Як ідзе рэстаўрацыя касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. 21.by

Як ідзе рэстаўрацыя касцёла Божага Цела ў Нясвіжы

31.08.2010 09:50 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы ўнікальны па многіх прычынах. Гэта — першы на тэрыторыі Усходняй Еўропы храм у стылі барока (збудаваны на замову Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі італьянскім архітэктарам Джавані Марыя Бернардоні ў 1593 годзе). Тут — трэцяя па велічыні крыпта-пахавальня ў Еўропе. І пахавальня гэтая не абы-каго, а саміх князёў Радзівілаў на чале з вялікім Сіроткам, які і збудаваў касцёл разам з замкам. Паглядзець на гэтыя помнікі архітэктуры ў Нясвіж штогод прыязджае каля 100 тысяч турыстаў. І гэта — з улікам таго, што замак зараз рэстаўруецца, і можна пабачыць з сярэдзіны толькі невялікую ягоную частку. Распачалося ўжо і аднаўленне касцёла Божага Цела. Пра ўсё гэта мы гутарым з шаноўным ксяндзом-пробашчам Пятром Шарко.

"Я спадзяюся, што пры аднаўленні касцёла будуць зважаць на якасць, а не на тэрміны засваення сродкаў"

— У прэсе прайшла інфармацыя, што зараз пачынаецца аднаўленне касцёла. На якой стадыі гэтая праца знаходзіцца? 
Ксёндз Пётр Шарко годна апекуецца ўнікальным касцёлам Божага Цела ў Нясвіжы


— Аднаўленне касцёла распачалося з самага пачатку года, з таго часу, калі былі выдаткаваныя сродкі з рэспубліканскага фонду, а менавіта з Міністэрства культуры — адзін мільярд беларускіх рублёў, і з абласнога бюджэту — таксама адзін мільярд беларускіх рублёў. Цяпер ідуць гістарычныя і інжынерныя даследаванні гэтага будынка, робіцца праектна-каштарысная дакументацыя: што менавіта патрабуе рэстаўрацыі, колькі гэта будзе каштаваць. Ад верасня плануецца распачаць капітальны рамонт даху. У 1944 годзе дах быў пашкоджаны пажарам ад бомбы і цалкам згарэў. І ў першапачатковы выгляд ён не вярнуўся, хоць ксёндз Каласоўскі, геніяльны чалавек, які вельмі шмат зрабіў для гэтага храма, вельмі ўдала тады затушыў пажар: не быў заліты будынак і фрэскі. У адрозненне ад нядаўняга пажару ў замку: там пры непрафесійным тушэнні шмат што пашкодзілі... У 1944 годзе пажар не патрапіў у касцёл, аднак амаль усе драўляныя канструкцыі даху згарэлі. І наколькі дазвалялі сродкі, рамонт даху быў праведзены: зрабілі новыя бэлькі, новую бляху. Гэта быў 1944 год, і рабілі гэта ўвосень, вельмі хутка — за 2,5 месяца. Ксёндз Каласоўскі збіраў у людзей яйкі, сала, іншыя прадукты — гэта ўсё прадавалася, і за атрыманыя грошы куплялася бляха, дамаўляліся з ляснічым, каб ён выдзяляў лес. На жаль, тады не быў адноўлены першасны выгляд даху — зразумела, які быў час... Бо дах, паводле гістарычных звестак з ХVІІ стагоддзя — быў накрыты керамічнаю дахоўкаю, вырабленай у форме лацінскай літары S — гэткія гістарычныя экзэмпляры падчас даследаванняў былі знойдзеныя пад дахам на скляпеннях. Ёсць прапанова такая, каб аднавіць тую дахоўку, а купалы пакрыць меддзю (ёсць адпаведныя гістарычныя звесткі). Было таксама шмат упрыгажэнняў на фасадзе касцёла, на даху... Гэта таксама Каласоўскі не меў магчымасці аднавіць. Знайшлі і такія цікавыя звесткі: на самым верхнім узроўні купала быў абсталяваны такі балконік, з якога па вялікіх урачыстасцях рабілі светлавую ілюмінацыю... Таксама стаялі фігуры розных святых, вазы на фасадзе — захавалася гэта цяпер толькі на цэнтральным фасадзе... Я спадзяюся, у працэсе рэстаўрацыі ўсе гэтыя страчаныя элементы вернуцца. Гэта тое, што плануецца зрабіць сёлета. Як будзе выглядаць далейшы працэс рэстаўрацыйны, гэта залежыць, зразумела, ад наяўнасці сродкаў. Адзінае, чаго я баюся, каб з касцёлам не было тое, што з замкам: будаўнікам вылучаюць сродкі і даюць тэрмін, каб іх засвоіць. Аднак у часе рэстаўрацыі заўсёды выяўляюцца новыя звесткі, дэталі, адкрыцці — і тады ў гэтыя тэрміны ўкласціся немагчыма... Я вельмі хачу, каб у нашым выпадку было ўсё зроблена не на хуткасць, а на якасць. Аднак ужо ёсць трывога: згаданыя раней 2 мільярды трэба абавязкова "засвоіць" сёлета. І вось гэтае "засвоіць" мяне пужае.

"У алтарнай частцы ўжо адвалілася некалькі кавалкаў фрэскі..."

— Уважлівы вернік ці наведнік пабачыць: у храме ўжо адваліўся кавалак алтарнай фрэскі. У якім стане знаходзіцца ўнікальны жывапіс, фрэскі ў касцёле? Якога яны патрабуюць умяшальніцтва?

— На гэты момант яны патрабуюць умяшальніцтва — замены даху. Бо займацца зараз фрэскамі — гэта нелагічна і неразумна. Просты чалавек, нават мой бацька, які мае 84 гады, сказаў бы: недарэчна рабіць рамонт у хаце, калі працякае дах, бо шпалеры ўсё роўна адлепяцца. Таму ў першую чаргу трэба забяспечыць дах, каб па сценах не цякла і не ўсмоктвалася гэтая вільгаць, больш абараніць касцёл ад грунтовых водаў, ад зменаў кліматычных і ўнутраных. Асабліва вялікая вільготнасць у касцёле ўвесну і ўвосень, калі ідуць дажджы. Добра было б паставіць якое прыстасаванне, каб гэтую вільгаць сцягваць, каб не асядала на сценах і на падлозе. ...Фрэскі не ў самым дрэнным стане. Але я не магу сцвярджаць як даследчык ці знаўца фрэсак, бо я з'яўляюся святаром. Павінна быць заключэнне спецыялістаў. У першую чаргу я скажу, што ў алтарнай частцы за 2 гады я заўважыў, што некалькі кавалкаў самой тынкоўкі не хочуць трымацца, адпадаюць... Але фрэскі — гэта з апошніх этапаў, як і арган, інтэр'еры...

— Ваш касцёл адметны ад іншых яшчэ і тым, што ён зазнае вялікую навалу турыстаў, якія едуць да вас проста тысячамі. Скажыце як святар, наколькі дарэчна гэта ў храме, калі некалькі разоў на дзень сюды завальваецца цэлы аўтобус турыстаў, якія, не ведаючы правілаў паводзінаў у касцёле, пачынаюць нешта аглядаць, мацаць, патрабаваць?

— Гэта нармалёвая практыка ва ўсім свеце — турызм. Толькі што вельмі часта праяўляецца такая тэндэнцыя нядобрая — калі турысты патрабуюць, каб мы адчынілі храм тады, калі гэта немагчыма, ці нават такія часамі казусы ўзнікаюць: "Чаго вы тут моліцеся, учынілі нейкі малебен, а мы здалёк прыехалі, хочам паглядзець, а вы нас не пускаеце пахадзіць па храме!" У першую чаргу гэта храм, святыня, дзе людзі могуць маліцца, узяць шлюб, ахрысціць сваіх дзяцей, паспавядацца, пабыць у цішыні. Гэты храм мае назву касцёл Божага Цела. Тут ёсць Хрыстос, захоўваюцца Святыя Дары. Часамі няма пашаны ў тых турыстаў. Робіш заўвагі, што неадпаведна апранутыя — абражаюцца і абураюцца: што вы тут ад нас хочаце, нам вельмі горача! Я кажу: ну, тады вы памыліліся. Як вам горача — ідзіце на пляж, а гэта — святыня. Ватыкан на мінулым тыдні вынес пастанову: не прапускаць на тэрыторыю Ватыкана, нават на плошчу перад саборам Святога Пятра ў неадпаведным адзенні: у майках без рукавоў і шортах, бо вельмі часта турысты прыходзяць ледзь не ў бікіні. Гэта неадпаведны строй. У музей ці рэстаран мы не ідзём у бікіні, а надзяваем прыгожую сукенку. Дык чаму ў касцёл ідзяце неадпаведна?

— Якія тайны адкрыў Нясвіжскі касцёл за час Вашага служэння тут? Як лічыце, ці шмат тут тайнаў яшчэ?

— Тайнаў, напэўна, шмат. Нават не тайнаў, а гістарычных звестак. Напрыклад, ні для нікога не з'яўляецца тайнаю, што ззаду і збоку касцёла быў езуіцкі калегіум, і падмуркі яго засталіся. Нават ёсць інфармацыя, што падвалы гэтага будынка захаваліся. У часе навуковай калегіі па рэстаўрацыі касцёла прабліснула нават прапанова аднавіць калегіум! Можа, гэта правільна, бо тут калі рабілі даследаванні глебы, рабілі зандажы, загналі зонд — правяралі, наколькі моцны грунт, на якім стаіць касцёл, — дык адзін зонд застаўся ў зямлі: якраз трапілі на гэты фундамент, і зонд у ім засеў. Хто будзе рабіць рэстаўрацыйныя працы праз 100 гадоў — знойдзе яго як гістарычную цікавостку!.. (усміхаецца) Хачу напрыканцы яшчэ раз звярнуцца да турыстаў, каб яны не падумалі, што я супраць іх наведвання. Мы заўжды рады бачыць усіх вернікаў і проста людзей, якія цікавяцца нашым касцёлам. Аднак заклікаю памятаць, што гэта — найперш Храм Божы, прызначаны для вернікаў. Але ў вольны час (парафіяне пагадзіліся на адпаведным пасяджэнні), з адпаведнымі ўмовамі наведвання касцёла (адзенне, паводзіны і г. д.), дазваляем гэта рабіць. Шчыра вітаем усіх!
 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы ўнікальны па многіх прычынах. Гэта — першы на тэрыторыі Усходняй Еўропы храм у стылі барока (збудаваны на замову Мікалая Крыштафа...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика