Шыбека: "Адна з магчымасцяў захаваць стары Мінск — гэта прыватызацыя помнікаў гісторыі і культуры". 21.by

Шыбека: "Адна з магчымасцяў захаваць стары Мінск — гэта прыватызацыя помнікаў гісторыі і культуры"

17.08.2010 09:41 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Мінск паходзіць на сучасную прыгажуню, убору якой нестае старадаўняй каштоўнай аздобы. Сапраўды, ва "ўборы" сталіцы надзвычай мала помнікаў архітэктуры мінуўшчыны, няшмат гістарычных пабудоў", — пісалі ў кніжцы "Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада" Захар і Сафія Шыбекі. Упершыню кніга выйшла ў 1985 годзе накладам пятнаццаць тысяч асобнікаў. Выкладзеная ў навукова-папулярным стылі, з фотаздымкамі пачатку ХХ стагоддзя — мінчукоў, вуліц і нават прадметаў быту — яна вытрымлівае цэлых тры выданні.

Прозвішча "Шыбека" пачалі ведаць не толькі гісторыкі. "Напісанне гэтай кніжкі звязана з трагічнай старонкай у маім жыцці. Я абараніў дысертацыю па гісторыі Мінска. Жонка ў той час сур'ёзна захварэла. Каб яе нейк падтрымаць, я вырашыў падрыхтаваць разам з ёй тэкст да друку. Яна была матэматык па спецыяльнасці, але прагледзела мой архіў, і ў яе галаве ўзніклі многія цікавыя ідэі. Праўда, гэта праца не стала ўратаваннем: жонка доўга змагалася са сваёй смяротнай хваробай, але памерла. Дзякуючы ёй я стаў вядомым гісторыкам Мінска", — кажа Захар Шыбека. Вывучаючы гісторыю горада, ён не хавае сваёй да яго перасцярогі.

"Наша зямля можа ўтрымаць людзей толькі тады, калі пяройдзе ў прыватную ўласнасць"

— Спадар Захар, а што такое сучасны горад Мінск?

— Мне ўяўляецца Мінск такім своеасаблівым пыласосам, які сцягвае з усёй Беларусі насельніцтва і раздуваецца да пачварных формаў. Сёння ён перарастае ў агламерацыю, прычым гэтая мадэрнізацыя суправаджаецца вынішчэннем старых забудоў, ператварэннем горада ў нейкага касмапалітычнага монстра, напоўненага хаосам у архітэктуры. Мінск — горад аўтамабіля, а не горад пешахода. Трэба шмат і шмат рабіць, каб наш горад стаў утульным, прыгожым. Тое захапленне ў 70-я гады, калі я быў студэнтам і, калі яшчэ была Няміга, знікла.

— Цяпер мы назіраем палітыку стварэння гарадоў-спадарожнікаў Мінска, такіх, як Фаніпаль ды іншыя...

— Абрастанне горада ўрбанізаванай зонай — больш прымальны варыянт, чым проста канцэнтрацыя насельніцтва ў межах горада. Але гэтага недастаткова, каб уся тэрыторыя краіны была адзіным камунікацыйна-эканамічным арганізмам. Для гэтага сталіца павінна дэлегаваць свае функцыі малым і сярэднім гарадам. Трэба захаваць тую сістэму гарадоў, якая стваралася на працягу тысячагоддзяў. А то атрымаецца монстр-горад пасярэдзіне Беларусі, а вакол — пустэча. У нас спачатку вёска вынішчалася, а потым дэпапуляцыя закранула малыя і сярэднія гарады. Я думаю, патрабуюцца сур'ёзныя эканамічныя рэформы. Тут павінны быць і нейкія культурныя праграмы, трэба выкарыстоўваць нейкія культурныя традыцыі, фестывалі. Старая індустрыяльная мадэль гарадоў ужо не працуе. У рэшце рэшт усё вядзецца да таго, каб правесці масавую прыватызацыю ў Беларусі. Наша зямля можа ўтрымаць людзей толькі тады, калі пяройдзе ў прыватную ўласнасць. Чым больш у нас будзе багатых землеўладальнікаў, тым больш стане фундатараў культуры, тым больш мы будзем зацікаўленыя ў развіцці не толькі прафесійнай культуры, якая прэзентуе сталіцу, але і народнай культуры. Адна дзяржава не можа падняць такую глыбу, як нацыянальная культура, у ёй павінен удзельнічаць увесь народ. Наша культура і нацыя заўсёды вызначалася такой кволасцю толькі таму, што мала фінансавалася. Вялікую культуру робяць вялікія грошы. Культура застаецца ў нас другараднай справай, а гэта вельмі небяспечная рэч для захавання суверэнітэту дзяржавы, для кансалідацыі грамадства, для фарміравання сучаснай беларускай нацыі. Культура — своеасаблівы цэментны раствор, на якім мацуецца нацыянальна-дзяржаўны беларускі арганізм.

"Да рэстаўрацыйных прац дапускаюцца звычайныя інжынеры"


— Як адбывалася фарміраванне сучаснага Мінска?

— Пасляваенная мадэрнізацыя Мінска прайшла тры этапы — першы этап звязаны з пасляваенным аднаўленнем, калі было вырашана не аднаўляць горад, а будаваць новы. І ўсе сродкі з дзяржаўнага бюджэту пайшлі на будаванне праспекта — галоўнай вуліцы Мінска. Другі этап пачаўся ў 70-х гадах, калі ў Мінска з'явіліся вольныя грошы ў сувязі з экспартам сібірскіх газу і нафты за мяжу. Былі ліквідаваныя ўся Няміга, Завальная вуліца, Замкавая вуліца. П. Машэраў вельмі негатыўна ставіўся да Нямігі. Казаў, што гэта сорам сталіцы. Трэці этап мадэрнізацыі пачаўся ў 2001 годзе, калі ў Беларусі з'явіліся грошы ў выніку перапрацоўкі расійскай таннай нафты ў бензін і салярку і перапродажу яе на Захад. Тады ж была прынята праграма развіцця турызму ў Беларусі. Мінск меркавалася ператварыць у цэнтр турызму Беларусі і трэба было нейкім чынам уздымаць турыстычны імідж горада. Рабілася гэта ў многім старымі савецкімі метадамі, на аснове таго досведу, які мелі савецкія архітэктары і рэстаўратары Траецкага прадмесця. Тады методыка была такая: аўтэнтыка вынішчалася, а з сучаснага матэрыялу рабіліся такія прыгожыя дамкі а-ля даўніна.

Па такім жа прынцыпе ідзе і цяпер рэстаўрацыя. Старыя будынкі разбураюцца, замест таго, каб іх кансерваваць, а з новага матэрыялу будуюць падобныя ці зусім непадобныя на іх. Ну, як скажам гатэль "Еўропа" — непадобны на той, што быў. Даюцца тэрміны. І будаўнікі вельмі зацікаўленыя, каб у гэтыя тэрміны ўкласціся. Бо будаўнікам плацяць ад аб'ёму выкананай працы. А тое, што гэтая праца патрабуе даследавання гісторыі і традыцыі, археалагічных раскопак, наладжвання вытворчасці матэрыялаў, блізкіх да аўтэнтычных, — усе гэтыя этапы часам ігнаруюцца. Абы хутчэй і прыгажэй. Вось гэтая савецкая традыцыя вельмі нашкодзіла старому Мінску. Большасць аўтэнтычных будынкаў перабудаваная. Асабліва вялікую шкоду нанесла "бульдозерная рэстаўрацыя", якую не спыняюць нават вялікія штрафы. Такое дзікунства, недасведчанасць у галіне рэстаўрацыі, праўда, пакрысе змяншаецца, хоць шмат яшчэ ёсць супярэчнасцяў. Не хапае кадраў, да рэстаўрацыйных прац дапускаюцца звычайныя інжынеры, звычайныя рабочыя, якія будуюць панэльныя дамы і ў той жа час рэстаўруюць дамок канца ХІХ стагоддзя. Такім чынам, наша безадказнасць прывяла да таго, што мы страцілі і Замчышча, і Нямігу, і Верхні горад. А сёння страчваем тыя невялічкія фрагменты, якія яшчэ засталіся. Адна з магчымасцяў захаваць стары Мінск — гэта прыватызацыя помнікаў гісторыі і культуры. Недапушчальна, каб адна арганізацыя "Мінская спадчына" распараджалася ўсёй гістарычнай забудовай.

Карл Чапскі і Мінск стагоддзе таму

— Што скажаце пра Мінск 100 гадоў таму?

— Сто гадоў таму Мінск захоўваў сваё еўрапейскае аблічча, якое ён набыў у складзе Вялікага Княства Літоўскага, бо царскі ўрад не ставіў перад сабой такой задачы — карэннай перабудовы Мінска. Перабудоўваў храмы — уніяцкія, каталіцкія — у праваслаўныя. Выкарыстоўваў манастырскія будынкі для адміністрацыі. Але ўсё ж планіроўка горада, еўрапейскія традыцыі горадабудавання захоўваліся. Мінск быў адным з самых зрусіфікаваных гарадоў. Тым не менш гэта быў двухбаковы працэс уздзеяння. Расія імкнулася зрусіфікаваць забраны край Беларусі, але беларускія землі захоўвалі еўрапейскія традыцыі, спрыялі вестэрнізацыі самой Расійскай імперыі. Мінск сто гадоў таму мне падабаецца больш, чым сучасны горад, таму я яго і вывучаю. Развіццё горада трымалася на ініцыятыве мясцовага самакіравання і прыватных прадпрымальнікаў. Культура і багацце тады былі вельмі пераплеценыя. Гэта быў час, калі людзі маглі быць эканамічна незалежнымі ад дзяржавы. Пры жаданні яны маглі ўзбагаціцца, атрымаць адукацыю. У Расіі пасля рэвалюцыі 1905 года працэс мадэрнізацыі адбываўся вельмі імкліва.

І Мінск у пачатку ХХ стагоддзя быў адным з перспектыўных гарадоў у культурным і эканамічным плане. Такім яго зрабілі геаграфічнае становішча ў цэнтры Беларусі і на перакрыжаванні чыгунак. Таму Мінск невыпадкова прэтэндаваў потым на сталіцу будучай беларускай дзяржавы. Але яму не хапала гістарычнага аўтарытэту, багатай гістарычнай спадчыны, якую, напрыклад, мелі Полацк, Наваградак, Вільня. Калі бальшавікі перараблялі Мінск у сталіцу савецкай рэспублікі, падавалася, што старая забудова губернскага правінцыйнага горада не адпавядае статусу сталіцы. І яе імкнуліся разбурыць. Ужо да вайны разбураліся цэлыя кварталы ў ходзе будаўніцтва, Дом урада, універсітэцкі гарадок, Інстытут фізкультуры, Нацыянальную бібліятэку. Масавае разбурэнне прынесла Вялікая Айчынная вайна, а потым разбурэнні працягваліся ў пасляваенныя гады савецкай улады.

— Вашы ўлюбёныя персанажы Мінска стагадовай даўніны?

— Гарадскі галава Карл Чапскі. Ён узначальваў гарадское ўпраўленне 1890—1904 годоў. Пераўтвараў Мінск са старога ў сучасны капіталістычны горад. Чапскі быў добрым фінансістам, эканамістам, патрыётам горада. Некаторыя праекты ён крэдытаваў з уласнай кішэні. Гэта — электрастанцыя, брукаванне вуліц, першы радзільны дом і інш.

"Трэба мінімум змена трох пакаленняў, каб ментальнасць вясковая перарасла ў ментальнасць гарадскую"

— У пяцідзясятыя-шасцідзясятыя гады назіраўся вялікі наплыў у Мінск людзей з вёскі...

— З 1960 гадоў пачаўся рост колькасці фабрык, заводаў і імклівы рост гарадскога насельніцтва. Перасяленні вяскоўцаў у горад адбываліся ў такіх вялікіх памерах, што горад не паспяваў іх перарабіць у гараджан. Яны і ў горадзе заставаліся вяскоўцамі, са сваімі клопатам і праблемамі. Думалі па-вясковаму, а ў горадзе ў іх быў заробак. Пры пэўнай нагодзе яны вярталіся ў вёску да сваіх бацькоў. Таму ў нас узнік такі феномен, як недаўрбанізаваная ментальнасць гараджан, гэта значыць склад іх думак.. І вось такія напалову гараджане, напалову вяскоўцы кіравалі ў Савецкім Саюзе дзяржавай, культурай, эканомікай. Яны гэта рабілі па-вясковаму. Лічылася, што тая ж культура — гэта не так ужо і важна. Яны былі прыхільнікамі сацыяльнай роўнасці, усе павінны быць роўнымі. Як зямлю можна падзяліць паміж сабой, так і ў горадзе можна падзяліць, зраўняць усіх. Яны задавальняліся мінімальным даходам, сціплым жыллём — хрушчоўкамі. У такіх людзей былі паніжаныя патрабаванні да ўсяго, яны гатовыя трываць усё, чакаць. Лічылася, што калі дрэнна нешта ў горадзе, можна ўцячы ў вёску. Таму яны не былі зацікаўленыя ў паляпшэнні гарадскога жыцця. У многім такая сітуацыя і цяпер. Як бы там дрэнна ні было, людзі хаваюцца ад праблем...

— А сучасная моладзь? Вы ж працуеце са студэнтамі...

— Трэба мінімум змена трох пакаленняў, каб ментальнасць вясковая перарасла ў ментальнасць гарадскую. Якраз цяпер і прыходзіць гэтае трэцяе пакаленне. Яно шмат ужо ў чым адрозніваецца ад сваіх бацькоў. І тым больш ад бабулек і дзядуляў. Але ўсё адно я думаю, што страх, няўпэўненасць ад продкаў у нейкай ступені перадаюцца. Але цяпер яны ўжо ўцякаюць не ў вёску, а за мяжу. Уцякаюць ад тых жа праблемаў.

— На тэрыторыі Мінска ёсць месцы з сумнай гісторыяй. Напрыклад, там, дзе некалі было Мінскае гета, цяпер жывуць людзі, а там, дзе людзей расстрэльвалі, — Парк чалюскінцаў...

— Жыццё ў горадзе, вядома, не спыніць. Але гэтыя месцы мусяць быць мемарыялізаваныя, а забудовы тут павінны адпавядаць павазе да ахвяраў. Не павінна, напрыклад, быць дыскатэк там, дзе былі расстрэлы.

Монстры-хмарачосы ў гістарычным Мінску

— Што скажаце пра магчымае з'яўленне ў цэнтры Мінска хмарачосаў?

— Мадэрнізацыя любога горада коштам старога, на жаль, адбываецца непазбежна. У любым горадзе павінны быць хмарачосы, у тым ліку і ў Мінску. Але я не разумею, чаму яны павінны будавацца ў межах гістарычнай забудовы. На фоне старых гарадскіх кварталаў хмарачосы выглядаюць як монстры. Атрымліваецца так, што гістарычны цэнтр Мінска ператвараецца ў сіці. Правіла мадэрнізацыі гарадоў патрабуе таго, каб усё новае будавалася па-за межамі гістарычнага цэнтра. Таму многія грамадскія дзеячы выступаюць супраць будаўніцтва хмарачосаў у зонах гістарычнай забудовы Мінска. Тым не менш ад сваіх планаў гарадскія ўлады не адмаўляюцца. Ніякія пратэсты не дапамагаюць. У раёне цырка ўжо пачынаюць будаваць хмарачос. Гэта — парушэнне нормаў мадэрнізацыі горада.

— Якія б назвы вы далі мінскім вуліцам?

— У нашым горадзе шмат вуліц, названых у гонар дзеячаў Савецкага Саюза, якія не звязаны з гісторыяй Мінска. Таму гэтыя вуліцы, вядома, трэба перайменаваць. Цяпер такая сітуацыя, што імёнамі беларускіх герояў называюць вуліцы толькі дзесьці ў мікрараёнах. У нас, здаецца, ёсць вуліца Дуніна-Марцінкевіча, але недзе на ўскраіне. Я думаю, што такія вуліцы павінны быць і ў цэнтры. Напрыклад, каб хто-небудзь мог сказаць, што жыве на вуліцы князя Глеба Мінскага...



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Мне ўяўляецца Мінск такім своеасаблівым пыласосам, які сцягвае з усёй Беларусі насельніцтва і раздуваецца да пачварных формаў".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика