію і пакінуў пасля сябе шмат прадказанняў адносна палітычнага жыцця Еўропы і Расіі. У прыватнасці, адносна першай паловы XXІ стагоддзя ён папярэдзіў нашчадкаў аб экспансіі ўсходніх народаў на так званы цывілізаваны свет. Ён пісаў, што гэтая з'ява па маштабах можа пераўзысці нашэсце Чынгісхана на краіны Еўропы.

Яшчэ адзін наш зямляк, Ян Ліцвін (сапраўднае імя Ян Латаў), які жыў на мяжы XV-XVІ стагоддзяў і складаў астралагічныя прагнозы, прадказаў заняпад Атаманскай імперыі.

"Залатым векам" беларускай астралогіі можна лічыць часы існавання Кракаўскага і асабліва Віленскага ўніверсітэтаў, дзе астралогія выкладалася на кафедрах медыцынскіх навук на роўных з самой медыцынай і філасофіяй. Гэта час эпохі Адраджэння і актыўнага развіцця ўніверсітэцкай астралогіі.

Вядомы асветнік і выкладчык Сімяон Полацкі таксама практыкаваў астралогію. Самым вядомым яго прагнозам стала прадказанне нараджэння Пятра І яго маці, царэўне Соф'і. За год да з'яўлення Пятра на свет наш славуты зямляк убачыў выбух звышновай зоркі ў сузор'і Лісічка, звязаў яго з гараскопам тагачаснай Расіі і зрабіў выснову, што хутка народзіцца цар, які пераўзыдзе ўсіх цароў, што былі да яго. Нагадаем, што менавіта Сімяон Полацкі стаў настаўнікам маладога Пятра.

— Мы проста не ведаем многіх нашых землякоў і іх дасягненняў на глебе астралогіі. Між іншым, сам тэрмін "астролаг" пачаў ужывацца дзесьці з XVІ-XVІІ стагоддзяў, а да таго людзей, якія складалі гараскопы, называлі матэматыкамі, бо гэты занятак ў тыя часы патрабаваў шматлікіх вылічэнняў. У часы Сярэднявечча многія астролагі працавалі пры дварах знаці аптэкарамі, садоўнікамі. Выдатна ведаў астралогію і практыкаваў яе наш першадрукар, доктар медыцынскіх навук Францыск Скарына, які пэўны час служыў садоўнікам пры двары чэшскага караля.

Мацей з Мехава (яго яшчэ называлі Мехавітам), які неаднаразова перавыбіраўся на пасаду рэктара Кракаўскай акадэміі (XV ст.), першым прапанаваў выдаваць "прагностыкі" (календары прагнозаў для простага народа).

Польскі астролаг беларускага паходжання Марцін Быліца разам з калегамі распрацаваў рэвалюцыйную для таго часу сістэму астралагічных дамоў (праекцый задыякальнага круга на паверхню Зямлі). Яшчэ адзін наш суайчыннік Марцін з Журавіцы (псеўданім Rex) — аўтар першага прагностыка ў Каралеўстве Польскім.

— Беларуская астралогія ў тыя часы развівалася ў агульным рэчышчы еўрапейскай астралогіі, — адзначыў Уладзімір Васюк. — І нашы землякі, як і іх еўрапейскія калегі, у асноўным рабілі прадказанні не на аддаленую перспектыву, а ўсяго на 10, 20, 30 гадоў, каб імі маглі скарыстацца іх сучаснікі. Напрыклад, астролаг беларускага паходжання Ян з Глогава (які быў выкладчыкам у Віленскім універсітэце), прадказаў з'яўленне Марціна Лютэра, які абумовіў рэфармацыю царквы ў Еўропе.

...Развіццё самабытнай беларускай астралагічнай традыцыі спынілася пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта ў 1832 годзе. Самыя таленавітыя астролагі з'ехалі ў Еўропу, "аселі" пры дварах знаці і ва ўніверсітэтах. Сёння нацыянальнай беларускай школы астралогіі на Беларусі не існуе. На тэрыторыі краіны практыкуюць прыхільнікі розных расійскіх і еўрапейскіх астралагічных школ, але нашы па-сапраўднаму самабытныя, спрадвечна беларускія веды пра зорнае неба і ўзаемасувязі нябеснай механікі з лёсамі людзей засталіся толькі ў казках і паданнях, зашыфраваныя для недасведчаных.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць сведчанні (як згаданая вышэй карта), што старажытныя плямёны, якія насялялі тэрыторыю сённяшняй Беларусі, назіралі за небам яшчэ за некалькі тысячагоддзяў да...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика