Чырвоны колер
03.09.2010
—
Новости Общества
|
Найбольш значныя этапы ў жыцці чалавека (нараджэнне — вяселле — смерць) суправаджаюцца складанымі і працяглымі па часе рытуальна-абрадавымі комплексамі, структура якіх мае амбівалентны (адначасова звернуты ў мінулае і ў будучыню) характар. З аднаго боку, яны канстатуюць факт "смерці" чалавека ў яго папярэднім сацыяльным статусе, а з другога — выкананне пэўнага рытуалу дазваляе яго ўдзельніку выйсці з пераходнай зоны (зоны смерці-перараджэння) і атрымаць прынцыпова іншы грамадскі статус. Прывядзём толькі некаторыя прыклады ўзаемаспалучэння або рытуальнага супрацьпастаўлення атрыбутаў чырвонага колеру з атрыбутамі белага колеру. Пасля першага рытуальнага купання дзіця туга спавівалі ў белае, а затым перавязвалі чырвоным паскам (адмысловым саматканым поясам, які перадаваўся ад пакалення да пакалення і зноў-такі выконваў ролю паяднання сям'і і найперш — дзетак). Адным з галоўных атрыбутаў беларускага вясельнага абраду быў каравай, які сімвалізаваў жыццесцвярджальнае радавое адзінства, пачатак новага жыццёвага цыкла ў бясконцым радаводным ланцужку. Вясельныя песні, што гучалі падчас прыгатавання каравая і асабліва ў той момант, калі яго даставалі з печы, засяроджвалі ўвагу на ідэалізаванай характарыстыцы жанчын-каравайніц; далей у адпаведнасці з прынцыпам псіхалагічнага паралелізму гэтыя ж якасці пераносіліся на каравай, які быццам бы мадэляваў і праграмаваў шкалу каштоўнасцяў і духоўную арыентацыю мікракосмасу будучай сям'і. Часцей за ўсё асноўным колерам, які характарызаваў сэнсава-змястоўны аспект каравая, быў чырвоны. На Палессі захавалася старажытная форма ўпрыгожвання каравая "шышачкамі" (сімвалам эратычнага пачатку і адначасова элементам вянчання мадэлі сусвету), а зверху яшчэ і чырвонымі стужкамі. У Беларусі найбольш распаўсюджаным быў трохузроўневы каравай, ніжняя, самая шырокая частка якога сімвалізавала род, сярэдняя (меншая) — сям'ю. Завяршалася кампазіцыя каравая парай "галубкоў" (сімвал маладых), павернутых адзін да аднаго, дзюбачкай да дзюбачкі. Гэтыя птушачкі таксама перавязваліся чырвонымі стужкамі (васьмёркай — знакам вечнасці, бясконцасці). Калі пачыналі дзяліць каравай і адорваць маладых адзеннем, палатном, бялізнай, грашамі і жывёлай, у некаторых мясцовасцях першай да маладых падыходзіла маці і дарыла чырвоны андарак. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Найбольш значныя этапы ў жыцці чалавека (нараджэнне — вяселле — смерць) суправаджаюцца складанымі і працяглымі па часе рытуальна-абрадавымі комплексамі,...
|
|