Эксперты: "Чыноўнікі пераблыталі гістарычны цэнтр Мінска з Шабанамі". 21.by

Эксперты: "Чыноўнікі пераблыталі гістарычны цэнтр Мінска з Шабанамі"

01.10.2010 02:00 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ўхваліла афіцыйны праект рэканструкцыі гістарычнай забудовы вуліцы Зыбіцкай (былой Гандлёвай) у гістарычным цэнтры Мінска, які незалежныя эксперты назвалі “штучным навабудам”. Высілкі грамадскасці, якая на падставе архіўных матэрыялаў падрыхтавала гістарычна дакладны варыянт рэканструкцыі, аказаўся непатрэбны.

Альтэрнатыва муляжам

Яшчэ напрыканцы мінулага года Беларускаму добраахвотнаму таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры стала вядома, што КУП “Мінскпраект” па заказе КУП “Мінская спадчына” працуе над аднаўленнем страчанай забудовы правага боку вуліцы Гандлёвай (нядаўна яна стала Зыбіцкай), якая месціцца ў межах гісторыка-культурнай каштоўнасці “Гістарычны цэнтр Мінску”. Паводле заключэння Таварыства, праект "Мінскпраекта" ўяўляў з сябе не рэканструкцыю, а адвольную стылізацыю ды парушаў гістарычную планіровачную структуру Старога горада.

Да таго ж, ва ўсіх перад вачыма быў вынік папярэдняй замовы “Мінскай спадчыны” — левы бок Зыбіцкай, на якой паўсталі дамкі "под старину" — муляжы старажытнай забудовы з сучасным дызайнам.

“Навукова-праектная дакументацыя па аднаўленні гістарычнай забудовы, што распрацоўваецца па замове КУП "Мінская спадчына", мае мала агульнага са справай належнага аднаўлення гістарычнай спадчыны, — пісаў намеснік старшыні Беларускага камітэта ІКАМОС, сябра Рады Беларускага фонду культуры Павел Каралёў.— Гэта можна аднесці да планіроўкі (практычна ўсе будынкі мяркуецца ўзвесці на іншым месцы), выгляду будынкаў, іх памераў (у праекце пераважаюць 3-павярховыя дамы, не ўласцівыя традыцыі старажытнага дойлідства Мінска). Усё гэта, безумоўна, сапсуе не толькі від на былую Саборную царкву, але і сам раён Гандлёвай будзе зменены да непазнавальнасці”.

Тады сябры архітэктурнай секцыі Таварыства Андрэй Ларры і Антон Вантух вырашылі распрацаваць альтэрнатыўны эскізны праект згодна з усімі патрабаваннямі заканадаўства ў галіне аховы спадчыны, існуючымі будаўнічымі нормамі і горадабудаўнічымі рэгламентамі, Генпланам і Дэтальным планам рэканструкцыі і рэстаўрацыі Мінска.

На працягу некалькіх месяцаў яны вывучалі сітуацыю. Напрыклад, у Беларускім архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі даследчыкі адшукалі паваенныя планы будынкаў на былой Гандлёвай, якія практычна не пацярпелі ў апошнюю вайну, але ў 1960-х былі асуджаны да зносу з фармулёўкамі “По причине реконструкции”, “Снос по кап.ремонту”. Прычым, да гэтых планаў ніхто не дакранаўся дзесяцігоддзямі.

Вуліца Гандлёвая. Уверсе - на фота ў 1950-я гг. Унізе - альтэрнатыўны праект
Вуліца Зыбіцкая. Уверсе - на фота ў 1950-я гг. Унізе - альтэрнатыўны праект.

Дзякуючы даследаванню высветлілася, што раён былой Гандлёвай быў з большага забудаваны адметнымі 1-2-павярховымі мураванымі будынкамі. У той час, як распрацоўшчыкі афіцыйнага праекту аднаўлення сцвярджалі, што забудова вуліцы мела хаатычны характар і ўяўляла малакаштоўную драўляную архітэктуру — ледзь не звычайныя хлявы.

Грамадская камісія раскрытыкавала “Мінскпраект”


Увесну Грамадская назіральная камісія па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры выказалася "аб непрымальнасці праектных прапановаў КУП “Мінскпраект” па ўзнаўленні гістарычнай забудовы цотнага боку вуліцы Гандлёвай. Пры распрацоўцы праекта было рэкамендавана ўлічыць прапановы Ларры і Вантуха, якія з дапамогай 3D камп’ютарнай мадэлі ўзнавілі першасны выгляд раней не вывучанага кутка Мінска,

3-D мадэль альтэрнатыўнага праекта рэканструкцыі набярэжнай Свіслачы ў раёне былой вуліцы Гандлёвай.
3D-мадэль альтэрнатыўнага праекта рэканструкцыі набярэжнай Свіслачы ў раёне Зыбіцкай.

“Мы доўга дапрацоўвалі праект, шукалі паразумення з Мінкультуры, камітэтам па архітэктуры Мінгарвыканкама. Вынікам наш праект нароўні з варыянтам “Мінскпраекта” быў вынесены на паседжанне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, якое прайшло 29 верасня, — распавёў TUT.BY старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Нягледзячы на наяўнасць у нас метадычнай, навуковай і прававой аргументацыі, па выніках разгляду Рада ўзгадніла афіцыйны праект, які практычна па ўсіх пазіцыях парушае базавыя палажэнні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, што будзе чарговым крокам да канчатковага знішчэння гістарычнага цэнтру”.

Не закон, а эстэтыка

“Рашэнне рады ад 29.09.2010 г. не абапіраецца ні на адзін нарматыўны дакумент з ліку тых, якія рэгулююць ахову гісторыка-культурнай спадчыны і правядзенне прац у гістарычным цэнтры Мінску. Асноўны крытэр абмеркавання — не адпаведнасць заканадаўству, не навуковая абгрунтаванасць, а эстэтычныя якасці. Асноўны аргумент у спрэчцы — затраты з бюджэту на інжынерныя сеткі, пракладзеныя з парушэннямі заканадаўства ўздоўж вуліцы Гандлёвай, і бюджэтныя затраты на ўжо выкананы праект у будаўнічай стадыі, дарэчы, таксама ўжо з парушэннямі заканадаўства”, — ідзецца ў заяве Таварыства аховы помнікаў, якое заклікала да недаверу да “заангажаваных і непрафесійных” рашэнняў Навукова-метадычнай рады і Міністэрства культуры ў пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Прычым, па словах Астаповіча, калі на ранейшых стадыях Міністэрства культуры падтрымлівала альтэрнатыўны праект, то на паседжанні ад гэтай падтрымкі не засталося і следу. Падчас дыскусіі нечакана не падтрымаў прапанову Таварыства і яшчэ адзін ранейшы прыхільнік - старшыня грамадскай назіральнай камісіі Анатоль Бутэвіч.

“Гістарычны цэнтр пераблыталі з Шабанамі”

Карэспандэнт TUT.BY звярнуўся з просьбай пракаментаваць рашэнне да намесніка старшыні Навукова-метадычнай рады, начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага. Аднак Ігар Мяфодзевіч, які звычайна ахвотна ідзе на кантакт з журналістамі, размаўляць адмовіўся.

— Ёсць нейкія прынцыпы каментароў. Мы можам з вамі недзе ў нерабочы час пра нешта сваё пагаварыць, — сказаў чыноўнік.

— Але я не пытаюся ў вас пра “нешта сваё”. Гэта працоўнае пытанне…

— Па тэлефоне каментаваць не буду. Тым больш Астаповіч ужо выліў у інтэрнэце бруду…

— Дык я хачу даведацца вашу пазіцыю, без “бруду”. Якім чынам можна атрымаць у вас каментар?

— Звяртайцеся да прэс-сакратара Міністэрства культуры.

Цягам усяго дня тэлефон прэс-сакратаркі Мінкульта маўчаў.

А вось адзін з найлепшых ў Беларусі архітэктараў-рэстаўратараў, былы галоўны дзяржінспектар па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Мінгарвыканкаму Уладзімір Папруга, які прысутнічаў на паседжанні Рады, але так і не атрымаў слова, ад каментара не адмовіўся.

“Што да праекту Таварыства аховы помнікаў, лепшай работы па глыбіні распрацоўкі, па комплекснай рэканструкцыі страчай гістарычнай зоны Беларусь яшчэ не ведала, — адзначыў у інтэрв’ю TUT.BY Уладзімір Папруга. — Зробленае Мінскпраектам не мае ніякага дачынення да гісторыка-культурнай каштоўнасці, якой ёсць гістарычны цэнтр Мінска. Гэта новая забудова, якая ніякім чынам не звязана з гэтым раёнам. Месца ёй — Шабаны, Каменная Горка...”

Распрацоўка "Мінскпраекта"
Распрацоўка "Мінскпраекта"

А суддзі хто?

Рашэнне аб праекце рэканструкцыі забудовы вуліцы Зыбіцкай на паседжанні 29 верасня прымалі сябры Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады:

Віктар Кураш — намеснік Міністра культуры (старшыня);
Ігар Чарняўскі — начальнік ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры (намеснік старшыні);
Вольга Кітова — вядучы спецыяліст упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі міністэрства культуры (вучоны сакратар);
Сяргей Багласаў — намеснік начальніка архітэктурна-праектнай майстэрні праектнага камунальнага унітарнага прадпрыемства "Мінскпраект";
Марыя Бяспалая — прарэктар па навуковай рабоце ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў”, доктар гістарычных навук, прафесар;
Анатоль Бутэвіч — старшыня Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;
Тамара Варфаламеева — старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства;
Надзея Высоцкая — загадчык аддзела старажытнага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар;
Іван Жураўлёў — вядучы спецыяліст-эксперт па архітэктуры РУП “Белдзяржэкспертыза Мінбудархітэктуры”;
Вольга Ляўко — кіраўнік цэнтра Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук.

P.S.

Больш за год міністр Латушка гаворыць аб важнасці ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадства ў пытаннях захавання спадчыны. Менавіта з гэтай мэтай пры Мінкультуры была створана Грамадская назіральная камісія. Ці змянілася што за гэты час? Як выглядае, нічога.

Прадстаўнікі грамадскасці самі распрацавалі праект аднаўлення Зыбіцкай. Патрацілі на гэта ўласны час, сілы і веды. Урэшце аддалі яго дзяржаве. Праект ухваліла Грамадская камісія. Аднак...усё гэта нікому не патрэбна. Чыноўнікі, якія спачатку наламалі дроў, расплаціўшыся бюджэтнымі сродкамі, цяпер не хочуць прызнаваць і выпрашляць свае памылкі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Навукова-метадычная рада пры Мінкультуры ўхваліла афіцыйны праект рэканструкцыі гістарычнай забудовы вуліцы Зыбіцкай (былой Гандлёвай) у гістарычным цэнтры...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика