Калека, які навучыў нас жыць
23.09.2010
—
Новости Общества
|
Пятнаццаты брэсцкі тэатральны фестываль "Белая вежа" прайшоў пад знакам драматургіі Антона Чэхава, з дня нараджэння якога ў гэтым годзе спаўняецца 150 гадоў. І пачатак фэсту, і яго закрыццё сталі данінай павагі вялікаму пісьменніку. У дзень адкрыцця форуму Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы падараваў радасць ад прагляду "Вяселля" па аднайменнай п'есе А.П. Чэхава. Жанр пастаноўкі Уладзіміра Панкова вызначаны як саўндрама, што азначае спалучэнне драматычнага мастацтва, музыкі, харэаграфіі і пластыкі. Класічны вадэвіль Чэхава ператварыўся ў яркае сучаснае відовішча, аздобленае цудоўнай музыкай Стравінскага. Амаль двухгадзінны спектакль глядзеўся на адным дыханні і пакінуў светлыя пачуцці. Апошняе можна сказаць і пра фінальны акорд фестывалю — камічную оперу "Мядзведзь" па матывах п'есы Чэхава Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета разам з аркестрам Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Сюжэт твора просты, але цікавы. Да маладой удавы, якая восьмы месяц смуткуе аб страце мужа, прыязджае адстаўны паручнік, а цяпер сусед-памешчык, патрабаваць доўг нябожчыка. Прыгажуні ён падаецца занадта грубым і нявыхаваным. Яна абзывае нязванага госця мядзведзем і адмаўляецца аддаваць грошы. Тады крэдытор выклікае жанчыну на дуэль, і яна... прымае выклік. Але пакуль ідзе падрыхтоўка пісталетаў ды месца паядынку, "дуэлянт" разумее, што закахаўся. Ён нават бянтэжыцца спачатку: не да месца каханне, бо касавіца на носе. Ды толькі ўсёпераможнае каханне здольнае вырашыць і праблемы, і непаразуменні. І чароўная музыка Картэса — таму пацвярджэнне. Хто ж не любіць глядзець і слухаць пра каханне? Гледачы, шчаслівыя добрым фіналам, не шкадавалі апладысментаў. А калі на сцэне закружыліся ў вальсе выканаўца галоўнай партыі — Удавы — Алена Бундзялеева і кампазітар Сяргей Картэс, зала ўзарвалася авацыяй. Да Чэхава звярнуліся і гаспадары фестывалю — брэсцкі калектыў. Яны праявілі пэўную смеласць і рашучасць, калі выйшлі на фестываль з прэм'ерай. "Тры сястры" рэжысёра Цімафея Ільеўскага да гэтага ні разу не ставіліся. І адразу пасля прагляду стала ясна, што дэбют удаўся. Спектакль атрымаўся інтэлігентным, удумлівым і надзіва сучасным. А адной з актрыс, занятых у спектаклі (Вользе Жук — за ролю Ірыны), журы прысудзіла дыплом "За лепшую жаночую ролю". Пра нашага падрыхтаванага, выхаванага за паўтара дзесяцігоддзя гледача зноў шмат гаварылі на фестывалі. Асабліва многа добрых слоў прагучала ў адрас публікі падчас закрыцця. І гэта вельмі прыемна. Падумалася, можа, хтосьці з рэжысёраў паставіць некалі спектакль пра гледача. А што? Здаецца, такой тэмы тэатральнай дзеі яшчэ не было ў афішы фэсту. Але як бы не пазіцыянавалі свае работы тэатральныя трупы, наш глядач валам валіць на спектакль, калі яго прывезлі з Масквы. Так было і з "Новымі гульнямі". Поўнасцю спектакль называецца незразумела, загадкава і шматабяцальна: "Тop dogs, або Новыя гульні для дарослых". У праграме было сказана: "сеанс экстрэмальнай псіхатэрапіі", а таксама "антыкрызісны спектакль". Рэкламны ход, трэба аддаць належнае, прыдуманы ўдала, наш тэатрал не пашкадаваў па паўсотні тысяч рублёў на квіткі. Яны разышліся ў першы дзень. Але, забягаючы наперад, скажу: многія нават дзеля патрачанай сумы не сталі сядзець да канца і дэманстратыўна пакінулі залу. Усё здавалася ёсць: актуальнасць тэмы (душэўныя пакуты бізнэсменаў і дзелавых людзей, якія засталіся без працы), добрая ігра акцёраў, адносна новы прыём спалучэння тэатральнага дзеяння з тэлевізійшчынай, — але ж не хапіла нечага галоўнага... Дзея пастаноўкі адбываецца ў рэабілітацыйным цэнтры, куды трапляюць усе героі, якія былі выкінуты "за борт" сваіх офісаў у выніку праклятага крызісу. Псіхатэрапія заключаецца ў тым, што кожнага з іх просяць расказваць сваю гісторыю. І перад гледачом вымалёўваюцца сапраўдныя жыццёвыя драмы. У нейкі момант спектакль падаецца вельмі цяжкім — людзям, што засталіся без працы, пачынаеш спачуваць. Але цяжкімі бываюць і тэлеперадачы, страшна робіцца ад многіх газетных паведамленняў... А ў тэатры хочацца тэатра. Асабіста мне на працягу спектакля часта ўспаміналася знакамітае "Не веру!" Станіслаўскага. Пасля спектакля крытыкі выказвалі меркаванне, што нармальнаму ўспрыняццю, магчыма, пашкодзіла стэнаграфія, вырашаная ў выглядзе замкнёнай прасторы: усе дзеючыя асобы сядзелі ў крэслах, пастаўленых кругам, такім чынам яны не "ўпусцілі" гледача ў сваё "кола". Можа, гэта, можа іншае паспрыяла таму, што спектакль атрымаўся чужым і няўтульным. Хоць цалкам верагодна, што нехта з дзелавых людзей жалезнай хваткі, для якіх "бізнэс — гэта вайна, кроў і слёзы", мог бы пазнаць сябе. Але такія, як правіла, у тэатр не ходзяць: для іх квіткі занадта дарагія. У глядзельнай зале заўважана было нямала настаўніц, выхавацеляў дзіцячых садкоў, работнікаў культуры... На сёлетняй "Вежы" было толькі два маскоўскія калектывы. Пра адзін сказана вышэй. А пастаноўку другога — Цэнтра драматургіі і рэжысуры Рошчына і Казанцава пад назвай "Экспанаты" — чамусьці вырашылі праводзіць у малой зале. Вядома, там і блізка не змясціліся ўсе ахвотныя паглядзець. Дайшло да таго, што намеснік дырэктара брэсцкага тэатра стала ў дзвярным праёме і, трымаючыся рукамі за сцены, не пусціла ў залу нават акрэдытаваных журналістаў. Так што камічнае магчыма бывае ўбачыць не толькі на сцэне. Камедыяй названы і абсалютны фаварыт сёлетняй "Вежы" — спектакль Пермскага тэатра "Каля моста" "Калека з Інішмана". Прыезд гэтага аўтарскага тэатра з няблізкай Пярмі ў горад над Бугам стаў падзеяй для нас. Для іх, што прыемна было пачуць, — таксама. Мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны артыст Расіі Сяргей Фядотаў сказаў перад пачаткам прагляду, што горад, у якім яны звычайна праводзілі чатыры гадзіны ў вагонах, калі мянялі колы цягніка на еўрапейскую каляіну, ім надзвычай спадабаўся. А калі рэжысёр наведаў Брэсцкую крэпасць, то паводле яго слоў, нібы пабываў на радзіме — у Савецкім Саюзе. А яшчэ заўважыў мэтр: "У горадзе сёння пачалося ірландскае надвор'е". І сапраўды, у пяты фестывальны дзень над горадам павіс дробны навязлівы дождж у суправаджэнні халоднага ветру. А да гэтага ўсе дні было сонца. Аказалася, гэта ён пра містыку. Бо іх тэатр спецыялізуецца на містычных пастаноўках. І цяпер дождж пайшоў, бо прывезлі містычную ірландскую, так і хочацца сказаць, драму "Калека з Інішмана" па п'есе невядомага нам раней ірландца Марціна МакДонаха. У яго надзвычай своеасаблівы, парадаксальны гумар. Яго персанажы паміраюць, забіваюць адзін аднаго, але ўсё роўна — камедыя. Бо жыццё — не трагедыя, а нешта іншае, сцвярджае аўтар. Гэта ўступная рэжысёрская гутарка заінтрыгавала гледача, а калі ў канцы ён папрасіў прабачэння за ненарматыўную лексіку, якая сустракаецца ў спектаклі, зрабілася боязна. Каб не здарылася пошласці, чарнухі, вулічнага бруду, або таго, што старшыня журы Алег Півавараў любіць называць тэатральным пустазеллем, якія, бывала, падсоўвалі гледачу за гісторыю "Вежы". Але апасенні аказаліся марнымі. Пермякі паказалі сапраўдны тэатр. Паказалі надзвычай шчымлівую гісторыю з жыцця вострава Інішман — аднаго з самых загадкавых месцаў Ірландыі. На маленькім востраве з суровым кліматам жывуць людзі. Іхняе жыццё такое ж беднае на падзеі, як мясцовая прырода. І самы незайздросны лёс у хлопца Білі, які з дзяцінства пакутуе ад ДЦП, з цяжкасцю ходзіць. Ён шмат чытае, мае добрае сэрца, чулую душу. Але ўсе завуць яго толькі калекай, што прычыняе яму дадатковыя пакуты. Цёткі калекі Білі заняты сваёй невялікай крамай. Разносчык навін, а прасцей, пляткар Джоніпацінмайк, займаецца сваёй справай, мясцовая хуліганістая прыгажуня Хелен крыўдзіць брата і сваіх паклоннікаў. І вось гэта існаванне, якое, не мяняецца, здаецца, вякамі, літаральна выбухае, калі на востраў прыязджае здымачная група з Галівуда. Усе хочуць трапіць у будучы фільм, але атрымліваецца гэта толькі ў калекі Білі. Ён дабіваецца сваёй мэты неверагоднымі высілкамі, ён марыць вырвацца ў вялікі, іншы, прыгожы свет. Але праз некаторы час, — о дзіва! — Білі вяртаецца дадому. Бо там, у Галівудзе, пасля здымак ён аказаўся нікому не патрэбны. І пасля вяртання Білі высветліў галоўнае пытанне свайго жыцця: хто былі яго бацькі і чаму яны памерлі. Адны казалі яму, што бацькі трапілі ў шторм і патанулі па дарозе ў Амерыку. Іншыя выдумлялі, што бацькі ўтапіліся з гора, бо ў іх нарадзіўся калека-сын, а яго на выхаванне ўзялі цёткі. Была яшчэ і рамантычная версія: бацькі застрахавалі жыцці і кінуліся ў мора, каб потым стала магчыма аплаціць лячэнне, бо жыццё хлопчыка было пад пагрозай. Аказалася, што бяспутныя бацькі, вырашылі ўтапіцца і дзіця ўзялі з сабою. Каб выратаваць малога, Джоніпацінмайк кінуўся ў мора і выцягнуў яго. Потым украў грошы ў сваёй нябеднай алкагалічкі маці і аплаціў лячэнне сіраты. А яго цёткі, што выхавалі, зусім чужыя людзі, яны падабралі і палюбілі няшчаснага калеку. Праўда выглядае суровай. У нейкі момант Білі ўсклікае ў роспачы "У рай, мусіць, не бяруць калек, каб яны там усю прыгажосць не сапсавалі". І ў гэтым воклічы ўся існасць жыцця і нашых сацыяльных праблем, у тым ліку адносінаў да інвалідаў у грамадстве наогул. Чамусьці ў перакошаным ад болю, ад несправядлівасці твары Білі, чыталася пра пандусы і спецыяльныя лесвіцы, якімі не абсталяваныя многія будынкі. Яго трапныя заўвагі навявалі на думку пра тое, як мала мы адно аднаго любім і спачуваем адно аднаму. Яго разважанні пра рай раптам ажывілі ўспаміны пра персанаж спектакля "На дне" піцерскага тэатра Льва Эрэнбурга — Татарку-карліцу, паказаны на "Вежы-2006". Яна ўвесь час расказвала пра загадкавы горад, дзе нікога не падзяляюць на багатых і бедных, шчаслівых і няўдачнікаў, дзе ўсіх любяць проста так. Пермякі прывезлі спектакль, які прымусіў плакаць і смяяцца, перажываць і думаць. Таму цалкам лагічна выглядае рашэнне журы прысудзіць Гран-пры гэтаму твору. Спектакль створаны ў 2009 годзе, ужо мае шэраг узнагародаў, і сярод іх выдатнейшая "Залатая маска". Як сказаў на цырымоніі ўзнагароджання знакаміты Альгердас Латэнас, некаторыя сучасныя тэатры за дваццаць гадоў паміраюць (менавіта столькі пражыў "Ля моста"), а пермякі ўпэўнена заяўляюць пра сябе як цікавую з'яву ў сусветным тэатральным жыцці. Іх брэсцкі фестываль — ужо 85-ы. Яшчэ прадстаўнік журы спадар Латэнас пад заслону фестывалю адзначыў яго вялікую геаграфію: "Увесь свет прайшоў перад намі за восем дзён: Індыя, Іран, Аўстралія, Заходняя Еўропа, постсавецкія краіны. Гэта так прыгожа і так здорава. Хай так і будзе!" Хочацца з ім пагадзіцца. Святлана ЯСКЕВІЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пятнаццаты брэсцкі тэатральны фестываль "Белая вежа" прайшоў пад знакам драматургіі Антона Чэхава, з дня нараджэння якога ў гэтым годзе спаўняецца 150 гадоў. І...
|
|