Ёсць што сказаць? Калі ласка!
20.11.2010
—
Новости Общества
|
19 лістапада сваю работу распачала грамадская прыёмная кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Прыёмная адкрылася ў Мінску на вуліцы М. Фрунзэ, 5. Першых наведвальнікаў прыняў кіраўнік Рэспубліканскага штаба кандыдата ў Прэзідэнты, старшыня РГА "Белая Русь" Аляксандр РАДЗЬКОЎ. У 10 гадзін раніцы фае перад пакоем, у якім у гэты час пачынаўся прыём, было ўжо запоўненае людзьмі. Нехта выкладаў на бланках сутнасць сваіх зваротаў, нехта гучна скардзіўся на шматгадовыя безвыніковыя спробы вырашыць сваё пытанне, нехта настойліва ціснуўся ў дзверы, якія прытрымлівала ветлівая прыгожая маладая жанчына, раячы трымацца парадку і чаргі. Журналістаў у запаветны пакой прапускалі па-за чаргой, і мне ўдалося зайсці туды на хвіліну раней, чым першаму наведвальніку. У прасторным пакоі стаіць некалькі сталоў, каб адначасова можна было выслухаць некалькі чалавек. Але пакуль зайшла толькі адна жанчына з вялікімі папкамі ў руках. Яна села перад Аляксандрам Радзьковым і пачала сваю прамову з таго, што апошнія 8 гадоў адчувае сябе не патрэбнай ні людзям, ні краіне. Нам, журналістам, чутно не ўсё, што расказвае жанчына, але сутнасць праблемы, з якой яна прыйшла, хутка становіцца больш-менш яснай. Назарава Галіна Аляксандраўна працуе на кафедры замежных моў у БДУ. Апошнія гады яна прысвяціла распрацоўцы тэмы нацыянальнага кампанента ў выкладанні замежных моў. Менавіта з гэтым і звязана яе адчуванне дыскамфорту, а справа ў тым, што ёй не ўдаецца зацікавіць вынікамі сваёй шматгадовай работы выдавецтвы. Галіне Аляксандраўне ўдалося выпусціць 2 дапаможнікі для педагогаў, і яна падрыхтавала да друку яшчэ 9: для вучняў 7 — 8 і 9 —11 класаў, студэнтаў ССНУ і ВНУ. Аднак выдаць іх ёй не ўдаецца. Аляксандр Радзькоў як міністр адукацыі пагадзіўся, што сёння падобны падыход да выкладання замежных моў вельмі актуальны. Ён тут жа набраў тэлефон дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Генадзя Пальчыка і папрасіў сёння ж прыняць Галіну Аляксандраўну, уважліва вывучыць яе прапановы і разгледзець магчымасць выдання падручнікаў. Другім наведвальнікам па чарзе таксама аказалася жанчына — Тамара Аляксееўна Пахоменка. Яна прыйшла не скардзіцца і не шукаць праўды, а толькі выказаць сваю задаволенасць сённяшнім станам спраў у краіне. "Наша Беларусь зараз на вельмі правільным шляху, — казала яна, — па-першае, мы спакойна жывём на сваёй зямлі, па-другое, жыццё людзей палепшылася. Беларусь добразычліва адносіцца да іншых краін, патрыятычныя пачуцці нашых грамадзян апошнім часам вельмі ўзраслі. Вырас і інтэлектуальны ўзровень беларусаў. Павысілася значнасць вёскі..." Аляксандр Радзькоў сардэчна пагадзіўся з Тамарай Аляксееўнай, развіў яе думкі, пацвердзіў іх прыкладамі, якія ведаў асабіста, і запрасіў гэтую жанчыну як-небудзь публічна выступіць. У пакой сталі заходзіць па некалькі чалавек. Спецыялісты прыёмнай уважліва выслухоўвалі кожнага, запісвалі сутнасць звароту ў спецыяльныя бланкі, абяцалі падрабязна вывучыць дакументы, якія ім пакідалі наведвальнікі. Акуратную папку з подпісам "Карупцыя" пакінуў Мікалай Васільевіч Вязьмін, які назваў сябе праваабаронцам, старшынёй Мінскага ЖБК 366. Праваабаронца стаў па пунктах выкладаць сутнасць сваіх зваротаў, якія датычыліся, галоўным чынам, карупцыі ў судах. У гэты ж час перад кіраўніком Грамадскай прыёмнай Васілём КАЗАКОМ пра сваю праблему распавядала Лукашанская Надзея Фёдараўна, якая прыехала з Магілёва: "Пяць гадоў таму ў доме маёй дачкі пачалі рабіць капітальны рамонт. Замест цэнтральнага ацяплення падвялі газавае, але зрабілі яго з парушэннямі. Пажарнікі далі заключэнне, што карыстацца такім ацяпленнем нельга і далі прадпісанне ліквідаваць недахопы. Але па сёння ніхто гэтыя недахопы не ліквідаваў, на маю дачку ціснуць, жыць у доме немагчыма, а за карыстанне газам, якім мы не карыстаемся, нам налічваюць плату"... У фае пасля гадзіны прыёму народу менш не стала. Тых, хто выйшаў, абступаюць і распытваюць тыя, чыя чарга яшчэ не падышла. Нехта запаўняе бланкі, нехта дае кароткія інтэрв'ю журналістам. Грамадская прыёмныя будзе працаваць да 18 гадзін у будзённыя дні і з 9 да 13 гадзін — па суботах, і так да 17 снежня. Звяртацца можна і па тэлефоне: 8 017 233 98 35. Тут даюць магчымасць выказацца ўсім, хто жадае. Грамадскія прыёмныя кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі будуць адкрытыя ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў такіх буйных гарадах, як Маладзечна, Барысаў, Пінск, Баранавічы, Наваполацк. — Палітычная кампанія па абранні Прэзідэнта краіны значна павышае грамадзянскую актыўнасць людзей, — лічыць прэс-сакратар Рэспубліканскага Савета РГА "Белая Русь" Юрый МІРОНАЎ. — Праз грамадскую прыёмную будуць пачутыя арыгінальныя праекты развіцця краіны, яе эканомікі, сацыяльнай сферы, прынятыя наказы і пажаданні кіраўніку дзяржавы, разгледжаныя прапановы і заявы, будзе аказана дапамога ў вырашэнні надзённых для чалавека праблемных пытанняў. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19 лістапада сваю работу распачала грамадская прыёмная кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Прыёмная адкрылася ў Мінску на вуліцы М. Фрунзэ, 5. Першых...
|
|