З болем у сэрцы. 21.by

З болем у сэрцы

30.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У спякотныя летнія дні тонус сасудаў знізіўся, артэрыяльны ціск натуральным чынам упаў, і шэраг беларусаў-гіпертонікаў прынялі рашэнне адмовіцца ад гіпатэнзіўных сродкаў. З першым пахаладаннем у гэтай катэгорыі заявілі аб сабе гіпертанічныя крызы і інсульты. Усё таму, што гіпертанію нельга лячыць час ад часу. Піць прызначаныя ўрачом прэпараты трэба пажыццёва, а не ў залежнасці ад лічбаў ціску!

Нават у ЗША толькі 34 працэнты гіпертонікаў дасягаюць мэтавага ціску — 140/90 мм рт. сл. І гэта пры тамтэйшым узроўні медыцыны, бясплатных прэпаратах па страхавой медыцыне і г.д. Усё проста: адзін забывае піць прэпараты, другі лянуецца, трэці наогул не лічыць патрэбным... Словам, праблема не ў медыцыне, а ў чалавечай прыродзе, псіхалагічным феномене. Заўважана пры гэтым, што самымі прыхільнымі лячэнню застаюцца людзі з высокім узроўнем інтэлекту і адукацыі. Гэтая катэгорыя пацыентаў найлепш разумее канчатковую мэту...

Нізкая прыхільнасць пацыента лячэнню застаецца сёння асноўнай праблемай паспяховага лячэння гіпертаніі. Так, адзін прэпарат на працягу года прымае каля 60 працэнтаў хворых, два прэпараты — чвэрць тых, каму гэта паказана, тры прэпараты — 10 працэнтаў. Між тым, адным прэпаратам гіпертанію можна лячыць літаральна ў 30 працэнтах выпадкаў. Большасці патрабуецца камбінаваная тэрапія, адпаведная дазіроўка... Эфектыўнасць жа лячэння гіпертаніі "вымяраецца" колькасцю інсультаў і інфарктаў. На жаль, тэндэнцыі да зніжэння апошніх у нас пакуль не назіраецца.

Падчас даследаванняў нярэдка высвятляецца адсутнасць належнай прыхільнасці лячэнню і ў саміх урачоў. Яны часам неахайна ставяцца да прызначэнняў, не паспяваюць патлумачыць пацыенту, навошта ўсё гэта трэба. А наш пацыент і сам рады ўхіліцца ад лячэння. Маўляў, прэпараты дарагія, дазіроўкі вялікія, дый для нырак з печанню якая шкода... Аднак верагоднасць узнікнення пабочных эфектаў ад лячэння проста не супастаўляльная з верагоднасцю развіцця ўскладненняў гіпертаніі. Калі ж ёсць апасенне адносна бяспекі для страўніка таго ж кардыяаспірыну, то можна перад прыёмам з'есці палову банана або двойчы ў год прапіваць курс амезу, насення льну.

А на пытанні чытачоў адказала падчас "прамой лініі" вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертэнзіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Кардыялогія" Марыя ЛІВЕНЦАВА.

( Віцебск, Аліна. Маці зараз трэба набыць танометр. На што трэба звярнуць увагу падчас пакупкі?

— Манжэтка павінна надзявацца на плячо. Для звычайных хатніх вымярэнняў падыходзяць аўтаматычныя ці паўаўтаматычныя прыборы. І адзін, і другі вельмі простыя ў выкарыстанні.

— А што рабіць, калі ўпершыню ў здаровага чалавека ціск аказаўся звыш 140/90?

— Трэба неадкладна ісці да ўрача-тэрапеўта, які вырашыць, ці патрэбныя іншыя даследаванні. Спецыяліст прызначыць адпаведнае лячэнне. Паралельна з ім нельга забывацца на здаровы лад жыцця. Павінны быць адэкватныя ўзросту і самаадчуванню фізічныя нагрузкі. З харчавання варта выдаліць соль.

( Лагойск, Марыя Сцяпанаўна. Артэрыяльны ціск — 180/100. Ёсць яшчэ кісты на нырках... Прымаю індапамід, лізінапрыл, дылтыязем, канефрон. Як знізіць ціск?

— Зніжэнне ціску можа не назірацца з-за таго, што дозы прэпаратаў, якія вы прымаеце, — недастатковыя. Індапамід павялічваць не трэба, паколькі ён існуе ў адной дазіроўцы, а вось лізінапрыл можна прымаць і 20 мг у суткі. Па-другое, можна дадаць да лячэння і такі прэпарат як амладыпін — 10 мг, калі вам не дапамагае дылтыязем.

( Стаўбцоўскі раён, Галіна Уладзіміраўна. Ціск скача — 160/110, 130/80... Кардыяграма добрая, аналізы таксама. Ці можа гэта быць звязана з клімаксам?

— На жаль, з пачаткам гарманальнай перабудовы ў жанчын пачынаецца і такая праблема, як артэрыяльная гіпертанія. Але гэта не значыць, што калі клімакс завершыцца, праблема знікне. Проста захворванне пачало праяўляцца менавіта ў гэты перыяд. Таму трэба лячыцца.

Ціск мяняецца ва ўсіх людзей. Тое, што ў вас ён, як вы кажаце, скача, абумоўлена асаблівасцямі вашай нервовай сістэмы. Для таго, каб больш дакладна вызначыцца з лячэннем, праводзіцца такое даследаванне, як сутачнае манітарыраванне артэрыяльнага ціску, калі на працягу сутак спецыяльны манітор запісвае ўсе хістанні ціску, пасля чаго доктар вызначаецца з прызначэннямі.

— Гэта робіцца ў бальніцы?

— Амбулаторна. На працягу звычайнага дня.

— Я прымала эналапрыл, эгілок... Можа, іх нельга ў вялікай дозе?

— Гэта нармальныя прэпараты, якія можна піць дзесяцігоддзямі. Калі яны перастаюць дзейнічаць, іх мяняюць на іншыя.

— Можа, эналапрыл памяняць?

— Эналапрыл — пачатак эры гэтай групы прэпаратаў. Ёсць ужо, вядома, прэпараты больш дасканалыя, якія лепш дзейнічаюць, — раміпрыл, перындапрыл.

— А берліпрыл?

— Берліпрыл і эналапрыл — гэта адно і тое ж.

— А эгілок можна пастаянна піць?

— Безумоўна, такія лекі можна піць дзесяцігоддзямі. Гэта аснова вашага лячэння. Мяняць прэпараты на іншыя, змяняць дазіроўку трэба толькі пад кантролем урача. Наогул у любым выпадку наведваць урача трэба раз у год.

( Валожын, Васіль Фёдаравіч. Я гіпертонік са стажам. П'ю эналапрыл — 10 мг і метапралол — 50 мг. Ціск дзесьці 160/60. Ніжні нібыта і нізкі, а верхні не апускаецца.

— Вам не хапае прэпаратаў, якія вы прымаеце. Можна павялічыць дозу прэпаратаў, перайсці на іншыя лекі або дадаць да таго, што ёсць, трэці прэпарат, самы неабходны ў вашым лячэнні — мачагонны. Гэта індапамід, рэтард. Дазіроўка — 1,5 або 2,5 мг раніцай да ежы. Калі тры гэтыя прэпараты не акажуць належнага дзеяння, тады трэба дадаць яшчэ адзін — амладыпін 5 мг. І з дапамогай такой схемы вы павінны дабівацца зніжэння ціску да 140/90 і ніжэй.

— Але ж ніжні ў мяне 60...

— Значыць, трэба абследавацца, зрабіць эхакардыяграфію, ультрагукавое даследаванне сэрца і высветліць, з чым звязаны нізкі ніжні ціск. Гэта бывае пры пароку аартальнага клапана. Але пакуль будзеце абследавацца, асноўнае лячэнне трэба працягваць.

( Гродна, Сяргей. 21 год. З красавіка ў мяне пачаў уздымацца ціск. З-за гэтага я нервуюся. Твар гарыць...

— А якія самыя высокія лічбы ціску бывалі?

— Можа быць 160.

— І ў гэты момант самаадчуванне змяняецца?

— Дрэнна сябе адчуваю.

— На жаль, артэрыяльная гіпертэнзія можа пачынацца вось так рана. Пасля нейкай стрэсавай сітуацыі... Па-першае, трэба звярнуцца да неўролага, каб высветліць, ці патрэбна вам спецыфічнае лячэнне ў неўролага або псіхатэрапеўта. Па-другое, у любым выпадку, чым бы ні было выклікана павышэнне артэрыяльнага ціску, вам патрэбна назіранне і лячэнне ў тэрапеўта. Прэпараты, якія прымяняюцца для лячэння вашай гіпертаніі, — гэта метапралол, карведылол, небівалол. Лекі гэтай групы здымаюць напружанне, зніжаюць ціск, запавольваюць частату сардэчных скарачэнняў і дазваляюць запаволіць прагрэсаванне хваробы.

Святлана БАРЫСЕНКА.

(Працяг будзе.) 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У спякотныя летнія дні тонус сасудаў знізіўся, артэрыяльны ціск натуральным чынам упаў, і шэраг беларусаў-гіпертонікаў прынялі рашэнне адмовіцца ад гіпатэнзіўных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика