Дзе і як апранаюцца беларускія чыноўнікі?
29.09.2010 19:18
—
Новости Общества
|
Не так даўно Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі па Віцебскай вобласці зрабіў іміджавую заўвагу дырэктару Аршанскага льнокамбіната. “Ты павінен быў быць сёння ў ільняным касцюме, бо гэта ж рэклама”, – на поўным сур’ёзе сказаў Аляксандр Рыгоравіч. “Тут і цяпер” вырашыла высветліць, ці апранаюць чыноўнікі касцюмы беларускай вытворчасці, у тым ліку і з лёну.
Стратэгічная памылка Дарэчы, многія прадстаўнікі Беллегпрама і проста дызайнеры лічаць, што дырэктар Аршанскага льнокамбіната сапраўды дапусціў стратэгічную памылку, не апрануўшы льняны касцюм на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы. Лукашэнка не раз і не два нападаў з моцнай крытыкай на тых чыноўнікаў, якія быццам бы адказваюць за адзенне і працуюць, так бы мовіць, на мяжы моды і прамысловасці. Аднак былі выпадкі, калі ён сам падыходзіў да стылёва апранутых кіраўнікоў таго ж Легпрама, каб пераканацца, ці сапраўды на падшэўцы беларускі лэйбл. Гаспадыня прыватнага атэлье “Андарак” Вера Пашкоўская лічыць, што льняныя касцюмы, пра якія казаў кіраўнік дзяржавы, выдатна ўпісваюцца ў дзелавы стыль. “Я лічу, што льняныя касцюмы добра ўпісваюцца ў дзелавую абстаноўку, — выказвае сваё меркаванне Вера Анатольеўна, у атэлье якой “абшываўся” не адзін беларускі чыноўнік. — Іншая справа, што ў нас не так шмат добрых, якасных касцюмаў. І няшмат дызайнераў, якія працуюць са льном. Дый пра што казаць, калі іх выпускаюць па 90 чалавек у год? Па дыпломе яны дызайнеры, а па сутнасці… Гэтым летам шыла касцюм кіраўніку адной са сталічных адміністрацый. Ён сам набыў тканіну, праўда, не з чыстага лёну. Вельмі прыгожы касцюм атрымаўся. І выглядае прыстойна. Лён, канешне, — сезонная тканіна. Яго лепш за ўсё насіць летам. Аднак калі да яго дабавіць воўны, то ў такім касцюме можна і зімой хадзіць”. Падчас паездкі па Віцебскай вобласці кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што спіць на льняных прасцінах. “Мяне за лён агітаваць не трэба, — сказаў Лукашэнка. — Я як прэзідэнт, які можа купіць усё, што жадае, выкарыстоўваю пасцельную бялізну з лёну. Няпраўда, што лён у нас не карыстаецца попытам”. Некаторыя лічаць, што льняная бялізна каштуе ў Беларусі надта дорага, і не кожны можа дазволіць сабе такі камплект. Аднак на думку Веры Пашкоўскай, сапраўды якасныя рэчы не могуць каштаваць танна. “Мне здаецца, што кошты на бялізну з лёну нармальныя, — гаворыць Вера Анатольеўна. — Тым больш што такой бялізне няма зносу. У мяне таксама ёсць ільняная бялізна. Яна прыгожая, і я вельмі задаволена яе якасцю — гігіенічна і практычна. І ў падарунак немцам, памятаю, мы таксама вазілі камплекты бялізны. Немцы былі задаволены”. Большасць апранаецца дрэнна Ці многія з беларускіх чыноўнікаў звяртаюць увагу на тое, як яны апрануты? Адзін з экспертаў Беллегпрама, да якога звярнулася “Тут і цяпер”, прызнаўся, што дапамагае некаторым высокапастаўленым мужам падбіраць прыстойнае адзенне. “Калі праходзіць выстава, дзе экспануецца адзенне беларускай вытворчасці, мы заўсёды запрашаем туды чыноўнікаў, — распавядае дзеючы прадстаўнік Беллегпрама. — Па-першае, паказваем, на што здольныя. Па-другое, імкнёмся проста пераапрануць некаторых. Так, адзін з міністраў да нядаўняй пары хадзіў у такім неахайным касцюме… Нават не важна, што ён са 100-працэнтнай сінтэтыкі і крой там дрэнны. Чалавек проста не звяртаў увагі на свой знешні выгляд. Я адкрытым тэкстам прапанаваў яму набыць некалькі добрых касцюмаў. Да таго ж “Эліз” выпускае добрыя гальштукі з кітайскага шоўку, плашчовую куртку можна заказаць на “Сцягу індустрыялізацыі”, кардыган — на “Элеме”. Некаторых падводзіш, рэкамендуеш, тлумачыш, што эксклюзіўны, дызайнерскі заказ будзе глядзецца куды лепш… Аднак ёсць сярод чыноўнікаў і вельмі прасунутыя асобы. Некаторых, у тым ліку і сілавікоў, я даволі часта сустракаю ў мінскіх буціках, напрыклад, у той жа “Max Mara”. Многія адсочваюць модныя навінкі, набываюць дарагія касцюмы вядомых марак. Дарэчы, пра касцюмы. Днямі зайшоў у гандлёвы комплекс “Люстэрка”. Там прыстойны касцюм (ад П’ера Кардэна) каштуе 300 долараў. Думаю, за такі кошт не толькі чыноўнік можа набыць некалькі касцюмаў. Два дні панасіў і змяніў. Гэта важнае правіла: за гэтыя дні касцюм “адпачне”, адвісіцца, і яго можна будзе зноў апранаць. На тыдзень дастаткова трох касцюмаў. Я лічу, правільна робяць тыя, хто апранае дарагія касцюмы, — яны не страчваюць знешняга выгляду, добра захоўваюцца. Але, канешне, большая палова беларускага чынавенства, не ў крыўду будзе сказана, апранаецца дрэнна. З-за ўласнай ментальнасці. Многія ж як рабілі кар’еру? Быў аграномам, пайшоў на павышэнне — стаў кіраваць калгасам, райвыканкамам, а потым трапіў у намеснікі міністра. Чалавек быццам бы добры, і кіраўнік неблагі, але… Адчування стылю няма. Важна, каб такія людзі прыслухоўваліся да парад спецыялістаў. Некаторыя мужчыны лічаць, што ўсё гэта дробязі. Не, не дробязі. Апошнім часам беларускія чыноўнікі не так ужо і рэдка сустракаюцца са сваімі замежнымі калегамі. І ёсць добрая прымаўка: па вопратцы сустракаюць…”. А ці ведаеце вы, што… Гарнітур з чыста льнянога матэрыялу ідэальна падыходзіць для гарачых і вільготных летніх дзён. Стылісты раяць не набываць ільняны гарнітур карычневага колеру, а аддаць перавагу светлым тонам — малочна-беламу, крэмаваму, бэжаваму. Гэта дазволіць вылучацца з натоўпу банальных аматараў класічнага гарнітура. А гарнітур з лёну і воўны можна апранаць нават зімой. Яшчэ адна заўвага наконт лёну: хай вас не бянтэжыць яго здольнасць у момант змінацца. Гэта толькі надае чароўнасць натуральнай тканіне. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так, адзін з міністраў да нядаўняй пары хадзіў у такім неахайным касцюме… Нават не важна, што ён са 100-працэнтнай сінтэтыкі і крой там дрэнны. Чалавек проста не...
|
|