Пушчанскі пярсцёнак. 21.by

Пушчанскі пярсцёнак

30.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вакол Белавежскай пушчы пракладваецца аб'язная дарога

Пра будаўніцтва аб'язной дарогі вакол нацыянальнага парку "Белавежская пушча" ўпершыню было аб'яўлена леташняй восенню на святкаванні 600-годдзя запаведнага рэжыму пушчы. Тады ж было сказана, што на льготных умовах інвестары атрымаюць зямельныя ўчасткі побач з населенымі пунктамі, каб стварыць на іх інфраструктуру, якая здолее прыцягнуць турыста любога рангу. А напрыканцы вясны выйшаў указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі аб будаўніцтве па перыметры Белавежскай пушчы на беларускім боку аб'язной аўтадарогі.

І вось работа ўжо кіпіць. А як яшчэ можна сказаць пра дзейнасць дваццаці дарожна-будаўнічых арганізацый, якія ўзяліся ўзводзіць трасу? У ролі генпадрадчыкаў выступаюць два магутныя прадпрыемствы Брэстчыны — "Брэстаблдарбуд" і "Брэстаўтадар". Ім дапамагаюць дарожна-будаўнічыя фірмы Мінска, Брэста, Гродна, Магілёва, іншых гарадоў. Мостаатрады шчыруюць на будаўніцтве мастоў, іх па новай трасе будзе шэсць. Самы вялікі мост узводзіцца цераз раку Лясную недалёка ад Камянца.

Агульная працягласць дарогі вакол запаведніка складае каля 185 кіламетраў. З іх 140 кіламетраў пройдзе па Брэсцкай вобласці. Большая частка з гэтага адрэзка прыпадае на Пружанскі раён — 88 кіламетраў. Пад дзясятак вёсак Сухопальскага сельсавета аказаліся па суседстве з новай дарогай, якая абяцае змяніць іхняе жыццё. Пра тое, якіх перамен чакаюць жыхары прыдарожных вёсак, захацелася распытаць у іх саміх.

Першымі суразмоўцамі на гэту тэму сталі супрацоўніцы пошты з вёскі Крыніца Людміла Краўчук, Зінаіда Пілюцік, Надзея Данілюк. Жанчыны аднадушна ўхвалілі ідэю такой дарогі наогул. Яны спадзяюцца, што жыццё іх вёсак стане больш напоўненым, весялейшым: адчыняцца новыя крамы, прадпрыемствы харчавання, паедуць да іх людзі, а, значыць, месцічы атрымаюць работу.

Старшыня Сухопальскага сельсавета Наталля Крывіцкая глядзіць на справу з энтузіязмам: "Для нашых жыхароў гэта вельмі добра. Па-першае, для нас у прамым сэнсе адкрываюцца дарогі на Гродна і Брэст, а раней трэба было ехаць на Пружаны і рабіць шмат лішніх кіламетраў. А па-другое, мы спадзяёмся, што ў тутэйшыя мясціны прыйдуць інвестары і пабудуюць прыстойную інфраструктуру. Нават калі разгарнуць будоўлю не з такім размахам, як Мікалай Бурнас у Клятным, а ўкласці куды больш сціплы капітал, ёсць надзея, што пераўтворацца і Роўбіцк, Сухопаль, Радзецк, Андрыянаўка, Галены, Белы Лясок, шмат іншых вёсак паблізу".

Ураджэнец вёскі Клятное, расійскі бізнэсмен Мікалай Бурнас цяпер — тутэйшая знакамітасць. Ужо некалькі гадоў ён укладвае немалыя сродкі ў абнаўленне сваёй роднай вёскі, нібы прадбачыў, што яна апынецца ля гэтай акружной дарогі і тым самым атрымае перспектыву. Клятное сёння можна было б залічыць да вёсак, якія ўстойліва выміраюць, каб не зямляк, які паступова ператварае яе ў райскі куточак.

На самым пачатку Мікалай Аляксеевіч побач з бацькоўскай хатай пабудаваў шыкоўны трохпавярховы дом. Суседзі думалі, што зямляк узводзіць дом для летняга адпачынку сваёй сям'і, братоў і сясцёр з дзецьмі. Так яно і было па першым часе. Маці бізнэсмена Вера Мікалаеўна з радасцю чакае дзяцей, унукаў кожнае лета, але сама так і засталася жыць у сваёй хаце, хоць у новым доме для яе таксама ёсць пакой. А сын добраўпарадкаваў не толькі тэрыторыю вакол дома, але ачысціў невялікі забалочаны вадаём, які ператварыўся ў прыгожае возера. На вадзе плёскаецца рыба. Да сярэдзіны возера пракладзены масток з невялікай вежай. На яе ўзнімаешся — і воку адкрываецца цудоўны краявід на прыроду і новыя драўляныя домікі турыстычнай вёскі.

Дзевяць драўляных домікаў ўзведзены літаральна нядаўна. Кожны з іх разлічаны на адпачынак сям'і або невялікай кампаніі. Там ўсё прадумана да дробязяў, нават стол і крэслы на верандзе, якая выходзіць на возера, зроблены ў вясковым стылі і нагадваюць звычайны воз. Далей па вуліцы ўжо стаяць арыгінальны будынак рэстарана, лазня, заканчваецца ўзвядзенне спартыўнага комплексу. Адразу кідаюцца ў вочы кантрасты: побач з рэстаранам, напрыклад, месціцца зусім старэнькая хата. Вяскоўцы расказалі, што гаспадар турыстычнай вёскі купляе гэтыя старыя хаты пад знос. Але адну, пакуль невядома якую, ён хоча пакінуць і ўладкаваць пад музей, каб было відаць, што было і што стала.

Жанчына сталага веку, якая назвалася Нінай, сказала:

— Добры чалавек наш Коля, дай яму Бог здароўя. Пра нашу вёску ніхто ўжо, пэўна, не ўспомніў бы. А так — самі бачыце... Некалі, пару гадоў таму, ён паставіў нам усім тэлефоны бясплатна. І цяпер землякоў не забывае, перад Калядамі ўсіх чыста старых прывеціў, кожнаму прадуктовы падаруначак перадаў.

Турысцкі комплекс у Клятным можна лічыць першай ластаўкай прыдарожнага сэрвісу новага аўтамабільнага шляху. А ўсяго запланавана толькі па Брэсцкай вобласці будаўніцтва 41 аб'екта ў гэтай зоне: з іх тры гандлёвыя, 11 устаноў харчавання, чатыры гасцініцы, 14 аўтазаправак, чатыры аўтастаянкі. Стаянкі асабліва актуальныя на гэтым участку дарогі. Яна і будуецца, каб разгрузіць ад транспарту самую пушчу. Таму, хто захоча пабачыць векавы лес, трэба будзе выйсці з аўтобуса ці машыны і накіравацца ў пушчу на веласіпедзе, пехатою, на кані, а ў будучыні і на электрамабілі. Для гэтага мяркуецца дадаткова зрабіць два-тры агульнадаступныя ўезды ў пушчу.

Святлана ЯСКЕВІЧ. Фота аўтара.

Пружанскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вакол Белавежскай пушчы пракладваецца аб'язная дарога Пра будаўніцтва аб'язной дарогі вакол нацыянальнага парку "Белавежская пушча" ўпершыню было...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика