У Варнянскім касцёле знайшлі фрэску XVІІІ стагоддзя!
01.07.2010
—
Новости Общества
|
— Ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула распачаў рамонт, наняў на працу тутэйшага чалавека, з Варнянаў. Адбіў тынкоўкі мо на які палец добры — і адкрылася фрэска з выявай ксяндза! — распавядае краязнаўца Алесь ЮРКОЙЦЬ. — Роспіс знаходзіцца ў бакавой прыбудове, у адной з закрыстый, з паўднёвага боку. Наш пробашч мяркуе, што гэта Станіслаў Костка (1550—1568, манах ордэна езуітаў, каталіцкі святы — Г.Л.). Але наўрад ці гэта так, таму што няма ніякіх пазнакаў, што гэта — святы, а яны павінны быць. Тут, хутчэй за ўсё, мае рацыю мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, які мяркуе, што гэта мог быць намаляваны наш варнянскі пробашч. Верагодна, што гэта роспіс канца XVІІІ — пачатку XІX стагоддзя. Бо наш касцёл быў збудаваны ў XVІІІ стагоддзі, але ён два разы дабудоўваўся. І сама закрыстыя, як я мяркую, была прыбудаваная якраз у пачатку ХІХ стагоддзя. Мы вельмі спадзяёмся, што на нашу фрэску звернуць увагу спецыялісты — у прыватнасці, славуты мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі...
— У савецкі час я браў удзел у ратаванні гэтага помніка — накрывалі там дах. Дзякаваць Богу, што дажылі, калі храм зноўку стаў храмам! Яшчэ тады, ратуючы касцёл, я заўважыў, што ў алтарнай частцы ёсць роспісы. Безумоўна, іх трэба даследваць дэталёва. Але тады я адзначыў для сябе, што роспісы выкананыя на першасным слоі тынкоўкі — то бок, рабіліся разам з касцёлам. Гэта дае падставы меркаваць, што фрэску можна аднесці да XVІІІ стагоддзя. Я мяркую, што ў касцёле гэтая фрэска не адзіная, ёсць іншыя. Такіх фрэсак у нас зусім няшмат! Таму мне было б цікава паехаць у Варняны, расчысціць гэтую фрэску, замацаваць яе, каб не разбуралася. Фрэску трэба, безумоўна, уратаваць!..
ДАВЕДКА "ЗВЯЗДЫ" Варняны вядомыя з XІV стагоддзя, мястэчкам валодалі Ягайла, Вітаўт... У 1581 годзе Сцяпан Баторы за ваенныя заслугі падараваў Варняны старасту лідскаму, войскаму і намесніку віленскаму, ваяводу менскаму і смаленскаму Яну Абрамовічу. Абрамовічы доўгі час былі звязаныя цеснымі стасункамі з Радзівіламі. Нашчадак Яна, Андрэй Абрамовіч, і заклаў цяперашні мураваны касцёл замест былога драўлянага. Аднак паспеў зрабіць толькі падмуркі — і памёр у верасні 1763 года па дарозе ў Варшаву, пахаваны 17 студзеня 1764 года ў Варнянах. Распачатую будоўлю працягваў брат Андрэя Юры — чашнік віленскі, пісар гродскі, суддзя земскі, стараста губскі і старадубскі, падваявода віленскі, у 1763 г. віцэ-старшыня Трыбунала, які атрымаў Варнянскую сядзібу па праву спадчынніка. Аднак і Юрыя напаткала такая ж сумная доля — збудаваўшы сцены касцёла, узімку 1766-67 гадоў памёр, не давёўшы, як і брат, справу да канца. Згодна з тэстамэнтам Юрыя, Варняны пераходзілі ў пажыццёвае валоданне яго жонкі Марцыяны з Дзерналовічаў, у шлюбе з якой ён меў двух сыноў, Андрэя і Яўхіма, і дачку Тарэсу. Марцыяна была асобай вельмі прадпрымальнай, дзякуючы менавіта ёй уся цэнтральная частка Варнянаў атрымала сучасны выгляд. У 1767 годзе Марцыяна заснавала пры Варнянскім касцёле дамініканскую місію, запрасіла з астравецкага кляштара манаха-дамініканца і запісала яму грашовы фундуш. Дабудаваўшы і аздобіўшы касцёл, які быў асвечаны віленскім біскупам Т. Зянковічам 28 кастрычніка 1769 года, яна не спыніла на гэтым сваю падвіжніцкую дзейнасць. Згодна з праектам варнянскага архітэктурнага ансамбля, зробленага віленскім дойлідам Аўгустам Касакоўскім, акрамя касцёла, з абодвух бакоў пад вуглом да яго былі ўзведзеныя два двухпавярховыя будынкі, крытыя вальмавым дахам — адзін пад плябань, другі пад парафіяльны дом. Закончана дабудова шаснаццаці прамавугольных у плане (7,5 х 16м) жылых дамоў паабапал плошчы, злучаных паміж сабой каменнымі сценамі з арачнымі праездамі (рэшткі засталіся і цяпер)... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Варняны — мястэчка на Астравеччыне. У цэнтры — касцёл Святога Юрыя, асвечаны ў 1769 годзе. Учора ў "Звязду" паведамілі: у час рамонту ў закрыстыі знойдзена... |
|