Дзяцей —14, перамога — адна. Чыя?. 21.by

Дзяцей —14, перамога — адна. Чыя?

20.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Іх чатырнаццаць, і яны ўсе розныя. Да конкурсу нават не былі знаёмыя, а тут — пасябравалі. "Нам не так важная перамога, колькі ўдзел і магчымасць знайсці новых сяброў", — аднагалосна заяўляюць канкурсанты дзіцячага "Еўрабачання". І пакуль журналісты спрабуюць вылічыць сярод іх лідара, букмекеры з фаварытам ужо вызначыліся. Дакладней, з фаварыткай. Перамогу прадракаюць 13-гадовай шведцы Джазэфін РЫДЭЛ. Сваю песню "Аllt Jаg Vіll Hа" дзяўчына напісала ў сааўтарстве з Арашам... У тройку, паводле прагнозаў, могуць увайсці таксама канкурсанты з Латвіі і Бельгіі. Беларус Данііл КАЗЛОЎ ў спісах букмекераў на 10-м месцы...

Сярод пішучай братыі, якая працуе ў прэс-цэнтры, меркаванні, безумоўна, разыходзяцца. Але свае лідары таксама ёсць — Грузія, Швецыя, Нідэрланды, Мальта...

13-гадовая мальтыйка Ніколь АЦЦАПАРДЗІ, напрыклад, яшчэ ў першы дзень здзівіла сваёй эрудыцыяй, назваўшы, колькі чалавек жыве ў Мінску, хто ў нас прэм'ер-міністр і калі мы святкуем Дзень Незалежнасці... Спецыяльна для "Звязды" Ніколь напісала, як гучыць назва нашай газеты па-мальтыйску — Stіllа.

А вось 10-гадовая Анна з Нідэрландаў нават выканала на сваёй ружовай скрыпцы ўрывак з беларускага гімна. Дарэчы, Анна — самая юная ўдзельніца сёлетняга "Еўрабачання", самыя ж узроставыя — бельгійкі Джыль і Ларэн: абедзвюм дзяўчатам па 15 гадоў.

Асаблівасць конкурсных песень — гэта просты і інтэрнацыянальны прыпеў. У ім словы гучаць аднолькава, на якой мове яго ні спявай: окі-докі, алі-баба, бум-бум, дам-дам, эоо-эоо...

Грузінская канкурсантка Марыям КАХЕЛІШВІЛІ, акрамя песні, робіць упор на вобраз. Журналісты ўжо даўно "ахрысцілі" дзяўчынку маленькай Лэдзі ГАГА. Незвычайны сцэнічны вобраз плюс харэаграфія і сапраўды робяць нумар Марыям падобным да шоу эпатажнай амерыканскай спявачкі.

— Я вельмі рада, што пра мяне такое гавораць. Мне, як і многім іншым, гэтая спявачка падабаецца. І наш нумар будзе самым лепшым з тых, што вы ўбачыце, — інтрыгуе журналістаў "грузінская Гага". — Песня, з якой я выступаю — самая лепшая ў маім рэпертуары, таму што яе назва "Mаrі-Dаrі": Мары — маё імя, а Дары — па-грузінску "добрае надвор'е". Мы хочам усім падарыць шчасце ад Грузіі, таму прывезлі ў Мінск добрае надвор'е. Але галоўнае для нас — што мы прыехалі ў Мінск і што мы ўдзельнічаем у гэтым конкурсе.

Узгадваючы беларускага ўдзельніка, амаль усе адразу ж звяртаюць увагу на моцны вакал. Між іншым, на сцэну "Мінск-Арэны" Данііл КАЗЛОЎ выйдзе не адзін. Акампанаваць на фартэпіяна яму будзе Ян АЛАДАЎ, вучань сталічнай гімназіі-каледжа мастацтваў і праўнук знакамітага беларускага кампазітара Мікалая АЛАДАВА. Сам Ян, акрамя фартэпіяна, на якім ён выканае санату Бетховена, валодае яшчэ шасцю (!) музычнымі інструментамі.

Нумар кожнага ўдзельніка праганяўся дзясяткі разоў — свет, гук, карцінка, рухі на сцэне... Усё прадумана да дробязяў.

Адным з самых незвычайных варта назваць нумар армяніна Уладзіміра АРЗУМАНЯНА, які выйдзе на сцэну 10-м па ліку. Яго сцэнічны нумар будзе суправаджаць гіганцкая кніга, на працягу гучання песні некалькі разоў яна будзе пераварочвацца, адлюстроўваючы сэнс таго, пра што на той момант будзе спяваць Уладзімір.

Увогуле гледачоў конкурсу чакае шмат сюрпрызаў. Акрамя таго, што яны пабачаць на адной сцэне пераможцаў ўсіх папярэдніх конкурсаў дзіцячага "Еўрабачання", яны пачуюць і Аляксандра РЫБАКА, і Дзмітрыя КАЛДУНА, з якім канкурсанты праспяваюць песню ЮНІСЕФ...

— Я не ведаю, хто пераможа: усё ж гэта конкурс, усё залежыць ад удачы, — дзеліцца сваімі развагамі са "Звяздой" прадстаўнік Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2009" Юрый ДЗЕМІДОВІЧ. — Песня Данііла мне падабаецца, ён дастойны супернік для кожнага. Кожнаму ўдзельніку я жадаю сёння ўдачы. І галоўнае — паказаць сябе з лепшага боку. Хварэем за нашых!

— Чалавеку, які выйграе конкурс "Еўрабачанне", патрэбна быць гатовым да мноства падарожжаў, таму што пасля перамогі ў гэтым конкурсе падарожнічаць даводзіцца вельмі шмат, — прызналася "Звяздзе" іспанка Марыя Ісабэль, пераможца дзіцячага "Еўрабачання-2004". — Быць гатовым да таго, што яго пастаянна будуць фатаграфаваць, браць аўтографы, і дай Бог, каб гэта адбылося. Несумненна, "Еўрабачанне" — вялікі вопыт, які ніколі ў жыцці не забудзецца.

ДЗЕ — эфір Першага канала. КАЛІ — сёння ў 21:15. ШТО — фінал дзіцячага "Еўрабачання".

Ілья ЛАПАТО.

 

Сваімі развагамі напярэдадні фіналу з карэспандэнтам "Звязды" падзяліўся і сёлетні каментатар конкурсу Павел ЛАЗОВІК:

— Праца праведзена вялікая, таму расказаць будзе пра што. Галоўнае для мяне — перадаць атмасферу свята для тых, хто будзе сядзець каля тэлеэкранаў. У кожнага каментатара свой падыход, сваё бачанне і сваё стаўленне да каментавання. Мне хочацца атрымаць як мага больш практычных парад. Я знарок прагледзеў запісы конкурсаў мінулых гадоў, калі шоу каментаваў Дзяніс КУР'ЯН. З Дзянісам яшчэ не перасякаўся, але абавязкова гэта зраблю, каб атрымаць пэўныя рэкамендацыі і, магчыма, нейкія настаўленні з яго боку. Сустрэнуся таксама з каментатарам гэтага конкурсу ва Украіне Цімурам МІРАШНІЧЭНКАМ, які летась вёў дзіцячае "Еўрабачанне" ў Кіеве.

Важным лічу і асабістае знаёмства з канкурсантамі, каб заўважыць нейкія адметнасці і нюансы, якія можна было б падкрэсліць падчас тэлеэфіру — не біяграфію ўдзельніка, а тое, што вылучае канкурсанта ад астатніх. Разам з калегамі я зраблю ўсё магчымае, каб канцэрт адбыўся і шоу атрымалася. Галоўнае — быць упэўненым у сабе, спакойным і рабіць сваю працу.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Іх чатырнаццаць, і яны ўсе розныя. Да конкурсу нават не былі знаёмыя, а тут — пасябравалі. "Нам не так важная перамога, колькі ўдзел і магчымасць знайсці новых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика