Беларусы трапілі ў лік ахвяр "чорных трансплантолагаў". 21.by

Беларусы трапілі ў лік ахвяр "чорных трансплантолагаў"

02.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Завербаваным злачынцамі донарам за канфіскаваную нырку прапаноўвалася да 10 тысяч долараў ЗША

У краіне ўпершыню ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 181 КК "Гандаль людзьмі з мэтай канфіскацыі органаў і тканак для трансплантацыі".

А адным з лідараў злачынцаў, якія нажываліся на заганным незаконным бізнэсе, быў ураджэнец нашай рэспублікі, які ў 1991 годзе эмігрыраваў у Ізраіль. Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Віктар Новікаў, падборкай і вярбоўкай донараў унутраных органаў займалася міжнародная злачынная група. Дзейнасць апошняй удалося спыніць дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС нашай краіны, якія працавалі разам з калегамі з Украіны.

Ужо ўстаноўлена, што сваіх ахвяр зламыснікі адшуквалі праз інтэрнэт: з 2008 па 2010 год яны вербавалі грамадзян для перапраўкі за мяжу — у Эквадор, Косава, дзе і праводзіліся незаконныя аперацыі па канфіскацыі нырак і перасадцы тым, хто мог сабе дазволіць гэтую нятанную "паслугу". Каб з донарамі ўзнікала менш праблем, каб яны не адумаліся і выязджалі добраахвотна за мяжу, дзялкі ў адносінах да іх прымянялі розныя метады псіхалагічнага і фізічнага ўздзеяння. У прыватнасці, гандлярам проста было "апрацоўваць" тых, хто трапіў у даўгавую залежнасць. Прычым прапаноўвалі за канфіскаваную нырку няшчасным не такія ўжо і вялікія грошы — "ганарар" кожнаму абяцалі ў 10 тысяч долараў. Між тым, ужо пасля аперацыі некаторыя атрымлівалі ад "дабрадзеяў" толькі частку згаданай сумы, а астатнія грошы пацярпелым трэба было "зарабіць" — завербаваць новых ахвяр.

Праваахоўнікам дакладна вядомыя асобы трох нашых суайчыннікаў, якія трапілі ў "пастку" падазроных. Акрамя таго, устаноўлены шэраг тых грамадзян, якія былі завярбованыя зламыснікамі, аднак ім пашанцавала больш: людзі не змаглі выехаць за мяжу для правядзення аперацый з-за пэўных прычын. Дарэчы, у большасці ахвярамі "чорных трансплантолагаў" станавіліся маладыя людзі, якія апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы і за кошт свайго здароўя намагаліся паправіць бюджэт.

Галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання па матэрыялах ГУБАЗіК МУС заведзена крымінальная справа ў адносінах да аднаго з лідараў злачыннага фарміравання — грамадзяніна Ізраіля, згаданага вышэй, а таксама двух саўдзельнікаў, грамадзян Украіны. Адметна, што двое апошніх у свой час былі донарамі, а потым увайшлі ў склад злачыннай групы.

На расследаванні гэтай справы яшчэ рана ставіць кропку: супрацоўнікі праваахоўных органаў правозяць далейшую працу, адшукваючы магчымых саўдзельнікаў затрыманых, а таксама пацярпелых у выніку іх дзейнасці. У следства ёсць таксама падставы сцвярджаць, што ў лік ахвяр "чорных трансплантолагаў" трапілі таксама жыхары Расіі і Малдовы.

Між іншым, калі хто з грамадзян стаў ахвярай згаданай вышэй групы, ці падобных злачынных груп, альбо мае звесткі пра дзейнасць вярбоўшчыкаў для канфіскацыі органаў і тканак, яны могуць звяртацца ў ГУБАЗіК МУС Беларусі па тэлефонах: (017) 218 55 66, (017) 218 55 72 ці па электронным адрасе: gubоріk@tut.bу.

Ігар ГРЫШЫН.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Завербаваным злачынцамі донарам за канфіскаваную нырку прапаноўвалася да 10 тысяч долараў ЗША У краіне ўпершыню ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 181 КК...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика