Куцюр'е Вячаслаў Зайцаў: "Без трусоў ужо не хаджу — не той узрост!". 21.by

Куцюр'е Вячаслаў Зайцаў: "Без трусоў ужо не хаджу — не той узрост!"

06.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Знакаміты расійскі мадэльер — ганаровы госць першай у Беларусі Bеlоrussіаn Fаshіоn Wееk

...Зайцаў! Зайцаў! — крычалі журналісты дзесьці на ўваходзе. "Віка! Віка!" — стараліся знайсці сябе ў прэс-спісах акрэдытаваныя фатографы на выхадзе. І нават закрычы ты зараз: "Саша Рыбак прыехаў" ці "Паглядзіце — я аголены", усё роўна на цябе ніхто б не паглядзеў. Усе жылі ў прадчуванні новай калекцыі ад Вячаслава Зайцава.

Менавіта гэты паказ так чакалі і так спадзяваліся паглядзець модныя беларускія журналісты: ад глянцавага часопіса "ХХL" да сур'ёзнага ваенна-інфармацыйнага агенцтва "ВАЯР" пры Міністэрстве абароны. Жарты жартамі — а так і было: больш за 45 відаў СМІ атрымала акрэдытацыю ў першы дзень першай у гісторыі Беларусі Bеlоrussіаn Fаshіоn Wееk. Дарэчы, адных толькі калег з Белтэлерадыёкампаніі было 35 чалавек...

Зайцаў быў у добрым настроі, і нават неарганізаванасць прэс-канферэнцыі — цесната і дрэнны гук — не сапсавала яго настрою. Назваўшы беларускіх журналістаў "прыгожымі і стыльнымі", ён ветліва адказваў на ўсе пытанні, час ад часу ўсміхаючыся і робячы кампліменты галоўнаму арганізатару падзеі — Яніне Ганчаровай.

Звычайны дзень Зайцава: "Ненавіжу сябе, калі абуты ў тапачкі"

— Апошнім часам я ўстаю а палове пятай зранку, каб у шэсць трыццаць быць на працы — у Маскве вялікія пробкі. Я жыву ў лесе — 70 км ад Масквы. Гэта, безумоўна, далекавата, але так жыву ўжо на працягу 10 гадоў і мне падабаецца.

Пад шчаслівыя кіўкі галавой зачараванай Зайцавым журналісткі куцюр'е працягвае расказваць пра свой працоўны дзень.

— Твар мыю чысцейшай вадой з крыніцы. Пасля галюся, мыюся, прычэсваюся.

Праз пару хвілін журналісты ва ўсю шчоўкаюць ручкамі — Зайцаў распавядае, у чым ён ходзіць дома.

— Дома я адпачываю ў легінсах, світары, байцы, часам паверх надзяваю шатландскую спадніцу. У мяне іх шмат розных колераў. Адзінае, у гэтым выпадку абавязкова апранаю калготкі, трусы таксама. Без трусоў не хаджу — без іх холадна і небяспечна. Ужо ўзрост не той.

Калі я ў тапачках, мне праціўна на сябе глядзець — іх я практычна не нашу. Нашу спецыяльныя чаравікі — лакірованыя мяккія ці скураныя. Я ненавіжу сябе, калі абуты не так — калі абуты ў тапачкі. Калі да мяне прыходзяць госці, то для жанчын — зручныя тапачкі, для мужчын — альбо чаравікі, альбо тапачкі ружовенькія.

— Мастак павінен адпавядаць стылю сваіх прац, — у гэтым вядомы рускі дызайнер упэўнены на ўсе сто. — Тыя світары і майкі, якія апошнім часам стараюцца насіць мадэльеры, — проста жах.

Ставячы тлустую кропку ў сваіх модных перавагах, Вячаслаў Зайцаў без сораму дадае:

— Я не разумею, як можна выходзіць на сцэну на паклон у старой майцы ці ў мятай кашулі?!

Сустракаюць па "адзёжцы"

Праўду пісалі ў прэс-рэлізах напярэдадні: свецкі вечар адкрываў паказ мод беларускага дызайнерскага Дома вечаровай і вясельнай моды "Раріllіо". Але па настроі, насычанасці фарбаў, энергетыцы калекцыю было не параўнаць з паказам Дома моды Вячаслава Зайцава.

— Высокая мода — гэта мастацтва, — прызнаецца расійскі куцюр'е. — Калекцыі я раблю ў першую чаргу з разлікам на сваіх кліентаў. Службовы касцюм — гэта аснова маіх касцюмаў амаль заўсёды. Класіка для мяне — вядучая тэма ва ўсіх калекцыях, стараюся заўсёды акцэнтаваць на ёй увагу.

Глядзіш на адзенне ад Зайцава і хочаш, каб цябе ўшчыкнулі: ці шыюць яшчэ такую прыгажосць?

Сярод мадэляў — у асноўным знаёмыя твары. Мадэлі Варламава, Нагорнага і Ганчаровай. Але не абышлося і без сюрпрызаў. У паказе прынялі ўдзел "Міс Беларусь-2008" Вольга Хіжынкова і "Міс Інтэркантыненталь Еўропа-2008" Любоў Яковіна.

У бліжэйшы тыдзень беларусаў чакае шмат модных паказаў. Свае калекцыі будуць прэзентаваць прафесійныя дызайнеры з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Харватыі, Нарвегіі і Ірана. Як абяцаюць арганізатары, заяўленыя 40 паказаў моды ўбачаць каля 8 000 чалавек, якія наведаюць Тыдзень моды ў Беларусі. Адным з прыемных сюрпрызаў на гэтым тыдні стане акцыя "Дабрачынная мода".

Цэнтральную задачу, якую ставяць арганізатары, — звярнуць увагу на сябе спецыялістаў з Еўропы, якія б маглі адабраць калекцыі для заказаў у магазіны адзення. Ці спраўдзіцца гэта, пакажа час.

— Нашы паказы — гэта не шоу для гледача, а сезонная дэманстрацыя моднага адзення, — рэзюмуе дырэктар праекта Яніна Ганчарова. — Я ўпэўненая ў тым, што ў Беларусі дастаткова дызайнераў, каб зрабіць паўнавартасны Тыдзень моды. І я перакананая ў тым, што Беларусь "саспела" на свой асабісты Тыдзень моды.

Самае дзіўнае, што Bеlоrussіаn Fаshіоn Wееk і Беларускі тыдзень моды канцэрна "Беллегпрам" — розныя мерапрыемствы.

— Беларускі тыдзень моды арыентаваны на прасоўванне адзення беларускага вытворцы, а Bеlоrussіаn Fаshіоn Wееk — на прасоўванне дызайнераў. Цалкам розныя задачы мерапрыемстваў. Беларускі тыдзень моды і Bеlоrussіаn Fаshіоn Wееk — гэта дзве розныя падзеі. І не трэба іх блытаць, — заключыла Яніна Ганчарова.

Ілья ЛАПАТО.

Здымкі Марыны БЕГУНКОВАЙ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знакаміты расійскі мадэльер — ганаровы госць першай у Беларусі Bеlоrussіаn Fаshіоn Wееk ...Зайцаў! Зайцаў! — крычалі журналісты дзесьці на ўваходзе. "Віка! Віка!" —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика