Каб жыццё мёдам падавалася. 21.by

Каб жыццё мёдам падавалася

23.08.2010 10:47 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінск апанаваны мёдам — яно і зразумела, Мядовы спас, але такое адчуванне, што мядовыя ярмаркі не знікаюць ніколі, а падчас Спаса іх становіцца крыху больш.

Кірмашы ўзнікаюць то ў Палацы мастацтваў, то ў ДК Трактарнага завода, ствараючы лішнія клопаты філафаністам і гандлярам кнігамі, якія таксама гандлююць у гэтых месцах. Але цяпер, перад Спасам, мёд аказаўся паўсюль — у метро нон-стопам ідзе рэклама мёду, у кожным прыдатным месцы арганізаваны кірмаш.

У падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа з боку Камароўскага рынку ідуць людзі, у кожнага другога ў руцэ маленькі чырвона-зялёны сцяжок. І дзеці, і пенсіянеры, і людзі сярэдняга ўзросту — амаль у кожнага сцяжок. Адкуль узялося? Паднімаюся да Камароўкі, а там дзяўчаты, адзетыя пчоламі, раздаюць мінакам вось гэтыя самыя сцяжкі.

На Камароўцы праходзіць мядовы кірмаш, і замест бабулек, што гандлююць шкарпэткамі, вазонамі і кацянятамі, вас на ўваходзе сустракаюць дзяўчаты-пчолы. Стаяць яны пад агромністым рэкламным стэндам з двухсэнсоўным надпісам: «Мёд з Кубані. Ліпа!» Іх пчаліны строй у +35 глядзіцца не вельмі святочна — калі шчыра, іх нават шкада. Тым больш, у іх адразу на ўваходзе працуе канкурэнт — мужчына з гучнагаварыцелем рэкламуе пяргу. Паводле гэтага спадара пярга — незаменны лекавы сродак, бо лечыць ад усяго: ад бранхіту да імпатэнцыі. Спіс хвароб настолькі доўгі, што мінакам складана зарыентавацца, што менавіта рэкламуе мужчына. Скончыўшы з пералікам хвароб, ён выказвае наступнае меркаванне:

— Для беларусаў найкарыснейшы беларускі мёд! Таму купляйце наш!

На латках выстаўлены скрыначкі з мёдам: «ліпавы», «грэцкі», «майскі», «кветкавы», «каштанавы» і г.д. Акрамя беларускага, ёсць і алтайскі, і знакаміты башкірскі, і таежны… Цэны ад 20 да 60 тысяч за кілаграм. Амаль усіх засмучае чарнічны мёд. Пакупнікі, што зай¬маюцца дэгустацыяй усіх сартоў ля аднаго з латкоў, распачынаюць спрэчку:

— Ты бачыў калі-небудзь кветкі чарніцаў? Як з іх мёд сабраць? Там пчала не ўлезе ў кветку аніяк. Ці яны гэтых пчол на ланцужку трымаюць?

— А я кажу, бывае чарнічны мёд. Вунь з дзівасіла ёсць, дык чаму ж з чарніц не будзе?

Як высветлілася, з чарніц насамрэч збіраюць мёд, і, дарэчы, у вялікай колькасці — але, як выглядае сам працэс, уявіць складана, і ведаюць толькі пчолы.

Акрамя дзясяткаў гатункаў мёду, прадаюцца на кірмашы і тавары-сабстытуты: пярга, пчаліны падмор. Прылятаюць і самі вытворцы, што трошкі раздражняе і прадаўцоў, і пакупнікоў: толькі распачнеш дэгустацыю, а ўжо трэба хуценька адганяць ад сябе пчалу.

Але не мёдам адзіным жыве мядовы кірмаш. Напрыклад, існуе асобны стол, за якім гандлююць валёнкамі. Якаснымі, цёплымі — ад аднаго погляду на іх у спёку хочацца абліцца чым-небудзь халодным. Менавіта таму гара валёнкаў неяк і не змяншаецца.

Ля валёнкаў гандлююць цёплымі шкарпэткамі з сабачае поўсці і сумкамі з парашутнага шоўку. Вось гэтыя сумкі прадаюцца лепш за астатняе.

Ля іх гандлююць «свежымі тульскімі пернікамі», да якіх пакупнікі ставяцца насцярожана — спалучэнне слоў «тульскія» і «свежыя» прымушае іх задавацца пытаннем: «А дзе тая Тула знаходзіцца?» Хаця, зразумела, што прынеслі пернікі не хадакі.

Але галоўнае — мёд, і гандляры наперабой прапануюць свой тавар:

— Толькі ў нас сапраўдны беларускі мёд!

— Кветкавы мёд! Падыходзьце, я вам усё раскажу — я вельмі цікава расказваю!

— Зніжкі!

Пры ўдакладненні пра зніжкі высвятляецца, што існуе «гібкая сістэма» для пенсіянераў, якія бяруць больш за дзесяць кілаграмаў, — вось ім і будзе зніжка. Кілаграм каштуе 30 тысяч. Навошта купляць адразу дзесяць? А каб расфасаваць пасля па слоіках і перапрадаць, хаця з такімі цэнамі, як на кірмашы, зрабіць тое абсалютна немэтазгодна.

А вось для аматараў «мядовай халявы» такі кірмаш — проста рай, кожны з гандляроў прапануе прадэгуставаць кожны сорт, так што мёду можна надэгуставацца да наступнага кірмашу.

***

Як выбраць якасны мёд?

Не памыліцца, купляючы мёд, цяжка. Спадзяёмся, гэтыя парады дапамогуць вам набыць якасны і карысны мёд.

1. Водар у мёду павінен абавязкова быць. Калі вы не адчуваеце водару, значыцца вам трапілася натуральная падробка. Чым гусцейшы водар, тым лепшая якасць мёду, хаця трэба ўлічваць, што водар, а таксама яго сіла ў розных сартоў можа быць розная.

2. Смак сапраўднага мёду павінен быць салодкі, без старонніх адценняў, а пры дэгустацыі сапраўдны мёд аказвае раздражненне на слізістую абалонку. Ад падробкі такога эфекту чакаць не варта. Мёд з карамельным прысмакам — ужо не свежы, а значыць, гаючых якасцяў не мае.

3. Сталасць мёду можна вызначыць, накручваючы яго на лыжку ці паліваючы на лязо нажа — сталы, якасны, гатовы да ўжывання мёд не будзе сцякаць ні з лыжкі, ні з нажа.

Падзяліцца навіной: 
Юрась Ускоў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як выбраць якасны мёд?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика