Уладзімір Папруга: Венесуэла - гэта вялікая краіна. 21.by

Уладзімір Папруга: Венесуэла - гэта вялікая краіна

16.07.2010 13:53 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Звязда": У нумарах за 13 і 14 ліпеня мы надрукавалі аб'ёмістую гутарку з архітэктарам-рэстаўратарам Уладзімірам Папругам. Так сталася, што ў гатовым выглядзе публікацыя ўключыла ў свой склад дзве тэматычныя часткі: прапановы спадара Папругі па горадабудаўнічым і транспартным вырашэнні праблем Мінска, а таксама пра ягоную працу ў Венесуэле. Апошні аспект узнік ужо ў часе размовы — і, як высветлілася пазней, спадар Папруга не думаў, што гэта патрапіць на газетныя старонкі. Паколькі газетная плошча абмежаваная, з пяцігадзіннай гутаркі давялося выбіраць толькі пэўныя моманты. І калі нумар выйшаў, спадар Папруга патэлефанаваў у рэдакцыю: маўляў, інфармацыя пададзена некарэктна, няпоўна, часам не адпавядае рэчаіснасці. Каб даць вам, шаноўныя чытачы, больш шырокую карціну жыцця ў Венесуэле, "Звязда" папрасіла спадара Папругу вярнуцца да тэмы.

Вярнуцца да тэмы прымусіла досыць вялікая верагоднасць неадэкватнага ўспрыняцця чытачамі "Звязды" папярэдняга матэрыялу "Нічога не разбураючы, дабівацца гармоніі" — бо ў мяне асабіста засталася суб'ектыўная незадаволенасць ад падачы матэрыялу ў частцы, прысвечанай тэме гэтай вялікай Краіны.

Тэма публікацыі была мэтава прызначаная Мінску. Венесуэльскі матэрыял, які я ўвогуле не планаваў тэмай размовы, падаўся "наўздагон" галоўнай тэме артыкула і без маёй згоды. Верагодна, па прычыне абмежаванага аб'ёму публікацыі, а таксама зразумелым жаданнем аўтара надаць дадатковай эфектнасці (верагодна, супастаўляючы факты, атрыманыя з розных крыніц), публікацыя ў цэлым, на мой погляд, атрымала такі нечаканы эфект некарэктнага прачытання венесуэльскіх рэалій. Што, безумоўна, патрабуе належнага ўдакладнення.

Венесуэла — гэта краіна з надзвычай добразычлівымі і гранічна ветлівымі людзьмі. Вы ніколі і нідзе не пачуеце не толькі лаянкі на вуліцах — не пачуеце нават падвышаных таноў суразмоўцаў. Нідзе і ніколі.

Вы нідзе і ніколі не будзеце мець нават шанцу ўбачыць п'янага — не толькі ў сталіцы, але і ў апошняй вёсачцы дзе-небудзь у глыбокай Амазоніі. І гэта на тэрыторыі памерам з былое Вялікае Княства Літоўскае, "ад мора — да мора"! Тэрыторыі, супастаўнай з сённяшняй Украінай, Беларуссю, Літвой і Латвіяй — разам узятымі.

Гэта краіна неверагодна багатая на прыродныя і мінеральныя рэсурсы, нетры якой прадстаўленыя ўсёй табліцай хімічных элементаў. Гідралагічныя рэсурсы там знаходзяцца ў канкурэнцыі з мінеральнымі багаццямі краіны, калі ацэньваць эфектыўнасць аднаго ці другога рэсурсу для вырабу электраэнергіі ў сэнсе забеспячэння энергетычнай незалежнасці краіны.

Гэта краіна, якая вось ужо больш за дзесяцігоддзе жыве ў рэжыме сацыяльнай рэвалюцыі — бо галоўнай задачай сённяшняга кіраўніцтва ёсць вырашэнне менавіта сацыяльных праблем, якія назапашваліся дзесяцігоддзямі.

Тыя негатыўныя рэчы, якія праз спецыфіку падрыхтоўкі газетных матэрыялаў сышліся разам у матэрыяле, насамрэч, з аднаго боку, характэрныя для ўсяго паўднёваамерыканскага кантынента ў цэлым, з другога боку, яны пададзеныя некарэктна (адсутнасць літаратуры, кіно, тэатра) — бо вельмі розныя краіны маюць сваю спецыфічную канкрэтыку. Залішнім абцяжарваннем маёй заўвагі было б каментаваць і іншыя неадпаведнасці, якія не з маёй падачы трапілі ў матэрыял.

На сёння Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла — ці не самае лепшае ў сэнсе бяспекі месца на кантыненце. Я сустрэў у Венесуэле шмат людзей, якія на працягу апошніх 15—20 гадоў пажылі ў розных краінах Лацінскай Амерыкі, але канчаткова спынілі свой выбар на Венесуэле.

Пэўная неабароненасць ад вулічнай злачыннасці — бяда, якая дасталася ў спадчыну ўсім краінам паўднёваамерыканскага кантынента. Венесуэльцы актыўна і мэтанакіравана ставяць вырашэнне гэтай праблемы ў найвышэйшыя нацыянальныя прыярытэты. У самых экстрэмальных выпадках, там, дзе часам дзяржава з-за працэдурных цяжкасцяў аказваецца не гатовая ўмешвацца ў канкрэтныя сітуацыі — вядомыя выпадкі надзвычай актыўных спробаў вырашэння крымінагенных праблем на мясцовым узроўні. Венесуэльцы не прымаюць гвалт як мадэль свайго жыцця — і актыўна супрацьстаяць гэтаму. Нават на побытавым узроўні вы нідзе не сустрэнеце выпадку станоўчага ўспрыняцця вобразу "добрага разбойніка" як персанажа сімпатычнага для ўспрыняцця людзьмі, нават жыхароў самых праблемных раёнаў пражывання. З дакладнасцю наадварот — увесь сучасны фальклор, з якім я меў мажлівасць азнаёміцца, датычыўся выключна асобы "легендарнага паліцэйскага" як абаронцы насельніцтва.

Там няма "тытульнай" нацыі. Пакуль ваш суразмовец, пры непасрэдным уваходзе ў кантакт, не зразумее па ступені вашага валодання моваю ці акцэнце, што вы не адсюль, кожны заўжды будзе прымаць вас за венесуэльца. Пры апошнім пералёце праз Атлантыку ў сярэдзіне чэрвеня маім суседам з Каракаса да Франкфурта быў сп. Франсіска — партугалец, які гадоў 20 таму эміграваў у Венесуэлу, нават без ведання іспанскай мовы. Затым ён перацягнуў туды ўсю сваю сям'ю ды маму. І, нягледзячы на тое, што ён мае два пашпарты — венесуэльскі і Еўрапейскага Саюза таксама — ён не збіраецца вяртацца ў бяспечную ды ўнармаваную ва ўсіх сэнсах Еўропу.

Насамрэч — "за калючым дротам пад аховаю аўтаматчыкаў" не жыве не толькі Папруга, але і ніхто з іншых супрацоўнікаў спішам гэта на трапнае газетнае слаўцо. Жывём у тых самых умовах, як і ўсе насельнікі гэтай вялікай краіны. Так, амаль усе жылыя групы тут пакуль маюць, як правіла, замкнутую агароджу. Але наш праект на 5000 кватэр — па просьбе заказчыка — якраз і не прадугледжвае кантрактам падобных мерапрыемстваў. Патрапіла ў артыкул і яшчэ адна прыкрая недакладнасць — 30 гектараў пераўтварыліся ў 30 тысяч гектараў. Спішам гэта на руціну журналісцкага цэху ды будзьма ўважлівыя ў далейшым. І папросім прабачэння перад нашымі венесуэльскімі сябрамі за дапушчаныя недакладнасці.

Найважнейшым ёсць неверагодна пазітыўны патэнцыял беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва. Гэта вельмі своечасовы прарыў беларускай дыпламатыі менавіта ў гэтую краіну. Ён дазваляе — разам з адбудоваю шматпалярнага свету, — рэалізаваць базавыя прынцыпы антыманапольнага заканадаўства. Магчымасці паставак энерганосьбітаў у складзе гэтага супрацоўніцтва — мерапрыемства надзвычай важнае не толькі для Беларусі, але і для аздараўлення адносінаў з нашым усходнім партнёрам Расіяй таксама. Для ілюстрацыі праблемы прывяду нядаўні факт стратэгічных укладанняў Кітая ў Венесуэлу ў памеры 30 млрд долараў для стварэння энергетычнай інфрастуктуры, для забеспячэння энеграносьбітамі Паднябеснай. І таксама праз танкерны флот. Ніякіх тут няма эканамічных супярэчнасцяў і ў выпадку падобных дзеянняў з боку Беларусі — выключна руціна сусветнай практыкі для забеспячэння стратэгічных доўгатэрміновых нацыянальных інтарэсаў. Дзе пабудова адпаведных тэрміналаў у Клайпедзе ці Адэсе — ёсць гранічна неабходнае стратэгічнае мерапрыемства для забеспячэння гарантаваных умоў далейшага ўстойлівага развіцця Беларусі, незалежна ад часовай кан'юнктуры адзінага на сёння манапаліста Расіі.

Венесуэла ёсць наш надзвычай важны стратэгічны партнёр — і пабудова адносінаў з гэтай краінай павінна весціся толькі і выключна на грунце пазітыўных узаемадачыненняў.

Уга Чавес стварыў неверагодна спрыяльныя, да яго недасягальныя для незаможных пластоў насельніцтва ўмовы набыцця вышэйшай адукацыі для ўсіх грамадзян краіны, незалежна ад іхняга сацыяльнага статусу. Верагодна, гэтае пакаленне, якое да 2030 года аб'ектыўна пачне займаць ключавыя пасады ў дзяржаўнай адміністрацыі краіны, і ёсць найлепшая гарантыя на далейшае ўстойлівае і эвалюцыйнае развіццё свабодалюбівай Баліварыянскай Рэспублікі.

Уладзімір Папруга 

Пачатак размовы чытайце TUT:

Уладзімір Папруга: Мінск быў разлічаны толькі на 400 тысяч жыхароў >>>

Уладзімір Папруга: У Венесуэле я жыву за трохметровым плотам пад аховай аўтаматчыкаў >>>




 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб даць вам, шаноўныя чытачы, больш шырокую карціну жыцця ў Венесуэле, "Звязда" папрасіла спадара Папругу вярнуцца да тэмы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика