"Каму хочаш зломяць ногі ... Як не дурні, то дарогі..."
06.11.2010
—
Новости Общества
|
Што было, тое й было (хоць не адразу і верыцца): мужчынка адзін вызваліўся з турмы, выправіўся дадому — у Барысаў, праз Мінск, а электрычка ўзяла ды ўцякла... Чакаць наступную вольнаму не хацелася — вырашыў дабірацца машынай. Дзе яе ўзяць? Ды вядома ж — украсці: адамкнуў адвёрткай адны "Жыгулі" — во ліха! — не завяліся. Адамкнуў другія — таксама! Не паслухалі яго і трэція... Толькі на чацвёртых ужо паехаў. Але недалёка: заглухлі. Думаеце, злодзей змірыўся, пайшоў на вакзал ці пачаў шукаць недзе пятыя "Жыгулі"? Не! Ён падняў капот, знайшоў паломку, потым (ацаніце рахманасць!) — на машыне, якую ўзламаў раней, патрэбную спраўную дэталь, зняў яе і ўжо нават "перакінуў" — паставіў туды, куды трэба... Што, аднак, не памагло: першы дзень на свабодзе стаў для злодзея днём апошнім. А ўсё з-за чаго? З-за таго, што ён, можна сказаць, адстаў ад жыцця, спыніўся на дасягнутым: 30 гадоў перад гэтым (з большымі ці меншымі перапынкамі) правёў у турме, таму нічога іншага — апроч "Жыгулёў" — красці (а тым больш рамантаваць) не ўмеў!.. У адрозненне ад тых, хто жыве на волі: яны ў апошні час куды толькі не ездзяць, чаго толькі не купляюць, не прыганяюць з-за мяжы, чаго толькі не... рамантуюць! Найяскравейшым сведчаннем таму чарговая конкурсная пошта. Яно і зразумела: паводле статыстыкі, якая, як вядома, ведае ўсё, кожны чацвёрты жыхар Беларусі мае легкавік. А ўжо які... Чытайце. Найперш — радкі з ліста спадарыні Лабажэвіч з Клецка. Цешча з цесцем пафарсілі: "Тачку" зяцю падарылі! І яго (хоць ён не ўломак)... Даканае гэты зломак!. Кажуць людзі, не брахня: Лепш купілі бы каня! Што яшчэ вельмі добра было б — новы веласіпед, дыфірамбы якому склала Вольга Бандарэвіч. Янка горачка не меў Сеў на ровар і паспеў — У грыбы, на працу, у госці. І фігура была — штосьці!.. Стаў той дзень памылкай лёсу, Калі ён прыдбаў калёсы. А з другога боку — ну як іх цяпер не прыдбаць? Стала модным мець машыну І жанчыне і мужчыну: Жук і жабка то на колах, То — праз тыдзень — на прыколах. Можа, досыць, мой народзе, Браць ламачча на Усходзе? — пытае спадарыня Чыгрынава з Вілейшчыны. Што народ на гэта адказвае? Ды толькі слухайце! Па-першае (вуснамі спадара Дубовіка з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна): Абліваемся во потам — Рамантуем "Жыгулі". А прыдбалі бы — "Таёту", Каб "зялёныя" былі. Некаму ну напэўна, імі, тымі зялёнымі, выплачваюць зарплату, некаму — даюць хабар, нехта зберажэнні ў валюце трымае. Нехта ж (ці вам казаць?) — Пры цяперашнім акладзе Ў "Мазду" век не перасядзе, Бо сумленнік, працаўнік — Браць на лапу — не прывык, Хоць работа яму й міла, Грошай на "Масквіч" хапіла: Працаваў год 30 з гакам, І гібее пад ламакам, — піша так спадарыня Лабажэвіч. Пра гэта і радкі Валянціны Запрудскай з вёскі Жукоўшчына Шаркаўшчынскага раёна: Пятрок даўным-даўно ўжо Купіў патрыманы "Пежо". СцяПАН на "Аўдзі" раз'язджае, Мікола "Опель Астру" мае... А Грышка спераду і ззаду Бясконца рамантуе "Ладу". Але ж не спяшайцеся яму спачуваць, бо тут, як у папулярнай некалі песні, яшчэ невядома "кому повезло", бо Як рамонт — то свет нялюбы Гэта скажуць вам усе: Той хто з'еў на гэтым зубы, Хто на гэтым аблысеў, — прызнае спадар Гарачоў з Іўеўшчыны. І абодва яны — і той бяззубы, і лысы — пагодзяцца, што адна справа — купляць, даставаць нейкую "запцацку" да "Жыгулёў" і зусім іншая (у тым ліку па цане) — да той самай хвалёнай "Мазды"... Гэта па-першае. Па-другое, на рамонце айчынных — некалі — "Лад", "Масквічоў" ды "Запарожцаў" люд наш, што называецца, сабаку з'еў — яму цяпер (на думку спадарыні Бандарэвіч) ніякі аўтасэрвіс не патрэбны: Наш сусед разбагацеў: Ён аўто сваё займеў. І цяпер — усім дваром! — Рамантуем "аўталом". Бо У жалезнага канякі Шмат хваробаў усялякіх: Не працуе генератар, Ці падсеў акумулятар, То паветра спусціць кола... Мо лягчэй лячыць жывёлу? — Пытае пра гэта Мікола Старых з Гомеля. І падобная думка прыходзіла, відаць, не толькі да яго, бо спадар Гарачоў, гледзячы на здымак, найперш анекдот успомніў. Два, значыць, маладыя ветэрынары (і, мусіць, двоечнікі?) у вёску на працу прыехалі, убачылі першую хворую кароўку, ходзяць вакол яе, вохкаюць, гладзяць. А чым дапамагчы — не ведаюць. Тады адзін і кажа: "Ты ёй у рот паглядзі, а я пад хвост — трэба ж дыягназ паставіць!" Сагнуліся, адзін у другога пытае: "Ты мяне бачыш?". "Не. А ты мяне?". "Таксама не...". "Значыць, так і запішам: заварот кішак". Ён, гэты заварот, на думку спадара Гарачова, у машыне таксама бывае, бо мужыкі глядзяць туды — адзін зверху, другі знізу — і "прызнаюць": Ды дарма крычу я, І дарма ты плачаш — Ты мяне не чуеш, Я цябе не бачу. Ну, сапраўды заварот — бяда, пра якую яшчэ чатыры радкі ад спадарыні Бандарэвіч: У каханай зноў капрызы. Мусіць, "галава баліць"? Мы і зверху, мы і знізу, А яна адно — маўчыць! Але ў гэтым, як піша спадарыня Лабажэвіч, ёсць не толькі мінусы, але і плюсы: Перасеў наш люд на колы, Толькі мала хто вясёлы, Бо нагналі калымагаў І з двароў сваіх — ні шагу!.. Думкі й рукі ўжо заняты, Як у будні, так і ў святы. Пры справе, значыць, народ: не таўсцее, не тупее, гледзячы ў тэлевізар ці камп'ютар, не п'е гарэлкі, не гуляе ў карты, не ездзіць (бо няма на чым) на паляванне ці рыбалку. Ды што там — нават да дзяўчат, пра што (і досыць трапныя радкі!) напісала спадарыня Васільева з Гомеля: Во, ўцяклі ад жонак, Ехалі да дзевак, Але ж не чакалі Гэткіх неспадзевак... Можа, да світання З "тачкай" разбяруцца, Дзеўкі ж ім не жонкі — Хутка разбягуцца. Што праўда, тое праўда. Адно шкада: не хутка яна даходзіць. Спачатку (як піша мінчанка Ала Тарасік): Ці ў хлопца, ці ў мужчыны Толькі й клопату — машына: Дзе заправіць, чым памыць Як ад снегу затуліць, Гуму новую паставіць, Ды ад драпінкі пазбавіць, І які б ёй цюнінг звонку... Столькі б клопату пра жонку! Дык жа не — "наязджаюць" на іх нашы мужыкі! Мусіць, маюць падставы, а інакш у Пятра Фёдаравіча Бурсевіча са Слоніма не нарадзіліся б радкі: Не схаваць заначку ў хаце, А бутэльку — і маўчы! Вось таму ўсё гэта, браце, Я трымаю ў... "Масквічы". Даставаць не вельмі ёмка? Але ж факт — не знойдзе жонка! Чым яшчэ яна дрэнная? Тым што "дробязная" — не можа дараваць мужыку асобныя грахі. Напрыклад, падаўся ён з сябруком за межы краіны, "накацілі" там за прыезд. А назаўтра паехалі машыну выбіраць з хворымі галовамі. І, што называецца, ахнулі: Не сказаць, не надзівіцца — Файны транспарт за граніцай!.. І прыгналі штось... са звалкі Задаволены? Ды цалкам! Яны, значыцца, самі (як мяркуюць сужэнцы Астроўскія з Мінска). А вось як мінімум адна з жонак (на думку спадарыні Шышко з в. Навасёлкі-1 Пастаўскага раёна) — не! Прычым, катэгарычна! Сп'яна здуру штось прыдбалі І да Галі ў двор прыгналі... Чым зняважылі жанчыну: Вось і выдрала чупрыну. А можа і не адну (на здымку не відаць). Карацей, як падсумоўвае спадар Гаўрыш з Чавусаў: Лом, аўто іржавыя Звозім мы са свету... "Крыўдна за дзяржаву!", — Кажа здымак гэты. Горш за тое: Накуплялі ламачын З Рура і Баварыі — Вось асноўная з прычы́н, Чаму ў нас аварыі! — усклікаюць сужэнцы Астроўскія з Мінска. Яшчэ пра адну і таксама досыць распаўсюджаную прычыну аварый распавядае Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч з вёскі Любань Лунінецкага раёна: Гэта ж трэба — разгубіўся: У загароду бух! Агароджа ацалела, А з машыны — дух... Ведай, браце: хто гайсае, Той бяду заўсёды мае. Што не найгоршы варыянт — у выглядзе паломкі аўтамабіля. Але ж да яе можа прывесці і Каму хочаш зломяць "ногі" Як не дурні, то дарогі... Але ж гэта — не ў нас, Гэта там, дзе "робяць" газ, — прызнае Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна. Што чыстая праўда, між іншым, бо ў нас з дарогамі яшчэ куды не ішло (калі з цэнтральных асабліва не збочваць)... Калі збочвалі, парада ад спадарыні Чыгрынавай: Ну і дабілі ж гэта "рэтра" — Рассыпаецца ад ветру. Прыхіні шчыльней да плота, Паспарнее мо работа? Зрэшты, тут можа спор і не патрэбны: Як бы нас не дакаралі, Што стаім тут шмат гадзін, — Гэта ж вам не аўтаралі І не "Формула 1", — зазначае спадар Гарачоў. І ён жа, дарэчы, пытае: Можа, хтось звярнуў увагу, Можа, і зазначыў хтось: Плот рабілі пад грунтвагу, А "Масквіч" — дык на "авось" Між тым гэтыя машыны і цяпер служаць сваім уладальнікам, бегаюць па вуліцах і дарогах і стаяць (калі, вядома ж, месца знойдуць) побач з іншымі. Дзе? У вялікіх гарадах — гэта праблема з праблем. Погляд на яе ад мінчан Астроўскіх: Нехта любіць пахваліцца — Процьма "тачак" у сталіцы!.. Ды ці ж вартая работа, Што стаяць яны "пад плотам"?! Пра рамонт у гаражы Ты нікому і не кажы... Бо на ўсё, што люд наш хоча, Трэба розуму і грошай. Розуму, удакладнім, яшчэ і ад гарадскіх улад — у арганізацыі стаянак, будаўніцтве гаражоў... А наконт грошай варта прыслухацца да спадарыні Чыгрынавай: Не ўзаб'ешся на зарплату На машыну ды на хату. Хіба ўзяцца нешта красці? Ды ці доўгім будзе шчасце? Цалкам магчыма, як у таго мужыка, што вызваліўся з турмы і хацеў на "Жыгулях" заехаць у Барысаў: гэта значыць, адзін дзянёк, пасля якога "свеціць" яму новы тэрмін зняволення (каля сямі гадоў). А значыць, ёсць у чалавека ногі, а пайсці ён нікуды не можа. Ёсць умелыя рукі, ды рабіць яны будуць тое, што дазволяць. Ёсць галава... Зрэшты, вось гэта ўжо наўрад ці... Таму, калі ласка, не губляйце сваёй! І яе ж не вешайце. Не задзірайце, каб крукам не дастаць было, не падстаўляйце, каб на вашу здаровую перакладвалі нешта з хворай. А яшчэ — няхай у вас яна варыць! І пасля гэтага ніколі не трашчыць! Аднак час ужо і схіліць яе — у знак удзячнасці ўсім, хто ў чарговы ці першы раз даслаў свае варыянты подпісу да здымка. У каго ён атрымаўся лепшым, як заўсёды вызначае журы — вялікае чытацкае і маленькае рэдакцыйнае. На папярэднім этапе (на здымку, нагадаем, быў хлопец пры "дзеўцы" ў вясельнай сукенцы) найлепшыя радкі (паводле чытацкіх лістоў) напісалі ўдзельнікі гуртка "Юны журналіст" з Вілескай АСШ №3, спадар Дубовік з Бярэзіншчыны, спадарыні Шышко з Пастаўшчыны, Кусянкова з Рагачоўшчыны, Молчан з Маладзечна, Васільева з Гомеля, Янучок з Клецка і Чыгрынава з Вілейшчыны... З гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы рэдакцыйнае, таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету накіроўваецца ў вёску Забалацце. Хочаце каб да вас, — пішыце. Здымак, як заўжды, дадаецца. Умовы ранейшыя: коратка (не больш за 8 радкоў — у прапанове... Колькасць якіх не абмежаваная), дасціпна і, калі ласка, абдумаўшы, узважыўшы кожнае слоўка. Чакаем. Валянціна Доўнар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што было, тое й было (хоць не адразу і верыцца): мужчынка адзін вызваліўся з турмы, выправіўся дадому — у Барысаў, праз Мінск, а электрычка ўзяла ды ўцякла... Чакаць...
|
|