Як беларусы апранаюцца ў "сэкандах". 21.by

Як беларусы апранаюцца ў "сэкандах"

17.07.2010 09:51 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сакрэты патрыманых рэчаў

— Я хачу спадніцу міні і гэты топік, і брыджы — клянчыць малая гадоў трох.

— Такая ляля, а ўжо выбірае, — дзівіцца прадавец.

— Ды што вы, у яе цэлы мех рэчаў, — ганарыцца маці малой. — Мы ў сэкандах пасвімся некалькі разоў на месяц. Я не купляю рэчы навырост. А то некаторыя набываюць дзіцяці сукенку на некалькі памераў большую, чым яму зараз трэба, і потым гэта носіцца некалькі гадоў. І нязручна, і не прыгожа. А мы — модніцы і гардэробчык абнаўляем пастаянна.

— А нічога, што гэтыя рэчы нехта ўжо насіў? Не грэбуеце? — умешваюся я.

— Не грэбую, пасля мыцця новыя рэчы з крамаў выглядаюць куды горш, а гэтыя не страчваюць ні формы, ні колеру. Такіх стыльных рэчаў, што мы знаходзім сярод гэтых развалаў, ды яшчэ за такі кошт, вы ў краме не знойдзеце. Дарэчы, у дзіцячым садку, куды мы ходзім, паўгрупы ў сэканд апранутая, і гэта самыя стыльныя дзеці. У гэтых кучах і навагоднія касцюмы трапляюцца, і сукенкі для ранішнікаў. Часам удаецца набыць і новенькія рэчы, нават з ярлыкамі. Не верыце? А вось пакапайцеся.

А чаму б і не паспрабаваць?

Зэканомім?

Сваё даследаванне я пачынаю з буйнейшага ў сталіцы свету патрыманых рэчаў — рынка Ждановічы. Сэкандам тут гандлююць як у асобных палатках, так і папросту "з куч", якія разваленыя на сталах. Менавіта ў кучах рэчы таннейшыя. Хлопцы добра пастаўленым голасам зазываюць: "На гэтым стале любая рэч за 20 (10 ці 5) тысяч".

Была не была — запускаю руку ў гару з маек, штаноў, куртак, сарочак. Часам тут трапляецца і сподняе (між іншым, патрыманую ніжнюю бялізну, як і рэчы для нованароджаных, пасцельную бялізну, мяккія цацкі ў нашай краіне забаронена прадаваць). Шчыра, капацца ў грудзе пакамечанага, часам падранага рыззя непрыемна. Але гляджу, мая "калега" выцягвае з гэтай кучы міленькі топік і спартыўную куртку для свайго мужа. "Каб што-небудзь адшукаць у гэтых кучах, у мяне ідзе некалькі гадзін, — дзеліцца жанчына гадоў сарака. — Але тут сапраўды трапляюцца добрыя рэчы. Уся наша дачная працоўная вопратка — адсюль. Не аддаваць жа за штаны, у якіх будзеш корпацца ў агародзе, 50, а то і болей тысяч. А мы і па горадзе ў гэтым ходзім, хіба зараз на мне дрэнная майка (таксама адсюль)? Я тут нават дачцэ адшукала... школьную форму (сарафаны, спадніцы і кашулі). Сапраўдны дзелавы стыль. А колькі ў яе маек маднючых. Дачцэ сяброўкі зайздросцяць, і ніхто не здагадваецца, адкуль гэтае багацце".

У некалькіх кроках ад развалаў ляжыць той жа сэканд, але сартаваны (майкі асобна, штаны асобна і г.д., усё раскладзена па памерах) і кошты там ужо значна ўзрастаюць, напрыклад, шорты цягнуць не менш як 10-25 тысяч, дзіцячыя джынсы ад 20, дарослыя — каля 40 тысяч і вышэй.

Але, аказваецца, продаж "з куч" — псіхалагічная прынада для пакупніка. Па-першае, ён завабліваецца больш нізкім коштам (асабліва калі ёсць шанц за 10 тысяч нарыць нават прыстойныя блузкі, джынсы, курткі, байкі). Па-другое, чалавеку шкада часу, затрачанага на "раскопкі", і калі яму нарэшце трапляецца нешта больш-менш прыстойнае, без пакупкі не абыходзіцца.

Параўноўваю кошты: так, у кучы, дзе любая рэч каштуе 10 тысяч, здабываю шорты на хлопчыка (выглядаюць, як новыя). Прыкладна такія ж у стосе з сартаваным сэкандам на бліжэйшых палатках каштуюць 15, на тых жа Ждановічах у месцах, дзе прадаюцца новыя рэчы, падобныя шорты каштуюць 50 тысяч, у магазіне з фірмовай дзіцячай вопраткай я нешта падобнае бачыла за 70.

Далей я кіруюся ў крамы, што спецыялізуюцца на продажы ношанай вопраткі. Сёння ў Мінску іх каля чатырох дзясяткаў. І ў адным з вялікіх магазінаў "Эканом-сіці" знаходжу падобныя хлапчуковыя шорты... усяго за 5 тысяч. Але гэта яшчэ не мяжа, у час распродажу ёсць шанц набыць такую ж рэч і за тры тысячы. Прынамсі, прагульваючыся па крамах, заўважаю, што тут сэканд-хэнд каштуе танней, чым на Жданах. Напрыклад, джынсы на дзяцей 3—8 гадоў на рынкавых палатках каштуюць ад 20 тысяч, а такія ж у "Эканом-сіці" (сетка магазінаў, якія гандлююць ношанымі рэчамі) трапляюцца і за 10. За новыя або фірмовыя рэчы на Жданах могуць запрасіць і 50 долараў, а ў крамах мне не трапляліся цэннікі вышэй за 50 тысяч. Прычым падалося, што мужчынскае адзенне тут каштуе даражэй за жаночае. Так, каб набыць мужыку штаны, неабходна ад 20 да 48 тысяч, а жанчыне можна адшукаць і за 15.

Для кавалераў майкі прапануюцца ў сярэднім за 10—27 тысяч, а для дам — ад 5 да 36 (топікі ад 3 да 30). У сярэднім на любыя дарослыя рэчы (штаны, блузы, сукенкі, кашулі, спадніцы, брыджы і г.д.) самы "папулярны" кошт у межах 15—25 тысяч, на дзіцячыя 5-20. Маюцца на ўвазе рэчы летняга асартыменту ("сэканды" стараюцца гандляваць сезоннай вопраткай). Між іншым, як стала вядома, многія крамы бяруць "сартыроўку" (так у нашу краіну паступаюць рэчы, ужо за мяжой раскладзеныя па відах і памерах) альбо мікс (рэчы, прызначаныя на пэўную аўдыторыю (дзіцячы мікс, моладзёвы, жаночы летні). Хочаце зэканоміць — купляйце рэчы ў сэкандзе ў дні распродажаў, зніжкі на ўвесь тавар у такі час могуць дасягаць 60 працэнтаў. Праўда, у такія дні кранштэйны стаяць напаўпустыя, і шанцы набыць незаношаную рэч вельмі зніжаюцца, затое паўсядзёнку часам можна адшукаць за 5-7 ці нават 2-3 тысячы.

Папалюем?

Час, калі ў сэкандах прадаваліся рэчы на вагу і людзі капаліся ў каробках, дзіцячых манежах альбо проста перабіралі кучы хламу на сталах, адыходзіць у нябыт. Гэта раней сэканд-хэнды туліліся ў малых непрыглядных памяшканнях, і ў "асартыменце" былі страшныя, часам рваныя і брудныя рэчы. Хоць ужо тады сярод такога рыззя можна было адкапаць "эксклюзіў", у якім не сорамна выйсці ў людзі. Сёння вопратка з чужога пляча прадаецца ў прасторных магазінах, яна зручна развешаная на кранштэйнах, пасартаваная. І часам у сэкандзе куды зручней выбіраць сабе абноўкі, чым у якой вялікай сталічнай краме, дзе трэба ўціскаць руку ў настолькі шчыльна павешаныя рэчы, што іх не разгледзіш, пакуль не выцягнеш на свет.

Праўда, каб набываць добрыя рэчы ў сэкандах, патрэбны час, цярпенне, пэўныя веды і, вядома, шанцаванне. Сэканды розняцца асартыментам, ёсць такія, у якіх у асноўным прадаецца нешта накшталт "заношаных амерыканскіх сцягоў", і такія, дзе прапануецца вопратка, якую не сорамна апрануць, а калі праявіць настойлівасць, можна адшукаць і "фірмовыя" шмоткі.

— Набыць у сэкандзе добрую рэч — сапраўднае шанцаванне. Мне здаецца, што прыгожыя рэчы прадаюцца толькі на дзяцей, сабе ну ніяк не магу нічога падабраць. Затое ў нас цяпер бабуля на пенсіі, а паспаборнічаць з ёй у пошуку рэчаў мала хто можа. Яна проста "жыве" ў сэкандах і апранае ўсю нашу сям'ю і сям'ю майго брата. Многія дзіцячыя рэчы з сэканда наогул выглядаюць як новыя. Відаць, малыя вырастаюць з іх і папросту не паспяваюць занасіць. Калі майкі, гольфікі каштуюць па 5—10 тысяч, іх на дзяцей можна набраць шмат, і мне не даводзіцца хвалявацца на вуліцы, каб малыя, не дай бог, запэцкалі ці парвалі рэч. Іх заўсёды ёсць у што пераапрануць, а калі што, не шкада і выкінуць папсаваную рэч. Да таго ж сэканд больш даўгавечны, куды лепшы за кітайскі і турэцкі шырспажыў, што прадаецца на рынках. Напрыклад, у дзіцячых куртках, што мы купляем на рынках, замкі "ляцяць" у першы ж тыдзень, у майках і гольфах швы разыходзяцца пасля першага-другога мыцця, яны садзяцца, расцягваюцца, зменяюць колер, а некаторы сэканд можна кідаць у пральную машыну колькі заўгодна разоў, і нічога з ім не зробіцца. Выгада двайная — і танней каштуе, і служыць даўжэй, — заўважае Таццяна Хрыпач.

Тут бываюць рэчы любых памераў. Нават прадаецца вопратка на вельмі пышных дам (бываюць памеры да 68). "Раней я і не ведала, што поўныя жанчыны таксама могуць прыгожа апранацца. На мой памер у крамах вісяць толькі мешкаватыя рэчы. А калі мне 35 гадоў, я не хачу апранацца "а-ля цётухна за 50". Тут можна знайсці смелыя і стыльныя фасончыкі", — заўважае Ганна Філіпенка.

Прадаўцы сэкандам заўважаюць, што цікавасць да "другасных" рэчаў з кожным годам павялічваецца, і ў большасці дзякуючы людзям, якія яўна з прэтэнзіямі: іх цікавіць не столькі нізкі кошт (яны не бяруць танную, "убітую" вопратку), колькі неардынарныя рэчы. Гэта "заморскі" падыход: напрыклад, у еўрапейскіх сэкандах часам можна сустрэць нават вядучых дызайнераў, зорак. А ў Амерыцы сэканды лічацца крамамі для беражлівых людзей, якія хочуць апранацца з густам і пры гэтым не пераплачваць. Між іншым, у Прыбалтыцы ўжо збіраюць сэканд "уласнай вытворчасці", праўда, пакуль ён па якасці саступае еўрапейскаму.

Для многіх дамачак сэканды — своеасаблівая шопінг-тэрапія, дзе можна сабе ні ў чым не адмаўляць і набыць адразу шмат рэчаў.

Некаторыя аматары такога шопінгу ўспрымаюць яго як спорт. Яны ведаюць, у якіх крамах лепш шукаць сукенкі, у якіх курткі, у якіх дзіцячыя рэчы. Яны наладжваюць сувязі з прадаўцамі сэкандаў, дамаўляюцца, каб тыя за асобную ўзнагароду адкладалі ім рэчы. У рэшце рэшт асабліва спрытныя абуваюць красоўкі і паспяваюць за дзень аббегчы адразу некалькі пунктаў.
Апранемся па-еўрапейску?

Найлепшым часам для палявання за эксклюзівам лічыцца дзень поўнай змены тавару.

Завітваю ў такі дзень у "Эканом-сіці", крама працуе толькі 15 хвілін, а ў прымерачнай ужо чарга чалавек у 30 (заўважу, гэта раніца, будні дзень), усе кранштэйны "аблепленыя" людзьмі — напэўна, і на кірмашах у гадзіны пік столькі не бывае. Некаторыя дамачкі, не жадаючы адстойваць чаргу ў прымерачныя, нацягваюць на сябе спадніцы і блузкі, не адыходзячы ад кранштэйна. Мала ў каго ў руках менш за тры рэчы, большасць — з вялікімі стосамі. Пакуль пошукі працягваюцца, выбраныя рэчы можна асобна вешаць на кранштэйне. Але за імі трэба сачыць.

— Ой, якая блузачка. Шкада, што той, хто яе выбраў, побач круціцца. А то можна было б умыкнуць. Я сабе ў мінулы раз некалькі рэчаў так здабыла, — дае інструктаж сваёй каляжанцы адна са "старажылаў" сэканда. — Калі ў цябе перад носам забралі нейкую рэч, сачы яе ля прымерачнай, раптам таму чалавеку не падыдзе. Гэта рэчы з Еўропы, і здаюць іх людзі нармальнага дастатку, ужо ў іх павінен быць густ. Пра мае рэчы ніхто не сказаў, што яны з сэканда, а тое, што яны незвычайныя, адзначалі многія. Калі ўлічваць, што да нас мода прыходзіць са спазненнем на год-два, дык пакуль такія мадэлі трапяць у нашы крамы новымі, тое ж самае можна набыць і ў сэкандзе, мне нават трапляліся рэчы, аналагаў якіх у крамах з новай вопраткай яшчэ не было. Самае простае — калі не ведаеш, што выбраць, глядзі на лэйблы. Бач, якая штучка, а надпіс на бірачцы—"Zarа".

Сёння многія не тое што не хаваюць, што закупляюцца ў сэкандзе, наадварот, хваляцца сваімі ўдалымі пакупкамі. На бірках рэчаў з сэкандаў сапраўды часта можна пабачыць брэндавыя назвы: Next, Сalvіn Kleіn, Mexx, Moshіno, Nіna Rіccі... Як паведаміла старшы прадавец адной з крамаў, ёсць і такія кліенты, якія сюды прыходзяць у пошуку канкрэтных брэндавых рэчаў. Так, моладзь шукае Lacoste і FredPerry. Каштаваць "фірма" можа даражэй, але што такое 20—40 тысяч за сукенку "ад Гучы"? За мяжой прынята цалкам абнаўляць гардэробы з пачаткам новага сезона. Існуе вялікая канкурэнцыя між вытворцамі вопраткі, і на распродажах рэчы прадаюцца за грашы. Людзі накупляюць шмат, а знасіць усё не паспяваюць, некаторыя рэчы наогул не апранаюцца ні разу. Плюс хтосьці заказвае сабе вопратку па каталогу, а тут не заўсёды можна ўгадаць, як яна будзе "сядзець". Таксама ў сэканд трапляюць рэчы, якія не ўдалося прадаць у крамах. За мяжой існуюць прадпрыемствы, якія збіраюць такую вопратку. Былым уладальнікам альбо выплачваюцца сімвалічныя сумы, альбо зніжаюцца падаткі.

— Мы тут ужо гадзіну, малая нават заснула ў вазку. Зручна, што крама знаходзіцца побач з домам, бо з каляскай на рынак не выберашся, — дзеліцца Наталля Мартыновіч.— Фактычна нам утрох даводзіцца жыць толькі на адзін татаў заробак. І дазволіць сабе рабіць абноўкі на базары я не магу. Зразумела, апранацца ў новыя рэчы прыемней, але чаму ў нас на рынках новыя шмоткі, прычым вельмі нізкай якасці, такія дарагія? Чула, што ў Еўропе на распродажах новенькія рэчы каштуюць малыя грошы (як у нас сэканд-хэнд). Напэўна, мы ніколі не дажывём да таго, што выбіраць сабе стыльныя танныя рэчы зможам не ў магазінах з "другаснай сыравінай", а на падобных распродажах?

А можа, дажывём?




 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння вопратка з чужога пляча прадаецца ў прасторных магазінах, яна зручна развешаная на кранштэйнах, пасартаваная. І часам у сэкандзе куды зручней выбіраць сабе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика