Калі адрамантуюць басейн 14-й гімназіі або Як умела адтуль выставілі юных ватэрпалістаў. 21.by

Калі адрамантуюць басейн 14-й гімназіі або Як умела адтуль выставілі юных ватэрпалістаў

02.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

2 верасня "Звязда" пісала пра тое, як сустрэла новы навучальны год адна са сталічных гімназій, а менавіта 14-я. Яе спартыўны комплекс быў цалкам акружаны будаўнічым смеццем, а ў будаўнікоў кіпела праца. За чатыры (!) гады, на працягу якіх вёўся капітальны рамонт басейна, фірма "СІБбудінвест" так і не здолела яго скончыць — хаця б да гэтага верасня. Хоць па планах павінна была завяршыць яшчэ ў студзені 2010-га. Паразмаўляўшы тады з прарабам гэтай арганізацыі, мы высветлілі, што пры самых хуткіх тэмпах працы рамонт удасца скончыць хіба да лістапада. Тым часам вучні гімназіі не маюць паўнацэнных заняткаў фізкультурай, а навучэнцы спартыўнай школы № 4 па водным пола, якая раней пастаянна базіравалася ў гімназіі, вымушаныя прасіцца ў басейны па ўсім горадзе.

На дварэ заканчваецца лістапад, і як нескладана здагадацца, спартыўны комплекс гімназіі дагэтуль не гатовы. Гэта пацвярджае і адказ на нашу публікацыю з камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама за подпісам старшыні Уладзіміра Шчэрбы. Цытуем яго:

"Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама разгледзеў публікацыю газеты "Звязда" "Чаму вучні дзяржаўнай спартшколы апынуліся на вуліцы?" і паведамляе наступнае.

Вучэбна-трэніровачныя заняткі груп СДЮШАР № 4 на базе басейна дзяржаўнай установы адукацыі "Гімназія № 14 г. Мінска" былі спыненыя ў сувязі з капітальным рамонтам аб'екта.

Да пачатку 2010/2011 навучальнага году капітальны рамонт басейна дзяржаўнай установы адукацыі "Гімназія № 14 г. Мінска" будаўнікамі быў не завершаны: не закончаны мантаж камплекта аўтаматыкі для тэхналагічнага абсталявання, працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Увод аб'екта ў эксплуатацыю перанесены на снежань 2010 года".

У цяперашні час вучэбна-трэніровачны працэс часова ажыццяўляецца на базах устаноў адукацыі і фізічнай культуры і спорту".

І сапраўды, групы спартшколы па водным пола зараз займаюцца ў трох басейнах, раскіданых па горадзе: на вуліцах Ваўпшасава, Філімонава і Герояў 120-й дывізіі ў Гарадскім цэнтры водных відаў спорту. Уявіце, як разрываюцца трэнеры паміж месцамі сваёй працы, якія нязручнасці для навучэнцаў. Прычым басейны гэта часовыя, адкуль ватэрпалістаў у любы момант могуць папрасіць. Калі раней менавіта на басейн 14-й гімназіі меў вялікія спадзяванні дырэктар спартшколы Аляксандр Барысенка, то зараз, як высветлілася, вяртацца туды пасля завяршэння рамонту ватэрпалісты не могуць:

— Я не буду пераводзіць групы ў гэтую гімназію на тых здзеклівых умовах, якія мне прапануюць. Гэта 2 дарожкі 2 гадзіны ў дзень без мячоў і варот.

Тое, што вяртанне ў гімназію магчымае толькі на такіх умовах, пацвердзіла ў асабістай гутарцы з журналістам "Звязды" і чыноўніца з камітэта па адукацыі:

— Пасля рамонту басейн змяніўся, стаў іншых памераў. Што тычыць выхаванцаў Аляксандра Барысенкі, то ён можа толькі плаваць іх там навучыць.

Але плаванне — гэта толькі пачатковы элемент у падрыхтоўцы ватэрпаліста. Якое воднае пола без мячоў і варот? Але тое, што адміністрацыя гімназіі №14 узяла курс на выжыванне са свайго басейна выхаванцаў спартшколы, якія тут займаліся дагэтуль пастаянна, факт неаспрэчны. У нас аказаўся адзін дакумент для так званага "ўнутранага карыстання". Гэта рэакцыя на нашу публікацыю дырэктара гімназіі №14 С.А. Босай. Часткова прыводзім яго:

"Кіраўніцтва ДУА "Гімназія № 14 г. Мінска" лічыць неабходным адрэагаваць на артыкул ад 02.09. 2010 г. газеты "Звязда" "Чаму вучні дзяржаўнай спартшколы апынуліся на вуліцы?", звярнуўшы ўвагу на тое, што ў 2006 годзе ў сувязі з аварыйнай сітуацыяй быў закрыты на капітальны рамонт басейн, размешчаны ў будынку гімназіі № 14.

Згодна з патрабаваннямі пры правядзенні капітальнага рамонту аб'ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння неабходна прадугледзіць умовы для выкарыстання гэтых аб'ектаў людзьмі з асаблівасцямі, г.зн. інвалідамі.

Улічваючы, што ў будынку, пабудаваным у 1971 годзе, такіх умоў стварыць было немагчыма, прынята рашэнне Мінгарвыканкама аб правядзенні капітальнага рамонту з рэканструкцыяй будынка спецыялізаванага фізкультурна-аздараўленчага і спартыўнага прызначэння гімназіі № 14 па вул. Васняцова, 10, у выніку чаго праектам прадугледжаная прыбудова, у якой размешчаны ліфт для людзей з асаблівасцямі, і за кошт пашырэння абхадных дарожак для інвалідаў габарыты чашы басейна зменшаны: даўжыня плавальных дарожак не адпавядае параметрам спартыўных басейнаў, таму басейн першапачаткова і праектаваўся як вучэбна-аздараўленчы і не можа выкарыстоўвацца для правядзення вучэбна-трэніровачнага працэсу (глыбіня 1—1,80 м), раённых спаборніцтваў, прыёму нарматываў. У басейне таксама запраектаваныя прыступкі для спуску ў ваду ў адпаведнасці з патрабаваннямі п. 2.23 зм. 2 СНіП 2.08.02-89, абавязковым для выканання, паколькі ў зацверджаным заказчыкам заданні на праектаванне прадугледжана выкананне мерапрыемстваў для інвалідаў.

Неабходна адзначыць, што пакрыццё чашы басейна выканана з плёнкі ПВХ і не дазваляе выкарыстоўваць спартыўнае абсталяванне як вароты, а таксама спартыўны інвентар, які прывядзе да пашкоджання пакрыцця чашы басейна. Пры выкарыстанні чашы басейна не па прызначэнні пастаўшчык знімае з сябе ўсе гарантыі на гэтае пакрыццё.

Акрамя таго, у Заводскім раёне гэта адзіны басейн, на базе якога згодна з вучэбным планам будуць навучацца плаванню вучні 4-х класаў — 1300 чалавек (62 класы 20 школ раёна), на што неабходна 992 гадзіны ці 8 месяцаў заняткаў з 14 да 19 гадзін, з улікам таго, што вучэбны працэс у школах раёна арганізаваны толькі ў першую змену."

Чытаючы гэты адказ, на розум прыходзіць прымаўка: "Хто хоча, шукае магчымасці, хто не хоча — шукае апраўданні". Пісьмо нагадвае звод апраўданняў, чаму гімназія не можа пасля рамонту прыняць навучэнцаў спартшколы. Што датычыць інвалідаў, то клопат пра іх — справа, безумоўна, высакародная. Не важна нават, што колькасць інвалідаў, якія захочуць дабірацца да капітальна адрамантаванага басейна, у некалькі разоў меншая, чым колькасць дзяцей, якія застаюцца за бортам. Як іранічна акрэсліў гэтую сітуацыю Аляксандр Барысенка, танней было б інваліда пасадзіць на самалёт і адвезці паплаваць у ЗША. Але навошта, адмаўляючы ў чымсьці дзецям, прыкрывацца інвалідамі?

Чыноўніца камітэта па адукацыі паведаміла, што апошнім часам існуе ідэя перадаць усе спартшколы, у тым ліку і гэту, ад адукацыі да упраўлення па фізічнай культуры і спорце.

— Але што тут перадаваць? Адна справа, калі ў школы ёсць свой будынак ці памяшканне, і зусім іншая ў гэтай сітуацыі. Аляксандр Барысенка, на жаль, ў становішчы чалавека, у якога няма нічога свайго.

Магчыма, пасля перадачы да упраўлення па фізічнай культуры і спорце Мінгарвыканкама сітуацыя зменіцца. Верагодна, там чыноўнікі здолеюць знайсці басейн, адкуль навучэнцаў школы алімпійскага рэзерву не будуць выганяць. Але спачатку такое рашэнне аб перадачы павінна быць прынята.

Пакуль жа, як ні парадаксальна, але пры ўсёй увазе да спорту ў нашай краіне, навучэнцы спартшколы, адной са старэйшых у сталіцы (яна пачала працаваць у 1954-м), аказаліся ў такой сітуацыі, што займацца ім няма дзе. А чыноўнікі, з малым ці вялікім адміністрацыйным рэсурсам, замест таго, каб дапамагчы знайсці выйсце, па-ранейшаму робяць выгляд, што праблемы няма ці яны пра яе не ведаюць, і працягваюць курсіраваць паміж інстанцыямі "адпіскі", аналагічныя прыведзеным вышэй.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
2 верасня "Звязда" пісала пра тое, як сустрэла новы навучальны год адна са сталічных гімназій, а менавіта 14-я. Яе спартыўны комплекс быў цалкам акружаны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика