За жанчынай у Беларусь. Ці атрымалася наладзіць у Мінску канвеер сэкс-турызму?. 21.by

За жанчынай у Беларусь. Ці атрымалася наладзіць у Мінску канвеер сэкс-турызму?

20.08.2010 09:50 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Існуе меркаванне, што беларускія жанчыны - самыя прыгожыя ў свеце. З гэтым пагаджаюцца многія замежныя турысты. Для некаторых наша краіна не проста прывабны турыстычны аб'ект, а месца, дзе найбольшая славутасць - і ёсць мясцовая дзяўчына.

Журналіст "Звязды" Яўген Валошын высвятляў, ці пераўтварыўся Мінск у пляцоўку для сэкс-турызму і што нас будзе чакаць у будучыні, калі замежнікі паваляць у беларускую сталіцу шчыльным патокам?

Лічыцца, што прастытуцыя - найбольш старажытная прафесія. З'явілася яна яшчэ да таго, як краманьёнец навучыўся апрацоўваць тушкі жывёлаў каменнай зброяй. Але паважаны ўзрост ну ніяк не выклікае павагу да гэтага рамяства.

- Гандлюеш целам, атрымліваеш грошы, немалыя, і тавар застаецца пры табе, - выхвалялася перада мной адна знаёмая прастытутка, калі я распытваў яе аб прафесіі. - Нават самая страшная дзяўчына, кракадзілаватай знешнасці, прагне браць не менш як 30 зялёных за адзін кантакт з кліентам. І мужыкоў да яе прыходзіць, як да ўчастковага ўрача ў паліклініку.

Калі я пацікавіўся, колькі зарабляе элітная прастытутка, то ашалеў: да 500 долараў за ноч (вельмі прашу вас, грамадзяне, не аб'ядноўвайцеся ў карныя дружыны па адлове гэтых начных мятлушак). А плацяць такія грошы найчасцей не беларусы, а пахатлівыя замежныя турысты. Аказваецца, яны часам наўмысна прыязджаюць у Мінск, каб нашу дзеўчыну паспытаць.

Мне ўдалося пагутарыць з супрацоўніцай адміністрацыі элітнага сталічнага гатэля. Яна штодня бачыць прастытутак рознага кшталту, многіх ведае ў твар і пагадзілася на ўмовах ананімнасці апісаць іх тыповы вобраз.

"Некаторыя прастытуткі прыязджаюць на машынах за 30 тысяч долараў"

Найперш службовая асоба папярэдзіла, што трапіць у гатэль без пашпарта вельмі складана, але закрыць прастытуткам дарогу, натуральна, немагчыма. Прыходзяць яны ў якасці гасцей.

- Як правіла, замежнікаў абслугоўваюць самыя звычайныя пяструхі - нахабныя малагодкі. Нядаўна мне на гэты конт жалілася адна наша супрацоўніца. У рэстаран трапіла замова: самае дарагое віно, самае далікатэснае мяса, дэсерт. Нібы ў гатэлі пасялілася каралева. Прывозяць ежу ў нумар. Аказваецца, замаўляла ўсё гэта ашалелая юная прастытутка. Так бы мовіць, дарвалася да ўлады. А яе кліент, пузаты ўсходні мужык, хроп і бачыў дванаццаты сон.

Па раніцах гэтыя прастытуткі пакідаюць пакоі кліентаў і заходзяць у кавярню на першым паверсе, дэманстратыўна замаўляюць самыя дарагія стравы, выкабеньваюцца, абражаюць афіцыянтак, маўляў, што так доўга нясеш, карова?

- І што, усе як адна такія нахабныя?

- Не, што вы, часам такія дамы прыязджаюць! Разважлівыя, прыгожыя, на "Аўдзі Q7"(аўто каштуе болей за 30 000 долараў, - "Звязда"). Вось вы маеце такую машыну? А яна вынайшла метад наладзіць свой бізнэс, знаходзіць адпаведных кліентаў.

- А замежных турыстаў, якія прыязджаюць адмыслова па сэкс, у нас шмат?

- Я ведаю, што часам прыязджаюць цэлымі аўтобусамі. Збольшага туркі. Далёка не ўсе спыняюцца ў нас. Сярод такіх турыстаў не ўсе багатыя, ёсць і абарванцы, якія, напэўна, цэлы год збіраюць грошы на такое падарожжа і здымаюць нумары ў недарагіх гатэлях. Дзяўчат шукаюць у клубах. Каму дазваляюць фінансы, здымаюць прастытутак...

Я сам не раз адплясваў на дыскатэках, куды любяць наведвацца замежнікі. І павальнага сэкс-турызму там не пабачыў. Далёка не ўсе нашы дзяўчаты падкія на халёных іншаземцаў. Сам не раз адсочваў, як дагледжаныя з выгляду інтурысты так да самай раніцы і не знаходзілі сабе пару. Але часта мяне абурала, як лёгка некаторыя дзяўчаты пагаджаліся знаёміцца з замежнікамі, прымалі алкагольныя пачастункі і сыходзілі з клуба разам з новым кавалерам.

Але такое пабачыш, напэўна, у любой забаўляльнай установе любой еўрапейскай краіны. Што тут абурацца!

З прычыны таго, што беларускі не такія ўжо лёгкадаступныя, знайшліся дзеячы, якія паспрабавалі наладзіць у Мінску канвеер сэкс-турызму. Запрашалі да нас сваіх суайчыннікаў і падсоўвалі ім беларускіх дзяўчат.

Ці лёгка дзейнічаць па такой схеме? Чаму за арганізацыю сэкс-турызму ў Беларусі караюць амаль як за распаўсюд наркотыкаў? Пра гэта журналіст "Звязды" паспрабаваў даведацца ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

У рэкламных буклетах пазначаліся сэксуальныя паслугі ад беларусак

Што-што, а праблема маральнага аблічча сталіцы - на асаблівым кантролі ў нашых праваахоўнікаў. Як аказалася, інфармацыя пра сэкс-турызм для нашай міліцыі - як чырвоная ануча для быка.

Так, нядаўна на арганізацыі сэкс-турызму пагарэлі турэцкія грамадзяне. Журналіст "Звязды" даведаўся пра некаторыя акалічнасці крымінальных спраў.

У 2009 годзе праваахоўнікі атрымалі аператыўную інфармацыю: "У Мінску арганізаваныя паслугі сэкс-турызму для замежных грамадзян". Падазрэнні леглі на 42-гадовага Кылыаглу Мехмета, дырэктара прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "ТУР-07". Па дакументах фірма арганізоўвала экскурсіі і рассяляла замежных гасцей у кватэрах і гатэлях. Але на справе дырэктар прапаноўваў суайчыннікам яшчэ адну спакуслівую паслугу - інтымныя сустрэчы з беларускімі дзяўчатамі. За гэта атрымліваў сваю долю.

- Кылыаглу Мехмет уцягнуў у заняткі прастытуцыяй не менш за чатыры грамадзянкі нашай краіны, - распавядае Дзмітрый Цаюн, начальнік аддзела па супрацьдзеянні міждзяржаўнаму гандлю людзьмі МУС Беларусі. - Устаноўлены факт, што ў заняткі прастытуцыяй уцягнулі няпоўнагадовую. Яна папярэдзіла, што ў гатэлях могуць папрасіць пашпарт, і тады ўзнікнуць лішнія пытанні. Кылыаглу Мехмет супакоіў: "У мяне з гэтым пытанняў няма, калі я арганізоўваю, на пашпарт ніхто не звяртае ўвагі".

Грамадзянін Турцыі наведваў найбольш пажыўныя месцы сталіцы, дзе бавіць час моладзь. Заводзіў знаёмствы з дзяўчатамі, якім прапаноўваў аказваць інтымныя паслугі...

Як высветлілі праваахоўнікі, за адну сустрэчу з замежным кліентам прастытутка атрымлівала да 500 долараў ЗША. Кылыаглу Мехмет меў з гэтага сваю долю - ад 50 да 100 долараў.
Аператыўная інфармацыя пра дзейнасць дырэктара фірмы патрапіла ў міліцыю ад іншых дзяўчат, якія з Кылыаглу Мехметам не супрацоўнічалі, але ведалі пра яго дзейнасць ад каляжанак па цэху.

Асуджаны грамадзянін Турцыі абмяжоўваў кола сяброў і ў жыцці, і ў сацыяльных сетках. Тым не менш праваахоўнікі даведаліся пра яго злачынную схему.

- На момант затрымання ён арганізаваў выезд дзвюх дзяўчын да кліентаў. Пасля аказання сэкс-паслуг атрымаў па 50 долараў з кожнай і быў затрыманы, - працягвае Дзмітрый Цаюн. - Здзівіўся, цягам следства так і не даў праўдзівыя паказанні. Казаў, што дзяўчаты аказвалі паслугі гідаў, а не прастытутак. Крымінальная справа расследавалася каля шасці месяцаў. У Турцыю накіроўваліся адпаведныя даручэнні аб аказанні прававой дапамогі. З'явілася інфармацыя, што прадстаўнікі гэтай турыстычнай фірмы памнажалі на тэрыторыі Турцыі буклеты, дзе былі апісаныя ўсе мерапрыемствы на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку пазначаліся і паслугі дзяўчат. Супрацьпраўныя дзеянні падазронага пацвердзілі двое турыстаў, якім сэкс-паслугі аказваліся. Доказаў злачыннай дзейнасці Кылыаглу Мехмета было дастаткова. Суд Савецкага раёна Мінска пакараў турэцкага грамадзяніна сямю гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці (ч. 2 арт. 171 Крымінальнага кодэкса).

Не так даўно за арганізацыю сэкс-турызму быў затрыманы яшчэ адзін грамадзянін Турцыі -менеджар турфірмы. Пра ўсе акалічнасці крымінальнай справы ў праваахоўных органах пакуль не паведамляюць - прысуд не ўвайшоў у законную сілу. Аднак вядома, што турак дзейнічаў па аналагічнай з Кылыаглу Мехметам схеме - прапаноўваў замежным турыстам нашых дзяўчат, здымаў для гэтага кватэры, лазні, нумары ў гатэлях. А турысты з Турцыі завозіліся цэлымі аўтобусамі.

Р.S. Той факт, што ў нашай краіне сэкс-турызму спрабуюць ставіць заслону, мяне вельмі цешыць. Пасля такіх тэрмінаў пазбаўлення волі, напэўна, мала каму захочацца арганізоўваць незаконны бізнэс.

Некаторыя неабыякавыя чытачы "Звязды" ўжо даўно заклікалі мяне напісаць артыкул на тэму легкадумных адносінаў некаторых беларускіх дзяўчат з замежнікамі. Па-першае, людзей ціснула жаба ад думкі, што нехта так несумленна зарабляе такія вялікія грошы. Па-другое, брала зайздрасць, што нашы беларускія дзяўчаты часам бываюць падкімі на інтурыстаў і іх тлустыя партманэ.

У наступных нумарах "Звязды" мы прааналізуем, чаму замежныя мужчыны часам карыстаюцца ў беларусак большым попытам. Таксама журналіст "Звязды" пераўвасобіцца ў італьянскага мільянера і падлічыць працэнт дзяўчат, згодных на сумнеўнае знаёмства.

Каб стаць элітнымі прастытуткамі, дзяўчаты ідуць на моўныя курсы

- Хто яна, прастытутка, якой плацяць па 500 долараў за сустрэчу? - пытаюся ў Дзмітрыя Цаюна.

- Такія паслугі аказваюць дзяўчаты мадэльнай знешнасці, якія маюць адпаведнае развіццё, умеюць падтрымаць размову, валодаюць замежнымі мовамі. Адпаведна маюць вышэйшую альбо няскончаную вышэйшую адукацыю. Далёка не ўсе замежнікі размаўляюць па-руску ці нават па-англійску. Каб мець стасункі з такімі кліентамі, некаторыя нават заканчваюць курсы замежных моў.

Чаму за арганізацыю сэкс-турызму караюць, як за распаўсюд наркотыкаў?

Для параўнання: дробныя наркагандляры звычайна атрымліваюць каля васьмі гадоў пазбаўлення волі. Наладчыкі сэкс-турызму — сем гадоў. І гэта мінімум. Як бачыце, разбежка невялікая.

- Дзеянні асобаў, якія арганізоўваюць сэкс-турызм, негатыўна ўплываюць на імідж нашай краіны. Беларусь павінна ўспрымацца як месца, куды можна прыехаць, захапіцца прыгажосцю, а не як месца, дзе можна зняць дзяўчыну за грошы, - тлумачыць Дзмітрый Цаюн. - Мэты такіх людзей - не спрыяць развіццю іміджу нашай краіны, а незаконна абагаціцца з дапамогай заняткаў прастытуцыяй. Таму пакаранне суровае і абгрунтаванае.

- Калі Беларусь пераўтворыцца ў сапраўдную турыстычную краіну, ці магчыма будзе стрымаць развіццё сэкс-турызму?

- Спрыяльных умоў для гэтага ў нас не будзе. Цяпер праводзіцца нямала мерапрыемстваў па адпрацоўцы месцаў канцэнтрацыі прастытутак. У тым ліку гэта і інтэрнэт, і аб'явы ў СМІ. Асобы, якія займаюцца аказаннямі сэксуальных паслуг, рэгулярна прыцягваюцца да адказнасці. І колькасць прапаноў не ўзрастае. 



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналіст "Звязды" Яўген Валошын высвятляў, ці пераўтварыўся Мінск у пляцоўку для сэкс-турызму і што нас будзе чакаць у будучыні, калі замежнікі паваляць у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика