"Няхай парупяцца за нас?.."
13.11.2010
—
Новости Общества
|
Пра залежнасць людзей ад гульнявых аўтаматаў пісалася і гаварылася шмат. Але ж, вядома, агульная інфармацыя так не ўражвае, як канкрэтны прыклад таго, што сталася з жыццём чалавека, кім ён стаў пасля таго, як захапіўся гульнёй. Самы звычайны брастаўчанін, назавём яго Васілём, працаваў адміністратарам аднаго з начных клубаў, у вольны ад работы час паціху гуляў у аўтаматах. То прайграваў, то, наадварот, атрымліваў выйгрышы. Сам не заўважыў, як гульня захапіла і выцесніла з жыцця ўсё астатняе. Жыццё пайшло наперакос: развёўся з жонкай, прадалі і падзялілі агульную кватэру. Але і гэтыя грошы ў 36-гадовага гульца хутка скончыліся, затое пачалі расці даўгі, а гэта для гульнявога бізнэсу — рэч сур'ёзная. І вось аднойчы, на сваю бяду, у Брэст прыехаў знаёмы Васіля, жыхар Гомельскага раёна. 47-гадовы гамяльчанін, вядома, нічога не падазраваў. Брастаўчаніна ён ведаў даўно, і ў кашмарным сне яму б не прыснілася, што яго былы знаёмец даўно перастаў быць нармальным чалавекам, і ўся істота апошняга ператварылася ў нейкую іншую субстанцыю, якую хіба толькі можна вызначыць словам "гулец". 15 мая гэтага года Васіль сустрэў знаёмага на чыгуначным вакзале і павёў да сябе ў кватэру, якую здымаў. Госць жа ехаў у Брэст з канкрэтнай мэтай купіць на аўтарынку машыну, з сабой меў 5800 долараў. Гаспадар пра гэта ведаў, і ўсёй яго істотай завалодала прага тыя грошы адабраць. У кватэры ён злаўчыўся і раўнадушна пазбавіў жыцця чалавека, затым расчляніў яго труп, а ноччу завёз часткі цела ў лес і закапаў іх у розных месцах. Жонка і дачка гамяльчаніна забілі трывогу, як толькі муж і бацька не вярнуўся ў вызначаны тэрмін. Праваахоўныя структуры Брэстчыны адразу ўзяліся за пошук чалавека. І пакрысе разматалі нітачку злачынства. Забойцу затрымалі, ён ва ўсім прызнаўся, а потым і паказаў месца, дзе закапаў цела ахвяры. Для былой жонкі, родных і знаёмых Васіля вестка пра яго страшнае злачынства стала сапраўдным шокам. На яго ніхто не мог бы падумаць. Быў жа нармальны, звычайны чалавек. І як патлумачыць, што стала раптам з нармальным і звычайным? Залежнасць ад гульнявых аўтаматаў вучоныя назвалі лудаманіяй. Лудаман — той, хто не можа не гуляць. Аднойчы ў Брэсце падчас праваслаўнай выставы-кірмашу выступаў маскоўскі псіхолаг, супрацоўнік Душапапячыцельскага праваслаўнага цэнтра Ізяслаў Адліванкін. Ён расказваў пра пацыентаў свайго цэнтра — пераважна маладых людзей, якія па сутнасці, страцілі чалавечае аблічча. Тады ён гаварыў, што форма залежнасці ад гульнявых аўтаматаў больш складаная, чым нават ад алкаголю і наркотыкаў: "Проста неверагодна, як чалавек, які народжаны свабодным, можа быць настолькі зняволеным і маніпуляваным". Чалавек страчвае ўсё і сам ператвараецца ў нейкі бяздушны аўтамат. Тады гаварылася найбольш аб праблемах Масквы, іншых вялікіх гарадоў. Але ж, відавочна, што там дзе ёсць аўтаматы, можа ўзнікнуць такая праблема. А ёсць яны цяпер паўсюль. І вось вам жывы прыклад. Брастаўчанін асуджаны на 21 год пазбаўлення волі. Калі ён выйдзе адтуль, на дзесяць гадоў старэйшы за сваю ахвяру, можа і не пойдзе больш гуляць. Але хто верне родным ні ў чым не вінаватага чалавека? Святлана ЯСКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра залежнасць людзей ад гульнявых аўтаматаў пісалася і гаварылася шмат. Але ж, вядома, агульная інфармацыя так не ўражвае, як канкрэтны прыклад таго, што сталася з...
|
|