Ці патрэбна нашым дзецям выкладанне асноў рэлігіі ў школе?. 21.by

Ці патрэбна нашым дзецям выкладанне асноў рэлігіі ў школе?

01.09.2010 09:52 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аўтары гэтага матэрыяла — Святлана Мандрык і Андрэй Гаранскі — з'яўляюцца аўтарамі падручніка "Біблія як помнік культуры" (2009), рэкамендаванага Міністэрствам адукацыі для навучэнцаў каледжаў. Кніга стала вынікам выкладання рэлігіязнаўчых курсаў школьнікам і студэнтам на працягу 10 гадоў. Такім чынам, да дыскусіі, якую распачала на сваіх старонках газета "Звязда" і якую падхапілі іншыя выданні і электронныя СМІ, падключыліся не проста староннія назіральнікі, а прафесіяналы. Меркаванне іх павінна быць цікавым усім, каго хвалюе пытанне, ці патрэбна нашым дзецям выкладанне асноў рэлігіі ў школе, і калі так, то якім яно павінна быць.

Пасля абмеркавання на ХVІ Кірыла-Мяфодзеўскіх чытаннях прапановы аб увядзенні ў школах абавязковага курсу "Асновы рэлігійнай культуры", у друку разгарнулася палеміка. Хацелася б падзяліцца сваімі думкамі і досведам па гэтым пытанні.

У адпаведнасці з агульнапрынятымі законамі логікі, любое абмеркаванне або спрэчка можа быць канструктыўным і, так бы мовіць, нараджаць ісціну толькі пры пэўных умовах. Першая неабходная ўмова — абодва бакі павінны весці дыскусію, зыходзячы з аднолькавых, агульнапрызнаных падстаў і разуменняў у адпаведнасці з агульнапрызнанымі правіламі.

Другая неабходная і, магчыма, найбольш важная ўмова — для таго, каб дакапацца да гэтай самай ісціны, абодва бакі павінны імкнуцца зразумець сваіх апанентаў і ставіцца адзін да аднаго не як да супернікаў і ворагаў, але як да супрацоўнікаў на ніве агульнай справы, за якую мы ўсё перажываем і змагаемся.

Веды аб рэлігіі, а не навучанне рэлігіі

У сувязі з гэтым, хацелася б адразу абмежаваць нашы развагі пэўнымі рамкамі, у якіх мы лічым дыскусію найбольш плённай.

Першае. Свабода сумлення, веравызнання, рэлігійных аб'яднанняў з'яўляецца неад'емным правам чалавека, якое не дорыцца дзяржавай, але замацоўваецца ў яго Канстытуцыі і заканадаўстве і забяспечваецца дзейнасцю яго органаў.

Другое. Свецкі характар дзяржавы і сістэмы адукацыі не азначае аддзяленне Царквы ад дзяржавы і школы ад Царквы ў духу дэкрэта СНК РСФСР 1918 года і падобных яму заканадаўчых актаў, якія існавалі ў СССР. Падобная тэрміналогія і практыка ў заканадаўстве і практыцы Рэспублікі Беларусь не выкарыстоўваецца.

Гістарычна гэты тэрмін узнік у эпоху французскай рэвалюцыі канца ХVІІІ ст. і азначаў адлучэнне Царквы (дакладней, яе іерархаў) ад кіравання дзяржавай. У наш час свецкі характар дзяржавы не азначае ізаляцыі рэлігійных арганізацый у сферы грамадскага і культурнага жыцця, сферы адукацыі і навукі, справах дабрачыннасці, міласэрнасці і г. д.

Свецкі характар дзяржавы азначае, што пры роўнасці ўсіх рэлігійных арганізацый перад законам дзяржава не ўмешваецца ў іх веравучэнне і ўнутраную дзейнасць (калі яны не пярэчаць прынятым законам). Але і апошнія напрамую не ўдзельнічаюць у норматворчай і кіраўнічай дзейнасці дзяржавы, карыстаючыся дактрынальным, іерархічным ці якім іншым аўтарытэтам, якім яны валодаюць у асяроддзі сваіх вернікаў. Іншымі словамі, дзяржава і яе органы дзейнічаюць не ў адпаведнасці з веравучэннем і практыкай якога-небудзь рэлігійнага аб'яднання, а ў адпаведнасці з прынятымі ў гэтай дзяржаве законамі.

Рэлігійныя аб'яднанні і лідары могуць уплываць на грамадскае і культурнае жыццё выключна сваім маральным аўтарытэтам, а на заканадаўства і на практычную дзейнасць дзяржавы — праз сваіх вернікаў (грамадзян гэтай дзяржавы) і зноў жа — у адпаведнасці з існуючым заканадаўствам аб выбарах, грамадскай ініцыятыве і г.д.

Што датычыцца свецкага характару адукацыі, то гэты характар не выключае ў дзяржаўных навучальных установах выкладанне пэўных ведаў пра рэлігію (пра веравучэнні розных рэлігій і канфесій, пра рэлігійныя традыцыі і г.д.), але выключае навучанне пэўнай рэлігіі або канфесіі (яе веравучэнню, абрадам і практыцы).

Трэцяе. Мы заклікаем усіх ахвотных далучыцца да гэтай вельмі важнай, на наш погляд, дыскусіі, але весці яе не столькі на эмацыйным, колькі на прафесійным узроўні. Паколькі такога кшталту пытанне можа вырашацца не зыходзячы са звычайных, эмацыйна афарбаваных і часта прадузятых уяўленняў, але зыходзячы з рэальнай сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне, і лепшых узораў сусветнай тэорыі і практыкі ў гэтай сферы.

І, нарэшце, мы прапаноўваем адкінуць нейкі недавер і падазронасць у дачыненні да боку, які прапануе гэты праект, якіх-небудзь канфесій або рэлігійных арганізацый, да дзяржавы і яе органаў. Нам здаецца, што не варта шукаць унутраных ворагаў, якія, зыходзячы са сваіх карыслівых мэтаў, хочуць падпарадкаваць сабе розумы і сэрцы як мага большай колькасці беларусаў.

Неабходныя ўмовы свабоды

Аднак сярод крытычных заяў мы ўбачылі рэальную заклапочанасць, якая насамрэч можа мець месца. У сувязі з гэтым хацелася б больш падрабязна выказаць наш погляд на гэтую праблему і нашы меркаванні з нагоды канцэпцыі і магчымай практыкі выкладання новага курсу.

Такім чынам, дзяржава заклікана забяспечваць захаванне аднога з фундаментальных правоў чалавека — свабоды сумлення і рэлігійных аб'яднанняў. Але што азначае забеспячэнне гэтай свабоды? Свабода мае на ўвазе свядомы і адказны выбар. Такім чынам, акрамя ўсяго іншага, у сферы забеспячэння свабоды сумлення дзяржава павінна дакладна і своечасова інфармаваць сваіх грамадзян аб разнастайнасці праяў рэлігійнага і безрэлігійнага светапоглядаў. Таму дзяржаўная сістэма адукацыі не павінна быць ні рэлігійнай, ні атэістычнай, але свецкай.

З гэтай нагоды выказваліся асцярогі адносна псіхічнага здароўя падрастаючага пакалення ў сувязі з тым, што ўсе дакладныя навукі нібы засноўваюцца на безрэлігійным светапоглядзе, а затым вучням будуць выкладацца асновы светапоглядна супрацьлеглых рэлігійных ведаў. Сапраўды, у СССР сістэма атэістычнага выхавання павінна была ахопліваць усе сферы жыцця і дзейнасці савецкіх грамадзян, і ў першую чаргу сферу адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Таму гаварыць пра атэістычную аснову сістэмы школьнай адукацыі ў нашай краіне можна толькі як пра рэлікт або непераадолены перажытак савецкай эпохі.

У цывілізаванай сістэме адносін рэлігійнага і атэістычнага светапоглядаў агульнапрызнана, што навука не можа быць ні рэлігійнай, ні безрэлігійнай, бо карыстаецца інакшым, чым рэлігія, доследным апаратам і апаратам доказу і праверкі. У сувязі з гэтым прызнаваць вынікі навукі і карыстацца яе дасягненнямі цалкам спакойна могуць людзі з рознымі (рэлігійнымі і атэістычнымі) светапогляднымі ўстаноўкамі.

Светапоглядныя ўстаноўкі, якія могуць і павінны выхоўвацца ў працэсе школьнага навучання — гэта агульнапрынятыя нормы маралі, якія ўсведамляюцца як рэлігійныя запаветы прадстаўнікамі ўсіх рэлігій або як маральныя імператывы прыхільнікамі безрэлігійнага светапогляду. Калі нейкі рэлігійны напрамак або рух аспрэчвае гэтыя маральныя прынцыпы або парушае іх у сваёй практычнай дзейнасці, то такая плынь з'яўляецца дэструктыўнай і шкоднай для асобных людзей і ўсяго грамадства. Тое ж самае датычыцца і да прыхільнікаў безрэлігійнага светапогляду і іх арганізацый.

Што датычыцца здароўя псіхікі нашых дзяцей, то нам здаецца, што значна больш шкоднае для яе існаванне ў сістэме адукацыі антырэлігійных рэліктаў эпохі ваяўнічага атэізму, калі з аднога боку настаўнік аўтарытэтна заяўляе пра слушнасць атэістычных светапоглядных установак, а бацькі дома або выкладчыкі нядзельных школ з другога боку гавораць цалкам супрацьлеглае і вінавацяць настаўнікаў у падмане або неадукаванасці. Узнікае недавер і адчужанасць паміж школай і рэлігійнымі арганізацыямі, што не вядзе да паляпшэння псіхічнага здароўя дзяцей.

Талерантнасць — не абыякавасць

Адзіным, на наш погляд, выйсцем з падобнай сітуацыі было б паведамляць вучням, што існуюць розныя погляды на свет і чалавека, носьбіты гэтых поглядаў жывуць побач з імі, вучацца ў адной школе і адным класе, і гэтыя погляды трэба паважаць, і ні ў якім разе не крыўдзіць і не зневажаць тых, хто іх падзяляе.

У сувязі з гэтым хацелася б некалькі слоў сказаць пра знакамітую беларускую талерантнасць Мы згодныя, што ў наш час міжканфесійная сітуацыя ў краіне спакойная, і ні ў якім разе не варта яе ўскладняць і абвастраць. Аднак варта памятаць, што такое становішча аплачана крывёй нашых продкаў у міжканфесійных сутычках, якія адбываліся ў нашай гісторыі досыць нядаўна. Мы не можам пра гэта забываць, але павінны ведаць і памятаць нашую канфесійную гісторыю, інакш усё можа паўтарыцца і мець яшчэ больш трагічныя вынікі.

Талерантнасць — гэта не проста абыякавасць па формуле "я жыву, як хачу, і цябе не чапаю, і ты жыві, як хочаш, але мяне не чапай", але дасведчаная павага да поглядаў і традыцый іншых, калі гэтыя погляды і традыцыі не пярэчаць агульнапрынятаму маральнаму закону, не парушаюць правоў і свабод навакольных і гвалтоўна ім не навязваюцца. Але такая талерантнасць магчымая толькі пры веданні светапоглядных установак і чыну жыцця іншых. Няведанне ж або скажонае веданне (часта абывацельскае, прадузятае) выклікае недавер, страх, адчужэнне, а часам і прамую нянавісць і агрэсію.

Такой недасведчанасцю пры пэўнай цікавасці да рэлігіі часта карыстаюцца псеўдарэлігійныя і дэструктыўныя рухі або рэлігійныя напрамкі, нетрадыцыйныя для нашай краіны, але якія хочуць набыць у нас пабольш прыхільнікаў. Аднойчы давялося быць удзельнікам досыць кур'ёзнай і, у гэтым выпадку, бяскрыўднай размовы. Крышнаіт, як гэта звычайна бывае, прапаноўваў мінакам літаратуру ля выхаду з метро. Незвычайнымі былі яго просьбы да тых, хто зацікавіўся яго прапановай: "Літаратура вам дастанецца бясплатна, толькі ахвяруйце на наш кляштар, які мы аднаўляем пад Мінскам". Выдатна, ці не праўда? Крышнаізм — традыцыйная рэлігія беларусаў — аднаўляе святыні, зруйнаваныя, верагодна, пры савецкай уладзе!!! Прыклад, падкрэслім, самы бяскрыўдны.

Да гэтай жа вобласці можна аднесці ўзгаданую ў дыскусіі бытавую нецярпімасць да тых, хто не трымаецца мясцовых народных звычаяў і традыцый. У сілу пэўных чыннікаў многія нашы вернікі не могуць адрозніць народныя звычаі і абрады, звязаныя, напрыклад, з хрысціянствам, ад уласна хрысціянскага веравучэння. Такое ж назіраецца і сярод няверуючых, якія судзяць пра пэўную рэлігію або канфесію, не зыходзячы з яе веравучэння або лепшых прадстаўнікоў, а распаўсюджваючы на ўсе з'явы скажэнні і злоўжыванні, якія характэрныя таксама і для рэалізацыі самай выдатнай безрэлігійнай ідэі або канцэпцыі. Напрыклад, тое, што адбываецца на некаторых могілках на Радаўніцу — гэта не хрысціянства, а ганебныя паводзіны людзей, якія могуць зваць сябе хрысціянамі, але ці з'яўляюцца такімі — гэта праблематычна.

Нарэшце, сярод нашых суайчыннікаў (прычым як сярод дзяцей, так і сярод дарослых) можна назіраць досыць дзікую рэакцыю на праявы рэлігійных традыцый у навакольным свеце. Калі прыводзіш дзяцей у царкву або касцёл, каб агледзець храм як архітэктурны і гістарычны помнік, прыходзіцца доўга тлумачыць ім, што там адбываецца і як трэба сябе паводзіць. І нават пасля гэтага паводзіны на экскурсіях (нават дарослых) бываюць неадэкватнымі.

Чаму менавіта ў сярэдняй школе?

Са сцвярджэннем аб тым, што рэлігіі павінны навучаць у духоўных навучальных установах адпаведнай канфессіі, мы, вядома ж, пагодзімся. Тут ідзе гаворка пра духоўную або рэлігійную адукацыю. Калі ж мы гаворым пра курс "Рэлігійная культура", то тут не маецца на ўвазе, як было ўжо сказана, навучанне пэўнай рэлігіі. Але, у адпаведнасці са свецкім характарам адукацыі, паведамленне правераных дакладных звестак аб рэлігійным і атэістычным светапоглядах, аб асноўных традыцыйных для нашай краіны канфесіях, а таксама і нетрадыцыйных для яе, але распаўсюджаных і ўплывовых у сусветным маштабе рэлігійных плынях. Як вядома, у сістэме гуманітарных навук ёсць адмысловая дысцыпліна — рэлігіязнаўства, якая займаецца даследаваннямі ў гэтай вобласці.

Таму, калі прапануецца выкладанне асноў рэлігійнай культуры ў школе, не мяркуецца нешта падобнае на Закон Божы ў школах Расійскай імперыі, дзе была дзяржаўная Расійская Праваслаўная Царква. У нашай краіне няма разумення дзяржаўнай рэлігіі або царквы, і ўсе зарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі роўныя перад законам. Тут маецца на ўвазе паведамленне вучням пэўных ведаў з вобласці рэлігіі і канфесійнай гісторыі, атрыманых і апрабаваных у адпаведнасці з сучаснымі навуковымі метадамі і канцэпцыямі ў рамках дысцыплін, якія працуюць у гэтай вобласці (рэлігіязнаўства, гісторыя, антрапалогія, псіхалогія і інш.).

У абавязковым характары такога курсу, на наш погляд, павінны быць зацікаўленыя як усе законапаслухмяныя рэлігійныя арганізацыі, так і атэісты, а таксама дзяржава і грамадства ў цэлым. Справа ў тым, што ў духоўных навучальных установах вядзецца выкладанне веравучэння і традыцый пэўнай канфесіі. Паўнату і дакладнасць ведаў пра іншыя рэлігійныя напрамкі пракантраляваць практычна немагчыма, бо закон забараняе ўмешвацца ва ўнутранае жыццё рэлігійных арганізацый. Талерантнасць у дачыненні да іх застаецца на сумленні асобнага выкладчыка і залежыць ад яго ідэалагічных установак.

З перакосамі ў такой рэлігійнай адукацыі (пра гэта гаварылася на прыкладзе вахабізму) дзяржава, грамадства і асобныя людзі сутыкаюцца, калі намоўленыя вучням пастулаты праяўляюцца ў пэўнай дзейнасці, якая можа не проста пярэчыць існуючаму заканадаўству, але і прыводзіць да трагічных вынікаў для сотняў і тысяч людзей. Для гэтага і неабходна адлюстраванне рэальнай сутнасці той або іншай канфесіі на дзяржаўным узроўні ў СМІ і, самае важнае, у сістэме адукацыі.

У сувязі з гэтым неабходна падвойнае рэцэнзаванне праграмаў і навучальных планаў і падвойная акрэдытацыя выкладчыкаў. Дзяржава забяспечвае адпаведнасць зместу, формаў і метадаў выкладання заканадаўству, прынцыпам талерантнасць і забеспячэнню міру і стабільнасці ў краіне, а рэлігійныя арганізацыі (Цэрквы) сочаць за дакладнасцю і паўнатой інфармацыі, якая будзе выкладацца вучням аб іх веравучэнні і традыцыях.

Для ўсяго гэтага патрэбна каманда, якая складаецца з прафесійных тэолагаў і рэлігіязнаўцаў. На наш погляд, Інстытут тэалогіі БДУ з'яўляецца добрай базай для падрыхтоўкі такіх кадраў, паколькі з'яўляецца дзяржаўнай (свецкай, а не духоўнай) навучальнай установай. На вялікі жаль, іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы нашай краіны, дзе маецца спецыялізацыя "рэлігіязнаўства", спецыялістаў такога ўзроўню не рыхтуюць. Аднак спецыялісты тэолагі-рэлігіязнаўцы патрэбныя ў многіх галінах дзейнасці дзяржавы на ўсіх узроўнях. Іх недахоп заўсёды адчуваецца ў практычнай дзейнасці і зносінах з дзяржаўнымі чыноўнікамі.

Патрэбна наяўнасць такіх спецыялістаў, якія б кваліфікавана забяспечвалі роўнасць усіх рэлігій перад законам і здымалі з іх боку розныя непаразуменні і заклапочанасць з нагоды фаварытызацыі адных і парушэнне правоў іншых. Зрэшты, калі дзяржава ўжо выдаткавала сродкі для падрыхтоўкі спецыялістаў-тэолагаў высокай кваліфікацыі, неабходна, каб гэтыя спецыялісты эфектыўна паслужылі на дабро гэтай дзяржавы і грамадства. Прычым мы ўпэўненыя, што іх дзейнасць і вынікі выкладання ў школах прадмета "Рэлігійная культура" цалкам акупяць тыя сродкі, якія будуць укладзеныя ў гэты праект.

Вынік здзівіў нас саміх

Пэўны дослед работы ў гэтай сферы ў нас маецца. Ужо на працягу амаль дзесяці гадоў намі вядзецца выкладанне ў розных дзяржаўных навучальных установах такіх прадметаў як "Духоўныя асновы культуры", "Біблія як помнік культуры" і "Рэлігіязнаўства".

Пачыналі мы выкладаць курс у 2-й гімназіі горада Мінска, дзе вучацца вельмі матываваныя дзеці, і дзе мы сустрэлі вялікую цікавасць да прадмета. Але потым мы прыйшлі ў звычайную школу, дзе бацькі адразу спыталі: "А навошта нам дадаткова загружаць дзяцей? Ці будуць яны мець пасля гэтага курсу нейкія прэферэнцыі пры паступленні?" Мы адказвалі, што закладзём у дзяцей асновы маральных прынцыпаў, і гэта дасць ім значна большыя прэферэнцыі, чым дадатковыя балы пры паступленні. Дзеці спачатку таксама былі негатыўна настроеныя да прадмета. Але вынік за год здзівіў нас саміх. На экзамене нам адказвалі ўжо зусім іншыя маладыя людзі. І настаўнікі, і бацькі, і дырэктар школы адзначалі, што яны змяніліся да лепшага, навучыліся думаць, аналізаваць свае ўчынкі. Мы расказваем дзецям, што такое рэлігія, у чым яе сэнс, як навучыцца адрозніваць адзін светапогляд ад другога, як разумеюць людзі, што такое дабро і зло...

Галоўны вынік у тым, што дзеці, якія праслухалі наш курс, будуць паважаць людзей розных рэлігій і канфесій. І яны не патрапяць у дэструктыўную секту, бо будуць мець веды і навучацца думаць. Мы расказваем дзецям пра каштоўнасць сям'і, пра паважлівае стаўленне да жанчыны, пра свабоду выбару і звязаную з ёй адказнасць.
Святлана Мандрык, Андрэй Гаранскі

Свецкі характар дзяржавы і сістэмы адукацыі не азначае адлучэнне Царквы ад дзяржавы і школы ад Царквы. Свецкі характар дзяржавы азначае, што дзяржава і яе органы дзейнічаюць не ў адпаведнасці з веравучэннем і практыкай якога-небудзь рэлігійнага аб'яднання, а ў адпаведнасці з прынятымі ў гэтай дзяржаве законамі.

Калі ўжыць крытэрыі дэмакратычнага грамадства да сістэмы адукацыі, то гэтая сістэма не павінна навязваць дзецям і моладзі нейкія адзіна дакладныя светапоглядныя ўстаноўкі і пастулаты (атэістычныя або рэлігійныя). Яна павінна даваць магчымасць самой асобе зрабіць свой свабодны і адказны выбар і паважаць такі ж свабодны і адказны выбар іншых.

Рэлігіязнаўчы факультатыў у школе — першая прыступка да ўвядзення новага прадмета

З 1 верасня ў многіх школах Беларусі будзе ўведзены факультатыў "Асновы рэлігійнай культуры". Ці азначае гэта, што дыскусію вакол выкладання гэтага курса ў школе як абавязковага прадмета, можна лічыць закрытай? Гэтае пытанне мы задалі члену каардынацыйнага савета па ўзаемадзеянні Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы Святаславу Рагальскаму.

— Магу сказаць, што гэта — толькі пачатак абмеркавання, — не пагадзіўся з пастаноўкай пытання наш суразмоўца. — Бо сапраўды, сёння форма факультатыву з'яўляецца найбольш прымальнай. Тыя, хто заяўляе пра глабальныя ўводзіны рэлігіязнаўчага курса ў школе, проста не ўлічваюць сітуацыю, якая сёння складваецца. Нельга навязваць гэты прадмет. Яго павінна прыняць грамадства, вучні і настаўнікі, і толькі пасля гэтага яго можна будзе ўводзіць на абавязковай аснове. Факультатыў у нас паспяхова рэалізуецца, я сам вяду такі факультатыў у школе, у якой калісьці вучыўся — у 11-й гімназіі горада Мінска.

І гэта — толькі пачатак работы. Мы сёння ствараем праграмы, зараз адна з іх знаходзіцца на зацвярджэнні ў Міністэрстве адукацыі. Пазіцыя Царквы такая: нашы дзеянні не павінны выклікаць супрацьдзеяння. З укараненнем гэтага прадмета трэба дзейнічаць далікатна. Вядома, калі-небудзь гэта адбудзецца. На тое, каб прадмет быў уведзены ў сетку заняткаў, накіравана праграма супрацоўніцтва Праваслаўнай царквы і Міністэрства адукацыі краіны. Мы не можам сказаць, калі гэта будзе: заўтра, праз месяц, год, або некалькі гадоў... Гэта натуральны працэс, і мы імкнёмся падысці да яго прафесійна.

Што тычыцца факультатыву, то ў любой школе Беларусі, дзе збярэцца неабходная група дзяцей (10-12 чалавек), чые бацькі пажадаюць, каб факультатыў па асновах рэлігійнай культуры быў адкрыты, гэта магчыма. Тут важна толькі знайсці кампетэнтнага выкладчыка. Раю звяртацца па дапамогу ў Інстытут тэалогіі БДУ, які выпускае спецыялістаў у гэтай вобласці.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўтары гэтага матэрыяла — Святлана Мандрык і Андрэй Гаранскі — з'яўляюцца аўтарамі падручніка "Біблія як помнік культуры" (2009), рэкамендаванага Міністэрствам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика